СТАБРО́ЎСКІ Іосіф Іосіфавіч (2.11.1869, г. Слонім Гродзенскай вобл. — 15.1.1968),

бел. археолаг і краязнавец. Чл.-кар. Віленскага аддз. Маск. археал. т-ва і Яраслаўскага археал. т-ва. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус (1889), Аляксандраўскае ваен. вучылішча (1891), Маск. археал. ін-т (1909 ?), археал. курсы пры Саратаўскім ун-це (1910—11 ?). З канца 19 ст. займаўся гісторыяй і археалогіяй Беларусі, праводзіў раскопкі ў Гродзенскай і інш. губернях, збіраў калекцыі кніг і археал. знаходак. Удзельнік 1-й сусв. вайны, палкоўнік. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1921 вярнуўся на радзіму, вывучаў гісторыю Слонімшчыны і Гродзеншчыны. Сабраная ім вял. калекцыя гіст.-археал. матэрыялаў у 1920-я г. стала асновай Слонімскага краязнаўчага музея, дзе С. працаваў дырэктарам і хавальнікам фондаў. У час. Вял. Айч. вайны захаваў археал. калекцыі музея і л-ру.

Літ.:

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996.

Я.​Г.​Звяруга, А.​М.​Лукашэвіч.

т. 15, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНАВО́Е НАГО́Р’Е,

горная сістэма ва Усх. Сібіры, пераважна на тэр. Бураціі, у Расіі. Працягваецца ад паўн. краю воз. Байкал да сярэдняга цячэння р. Алёкма. Даўж. каля 700 км, шыр. больш за 200 км. Горныя хрыбты (выш. да 2999 м) выцягнуты ва ўсх.-паўн. напрамку, чаргуюцца з міжгорнымі катлавінамі (на выш. 500—1000 м). Складзена ў асн. з крышт. і метамарфічных парод. Значная сейсмічнасць. Шматгадовая мерзлата. Карысныя выкапні: золата, медзь, флюарыт, каменны вугаль. Клімат рэзка кантынентальны. Лета ў катлавінах цёплае, доўжыцца 2—3 месяцы, у высакагор’і — халаднаватае і кароткае (месцамі менш за 1 месяц). Зіма вельмі халодная і працяглая. Ападкаў за год ад 300—400 мм у катлавінах, да 1000 мм у гарах. Невял. ледавікі. Рачная сетка густая, шмат азёр. На схілах — лістоўнічная тайга, вышэй за 1200 м — рэдкалессе і горная тундра. У катлавінах — забалочаныя поймавыя лугі, на схілах — хваёвыя і хваёва-лістоўнічныя лясы. Нагор’е перасякае Байкала-Амурская магістраль.

т. 15, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАВАРЫ́СТВА СЯБРО́Ў НАВУ́К, Таварыства аматараў навук. Існавала ў Вільні ў 1907—39. Даследавала гісторыю, этнаграфію і культуру, прыроду Літвы, Беларусі і Польшчы. У 1907—22 выдавала «Rocznik Towarzystwa...» («Штогоднік таварыства...»), у 1923—39 час. «Атэнэум віленьске», дзе асвятлялася гісторыя і культура зямель ВКЛ, публікаваліся дакумент. матэрыялы, бібліяграфія даследаванняў па гэтых пытаннях. Т-ва стварыла б-ку (больш за 50 тыс. кніг, рукапісы пісьменнікаў, дзеячаў культуры, у т. л. творы і рукапісы А.Міцкевіча), якой былі падораны рукапісы і б-кі Я.Карловіча, Я.​Шванскага, збор М.​Федароўскага, Я.​Французовіча, б-ка Э.Ажэшкі. Аснову калекцыі музея склалі зборы А.​Заборскага, В.​Шукевіча, Французовіча (фотаздымкі, замалёўкі бел. адзення). Архіўныя матэрыялы т-ва (лісты Ф.​Багушэвіча, дакументы пра К.​Каліноўскага і інш.) зберагаюцца ў Дзярж. гіст. архіве Літвы, кнігі — у Цэнтр. б-цы АН Літвы. калекцыі па мастацтве і нумізматыцы — у Маст. музеі Літвы, археал., этнагр. і гіст. экспанаты — у Гіст.-этнагр. музеі Літвы.

В.​А.​Цыбуля.

т. 15, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́РАСЫ, Тураса,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 24 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,74 км², даўж. больш за 1,7 км, найб. шыр. 740 м, найб. глыб. 15,3 м, Даўж. берагавой лініі больш за 6,1 км, пл. вадазбору 2,94 км². Катлавіна складанага тыпу, озавай градой падзелена на паўн. і паўд. плёсы. Схілы выш. да 15 м, на З і Пн 20—32 м (озавая града), укрытыя лесам, на Пд і У разараныя. Тэраса выш. 0,8—1,2 м. Пойма на Пн і ПнУ шыр. 10—12 м, сухая; на Пд і ПдУ шыр. да 50 м, забалочаная, пад лугам. Берагі нізкія, на З і У зліваюцца са схіламі, пясчаныя. Дно ў прыбярэжнай ч. пясчанае, глыбей ілістае і сапрапелістае. Зарастае слаба, шыр. паласы расліннасці ў залівах да 50 м, на ПдУ да 100 м. Праз возера цячэ р. Дзіва (злучае з воз. Атолава).

т. 16, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУСЭ́Н-ЛУВЕРЦЮ́Р (Toussaint Louverture) Франсуа Дамінік (20.5.1743, Гаіці — 27.4.1803),

кіраўнік паўстання неграў-рабоў Гаіці. З сям’і раба. У 1791 далучыўся да паўстання неграў-рабоў у г. Сан-Дамінга (франц. ч. в-ва Гаіці), неўзабаве ўзначаліў армію паўстанцаў. У 1793, з пачаткам вайны Францыі (валодала ч. в-ва Гаіці) з Вялікабрытаніяй і Іспаніяй, перайшоў на бок Іспаніі. Пасля скасавання франц. урадам рабства (1794) выступіў і супраць іспанцаў, нанёс ім шэраг паражэнняў, што прымусіла Іспанію адмовіцца ад сваёй ч. Гаіці на карысць Францыі. Франц. ўрад прызначыў Т.-Л. ген. (1795) і галоўнакамандуючым узбр. сіламі Сан-Дамінга (1797). У 1798 Т.-Л. выгнаў з Гаіці англічан, да 1800 усталяваў сваю ўладу над усім в-вам Гаіці. У ліп. 1801 абвешчаны правіцелем (консулам) Гаіці пры фармальным прызнанні франц. суверэнітэту. У 1802 аказаў супраціўленне франц. войскам, якія высадзіліся на Гаіці, трапіў у палон. Памёр у франц. турме.

Літ.:

Гонионский СА Гаитянская трагедия. М., 1974.

т. 16, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Фрэдэрык Уінслаў (20.3.1856, г. Філадэльфія, штат Пенсільванія, ЗША — 21.3.1915),

амерыканскі інжынер-вынаходнік, эканаміст; стваральнік адной з першых сістэм навук. арганізацыі працы (гл. Тэйларызм); заснавальнік навук. менеджменту і менеджэрызму. Прац. дзейнасць Т. пачынаў рабочым у мех. майстэрні ў Філадэльфіі, потым працаваў малодшым служачым, інжынерам, гал. інжынерам металургічнага з-да; з 1890 гал. менеджэр Прамысл. інвестыцыйнай кампаніі, інжынер-кансультант па менеджменце шматлікіх фірм і кампаній. Т. — аўтар каля 100 вынаходніцтваў, якія знайшлі шырокае выкарыстанне ў металургічнай і маш.-буд. прам-сці ЗША. З 1906 прэзідэнт Амер. т-ва інжынераў-механікаў. У 1911 арганізаваў Т-ва навук. менеджменту, якое пасля яго смерці стала наз. «Таварыства Тэйлар». Аўтар прац: «Здзельная сістэма» (1895), «Кіраванне вытворчасцю» (1903), «Майстэрства рэзання металу» (1906), «Прынцыпы навуковай арганізацыі вытворчасці» (1911) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Принципы научного менеджмента. М., 1991.

Літ.:

Кравченко А.И. Классики социологии менеджмента: Ф.​Тейлор, А.​Гастев. СПб., 1999. Менеджмент. М., 1992.

І.​В.​Катляроў.

т. 16, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСА́Я,

вёска ў Дуброўскім с/с Ушацкага р-на Віцебскай вобл. За 28 км на У ад г.п. Ушачы. 32 ж., 23 двары (2002).

Вядома з 16 ст. як маёмасць Савічаў і Есьманаў у Полацкім ваяв. ВКЛ. У 1552 ва У. 17 дымоў вольных сялян і 4 дымы, якія належалі царкве св. Спаса. З 1563 цэнтр Усайскай вол.

З 1662 уладанне вознага Левашкевіча. У 19 ст. вёска — цэнтр маёнтка ў Лепельскім пав. У 1808 пабудавана Пакроўская царква, у 1864 адкрыта нар. вучылішча, меўся хлебазапасны магазін, штогод адбываліся 2 кірмашы. У 1878 сяло — цэнтр воласці, уладанне памешчыцы Г.​Сомішчавай. У 1886—312 ж., 41 двор, валасное праўленне; у 1905—428 ж., 60 двароў. З 1924 цэнтр Усайскага с/с Ульскага раёна, у 1925—498 ж., 109 двароў. З 1931 ва Ушацкім р-не. З 1938 у Віцебскай вобл. У Вял. Айч. вайну ў 1943 ням. фашысты спалілі вёску і загубілі 46 ж. З 1954 у Дуброўскім с/с. Помнік ахвярам фашызму.

В.​В.​Віталёва.

т. 16, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДАШ Аляксандр Аляксандравіч (сапр. Шэпшэль Шэпшэлевіч; 1896, Мінск — ліп. 1951),

дзярж. і прафсаюзны дзеяч Беларусі. З сак. 1917 узначальваў прафсаюз дрэваапрацоўшчыкаў у Мінску. У час герм. акупацыі чл. Мінскага падп. райкома РКП(б). У 1918—20 чл. мінскіх губкома партыі і губ. ВРК, К-та абароны Мінска, камісар Асобнага рабочага палка, старшыня Мінскага губ. савета прафсаюзаў, в.а. нар. камісара працы Літ.-Бел. ССР. З 1921 старшыня Савета, з 1924 — Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. З 1925 на прафс. рабоце ў РСФСР. У 1931—37 кіраўнік сектара кадраў, нач. упраўлення навуч. устаноў Наркамата фінансаў СССР, з 1939 нам. упраўляючага справамі Наркамата (Мін-ва) земляробства СССР. З 1947 нач. адм.-гасп. аддзела Галоўводгаспадаркі Мін-ва сельскай гаспадаркі СССР. Чл. ЦВК БССР у 1920—25, чл. ЦБ КП(б)Б у 1921—24, ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1924—25. У лют.—маі 1924 чл. Часовага бел. Бюро ЦК РКП(б) і канд. у чл. яго Прэзідыума.

Э.​Р.​Іофе.

т. 17, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮБІНГЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА,

1) кірунак у нямецкай пратэстанцкай тэалогіі, які развіваўся ва ун-це г. Цюбінген. Першы перыяд у яе гісторыі (1777—97), звязаны з дзейнасцю К.​Г.​Штора, І.​Ф.​Флата і інш., быў накіраваны супраць рацыяналізму. У 1830 узнікла т.зв. новая Ц.ш. (Ф.​К.​Баўр, Э.​Цэлер, А.​Швеглер і інш.), асн. задача якой заключалася ў выкарыстанні метадаў гіст. навукі для даследавання гісторыі хрысціянства і яго помнікаў. Прадстаўнікі гэтага кірунку ўпершыню зрабілі дэталёвы аналіз асн. стараж. помнікаў хрысц. л-ры, у першую чаргу — Евангелляў, Новага запавету і інш.; яны імкнуліся вызваліць літ. крыніцы ранняга хрысціянства ад шматлікіх скажэнняў, выявілі некат. супярэчнасці паміж Евангеллямі і недакладнасць царк.-кананічнай храналогіі, удакладнілі гіст. даты Евангелляў.

2) Кірунак у нямецкай каталіцкай тэалогіі, які развіваўся ва ун-це г. Цюбінген. Яго прадстаўнікі (І.​А.​Мёлер. І.​Кун, К.​І.​Гефеле і інш.) распрацавалі ідэалогію старакаталіцкай царквы, якая ўтварылася пасля 1-га Ватыканскага сабора (1869—70) і не прызнавала вярх. улады папы рымскага над царквой.

І.​В.​Катмроў.

т. 17, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАКА́ЛЬСКІ Юлій Міхайлавіч (17.10.1856, С.-Пецярбург — 26.3.1940),

расійскі географ, акіянограф і картограф. Ганаровы чл. АН СССР (1939, чл.-кар. з 1923). Скончыў Марскую акадэмію (1880). Працаваў у Гал. гідраграфічным упраўленні і Гал. фіз. абсерваторыі. Праф. Ваенна-марской акадэміі (1910—30) і Ленінградскага ун-та (1925—40). З 1914 віцэ-старшыня Рус. геагр. т-ва, у 1917—31 прэзідэнт Геагр. т-ва СССР. Вывучаў пытанні метэаралогіі, гідралогіі і акіянаграфіі, асваення Паўн. марскога шляху. Даследаваў Ладажскае воз., рэкі Вычэгда і Таўда. У 1923—27 кіраваў акіянаграфічнай экспедыцыяй па комплексным вывучэнні Чорнага мора. Складальнік геагр. і спец. карт, рэдактар шэрагу атласаў. Яго імем названы в-аў у Карскім м., пралівы паміж а-вамі Паўн. Зямлі і ў Антарктыды каля Зямлі Аляксандра I, некалькі ледавікоў і інш.

Тв.:

Физическая океанография. Л., 1933;

Океанография. 2 изд. Л., 1959.

Літ.:

Андреева Е.В. Ю.​М.​Шокальский — океанограф, метеоролог, географ. 2 изд. Л., 1956;

Орлов Б.П. Ю.​М.​Шокальский, его жизнь и деятельность. М., 1956.

Ю.М.Шакальскі.

т. 17, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)