МОНЖ (Monge) Гаспар (10.5.1746, г. Бон, Францыя — 28.7.1818),

французскі матэматык, інжынер і грамадскі дзеяч, стваральнік нарысоўнай геаметрыі, адзін з заснавальнікаў Вышэйшай нармальнай і Політэхн. школ у Парыжы (1794). Чл. Парыжскай АН (1780). Навук. працы па геаметрыі, матэм. аналізе, хіміі, оптыцы, метэаралогіі і практычнай механіцы. Стварыў агульны метад перадачы відарысаў прасторавых фігур на плоскасці. У час Франц. рэвалюцыі ўдзельнічаў у камісіі па ўсталяванні сістэмы мер і вагі, займаў розныя пасады ва ўрадзе, загадваў парахавымі і гарматнымі з-дамі. У перыяд Рэстаўрацыі пазбаўлены ўсіх правоў, выгнаны з Політэхн. школы і АН.

Літ.:

Боголюбов А.Н. Гаспар Монж, 1746—1818. М., 1976;

Демьянов В.П. Геометрия и Марсельеза. 2 изд. М., 1986.

Г.​Монж.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Дзмітрый Аляксеевіч (н. 16.7.1929, Масква),

ваенны дзеяч. Ген.-лейт. авіяцыі (1980). Засл. ваен. лётчык СССР (1970). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі. Скончыў Барысаглебскае ваен. вучылішча лётчыкаў-знішчальнікаў (1953), Ваен. камандную акадэмію проціпаветранай абароны імя Г.​К.​Жукава (1973). З 1970 на камандных пасадах у войсках ППА у Казахстане, Узбекістане, з 1973 — у Беларусі. З 1980 нам. камандуючага ППА БВА. У 1984—89 на ваенна-дыпламат. рабоце. З 1989 у запасе. У 1990—93 інжынер на ВА «Гарызонт», гал. спецыяліст к-та пры СМ Рэспублікі Беларусь па сац. абароне ваеннаслужачых, воінаў-інтэрнацыяналістаў і членаў іх сем’яў. З 1994 старшыня К-та ветэранаў Узбр. Сіл праваахоўных органаў.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́НКІН, Рэнкін (Rankine) Уільям Джон Макуарн (5.7.1820, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 24.12.1872), шатландскі інжынер і фізік, адзін са стваральнікаў тэхн. тэрмадынамікі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1853). Скончыў Эдынбургскі ун-т (1838). Працаваў на буд-ве партоў і чыгунак. З 1855 праф. ун-та ў Глазга. Навук. працы па тэрмадынаміцы, малекулярнай фізіцы, тэорыі пругкасці і ваганняў. Разам з Р.Ю.Э.Клаўзіусам распрацаваў ідэальны тэрмадынамічны цыкл паравога рухавіка (гл. Ранкіна цыкл). Заклаў асновы тэорыі цеплавых машын, што працуюць ад нагрэтага паветра, вывеў формулу ккдз паравой машыны, прапанаваў адну з тэмпературных шкал (гл. Градус Ранкіна).

Літ.:

Радциг А.А. История теплотехники. М.; Л., 1936;

Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ВЯКА Міхаіл Міхайлавіч (н. 7.9.1935, Мінск),

бел. вучоны ў галіне палімерных матэрыялаў. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПІ (1958). З 1958 на Мінскім з-дзе «Тэрмапласт» (з 1961 гал. інжынер). З 1963 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па даследаванні ўплыву структуры і саставу палімераў на іх тэхнал. і фіз.-мех. характарыстыкі, распрацоўцы метадаў мадыфікацыі палімераў і атрымання кампазіцыйных матэрыялаў на іх аснове.

Тв.:

Тэарэтычныя асновы перапрацоўкі палімераў. Ч. 1—2. Мн., 1992—94 (разам з М.​Р.​Пракапчуком);

Создание композиционных материалов на основе термопластов методами физико-химической модификации. Мн., 1999 (у сааўт.);

Разлік і канструяванне пластмасавых вырабаў і форм. Ч. 1—3. Мн., 1999—2001 (разам з В.​М.​Каспяровіч).

т. 13, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭЗІ́НІ (Trezzini) Даменіка Андрэа (каля 1670, Астана, каля г. Лугана, Швейцарыя — 2.3.1734),

архітэктар і інжынер. З 1703 працаваў у С.-Пецярбургу. Паводле яго праектаў закладзены г. Кранштат і Аляксандра-Неўская лаўра, выканана ч. рэгулярнай планіроўкі Васільеўскага в-ва, пабудаваны Летні палац Пятра I у Летнім садзе (1710—14), Пятроўскія вароты і Петрапаўлаўскі сабор Петрапаўлаўскай крэпасці, будынак 12 калегій (1722—34; цяпер ун-т). Паводле указа Пятра I склаў «узорныя» (тыпавыя) праекты жылых дамоў для розных сац. слаёў насельніцтва. Пабудовы Т. адметныя выразнасцю планаў, сціплым дэкар. убраннем, спалучэннем буйных ордэрных элементаў з дэталямі архітэктуры барока.

Літ.:

Лисаевич И. Первый архитектор Петербурга. Л., 1971.

Д.Трэзіні. Петрапаўлаўскі сабор у Санкт-Пецярбургу.

т. 16, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЯЖА́ЛЬ Мікалай Антонавіч (27.10.1899, с. Амельнік Запарожскай вобл., Украіна),

расійскі вучоны-энергетык. Акад. АН СССР (1962, чл.-кар. 1953). Двойчы Герой Сац. Працы (1949, 1984). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1923). З 1935 гал. інжынер з-даў «Бальшавік» (Кіеў), «Уралхіммаш», з 1942 дырэктар НДІ хім. машынабудавання (Масква), з 1953 гал. канструктар-дырэктар Ін-та энергатэхнікі, саветнік. Гал. канструктар рэактара першай у свеце атамнай электрастанцыі (г. Обнінск, Расія). Навук. працы па інж. і навук. праблемах цеплаэнергетыкі, выкарыстання ядз. энергіі ў энергетыцы. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1949, 1952, 1953, 1970, 1976.

Тв.:

Основы проектирования паросиловых установок. М.; Л., 1933;

Канальный ядерный энергетический реактор. М., 1980 (разам з І.​Я.​Емяльянавым);

У истоков рукотворного мира: Зап. конструктора. М., 1989.

М.А.Даляжаль.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКІ Юзаф Андрэевіч (1.9.1835, Вільня — 15.11.1907),

удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Мікалаеўскую ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1863). У 1860—63 служыў у Брэсцкай крэпасці, інжынер-капітан. З чэрв. 1863 на чале ваен. секцыі Выканаўчага аддзела Літвы, найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага, хоць не падзяляў яго радыкальных поглядаў. У 1864 арыштаваны, да 1873 на катарзе і пасяленні ў Іркуцкай губ. і Пермі. Удзельнічаў у даследаваннях Сібіры. Пасля вяртання з Сібіры (1873) быў выхавальнікам сына кн. У.​Чартарыйскага — Аўгуста. З 1877 у Аўстра-Венгрыі, манах-кармеліт, прыёр кляштара ў в. Чэрна (каля Кракава), генеральны вікарый кармелітаў босых у Галіцыі. Аўтар гіст. і рэлігійна-філас. твораў, кн. «Успаміны, 1835—1877» (надр. 1965). 17.11.1991 кананізаваны.

Г.​В.​Кісялёў, В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУКАВІ́ШНІКАЎ Мікалай Мікалаевіч (н. 18.9.1932, г. Томск, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1971, 1974). Герой Манголіі (1972). Герой Балгарыі (1979). Лётчык-касманаўт СССР (1971). Канд. тэхн. н. (1980). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (1957). У 1967—80 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. У 1981—98 старшыня Федэрацыі касманаўтыкі СССР (Расіі). 23—25.4.1971 з У.​А.​Шаталавым і А.​С.​Елісеевым здзейсніў (як інжынер-выпрабавальнік) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-10» (стыкоўка з арбітальнай станцыяй «Салют»), 2—8.12.1974 з А.​В.​Філіпчанкам — палёт на КК «Саюз-16» (як бортінжынер), 10—12.4.1979 з Г.​Іванавым (Балгарыя) — палёт на КК «Саюз-33» (як камандзір). У космасе правёў 9,9 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 13, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСАЧО́Ў Юрый Уладзіміравіч (н. 9.10.1957, г. Данецк Растоўскай вобл., Расія),

расійскі касманаўт. Герой Рас. Федэрацыі (1994). Лётчык-касманаўт Рас. Федэрацыі (1994). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1985). З 1985 у ракетна-касм. карпарацыі «Энергія» імя С.​П.​Каралёва. Адначасова з 1989 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК) і арбітальных станцый (АС): 8.1—9.7.1994 — на КК «Саюз ТМ-18» і АС «Мір» і 21.2—2.9.1996 — на КК «Саюз ТМ-23» і АС «Мір» (як борт-інжынер), 19—29.5.2000 — на КК «Атлантыс» (ЗША; як спецыяліст па праграме зборкі Міжнар. касм. станцыі), 8.3—22.8.2001 — на КК «Дыскаверы» і Міжнар. касм. станцыі (як камандзір 2-й асн. экспедыцыі). У космасе правёў 552,93 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́КАЎ Яўген Уладзіміравіч (1.2.1869, в. Шамраеўка Сквірскага р-на Кіеўскай вобл. — 1.9.1938),

украінскі гідролаг, гідрагеолаг; адзін з заснавальнікаў гідралогіі. Акад. АН Украіны (1929). Правадз. чл. УАСГНІЛ (1935). Праф. (1917). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1892). У канцы 19 — пач. 20 ст. працаваў на Беларусі ў складзе Заходняй экспедыцыі па асушэнні балотаў Палесся. З 1913 узначаліў работы па вывучэнні балотаў Палесся, інжынер-гідратэхнік Мінскай губ. Займаўся гідрагеал. вышуканнямі для водазабеспячэння Мінска. Выказаў меркаванне пра сувязь геал. структур Пд Беларусі з Дняпроўскай упадзінай на Украіне і інш. З 1926 дырэктар НДІ воднай гаспадаркі Украіны.

Тв.:

Режим речного стока в бассейне Верхнего Дпепра [до г. Киева]... Ч. 1—2. Спб., 1904—13;

Режим грунтовых вод в районе Полесья. Спб., 1914;

Праблема Вялікага Дняпра і асушэнне Палесся. Мн., 1935.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)