БЯЛЫ́НІЦКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1943,

наступальныя баі Магілёўскага партыз. злучэння супраць сістэмы ням.-фаш. гарнізонаў у Бялыніцкім, Быхаўскім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах з мэтай іх знішчэння; найбольшыя аперацыі партыз. злучэнняў у тыле ворага на тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну.

У выніку 1-й аперацыі, праведзенай у ноч на 13 крас. партызанамі 2-й і 5-й Клічаўскіх, 3-й Бярэзінскай і 6-й Магілёўскай брыгад, адначасова разгромлены гарнізоны ў в. Бахань, Глыбокі Брод, Дручаны, Журавок, Забавы, Заполле, Макаўка, Сямікаўка. У выніку 2-й аперацыі, праведзенай у ноч на 28 жн. байцамі 209-га партыз. палка імя Сталіна, асобных атрадаў 12, 28, 36, 113, 121, 122-га «За Радзіму», 152, 277, 425, 810-га ў трохвугольніку в. Паплавы — чыг. ст. Тошчыца — г.п. Бялынічы, разгромлены гарнізоны ў в. Вяшэўка і Шавярнічы, зроблены напады на ўмацаваныя гарнізоны ў в. Арэшкавічы, Гарэнічы, Падсёлы, Паплавы, ст. Нясета і Тошчыца; адначасова пасля сустрэчнага бою з партызанамі была правалена гітлераўская карная аперацыя «Іваноў». 3-ю аперацыю ў ноч на 11 вер. правялі 208-ы партыз. полк імя Сталіна і 27 атрадаў Бялыніцкай, Бярэзінскай, Быхаўскай, Клічаўскай, Круглянскай, Магілёўскай і Шклоўскай ваенна-аператыўных груп (больш за 4 тыс. чал.). Партызаны разграмілі гарнізоны ў Бялынічах (займаў ключавое становішча), каля мастоў цераз р. Друць і Аслік, у в. Малая і Вял. Машчаніца, Дашкаўка, Галоўчын, Алешкавічы, Пушча, ваен. гарадку ў в. Салтанаўка і інш.

У выніку Бялыніцкіх аперацый партызаны амаль поўнасцю вызвалілі Бялыніцкі р-н (акрамя Бялынічаў), на некалькі сутак вывелі са строю ўчасткі чыг. лініі Магілёў—Жлобін і шашы Магілёў—Мінск.

т. 3, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНСКІ РАЁН,

на У Мінскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 34,8 тыс. чал. (1996), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Беразіно, 218 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Багушэвіцкі, Брадзецкі, Бярэзінскі, Высакагорскі, Дзмітравіцкі, Каменнаборскі, Капланецкі, Ляжынскі, Мачаскі, Пагосцкі, Паплаўскі, Сялібскі, Ушанскі, Якшыцкі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая і раўнінная. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 190,3 м (каля в. Мікулічы). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -6,8 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 639 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. р. Бярэзіна з прытокамі Уша, Жорнаўка, Уса, Манча, Брусята, Клява. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя, тарфянабалотныя глебы. Пад лясамі 50% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя лясы.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 76 тыс. га, з іх асушана 19,9 тыс. га. У раёне 20 калгасаў і 1 саўгас. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (ячмень, авёс, жыта, пшаніцу) і кармавыя культуры, грэчку, бульбу. Прадпрыемствы паліўнай (брыкет), харч. (сыр, спірт, пладова-агароднінныя кансервы), лёгкай (швейныя вырабы), ільноапр. і дрэваапр. прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Мінск—Магілёў, а таксама з Беразіно на Барысаў, Клічаў, Новалукомль. Суднаходства на Бярэзіне. У раёне 21 сярэдняя, 7 базавых, 2 пач. школы, гімназія, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 29 дашкольных устаноў, 22 клубы, 33 б-кі, 5 бальніц, 13 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры — касцёл сярэдзіны 19 ст. ў в. Багушэвічы. Выдаецца газ. «Сцяг Леніна».

т. 3, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕХАЛУ́Ц,

міжнародная арганізацыя (напачатку рух) сіянісцкага кірунку для падрыхтоўкі піянераў (халуцым) з яўр. моладзі да перасялення ў Палесціну. Рух пачаўся ў пач. 20 ст. ў Расіі, яго заснавальнік Іосіф Трумпельдор. Удзельнікі Гехалуца засноўвалі вытв. і с.-г. кааператывы для навучання метадам і навыкам працы і ваен. падрыхтоўкі ва ўмовах, набліжаных да ўмоў Палесціны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ячэйкі Гехалуца на месцах стварала сацыяліст. сіянісцкая арг-цыя Цэірэй-Цыён. У канцы 1917 групы Гехалуца існавалі ў 25 гарадах і мястэчках Беларусі. На Харкаўскай канферэнцыі Цэірэй-Цыён (1918) заснаваны Усерас. савет аб’яднанняў Гехалуца. 1-я Усерас. канферэнцыя Гехалуца адбылася ў студз. 1919 у Петраградзе; у гэты час ЦК Гехалуца пераехаў у Мінск. Колькасць ячэек Гехалуца ў Расіі перавысіла 60. У лют. 1919 у Віцебску адбылася канферэнцыя бел. аддзялення Гехалуца. У 1920—23 пачалося масавае перасяленне (часцей нелегальнае) яўрэяў з сав. рэспублік у Палесціну. Гал. перашкоду перасяленню чыніла яўр. секцыя РКП(б), па ініцыятыве якой у 1922 адбыліся арышты членаў гехалуца ў Расіі, на Украіне, Беларусі. Аднак у выніку перагавораў з кіраўніцтвам РКП(б) Гехалуц у СССР у 1923 быў легалізаваны, апублікаваны статут Усерас. арг-цыі Гехалуца. З-за расколу ў Гехалуце ў 1923 узніклі 2 яго арг-цыі: Гехалуц у СССР (легальная) і Нац.-працоўная арг-цыя Гехалуца (нелегальная). Першая арг-цыя дзейнічала да 1928, другая — да 1929. У сусв. маштабе дзейнасць Гехалуца працягвалася да канца 1940-х г.

Літ.:

Скир А. Еврейская духовная культура в Беларуси Мн., 1995;

Мы начинали еще в России: Воспоминания. Тель-Авив, 1983.

Э.​Р.​Іофе.

т. 5, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’Е́ЗДЫ КПСС,

вярхоўны орган Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. У адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977 КПСС адводзілася роля кіруючай сілы сав. грамадства, ядра яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арг-цый. Паводле Статута КПСС з’езды склікаліся не радзей аднаго разу ў 5 гадоў, нечарговыя — па ініцыятыве ЦК або па патрабаванні не менш як ⅓ агульнай колькасці членаў партыі, прадстаўленых на апошнім з’ездзе. Дата з’езда і парадак апавяшчаліся не пазней як за паўтара месяца да з’езда, нечарговыя з’езды склікаліся ў двухмесячны тэрмін. З’езд заслухоўваў і зацвярджаў справаздачу ЦК, Цэнтр. рэвіз. камісіі (ЦРК) і інш. цэнтр. арг-цый, пераглядаў, зменьваў і зацвярджаў Праграму і Статут КПСС, вызначаў лінію партыі па пытаннях унутр. і знешняй палітыкі, разглядаў і вырашаў найважнейшыя пытанні парт. і дзярж. жыцця, выбіраў ЦК і ЦРК. Указ рас. Прэзідэнта ад 20.8.1991 аб дэпартызацыі ў РСФСР дзярж. устаноў нанёс удар па манаполіі КПСС. У жн. 1991 дзейнасць КПСС на тэр. Расіі прыпынена. Даты з’ездаў: 1-ы (1898, Мінск), 2-і (1903, Брусель—Лондан), 3-і (1905, Лондан), 4-ы (1906, Стакгольм), 5-ы (1907, Лондан), 6-ы (1912, Прага), 7-ы (1917, Петраград), 8-ы (1919; гэты і ўсе наступныя адбываліся ў Маскве), 9-ы (1920), 10-ы (1921), 11-ы (1922), 12-ы (1923), 13-ы (1924), 14-ы (1925), 15-ы (1927), 16-ы (1930), 17-ы (1934), 18-ы (1939), 19-ы (1952), 20-ы (1956), 21-ы (1959), 22-і (1961), 23-і (1966), 24-ы (1971), 25-ы (1976), 26-ы (1981), 27-ы (1986), 28-ы (1990).

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ВА,

вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Краўлянка, каля аўтадарогі Ашмяны—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад горада і 20 км ад чыг. ст. Смаргонь, 222 км ад Гродна. 812 ж., 357 двароў (1998).

Упершыню згадваецца ў ням. хроніках (13 ст. як сталіца Нальшчанаў. З 1260-х г. (пасля ўцёкаў мясц. князя Даўмонта) у складзе ВКЛ. У 14 ст. цэнтр Крэўскага княства, пабудаваны Крэўскі замак. У К. падпісана Крэўская унія 1385, у 1387 заснаваны адзін з першых у ВКЛ касцёл. Пасля 1391 К. ў Ашмянскім пав. Да 17 ст. неаднаразова было месцам барацьбы ў час усобіц і войнаў. У 17—18 ст. мястэчка. мела магдэбургскае права. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з буйнейшых цэнтраў керамічнай вытв-сці (гл. Крэўская кераміка). У 1897 у К. 1380 ж., 217 двароў. 2 царквы, сінагога, вучылішча, школа, 2 магазіны, 5 кірмашоў штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Смаргонскім р-не. У 1972—1155 ж. У 1998 створаны міжнар. фонд «Крэва» — грамадская недзярж. арг-цыя з мэтай садзейнічання захаванню і адраджэнню Крэўскага замка.

Лясніцтва. Дрэваапр. цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл Праабражэння Гасподняга (1997). Брацкія могілкі салдат рус. арміі, што загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Аляксандра Неўскага (1854). На зах. ускраіне вёскі захаваліся руіны Крэўскага замка і гарадзішча.

В.​У.​Шаблюк (гісторыя).

т. 8, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮХЕЛЬБЕ́КЕР (Вільгельм Карлавіч) (21.6.1797, С.-Пецярбург — 23.8.1846),

рускі паэт, дзекабрыст. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Служыў у Калегіі замежных спраў; выкладаў рус. і лац. мовы. З 1820 падарожнічаў па Еўропе, служыў на Каўказе пры А.П.Ярмолаве. З 1825 у Пецярбургу, чл. «Паўночнага таварыства дзекабрыстаў». Пасля паражэння паўстання дзекабрыстаў пакінуў Пецярбург з мэтай выехаць за мяжу. Імкнуўся наладзіць сувязь з кіраўніком т-ва «Ваенныя сябры» К.​Г.​Ігельстромам. З пачаткам Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825 выбраў свой шлях праз Беларусь, дзе стаялі часці Літоўскага асобнага корпуса (Мінск, Нясвіж, Слонім, Пружаны, Камянец). У Варшаве арыштаваны. Прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага зняволеннем у крэпасці. З 1836 на пасяленні ў Сібіры. Друкаваўся з 1815. Прыхільнік «высокіх жанраў»: гераічная паэма, грамадз. ода, трагедыя. З У.​Ф.​Адоеўскім выдаваў альманах «Мнемозина» (1824—25), у якім друкаваў свае вершы, аповесці, праграмныя крытычныя артыкулы. Аўтар паэм «Касандра» (нап. 1822—23), «Давід» (нап. 1826—29), «Юрый і Ксенія» (1832—35), «Агасфер» («Вечны жыд», 1832—46; апубл. 1878), трагедый «Аргівяне» (1822—25), «Пракофій Ляпуноў» (1834, апубл. 1938), містэрыі «Іжорскі» (1827—41, апубл. 1939), казкі «Пахом Сцяпанаў» (1832), драм. казкі «Іван, Купецкі сын» (1832—42), рамант. аповесці «Апошні Калона» (1832—43, апубл. 1937), цыкла артыкулаў і нарысаў «Еўрапейскія лісты» (1820), «Падарожжа» (1822), «Дзённіка» (апубл. 1929) і інш.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М.; Л., 1967;

Соч. Л., 1989;

Путешествие. Дневник. Статьи Л.,1979.

Літ.:

Архипова А.В. Литературное дело декабристов. Л., 1987;

Горбунова Л.Г. Творчество Кюхельбекера: Пробл фантастики и мифологии... Саратов, 1991;

Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984.

т. 9, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЭ́РАВА ПРАСПЕ́КТ у Мінску.

Знаходзіцца ў цэнтр. частцы горада. Былая Паркавая магістраль, з 1980 сучасная назва. З 12 ст. на гэтым месцы было стараж. гарадзішча з Мінскім замкам, з 16 ст. побач размяшчалася Татарская слабада (Татарскі канец, Пятніцкі канец). Забудова М.п. пачалася ў 1960-я г. Фарміруецца як састаўная ч. 2-га гар. дыяметра. Працягласць каля 9 км ад пуцеправода цераз вул. Няміга да кальцавой аўтадарогі. З паўн.-ўсх. боку праспекта цячэ р. Свіслач. Жылыя і грамадскія комплексы з глыбіннымі кампазіцыйнымі прыёмамі забудовы спалучаюцца з зялёнымі масівамі і вадаёмамі. На левым баку М.п. будынак Дома мадэлей (1967, арх. С.​Замараеў), комплекс вышынных грамадскіх будынкаў, аб’яднаных 2-павярховым стылабатам, гасцініцы «Юбілейная» (1968, арх. Г.​Бенядзіктаў), «Планета», кінатэатр «Масква» (абодва 1980). У ансамблі забудовы гэтага ўчастка — скульпт. групы «Вясна», «Лета», «Восень» і «Зіма» (1982, скульпт. А.​Шатэрнік, Л.​Давідзенка, Ю.​Палякоў, В.​Занковіч). Вылучаюцца пабудовы: Мінскі завод халадзільнікаў (1968—75), Дом праектных арганізацый, Мінскі палац тэніса (абодва 1978), Дом прафесіянальных саюзаў (1982), Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» (1988). На правым баку праспекта ўздоўж Свіслачы знаходзяцца рэканструяваны фундамент храма 12 ст., спарт. комплекс «Дынама» (1934), Мінскі палац спорту (1966), парк Перамогі (закладзены ў 1945), добраўпарадкоўваецца набярэжная (арх. С.​Баткоўскі, Ю.​Градаў, Л.​Левін). У 1983 на М.п. створаны жылы раён з групы 9—16-павярховых дамоў блок-секцыйнага тыпу (арх. Н.​Шпігельман, В.​Крусь), у 1985 — арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой», у 1987 у раёне вадасховішча Дразды пабудаваны гал. і спарт. карпусы Акадэміі фіз. выхавання і спорту (арх. У.​Афанасьеў, у сааўт.).

А.​А.​Воінаў.

Панарама Машэрава праспекта.

т. 10, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЛЁШКА (Міхаіл Вінцэнтавіч) (псеўд. Міхалка Скарэўскі; 9.5.1892, в. Скары Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — крас. 1941),

бел. гісторык, этнограф. Вучыўся ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та (1918—21). У 1914—18 у арміі. З 1917 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады. Дэлегат з’езда бел. дэмакр. і сацыяліст. арг-цый у Віцебску (лета 1917); на з’ездзе бел. вайсковых арг-цый (ліст. 1917) абраны старшынёй. З 1918 у Віцебскім аддзяленні Белнацкома. З 1920 у Чырв. Арміі (служыў у Віцебскім губваенкамаце), працаваў у Віцебскім археал. ін-це, губ. архіве і аддзеле нар. адукацыі. З ліст. 1922 у Цэнтрархіве (Мінск), з 1927 у Цэнтр. архіўным упраўленні БССР, адначасова у Інбелкульце і Бел. АН. У 1923—24 выкладаў бел. этнаграфію ў Віцебскім вышэйшым пед. ін-це, у 1926—28 — гісторыю Беларусі ў Камвузе Беларусі. Даследаваў праблемы прыгоннага права, сял. выступленняў супраць самаўладдзя ў 1863 і ў рэвалюцыю 1905—07. Складальнік зб. дакументаў і матэрыялаў «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927). Аўтар працы «Камень у вераваннях і паданнях беларусаў» (1929). Рукапіс працы аб Мялеціі Сматрыцкім захоўваецца ў Нац. архіве Рэспублікі Беларусь. 18.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і сасланы ў Самару на 5 гадоў. 16.2.1938 паўторна арыштаваны «як удзельнік контррэвалюцыйнай эсэра-меншавіцкай арганізацыі». 4.3.1940 вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957 і 1962.

Тв.:

Дзённік Міхаіла Мялешкі // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. Мн., 1994.

Літ.:

Скалабан В., Крапивин С. Михаил Мелешко: долгое возвращение в Беларусь // Сов. Белоруссия. 1998. 10 окт.;

Бібліятэка Міхася Мялешкі: Зводны кат. Мн., 1998.

М.​М.​Клімовіч, У.​М.​Міхнюк.

М.В.Мялешка.

т. 11, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ МЫШ,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Мышанка, на аўтадарозе Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 7 км на З ад г. Баранавічы, 212 км ад Брэста. 1669 ж., 691 двор (2000). Баранавіцкі філіял Брэсцкага дзяржплемпрадпрыемства, філіял Баранавіцкай ф-кі дзіцячых цацак «Брыг». ПТВ механізацыі сельскай гаспадаркі, пач. і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Навамышскі Праабражэнскі касцёл, Праабражэнская царква (1859).

Вядома з 1-й пал. 15 ст. як сяло Мыш у Навагрудскім пав. У 1563 Жыгімонт ІІ Аўгуст перадаў сяло за ваен. заслугі Я.​Хадкевічу. У дакументах 1566 згадваецца як мястэчка. У 16—17 ст. тут існаваў замак, у 17 ст. — касцёл, школа. У 2-й чвэрці 17—18 ст. належала Сяняўскім, Юдзіцкім, Масальскім, Несялоўскім. У пач. 18 ст. Масальскія заснавалі тут шкляную гуту. У 1725 у Н.М. больш за 100 двароў, школа, шпіталь. касцёл, царква, млын, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У 1886—1031 ж., 162 двары, школы. у т. л. 3 яўр. школы, цагельня, піваварня, вятрак, паравы млын, 21 крама, царква, касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы. цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр Навамышскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Н.М. і раёне 1803 чал. З 1954 у Брэсцкай вобл. З 1957 цэнтр сельсавета Баранавіцкага раёна.

В.​У.​Шаблюк.

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТА да народаў Беларусі,

юрыдычны і паліт. акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда 21.2.1918 у Мінску. Імклівае наступленне ням. войск, якое пачалося 16.2.1918, прымусіла Аблвыкамзах і СНК Зах. вобласці і фронту ў ноч на 19.2.1918 эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтр. бел. вайск. рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебел. з’езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лют. абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арг-цыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К.​Езавітава. 21 лют. апублікавана П.У.г., у якой Выканком Рады Усебел. з’езда заклікаў народы Беларусі «ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі». Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда абвясціў сябе ўладай на Беларусі да склікання на дэмакр. пачатках Устаноўчага сходу. Быў створаны ўрад — Народны сакратарыят Беларусі, які 21 лют. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Хоць Нар. сакратарыят Беларусі заявіў пра лаяльнае стаўленне да акупантаў (уступілі ў Мінск 21.2.1918), ням. ўлады не спяшаліся прызнаваць яго. У літаратуры П.У.г. датуецца днём яе публікацыі, аднак, паводле ўспамінаў Я.​Варонкі, яна прынята 20.2.1918. У Грамаце нічога не гаварылася аб прававым статусе Беларусі. Здзяйсненне права бел. народа на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасцей на нац.-персанальную аўтаномію, абвяшчалася толькі як мэта. На заключэнне Брэсцкага міру 1918 паміж Германіяй і Расіяй Выканком Рады Усебел. з’езда адрэагаваў 9.3.1918 Другой Устаўнай граматай да народаў Беларусі, у якой Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)