славуты род, які правіў у г.Фларэнцыя ў 1434—1737 (з перапынкамі) і значна ўплываў на паліт. і эканам. жыццё сярэдневяковай Італіі; адзін з буйнейшых банкірскіх дамоў Еўропы ў 15 ст. Першы вядомы прадстаўнік роду Сальвестра М. (1331—88), які выкарыстаў паўстанне чомпі 1378 для ўзмацнення становішча роду. Гал. прадстаўнікі асн. дынастыі: Джавані ды Бічы М. (1360—1429), заснавальнік вядучай лініі роду, паклаў пачатак эканам. магутнасці М.; Казіма Старэйшы М. (1389—1464), першы правіцель Фларэнцыі (з 1434) з роду М., фінансіст, мецэнат; Ларэнца Пышны М. (1449—92), паэт, філосаф, мецэнат, з 1469 правіў у Фларэнцыі як тыран; сын Ларэнца Пышнага Джавані М. (1475—1521) у 1513—21 быў рымскім папам пад імем Льва X. Прадстаўнік пабочнай лініі: Казіма I М. (1519—74) у 1569 атрымаў ад папы рымскага тытул Вял. герцага Тасканскага. З роду М. паходзілі рымскі папа Клімент VII [1523—34], франц. каралевы Медычы Кацярына (жонка Генрыха II) і Марыя М. (1573—1642; жонка Генрыха IV).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЁЗ (ад грэч. meiōsis памяншэнне),
спосаб дзялення клетак, пры якім адбываецца памяншэнне дыплоіднага (двайнога) набору храмасом да гаплоіднага (адзінарнага); асноўнае звяно гаметагенезу. Адкрыты ням. вучоным В.Флемінгам (1882). Уключае 2 паслядоўныя дзяленні клетачнага ядра. У складанай і працяглай прафазе 1-га дзялення (мае 5 стадый, у чалавека працягваецца 22,5, у ліліі — 8—10 сутак) адбываецца кан’югацыя гамалагічных храмасом, утварэнне бівалентаў, красінговер і інш. На стадыі метафазы біваленты выстройваюцца ў сярэдняй ч. верацяна дзялення. У анафазе пачынаецца рух гамалагічных храмасом да процілеглых полюсаў клеткі. На стадыі тэлафазы мацярынская клетка раздзяляецца на 2 даччыныя, якія пераходзяць у інтэркінез (перыяд паміж 1-м і 2-м дзяленнем М.). Тэлафаза і інтэркінез адбываюцца не заўсёды. 2-е дзяленне М. мае падобныя ўмоўныя стадыі. У выніку з адной зыходнай дыплоіднай клеткі ўтвараюцца 4 гаплоідныя генет. разнародныя клеткі. М. — абавязковае звяно палавога працэсу і ўмова для фарміравання палавых клетак (гамет). Адзін з ключавых механізмаў спадчыннасці і спадчыннай зменлівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗО́НЫ [ад мез(а)... + (электр)он],
нестабільныя элементарныя часціцы, якія адносяцца да класа адронаў, маюць цэлалікавы спін і нулявы барыённы зарад. Да М. адносяць пі-мезоны, К-мезоны і многія рэзанансы. Да М. не адносяць мю-М. (мюоны) таму, што яны маюць спін 1/2 і не ўдзельнічаюць у моцных узаемадзеяннях.
Прадказаны ў 1935 Х.Юкавайдля тлумачэння прыроды ядзерных сіл; эксперыментальна адкрыты ў 1947 у касм. прамянях С.Ф.Паўэлам. Назва звязана з тым, што першыя з адкрытых М. (пі- і К-М.) мелі масу, прамежкавую паміж масамі пратона і электрона. У далейшым былі адкрыты М., масы якіх у некалькі разоў перавышаюць масу пратона. Складаюцца з кварка і антыкварка і глюонаў. Утвараюцца пры сутыкненнях пратонаў з пратонамі ці атамнымі ядрамі, а таксама пры анігіляцыі электронаў і пазітронаў. Маюць адмоўны, нулявы або дадатны эл. зарад, роўны эл. элементарнаму зараду, і час жыцця ад 10−8 да 10−24с. Распадаюцца на больш лёгкія М., лёгкія М. і лептоны або лептоны і гама-кванты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́Л ВО́ІНСКАЙ СЛА́ВЫна Лудчыцкай вышыні.
Адкрыты ў 1984 за 1,5 км ад в. Лудчыцы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. на месцы жорсткіх баёў за вызваленне Беларусі ў 1943 і 1944. Аўтары: скульпт. П.Белавусаў і У.Лятун, арх. В.Бялянкін і М.Мызнікаў, інж. Б.Шчарбакоў (Дзярж. прэмія Беларусі 1986). Дамінанта мемарыяла — сімвалічная фігура Баяна (выш. 10 м), які апявае подзвіг воінаў-герояў. Каля падножжа ўзгорка пляцоўка, па краі яе на авальнай сцяне змешчаны гарэльефныя партрэты Герояў Сав. Саюза, якім прысвоена гэта званне за баі на Быхаўшчыне: І.А.Барысевіча, П.Дз.Вінічэнкі, С.Іскаліева, У.К.Мартынава, Г.С.Размадзе, Г.Якубава (выш. каля 3,5 м); пад партрэтамі на абліцаванай чорным гранітам ч. сцяны імёны і воінскія званні герояў. На пляцоўцы — абліцаваная гранітам стэла (выш. каля 3 м) з інфарм. надпісам, гранітная пліта з бронзавай пяціканцовай зоркай і чашай для запальвання рытуальнага агню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНАНІ́ТЫ,
прыхільнікі адной са старэйшых пратэстанцкіх цэркваў. Рух М. пачаў фарміравацца ў 1530-я г. ў Нідэрландах пад уплывам памяркоўных анабаптыстаў. Яго ўзначаліў каталіцкі святар Мена Сіманс (назва ад яго імя), аўтар асноватворнага для М. трактата «Асновы хрысціянскага вучэння» (1539). Каноны веравызнання М., канчаткова кадыфікаванага на Дарцкай канферэнцыі 1632, уключаюць (акрамя агульнапратэстанцкіх прынцыпаў выратавання і ўсеагульнага свяшчэнства): пакаянне ў грахах, свядомае хрышчэнне дарослых, прычашчэнне, царк. адлучэнне, адмову ад вайск. і дзярж. службы і інш., што прыводзіць іх да самаізаляцыі ад грамадства і дзяржавы; іх паводзіны характарызуюцца маралістычным рыгарызмам. Узмацненне ў Нідэрландах рэпрэсій супраць ератыкоў у 1540—50-я г. прымусіла многіх М. да эміграцыі. З 1683 цэнтрам дзейнасці М. стаў г. Джэрмантаўн (ЗША). Многія з іх эмігрыравалі ў Рэч Паспалітую, адкуль у 1789 пачалі перасяляцца ў Расію. У 1898 у ЗША створана Ген. канферэнцыя М., якіх цяпер у свеце каля 500 тыс. чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НДЭЛЯ ЗАКО́НЫ,
правілы атрымання ў спадчыну прыкмет, адкрытыя Г.Мендэлем (1865). Першы М.з. (закон аднароднасці гібрыдаў) — патомства 1-га пакалення ад скрыжавання ўстойлівых форм, што адрозніваюцца па адной прыкмеце, маюць аднолькавы фенатып па ёй. Другі М.з. (закон расшчаплення) — пры скрыжаванні гібрыдаў 1-га пакалення паміж сабой сярод гібрыдаў 2-га пакалення ў пэўных суадносінах з’яўляюцца асобіны з фенатыпамі зыходных бацькоўскіх форм і гібрыдаў 1-га пакалення. Трэці М.з. (закон незалежнага камбінавання прыкмет) — пара альтэрнатыўных прыкмет паводзіць сябе ў пакаленнях незалежна адна ад адной (паяўляюцца асобіны з новымі камбінацыямі прыкмет). З М.з. вынікае, што гены адносна пастаянныя, могуць знаходзіцца ў розным стане, парныя ў саматычных клетках і адзінкавыя ў гаметах; дыскрэтныя, могуць паводзіць сябе незалежна адзін ад аднаго. Законы праяўляюцца ў пэўных умовах і маюць універсальны характар длядыплоідаў. М.з. спрыялі развіццю генетыкі. Гл. таксама Мендэлізм.
Літ.:
Мендель Г. Опыты над растительными гибридами: Пер. с вем. М., 1965. Гайсинович А.Е. Зарождение и развитие генетики. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНЕДЖЭРЫ́ЗМ,
тэорыя навук. кіравання вытв-сцю; кірунак эканам. думкі, які вывучае і разглядае ролю кіравання ў эканоміцы праз менеджэраў. Узнік у 1880—90-я г. ў ЗША. Заснавальнік — Ф.Тэйлар. Распрацаваная ім сістэма кіравання была першай і ўдалай спробай стварэння навук.менеджменту. А.Фаёль, Г.Эмерсан, Г.Форд і інш. абгрунтавалі неабходнасць падзелу працы ў апараце кіравання, яго іерархічную структуру і ролю, аўтарытэту кіраўніка для матэрыяльнага і маральнага стымулявання працы работнікаў. Выкарыстанне навук. аналізу, эфектыўнай сістэмы кіравання і дасканалая арг-цыя паточна-канвеернага метаду дазвалялі прыхільнікам М. дамагчыся значнага зніжэння выдаткаў вытв-сці і павышэння прадукцыйнасці працы. Некаторыя прыхільнікі М. прызнавалі значэнне ў кіраванні чалавечага фактара, але іх рэкамендацыі зводзіліся пераважна да матэрыяльных фактараў — справядлівай аплаты, матэрыяльнага стымулявання і да т.п. Гэта абумовіла неабходнасць пошуку новых шляхоў росту эфектыўнасці вытв-сці, што прадвызначыла паяўленне новых школ і тэорый («школа чалавечых адносін», «тэорыя індустрыяльнага кіравання» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЦЭЛЬ ((Menzel) Адольф фон) (8.12.1815, г. Вроцлаў, Польшча — 9.2.1905),
нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся літаграфіі ў свайго бацькі (з 1832 кіраваў яго майстэрняй) і ў Берлінскай АМ (1830). У творчасці часта звяртаўся да адлюстравання гісторыі і значных тагачасных падзей Прусіі: 200 дрэварытаў для ілюстравання «Гісторыі Фрыдрыха Вялікага» Ф.Куглера (1839—42), карціны «Ушанаванне загінуўшых у сакавіцкія дні» (1848), «Круглы стол у Сан-Сусі» (1850), «Канцэрт Фрыдрыха II у Сан-Сусі» (1852), «Фрыдрых Вялікі ў Гохкірсе» (1856), «Прамова Фрыдрыха II перад яго генераламі перад боем пад Лойтэнам» (1858—60), «Ад’езд Вільгельма I у армію ў 1870 годзе» (1871) і інш. Ствараў таксама пейзажы, інтэр’еры, жанравыя карціны: «Пакой з балконам» (1845), «Сястра мастака са свечкай у інтэр’еры» (1847), «Тэатр Жымназ у Парыжы» (1856), «У садзе Цюільры» (1867) і інш. Адзін з першых у еўрап. мастацтве звярнуўся да індустр. тэмы («Жалезапракатны завод», 1875). Майстар малюнка, акварэлі, гуашы, афорта, літаграфіі.
малдаўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Малдовы (1982). У 1937—40 вучыўся ў Бухарэсцкім ун-це. Друкаваўся з 1934. Дэбютаваў як паэт і літ. крытык. Аўтар жанрава разнастайных лірычных твораў, адметных паглыбленай медытатыўнасцю і багатай вобразнасцю (зб-кі «Касмічны круг», 1939; «Балады і санеты», 1955; «Лірычныя строфы», 1956; «Паэмы», 1957; «Кветкі дабрыні», 1979; «Вершы», 1984). Майстар-навеліст: кнігі «Навелы» (1961), «Міёрыца» (1962), «Апошні вагон» (1965), «Калаян» (1966), «Дэльфін» (1969) і інш.Асн. ў яго творчасці — паліт., маральна-этычныя, эстэт. праблемы сучаснасці, усвядомленае пачуццё гісторыі, узаемасувязь сацыяльнага і асабістага, спалучэнне публіцыстычнага пафасу і лірычнай пранікнёнасці, традыцый нац. фальклору і класічнай л-ры. Аўтар твораў для дзяцей, кніг літ. эсэ («Разрыў-трава», 1959; «Наш сябра — Паэзія», 1964). На бел. мову асобныя творы М. пераклаў В.Лукша. Дзярж. прэмія Малдовы 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РГЕЛЬ (ням. Mergel),
асадкавая горная парода змешанага глініста-карбанатнага складу. Колер светлы, пераважна шэры, з рознымі адценнямі. Тэкстура сланцаватая, аалітавая, мелападобная, шчыльная, зямлістая, камякаватая. Парода глеістая, у вільготным стане пластычная, пасля высыхання рыхлая. Вылучаюцца гліністы М. (25—50% карбанатаў), уласна М. (50—75%) і вапнавы М. (75—95%). У залежнасці ад дамешак адрозніваюць М. даламітавыя, крэменязёмістыя, пясчаныя, глаўканітавыя і інш. Утвараецца пераважна ў марскіх умовах, а таксама на дне азёр, у тарфяных балотах, на вільготных лугах. Трапляецца ў адкладах ад верхняга пратэразою да антрапагену. Заляганне пластавое, радзей лінзападобнае. Шырока выкарыстоўваецца ў цэм. прам-сці. На Беларусі для вытв-сці цэменту, буд. матэрыялу і вапнавых угнаенняў здабываецца М. марскога паходжання. Найб. радовішча Камунарскае (Касцюковіцкі р-н Магілёўскай вобл.), дзе прамысл. запасы складалі 386,5 млн.т (1999). Выяўлена таксама 300 пакладаў вапнавага прэснаводнага М. з агульнымі запасамі да 200 млн.т.
Літ.:
Копысов Ю.Г. Мергельно-меловые породы востока Белоруссии. Мн., 1968.