ПРЭ́МЧАНД (сапр. Дханпатрай Шрывастаў; 31.7.1880, Ламхі, каля г. Варанасі, Індыя — 8.10.1936),

індыйскі пісьменнік. Скончыў Алахабадскі каледж (1904). Пісаў на мовах урду і хіндзі. Творчасць П. развівалася пад уздзеяннем інд. нац.-вызв. руху. Аўтар рэаліст. раманаў «Прытулак» (1918), «Прыстанак кахання» (1922), «Арэна» (1925), «Поле бітвы» (1932), «Ахвярная карова» (1936) і інш. Апавяданні (зб-кі «Сем лотасаў», 1914, «Ратны шлях», 1932, «Саван», 1937) і публіцыстыка адзначаны антыкалан. і антыфеад. накіраванасцю.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Дрэва вады. Мн., 1959;

Рус. пер. — Избранное. М., 1989;

Рассказы. Нирмала. М., 1958;

Ратный путь: Рассказы. М., 1969.

Літ.:

Рахбар Х. Жизнь и творчество Премчанда: Пер. с хинди. М., 1963;

Балин В. Премчанд-новеллист. Л., 1973;

Премчанд: Биобиблиогр. указ. М., 1962.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЕ́ЛЬ ((Roussel) Альбер Шарль Поль Мары) (5.4.1869, г. Туркуэн, Францыя — 23.8.1937),

французскі кампазітар, педагог. Скончыў «Схола канторум» (1898, у 1902—14 выкладаў у ёй, з 1913 праф.), вучыўся ў В. д’Эндзі. Раннія творы вытрыманы ў імпрэсіяністычных традыцыях, пазней адзін з буйн. прадстаўнікоў неакласіцызму ў франц. музыцы. Значнае месца ў яго творах заняла ант. тэматыка. Адным з першых выкарыстаў у еўрап. музыцы кіт., інд. і інш. лады. Сярод твораў: оперы, у т. л. опера-казка «Нараджэнне ліры» (1924), опера-балет «Падмаваці» (паст. 1923); балеты, у т. л. «Баляванне павука» (1913), «Вакх і Арыядна» (1930); сімфоніі, камерна-інстр. творы і інш. З 1935 прэзідэнт Нар. муз. федэрацыі. Сярод вучняў Э.Саці, Б.Марціну і інш.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПФІ́Р (грэч. sappheiros ад стараж.-яўр. — сапір, магчыма, ад стараж.-інд. sanipriya літар. — любімы Сатурнам),

мінерал, празрыстая разнавіднасць карунду любога колеру, акрамя чырвонага (гл. Рубін). Сінганія трыганальная. Крышталі выцягнутыя бочкападобныя або дыпірамідальныя. Колер пераважна сіні, а таксама фіялетавы, жоўты, аранжавы (падпараджа), зялёны, ружовы або бясколерны (лейкасапфір). Утвараецца як магматычны мінерал у выглядзе парфіравых украпанікаў у базальтах, лампрафірах, шчолачных пегматытах і пры гідратэрмальна-метасаматычных працэсах. Прамысл. радовішчы — элювіяльныя, элювіяльна-дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы. Прыродны сіні С. — каштоўны камень 1-га парадку, астатнія колерныя разнавіднасці — 2-га парадку. Сінтэзуецца ў прамысл. маштабах. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе, лейкасапфіры — у эл.-тэхн. прам-сці. Радовішчы ў Індыі, Бірме, Танзаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.

Сапфір.

т. 14, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ТЛЕДЖ, Сатладж (у ніжнім цячэнні наз. Панджнад),

рака ў Пакістане, Індыі і Кітаі, самы буйны (левы) прыток р. Інд. Даўж. 1450 км, пл. басейна 395 тыс. км². Вытокі на Тыбецкім нагор’і, на схілах хр. Кайлас. У вярхоўях цячэ па шырокай даліне ўздоўж паўн. падножжа Гімалаяў, перасякае іх у вузкай цясніне, потым выходзіць на раўніну Пенджаба і цячэ па ёй да вусця. Асн. прытокі: Біяс і Чынаб (справа). Сярэдні расход вады каля г. Рупар каля 500 м³/с, макс. летам (каля 20 тыс. м³/с). Гідратэхн. комплекс Бхакра-Нангал (Індыя). У межах Пенджаба ад С. адыходзяць буйныя арашальныя каналы. Суднаходная ў разводдзе на асобных участках. На С. — гарады Нангал, Лудхіяна (Індыя), Бахавалпур (Пакістан).

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНО́ВЫЯ ЧАРАПА́ХІ, гіганцкія чарапахі,

найбольш буйныя віды паўзуноў сям. наземных чарапах. 2 віды: уласна С.ч. (Testudo, або Geochelone, elephantopus) з 11 падвідамі, і гіганцкая С.ч. (T., або G., gigantea). Уласна С.ч. жыве на а-вах арх. Галапагас. Гіганцкая С.ч. захавалася на атоле Альдабра ў Інд. ак. Некат. падвіды вынішчаліся з 17 ст. з-за каштоўнага мяса, тлушчу, яек. Віды і падвіды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. панцыра да 1,5 м, выш. да 0,6 м, маса ад 100 да 400 кг. Маюць буйныя слупападобныя ногі і доўгую шыю. Адкладваюць да 22 яец масай да 140 г кожнае. Інкубацыйны перыяд 6—7 мес. Расліннаедныя. Жывуць да 100—150 гадоў.

т. 14, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГІСТО́РЫЯ ПРА ВАРЛАА́МА І ІАСА́ФА»,

помнік перакладной бел. л-ры 17 ст. Арыгінал узнік у Індыі на аснове нар. паданняў пра Буду. Праз перс. і араб. пасрэдніцтва стаў вядомы грэкам, у 11 ст. — усх. славянам. У аповесці апісваецца жыццё інд. царэвіча Іасафа, які пад уплывам хрысц. прапаведніка Варлаама прыняў новую веру, далучыў да хрысціянства свайго бацьку і народ, а потым пакінуў свецкае жыццё і зрабіўся пустэльнікам. Твор прасякнуты царк.-аскетычнай тэндэнцыяй, ідэяй аб усепераможнай сіле хрысц. веравучэння. Бел. пераклад надрук. ў 1637 у Куцеінскай друкарні (у Оршы) і стаў непасрэднай крыніцай рус. перакладу, апубл. ў 1681 у Маскве. Прытчы з аповесці выкарыстоўваліся пісьменнікамі, праніклі ў фальклор. У 18 ст. на Беларусі ўзніклі фалькл. перапрацоўкі твора («Алісахвій-царэвіч» і інш.).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 5, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КА-БАКТРЫ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава на тэр. Сярэдняй Азіі, Афганістана, Пакістана і паўн.-зах. Індыі ў 3—2 ст. да н.э. Засн. намеснікам (эпархам) Бактрыі Дыядотам каля 250 да н.э. ў выніку адасаблення сярэднеазіяцкіх тэр. ад дзяржавы Селеўкідаў. Уключала Бактрыю, Согд, Маргіяну і інш. Каля 180 да н.э. пачало экспансію на п-аў Індастан, заваявала яго паўн.-зах. ч. (тэр. сучаснага Пакістана). У выніку ўнутр. міжусобіц, наступлення качэўнікаў каля 175 да н.э. распалася на Грэка-Бактрыйскае царства і Грэка-Індыйскае царства. Грэка-Бактрыйскае царства захапілі масагеты, і паміж 140—130 да н.э. яно перастала існаваць. На яго месцы ўзнікла Кушанскае царства. Археал. даследаванні сведчаць пра высокую культуру Грэка-Бактрыйскага царства, якая склалася ў выніку ўзаемаабагачэння мясц., усх. эліністычных, інд. і іранскіх элементаў.

т. 5, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХЕ́НДЖА-ДА́РА (на мове сіндхі — узгорак мёртвых),

руіны адной з дзвюх сталіц цывілізацыі даліны Інда, за 643 км на ПдЗ ад Харапы (Індыя). Горад існаваў у 2300—1750 да н.э. (пл. каля 260 га), уяўляў сабою сетку кварталаў, падзеленых шырокімі вуліцамі з развітай дрэнажнай сістэмай і забудаваных дамамі з абпаленай цэглы. Выяўлены рэшткі цагляных умацаванняў, у т. л. цытадэль выш. каля 11 м, у якой знаходзіліся зала сходаў, «навучальная ўстанова», вял. грамадская лазня і сховішча, на вяршыні размяшчаўся храм. Некалькі разоў горад спусташаўся паводкамі. Каля 1750 да н.э. знішчаны ў выніку катастрофы. Помнік адкрыты ў 1922 інд. археолагам Р.​Банерджы, даследавалі Дж.​Маршал, Э.​Макей, М.​Уілер і Дж.​Дэйлс. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 10, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й УСХО́ДУ ў Маскве.

Засн. ў 1918 на аснове прыватных калекцый, у т. л. П.​І.​Шчукіна, К.​Ф.​Някрасава і інш. Да 1925 наз. «Ars Asiatica» («Мастацтва Азіі»), да 1962 — Музей усх. культур, да 1992 — Музей мастацтва народаў Усходу. Калекцыі ўключаюць стараж., сярэдневяковае і сучаснае мастацтва Сярэдняй Азіі, Каўказа і Закаўказзя, краін Д. Усходу і Паўд.-Усх. Азіі, Ірана, Індыі, Турцыі, араб. краін, народаў трапічнай Афрыкі; творы ўсх. дэкар.-прыкладнога мастацтва, кіт. жывапісу 11—20 ст., інд. і іранскай мініяцюры 16—17 ст., яп. гравюры 18—19 ст. і інш. Размешчаны часткова ў б. гар. сядзібе Луніных (1823, арх. Д.​Жылярдзі). Як НДІ праводзіць вял. навук. работу, арганізуе археал. і этнагр. экспедыцыі, канферэнцыі, выдае каталогі, зборнікі дакладаў і навук. паведамленняў.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДХАКРЫ́ШНАН (Сарвапалі) (5.9.1888, Тырутані, Індыя — 17.4.1975),

індыйскі філосаф, дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Мадраскі ун-т. З 1918 выкладаў у Майсурскім і Калькуцкім ун-тах, з 1931 віцэ-канцлер ун-таў Андхра і Бенарэскага, у 1953—62 канцлер Дэлійскага ун-та. У 1936—52 чытаў лекцыі ў Оксфардскім ун-це. Удзельнік нац.-вызв. руху Індыі. Прыхільнік вучэння М.​К.​Гандзі. З 1949 пасол Індыі ў СССР. З 1952 віцэ-прэзідэнт, у 1962—67 прэзідэнт Рэспублікі Індыя. Аўтар прац па філасофіі, нар. адукацыі, л-ры і палітыцы. Паводле філас. поглядаў схіляўся да аб’ектыўнага ідэалізму. Распрацаваў сістэму адзінай універсальнай «вечнай рэлігіі», заснаванай на стараж.-інд. рэліг.-філас. традыцыях.

Тв.:

Рус. пер. — Индийская философия. Т. 1—2. М. 1956—57.

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)