«ПО́ЛАЦКІЯ ГРА́МАТЫ»

(«Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв.»),

зборнік дакументаў па гісторыі Полацкай зямлі, падрыхтаваны Г.​Л.​Харашкевіч і выдадзены Ін-там гісторыі СССР АН СССР у Маскве (вып. 1—5, 1977—85). Уласна дакументы складаюць вып. 1-ы, 2-і і палову 3-га, у астатніх выпусках змешчаны каментарыі. Надрукавана 325 дакументаў (з іх 110 упершыню) 1263—1513 з архіваў Рыгі, Гётынгена, Гданьска, Варшавы, Масквы, у т. л. з Метрыкі ВКЛ. Большасць дакументаў асвятляе адносіны Полацка з Лівоніяй, Маскоўскай дзяржавай, ВКЛ, меншая частка — унутраную гісторыю Полацка. Дакументы надрукаваны на старабел., нямецкай (22), лацінскай (7), польскай (4) мовах; іншамоўныя тэксты пададзены з паралельным перакладам на рус. мову. Паказальнікі да зборніка выдадзены асобна ў 1989. Зборнік мае вял. значэнне для вывучэння эканам. і сац. становішча сялян, мяшчан, інш. слаёў Полацкай зямлі, развіцця ўнутр. і знешняга гандлю, знешнепаліт. зносін Полацка.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 12, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́ПЧЫК (Леанід Цімафеевіч) (14.11.1933, Мінск — 7.12.1998),

бел. пісьменнік. Скончыў Ціміразеўскую с.-г. акадэмію (Масква, 1958). Хадзіў матросам на рыбалавецкім траўлеры, настаўнічаў, быў журналістам, працаваў у саўгасе на Піншчыне, на Бел. тэлебачанні, рэжысёрам мультфільмаў на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1958. Аўтар кніг краязнаўчых нарысаў «Даўгінаўскія вёрсты» (1977), «Ў краі Налібоцкай пушчы», «Ёсць у сэрцы запаветны куток» (абедзве 1979), «Адкуль у вёскі імя» (1981), «Дрэмле памятка дзён» (1991). Апісаў многія літ.-гіст. мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Чачота, Ядвігіна Ш., З.​Бядулі і асабліва Я.​Купалы. П’еса П. (з Дз.​Кальчанкам) «Князь Наваградскі» паст. Гродзенскім драм. т-рам у 1988 (на яго лібрэта кампазітар А.​Бандарэнка напісаў аднайм. оперу, паст. 1992). Па сцэнарыях П. Бел. тэлебачанне і «Беларусьфільм» паст. фільмы «Наваградак, чытаючы Міцкевіча» (1980), «Налібоцкія пчаляры» (1982), «Круіз на кані» (1990), «Напалеон Орда» (1991), «Беларускія ратушы» (1992).

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРО́РСКІ НАГЛЯ́Д,

форма праваахоўнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца органамі пракуратуры. У Рэспубліцы Беларусь П.н. ажыццяўляецца: за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў мін-вамі і інш. падведамнымі Савету Міністраў органамі, мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі; за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў; за адпаведнасцю закону суд. рашэнняў па цывільных і крымін. справах, справах аб адм. правапарушэннях; за выкананнем законаў у месцах папярэдняга зняволення, пры выкананні пакаранняў і інш. мер прымусовага характару, якія назначаюцца судом. У выпадках, прадугледжаных законам, пракуратура праводзіць папярэдняе расследаванне злачынстваў, пракуроры прымаюць удзел у разглядзе спраў судамі, падтрымліваюць дзярж. абвінавачванне. У працэсе ажыццяўлення П.н. пракурор правамоцны апратэстоўваць рашэнні і акты, калі яны супярэчаць закону, прыцягваць правапарушальнікаў да адказнасці, прымаць меры для забеспячэння спагнання матэрыяльных страт, нанесеных парушэннем закона, і г.д.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПІЛЕ́І, прапілон (ад грэч. popylaion перад дзвярыма, уваход),

парадны праход, праезд, утвораны сім. каланадамі ці порцікамі, размешчанымі па восі руху. Характэрны для архітэктуры Стараж. Грэцыі (П. Акропаля ў Афінах, 437—432 да н.э., арх. Мнесікл) і Рыма (П. свяцілішча ў Баальбеку, 1—3 ст., Ліван), дзе іх будавалі пры гал. уваходзе на акропаль ці ў свяцілішча. Пашыраны ў перыяд класіцызму (П. ў Мюнхене, Германія, 1846—60, арх. Л.​Кленцэ). У 2-й пал. 19—20 ст. ўзводзіліся як ч. асабліва ўрачыстых арх. комплексаў ці збудаванняў, якія мелі мемар. значэнне (П. Смольнага ін-та ў С.-Пецярбургу, 1923—25, арх. У.​Шчуко, У.​Гельфрэйх; набярэжнай р. Волга ў Валгаградзе, 1952, арх. В.​Сімбірцаў, І.​Фіялка; комплексу на Піскароўскіх могілках у С.-Пецярбургу, 1960, арх. А.​Васільеў, Я.​Левінсон).

С.​А.​Сергачоў.

Прапілеі Акропаля ў Афінах. Арх. Мнесікл. 437—432 да н.э.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМУСО́ВЫЯ МЕ́РЫ ВЫХАВА́ЎЧАГА ХАРА́КТАРУ ў крымінальным праве,

меры, якія прымяняюцца ў адносінах да непаўналетняга, які ўчыніў злачынства, што не ўяўляе вял. грамадскай небяспекі, або ўчыніў упершыню менш цяжкае злачынства. Паводле крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь замест прымянення крымін. пакарання суд можа пастанавіць абвінаваўчы прыгавор і назначыць такой асобе меры: перасцярогу (тлумачэнне непаўналетняму вынікаў паўторнага ўчынення злачынстваў, прадугледжаных законам); ускладанне абавязацельства публічна ў інш. форме, якую вызначыць суд, прынесці прабачэнне пацярпеламу; ускладанне на непаўналетняга абавязацельства ў наступным пакрыць сваімі сродкамі або працай нанесеныя ім страты; абмежаванне свабоды вольнага часу на пэўны тэрмін (забарона наведвання пэўных месц, абмежаванне знаходжання па-за домам у пэўныя часы сутак, абавязковая яўка для рэгістрацыі ў орган, які кантралюе яго паводзіны); змяшчэнне на тэрмін да 2 гадоў у спец. навуч.-выхаваўчую або лячэбна-выхаваўчую ўстанову. У выпадку злоснага ўхілення непаўналетняга ад выканання гэтых мер суд можа замяніць прызначаную меру на больш строгую.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТАЗЕ́ЛЛЕ, пустазельныя расліны,

расліны, рост якіх на пэўных участках непажаданы. Пагаршае ўмовы росту і развіцця культ. раслін, зніжае іх ураджай, перашкаджае рабоце с.-г. машын, спрыяе пашырэнню шкоднікаў. Паводле месца росту П. падзяляецца на раллёвае (сегетальнае), смеццевае (рудэральнае) і П. прыродных угоддзяў.

Для П. характэрны высокая пладавітасць (напр., 1 расліна палыну звычайнага дае да 10,5 млн. насення), непатрабавальнасць да глебава-клімат. умоў. Многія пустазельныя расліны (васілёк сіні, куколь) па-за межамі аграбіяцэнозаў не трапляюцца. На палях, моцна засмечаных П. недабор зерня з 1 га дасягае 0,2—0,3 т, бульбы 2—5 т, агародніны 1,5—4 т, таксама ў прадукцыі памяншаецца колькасць бялкоў, цукру, крухмалу.

На Беларусі каля 300 відаў П., найб. пашыраныя з аднагадовага П. — лебяда белая, свінакроп палявы, брыца звычайная, пупок палявы, рэдзька дзікая, зоркаўка сярэдняя; са шматгадовага П. — пырнік паўзучы, шчаўе конскае, асот палявы, бярозка палявая, хвошч і інш.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯКА́РСКІ (Эдуард Карлавіч) (25.10.1858, в. Пятровічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. —29.6.1934),

расійскі этнограф, географ, мовазнавец, фалькларыст. Чл.-кар. (1927), ганаровы акад. (1931) АН СССР. Вучыўся ў Мінскай, Мазырскай і Чарнігаўскай гімназіях, Харкаўскім вет. ін-це (1877—88). За ўдзел у народніцкім руху арыштаваны (1879) і сасланы ў Якуцію. Удзельнік экспедыцый Усх.-Сібірскага аддзялення Рус. геагр. т-ва (РГТ, 1894—96) і Аяна-Нельканскай (1903). З 1905 працаваў у музеях Пецярбурга, з 1911 у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі Рас. АН, з 1914 сакратар этнагр. аддзела РГТ, у апошнія гады жыцця ў у Ін-це усходазнаўства АН СССР. Аўтар артыкулаў па геаграфіі, этнаграфіі, лінгвістыцы і фальклору якутаў і тунгусаў. Асн. праца — «Слоўнік якуцкай мовы» (вып. 1—13, 1907—30; у сааўт.).

Літ.:

Э.​К.​Пекарский: (К 100 летию со дня рождения). Якутск, 1958;

Грыцкевіч В. Эдуард Пякарскі: Біягр. нарыс. Мн., 1989.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 13, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁГАЛА́КТЫКІ,

разнавіднасць галактык, якія з’яўляюцца крыніцамі магутнага радыёвыпрамянення. Вядома больш за 500 Р.

Практычна ўсе галактыкі выпрамяняюць у радыёдыяпазоне. З прычыны вял. адлегласцей (большых за 5—6 Мпк) радыёвыпрамяненне звычайных галактык вельмі слабае, у сярэднім ў мільён разоў меншае за аптычнае выпрамяненне. Інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення Р. на некалькі парадкаў вышэйшая, у большасці выпадкаў іх аптычнае выпрамяненне слабае і не заўсёды можна атаясаміць Р. з аптычнай крыніцай. Радыёвыпрамяненне Р. мае сінхратронную прыроду (гл. Сінхратроннае выпрамяненне). З дапамогай радыёінтэрферометраў устаноўлена, што 75% Р. — падвойныя сістэмы. Самая магутная Р. — Лебедзь A (у сузор’і Лебедзь), у аптычным дыяпазоне мае 18-ю зорную велічыню; вобласць радыёвыпрамянення складаецца з 2 кампанентаў, размешчаных сіметрычна па абодва бакі ад зоны аптычнага выпрамянення. Лінейныя памеры кожнага кампанента 100 тыс. св. гадоў, адлегласць паміж імі 300 тыс. св. гадоў.

Літ.:

Пахольчик А.Г. Радиогалактики: Пер. с англ. М., 1980.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕ́ЛЬСКАЯ МІХА́ЙЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік народнага дойлідства з рысамі стылю барока ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1796 з дрэва ва ўсх.-палескай традыцыі палескіх школ дойлідства. 3-зрубны храм глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага ў плане бабінца, 8-граннага выцягнутага па папярочнай восі цэнтр. і 5-граннага алтарнага (з рызніцай з Пн) зрубаў. У 19 ст. да бабінца і бакавых фасадаў цэнтр. аб’ёму прырублены квадратныя ў плане прытвор і прыдзелы. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі пануе цэнтр. аб’ём, над якім узведзены чацвярык і 8-гранны барабан з купалам складанай 2-яруснай формы. Аналагічнае завяршэнне маюць апсіда і бабінец. Вертыкальна ашаляваныя сцены прарэзаны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах з трохвугольнымі сандрыкамі. Алтарная частка аддзелена ярусным разным іканастасам. Побач з царквой 3-ярусная званіца (васьмярык на 2 чацверыках) пад гранёным купальным дахам.

Ю.​А.​Якімовіч.

Рубельская Міхайлаўская царква.

т. 13, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДНІ́ЦКІ (Дамінік) (4.8.1676, Усх. Беларусь — 10.10.1739),

бел. і польскі пісьменнік. Паходзіў з бел. шляхты. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (каля 1694). Настаўнічаў у езуіцкіх калегіумах Слуцка, Гродна, Мсціслава, Навагрудка. З 1720 у Варшаве, пракуратар Літоўскай правінцыі езуітаў. З 1730 у Нясвіжы. У рукапісных зб-ках Р. (вядомы па публікацыях А.​Брукнера і У.​Ператца, загінулі ў Варшаве ў 1944) акрамя польскіх было 9 бел. вершаваных твораў, напісаных ім, або народных, апрацаваных. У іх праявіліся рысы позняга барока: алегорыя, гратэск, марнасць і хуткаплыннасць жыцця. Адчуваецца арыентацыя на нар. песню. Аўтар інтэрмедый на польскай мове, казанняў, «Свабодны голас у вершаванай форме» (выд. 1741).

Літ.:

Возняк М. Із сьпіванника Домініка Рудніцького // Зап. наук. т-ва ім. Шевченко. 1929. Т. 150;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 72—78, 116—126;

Eustachiewicz M. Twórczość Dominika Rudnickiego. Wrocław, 1966.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)