КУЧЫ́НСКІ (Валерый Аляксандравіч) (н. 23.2.1947, г. Мікалаеў, Украіна),

бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1974). Скончыў Бел. кансерваторыю (1970). З 1967 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1970—73 і 1976—79 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1973—76 у Бел. філармоніі, у 1979—82 у Ансамблі песні і танца Паўн. групы войск (Польшча), з 1983 саліст Белтэлерадыёкампаніі. Сярод оперных партый: Максім («Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Ад аўтара («Джардана Бруна» С.​Картэса), Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Малатэста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Жэрмон («Травіята» Дж.​Вердзі). У канцэртным рэпертуары камерная лірыка, песні бел. кампазітараў. Лаўрэат IV Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1968), IV Міжнар. конкурсу імя Чайкоўскага (1970), Усесаюзнага конкурсу сав. песні (Мінск, 1972), IV Міжнар. конкурсу артыстаў эстрады (1974). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Г.​М.​Загародні.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)