італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Міланскай акадэміі прыгожых мастацтваў. З 1953 у кіно. У яго творчасці спалучаліся дзве тэндэнцыі — цікавасць да сац. і псіхал. праблем грамадства і цяга да вострасюжэтнага фільма з напружаным дзеяннем. Пазней яны аб’ядналіся ў серыі фільмаў пра сіцылійскую мафію і яе сувязь з палітыкамі: «Дзень савы» (1967, у сав. пракаце «Сава з’яўляецца днём»), «Прызнанне камісара паліцыі пракурору рэспублікі» (1971), «Следства скончана — забудзьцеся» (1972), «Чаму забіваюць суддзяў» (1975), «Я баюся» (1977), «Чалавек на каленях» (1979), «Папярэджанне» (1980; у сав. пракаце «Следства з рызыкай для жыцця») і інш. У сваіх фільмах Д. новымі маст. сродкамі прадаўжае традыцыі неарэалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́НІНА Таццяна Васілеўна
(н. 12.9.1933, С.-Пецярбург),
руская актрыса, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1981). Скончыла Школу-студыю МХАТ (1956). З 1959 у Ленінградскім Вял.драм. т-ры, у 1972—83 у Маск. драм. т-ры імя У.Маякоўскага, у 1966—72 і з 1983 у МХАТ імя М.Горкага. З 1987 маст. кіраўнік сцэны на Цвярскім бульвары (з 1989 самаст.т-р, які захаваў назву МХАТ імя М.Горкага) — дырэктар, гал. рэжысёр, маст. кіраўнік. Актрыса моцнага, глыбокага тэмпераменту. Сярод роляў: Надзея («Мая старэйшая сястра» А.Валодзіна; і ў кіно), Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава), лэдзі Макбет («Макбет» У.Шэкспіра; і рэжысёр). З 1956 здымаецца ў кіно: «Тры таполі на Плюшчысе», «Яшчэ раз пра каханне», «Мачаха» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЭ́ (Doré) Густаў Вінсент Шарль
(6.1.1832, г. Страсбур, Францыя — 23.1.1883),
французскі графік. Самавучка. З 1848 публікаваў у гумарыстычных часопісах Парыжа вострахарактарныя літаграфіі пра парыжскіх абывацеляў (сюіты «Розная публіка Парыжа», «Парыжскі звярынец»). Вядомасць прынеслі жывапісна-дынамічныя, гратэскна-выразныя, поўныя фантазіі і гумару ілюстрацыі да «Гарганцюа і Пантагруэля» Ф.Рабле (1854), «Свавольных апавяданняў» А. Бальзака (1855—56), «Боскай камедыі» Дантэ (1861), «Дон Кіхота» М.Сервантэса (1862—63), Бібліі (1864—66), «Страчанага раю» Дж.Мільтана (1865—66). Гэтыя малюнкі гравіраваліся майстрамі школы тарцовай ксілаграфіі, якая ўзнікла пад уплывам Д. Вядомы і як скульптар (помнік А.Дзюма-бацьку ў Парыжы, 1882).
Літ.:
Дьяков Л. Г.Доре. М., 1983.
Г.Дарэ. Уезд Гарганцюа ў Парыж. Іл. да кнігі «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІРЫХЛЕ́ (Dirichlet) Іаган Петэр Густаў
(13.2.1805, г. Дзюрэн, Германія — 5.5.1859),
нямецкі матэматык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1837) і чл. Парыжскай (1854) АН, чл. Берлінскай АН, Лонданскага каралеўскага т-ва (1855). Праф. Берлінскага (1831—55), Гётынгенскага ун-таў (з 1855). Навук. працы па тэорыі лікаў, матэм. аналізе, механіцы, матэм. фізіцы. Даказаў тэарэму пра існаванне бясконца вялікай колькасці простых лікаў у кожнай арыфметычнай прагрэсіі з цэлых лікаў, першы член і рознасць якой — лікі ўзаемна простыя. Сфармуляваў і даследаваў паняцце ўмоўнай збежнасці шэрагу, устанавіў прыкмету збежнасці шэрагу (прыкмета Дз.); даказаў магчымасць раскладання ў шэраг Фур’е функцыі, якая мае канечную колькасць максімумаў і мінімумаў (інтэграл Дз.).
Літ.: Рыбников К.А. История математики. 2 изд. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАКУ́РАЎ Яўген Міхайлавіч
(н. 22.10.1925 г. Бранск, Расія),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1951). Першая кн. «Вершы пра абавязак» (1951). Аўтар паэт. зб-каў «Сінь» (1956), «Прызнанні» (1958), «Слова» (1962), «Характары» (1965), «Відовішча» (1968), «Метафары» (1972), «Сярожка з Малой Броннай» (1974), «Кантрасты» (1975), «Жэрабя» (1978), «Быццё» (1982), «Іпастась» (1984), «Раўнадзенства» (1989) і інш.Асн. тэмы — духоўная сталасць чалавека, роздум над яго ўнутр. светам. Вершам Вінакурава ўласцівыя прыхільнасць да дакладнай быт. дэталі і імкненне да філас. асэнсавання жыцця. Аўтар паэмы «На Захад» (1981), перакладаў і літ.знаўчых артыкулаў. Дзярж. прэмія СССР 1987. Творы Вінакурава на бел. мову перакладалі Р.Барадулін, С.Гаўрусёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НЕР (Wiener) Норберт
(26.11.1894, г. Калумбія, штат Місуры, ЗША — 19.3.1964),
амерыканскі матэматык, заснавальнік кібернетыкі. Д-р філасофіі (1912). З 1919 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1932 праф). Навук. працы па матэм. аналізе (тэорыя патэнцыялу; гарманічныя, амаль перыяд. функцыі; рады і пераўтварэнні Фур’е), тэорыі імавернасцей (стацыянарныя выпадковыя працэсы). Даследаванні па матэм. фізіялогіі, выліч. тэхніцы (у сувязі з балістычнымі разлікамі), тэорыі кіравання, што праводзіліся ў 1939—45, праца ў Кардыялагічным ін-це ў Мехіка (1945—47) прывялі Вінера да ідэі пра агульнасць асн. прынцыпаў кіравання жывымі і нежывымі сістэмамі, што з’явілася пачаткам стварэння кібернетыкі.
Тв.:
Рус.Пер. — Я — математик. 2 изд. М., 1967;
Кибернетика, или Управление и связь в животном и машине. 2 изд. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДАВЕ́ЦТВА,
прадпрыемства (дзяржаўнае, грамадскае, кааператыўнае ці прыватнае), што ажыццяўляе падрыхтоўку і выпуск (выданне) кніг, газет, часопісаў, нот, плакатаў і інш. відаў друкаванай прадукцыі. На Беларусі працуюць (1996) 1273 выдавецтвы, прадпрыемствы і арг-цыі з правам выдавецкай дзейнасці. Сярод іх 13 дзярж. выдавецтваў (бланкавыдавецтва «Белбланкавыд», «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, «Беларускі Дом друку», «Беларусь», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Міжвыдавецкі фотацэнтр», «Навука і тэхніка», «Народная асвета», «Полымя», «Універсітэцкае», «Ураджай», «Юнацтва»), 603 пры прадпрыемствах і арг-цыях з калект. формай уласнасці, 114 пры прыватных прадпрыемствах і арг-цыях, 56 пры грамадскіх арг-цыях, 27 пры НДІ, 26 пры навуч. установах, 20 пры рэліг. арг-цыях і інш.Пра выдавецтвы, якія дзейнічалі на Беларусі, гл. ў арт.Выдавецкая справа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМАГА́ННЕ ў крымінальным праве, наўмыснае злачынства, якое заключаецца ў патрабаванні перадачы маёмасці або права на яе ці выкананне якіх-небудзь дзеянняў маёмаснага характару пад пагрозай насілля над пацярпелым ці яго блізкімі, распаўсюджвання паклёпніцкіх або абвяшчэння пра яго ці яго блізкіх інш. звестак, якія гэтыя асобы жадаюць захаваць у тайне, або пашкоджання ці знішчэння іх асабістай маёмасці або чужой маёмасці, якая знаходзіцца ў іх распараджэнні ці пад аховай. У Рэспубліцы Беларусь за вымаганне прадугледжана крымін. адказнасць. Яна значна ўзмацняецца за паўторнае вымаганне, за ўчыненне вымагання групай, рэцыдывістам, з выкарыстаннем небяспечнага для жыцця і здароўя насілля або насілля, якое прывяло да буйных страт ці інш. цяжкіх вынікаў. Гл. таксама Рэкет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ (Wysocki) Пётр Яцак
(10.9.1797, г. Варта, Польшча — 1.1874),
дзеяч польскага нац.-вызв. руху, адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Скончыў школу падхаружых у Лазенках (пад Варшавай). У 1827 атрымаў чын падпаручніка. Заснаваў тайнае т-ва «Ваенны саюз» (1828), якое ставіла за мэту падрыхтоўку ваен. перавароту і сфарміраванне рэв. ўрада. 29.11.1830 пачаў паўстанне на чале атрада падхаружых, быў ад’ютантам галоўнакамандуючага польскімі войскамі М.Радзівіла, удзельнічаў у рэйдзе корпуса ген. Ю.Дзвярніцкага на Валынь і ў Галіцыю. Пры абароне Варшавы (вер. 1831) трапіў у палон. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена катаргай у Сібіры. У 1857 памілаваны, вярнуўся на радзіму. Аўтар успамінаў пра паўстанне 1830—31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ Уладзімір Сямёнавіч
(25.1.1938, Масква — 25.7.1980),
рускі паэт, акцёр, аўтар і выканаўца песень. У лірыка-рамантычных, камічных і сатыр. песнях, баладах, спавядальных вершах (зб. «Нерв», 1981; «Я, вядома, вярнуся...», 1988) адчувальныя матывы рус. гарадскога раманса. Творы Высоцкага вызначаюцца шчырай пранікнёнасцю і лірызмам (асабліва вершы і песні пра вайну), кожны з іх напісаны «нервам» паэта. З 1964 у Маскоўскім т-ры на Таганцы. Сярод роляў Хлапуша («Пугачоў» паводле С.Ясеніна), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава) і інш. Здымаўся ў маст. фільмах «Вертыкаль», «Кароткія сустрэчы», «Месца сустрэчы змяніць нельга» і інш. Трагічны герой Высоцкага — асоба нязломная, бунтар-адзіночка, які ўсведамляе сваю асуджанасць, але застаецца непахісны да канца. Дзярж. прэмія СССР 1987.