род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і, у асноўным на Пд у гарах. На Беларусі рэдка трапляецца вастралодачнік валасісты (Oxytropis pilosa). Расце на ўзгорках і ў сухіх хвойніках. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Шматгадовыя травяністыя расліны (часта без сцябла), паўкусцікі або калючыя, звычайна падушкападобныя кусцікі. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае, рэдка простае або трайчастае. Кветкі рознага колеру, у пазушных гронкападобных суквеццях. Лодачка на канцы выцягнута ў вастрыё (адсюль назва). Плод — невял., звычайна аднагнездавы апушаны боб. Дэкар., кармавыя і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЖАВІ́ЦА (Turritis),
род кветкавых раслін сям. капуставых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе і гарах Афрыкі. На Беларусі па ўсёй тэр. трапляецца вежавіца гладкая, або голая (Turritis glabra). Расце на сухіх схілах, пустках, у барах і ярах, на высечках і ўзлесках.
Аднагадовыя, шызыя ад васковага налёту расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1,4 м. Прыкаранёвае лісце ланцэтнае, выемчатае або надрэзана-зубчастае, сцябловае авальна-ланцэтнае, сцяблоабдымнае. Кветкі дробныя, жаўтавата-белыя, у гронкападобных суквеццях. Плод — стручок. Лек. (пры астыце, рэўматызме, дыярэі і цынзе) і кармавыя расліны. Выкарыстоўваюцца ў нар. медыцыне і ветэрынарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГАЦЯЁМІСТАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
здольнасць глебы паглынаць і затрымліваць вільгаць. Вызначаецца ў працэнтах ад аб’ёму або ад масы сухой глебы. Залежыць ад грануламетрычнага саставу і структуры глебы, колькасці ў ёй гумусу. Найб. вільгацяёмістыя чарназёмы і балотныя глебы. Адрозніваюць поўную, капілярную, палявую, максімальную адсарбцыйную, або гіграскапічную, і інш. віды вільгацяёмістасці глебы. Для с.-г. вытв-сці найб. значэнне мае палявая вільгацяёмістасць глебы, якая вызначае макс. велічыню запасу карыснай для раслін глебавай вільгаці. Па яе велічыні вызначаюць аптымальныя нормы палівання с.-г. і інш. культур. Гл. таксама Вільготнасць глебы, Водны рэжым глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРГА́ЦЫЯ (ад лац. virga галінка),
1) у геамарфалогіі разгалінаванне горных хрыбтоў у адным напрамку. Звычайна паўтараецца некалькі разоў (напр., віргацыя Алайскага хр. ў зах. напрамку).
2) У тэктоніцы веерападобнае разыходжанне складак горных парод пры апусканні складкавай зоны і затуханні складкавасці. Назіраецца звычайна на перыферыі складкавых гор, напр. на З Цянь-Шаня. Пры віргацыі складкі разыходзяцца ў адным або процілеглых напрамках, злучаюцца на канцах (міндалепадобна) або збліжаюцца (злучаюцца) у цэнтр. зоне. Адрозніваюць свабодную віргацыю і вымушаную (пры абцяканні перашкоды).
Да арт.Віргацыя. Разыходжанне горных хрыбтоў у гарах Цянь-Шаня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАН,
прыстасаванне, якое выкарыстоўвалася ў старажытнасці для разбурэння крапасных сцен, высадкі на сцены крэпасці ўзбр. воінаў і пры абардажы караблёў. Упершыню ўжыты ў час Пунічных войнаў (3—2 ст. да н.э.). Крапасны воран меў форму масіўнага крука, які прыводзілі ў рух некалькі воінаў, або форму калодзежнага «жураўля» са скрыняй для воінаў. Абардажны воран уяўляў сабою перакідны мост (бервяно) з метал. крукам на канцы, які ўтыкаўся ў палубу або борт карабля. Выкарыстоўваўся ў эпоху вёславага і паруснага флоту.
Воран для высадкі воінаў на сцены крэпасці (злева) і для разбурэння сцен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЗКАЦЕ́ЛКІ (Colidiidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 1500 відаў пераважна ў тропіках. Жывуць у асноўным пад карой і ў драўніне, часта ў хадах, пракладзеных караедамі і інш. насякомымі, радзей у раслінных рэштках, глебе, лясным подсціле, грыбах. На Беларусі відавы склад вывучаны недастаткова. Часцей трапляецца вузкацелка перавязаная (Bitoma crenata).
Цела даўж. 1,5—18 мм, падоўжанае, цыліндрычнае або плоскае, радзей авальнае. Жукі і лічынкі часцей драпежныя — кормяцца караедамі, іх лічынкамі і інш.; лічынкі некат. відаў — вонкавыя паразіты жукоў шашаляў або пчол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕТАФІ́Т (ад гаметы + ...фіт),
палавое пакаленне ў раслін, якія развіваюцца з чаргаваннем пакаленняў, або прадстаўнік палавога пакалення. Гаметафіт чаргуецца ў цыкле развіцця з бясполым пакаленнем (спарафітамі) і ўтвараецца са споры. Для клетачных ядраў гаметафіта характэрны палавінны (гаплоідны) набор храмасом у параўнанні з клетачнымі ядрамі спарафіта. У многіх раслін гаметафіт вядзе самаст. існаванне і мае выгляд спарафіта (напр., гаметафіт многіх водарасцей) або рэзка адрозніваецца ад яго (напр., зарасткі дзярэз, хвашчоў, папарацей). У кветкавых раслін гаметафіт моцна рэдукаваны да пылінкі (мужчынскі гаметафіт) і зародкавага мяшка (жаночы гаметафіт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКУ́ХА, кароўка,
малачай (Lactarius rutus),
шапкавы базідыяльны грыб роду млечніксям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі, пераважна ў вільготных хваёвых лясах і на мохавых балотах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрв.—кастрычніку.
Шапка дыям. 3—8 см, плоска-пукатая або шырокалейкападобная, у цэнтры з вострым бугарком, чырванавата-карычневая, гладкая, сухая. Пласцінкі прырослыя або слабасыходныя, рыжаватыя, з белым налётам спор. Мякаць палевая, шчыльная, з белым пякучавострым млечным сокам, непрыемна пахне. Ножка цыліндрычная, шчыльная, потым пустая. Ядомая (спажываецца соленая).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЮ́ЛА, гуаюла (Parthenium argentatum),
каўчуканосная расліна сям. складанакветных. Пашырана ў пустынях паўн.ч. Мексіканскага нагор’я (да 2000 м над узр. мора), а таксама на Пд ЗША (штат Тэхас). Раней культывавалася ў ЗША, Мексіцы, Іспаніі, Алжыры, Марока, Закаўказзі і ў Сярэдняй Азіі. На Беларусі не вырошчваецца.
Вечназялёны моцна разгалінаваны паўкуст выш. да 1 м, з доўгім разгалінаваным стрыжнёвым коранем. Лісце ланцэтнае або лапатчатае, выемчастае або перыстараздзельнае. Кветкі ў дробных кошыках на доўгіх кветаносах. Лісце, кветаносы і аднагадовыя галіны ўкрыты кароткімі густымі серабрыстымі валаскамі. Каўчук маюць у каранях і галінках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРО́Й ПРА́ЦЫ,
ганаровае званне, якое прысвойвалася ў 1927—38 у СССР грамадзянам за асаблівыя заслугі ў вытв. сферы, навук. дзейнасці, дзярж.або грамадскай службе пры стажы работы ў якасці рабочага або служачага не менш за 35 гадоў. Устаноўлена ЦВК і СНКСССР 27.7.1927. Узнагароджаныя і члены іх сем’яў карысталіся льготамі ў галіне жыллёвых правоў, нар. адукацыі, пенсіённага забеспячэння і падаткаабкладання. На Беларусі званне Героя Працы прысвойваў Прэзідыум, пазней Сакратарыят ЦВКБССР па прадстаўленні Цэнтр. Саюза прафсаюзаў Беларусі (ЦСПСБ). З увядзеннем у 1938 звання Герой Сацыялістычнай Працы прысваенне звання Героя Працы спынена.