КАРЫ́НФСКІ (Апалон Апалонавіч) (10.9.1868, г. Ульянаўск, Расія — 12.1.1937),
рускі паэт, перакладчык. Рэдагаваў час. «Север», супрацоўнічаў у «Правительственном вестнике» (1895—1904). Друкаваўся з 1886. Аўтар гіст. балад, лірычных і пейзажных вершаў. Апяваў прыроду, «чыстую прыгажосць»; «Гімн прыгажосці» (1899), «Народная Русь» (1901), «Славянскія бывальшчыны» (1914) і інш.Яго паэзія вызначаецца сузіральнасцю, рацыяналістычнасцю, асобныя вершы — яркай вобразнасцю і вял. эмацыянальнасцю. Пасля 1917 амаль не пісаў. Пераклаў асобныя творы П.Беранжэ, С.Т.Колрыджа, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага. Быў знаёмы з Я.Купалам, пераклаў на рус. мову 16 яго вершаў, напісаў біягр. даведку пра яго (час. «Педагогический листок», 1914, № 1). Беларусі прысвяціў верш «Літоўскімі палямі».
Літ.:
Малютина А. Янка Купала и Аполлон Коринфский // Неман. 1961. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТАРХІ́ЗМ (ад крыпта... + грэч. orchis яечка),
затрымка (рэтэнцыя) яечка ў працэсе апускання яго з брушной поласці ў машонку ва ўнутрывантробным перыядзе. Праяўляецца адсутнасцю ў машонцы аднаго ці абодвух яечак. Бывае сапраўдны і несапраўдны. Пры сапраўдным К. яечка знаходзіцца ў брушной поласці (абдамінальная форма), пахвінным канале (пахвінная, або інгвінальная, форма) ці за яго межамі каля вонкавага пахвіннага кольца (высокая машоначная форма); асн. прычына — парушэнне ўнутрывантробнага развіцця плода. Найчасцей бывае несапраўдны К. (псеўдарэтэнцыя, яечка мігрыруе) — нармальна апушчанае яечка доўга ці перыядычна знаходзіцца па-за машонкай пад уплывам скарачэння мышцы, што паднімае яго. Лячэнне К. кансерватыўнае (у эндакрынолага) і хірургічнае, пры заганах развіцця (гіпаплазіі) яечак, адсутнасці другасных палавых прыкмет — пажыццёвая гармонатэрапія пасля 15—16 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖЫЦЦЁВАЕ ЎТРЫМА́ННЕ,
у цывільным праве дагавор адчужэння жылога дома (кватэры) з умовай пажыццёвага ўтрымання яго ўладальніка. Паводле гэтага дагавора адзін бок (набытчык) абавязваецца прадаставіць другому боку, які з’яўляецца непрацаздольным па ўзросце або па стане здароўя (адчужальнік), пажыццёвае матэрыяльнае забеспячэнне ў натуры (у выглядзе жылля, харчавання, догляду і неабходнай дапамогі), а адчужальнік — перадаць ва ўласнасць набытчыка жылы дом (кватэру). Дагавор складаецца ў адпаведнасці з правіламі, выкладзенымі ў Цывільным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Дагавор можа быць скасаваны па патрабаванні адчужальніка ў выпадку невыканання набытчыкам прынятых на сябе абавязацельстваў ці па патрабаванні набытчыка, калі яго матэрыяльнае становішча пагоршылася па незалежных ад яго абставінах і ён не можа прадаставіць адчужальніку абумоўленае ўтрыманне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАВО́Р СУДА́,
рашэнне, якое выносіцца судом па пытанні вінаватасці або невінаватасці абвінавачанага і аб прымяненні да яго пакарання. На Беларусі суды пастанаўляюць П.с. імем Рэспублікі Беларусь. П.с. павінен быць законны, матываваны, справядлівы і абгрунтаваны доказамі, што былі разгледжаны ў суд. пасяджэнні. Выносіцца судом у дарадчым пакоі пры захаванні тайны нарады суддзяў. П.с. можа быць абвінаваўчым або апраўдальным (калі не ўстаноўлена падзея злачынства або ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаюць прыкметы злачынства ці не даказаны яго ўдзел ва ўчыненні злачынства). П.с. складаецца з уводнай, апісальнай і рэзалютыўнай частак. П.с. піша адзін з суддзяў, якія прымалі ўдзел у яго пастанаўленні, падпісваецца ўсімі суддзямі. Суддзя, які застаўся пры асобнай думцы, таксама падпісвае П.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ЎСКІ (Аляксандр) (1915, г. Віцебск — 12.11.1955),
бел. і аўстрал. мастак. Скончыў школу-дзесяцігодку (1932) і Віцебскі маст. тэхнікум (1938). Працаваў мастаком у т-ры і рэдакцыях газет. У 1940 прызваны ў Чырв. Армію, з 1941 быў у ням. палоне. Пасля 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у Аўстралію. Найб. плённа працаваў у жанрах паліт. карыкатуры, скетча, плаката. Яго малюнкі друкаваліся ў бел. і рас. эмігранцкай перыёдыцы. Яго творы экспанаваліся на маст. выстаўках у Аўстраліі. У 1955 у г. Сідней выдадзены альбом яго скетчаў. Быў чл.Аўстрал.маст.т-ва і Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, якому завяшчаў некалькі сваіх малюнкаў. Трагічна загінуў.
рускі пісьменнік. Майстар кароткіх апавяданняў, якія публікаваў з 1916. Яго творам уласцівы лаканізм, спалучэнне ў вобразах, сюжэтных калізіях і апісаннях тэмпераменту са знешняй бясстраснасцю. Вострапсіхалагічныя навелы пра грамадз. вайну (зб-кі «Конармія», 1926; «Адэскія апавяданні», 1931) падкрэсліваюць самабытнасць яго творчай манеры. Аўтар п’ес «Захад» (1928), «Марыя» (1935), кінасцэнарыяў (фільм «Блукаючыя зоркі», 1926), нарысаў. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІСЕКТРЫ́СА (ад бі... + лац. seco рассякаю) вугла, прамая, што праходзіць праз вяршыню вугла і дзеліць яго папалам. Усе пункты бісектрысы роўнааддаленыя ад бакоў вугла. Бісектрыса трохвугольніка — адрэзак бісектрысы аднаго з вуглоў гэтага трохвугольніка паміж яго вяршыняй і процілеглай стараной, якую ён дзеліць на адрэзкі, прапарцыянальныя бакавым старанам. Бісектрысы ўсіх вуглоў трохвугольніка перасякаюцца ў адным пункце — цэнтры ўпісанай акружнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВЯШЧЭ́ННЕ ПАМЕ́РЛЫМ,
паводле бел. права прызнанне па рашэнні суда грамадзяніна памерлым пры адсутнасці ў месцы яго пастаяннага жыхарства звестак пра яго месцазнаходжанне на працягу 3 гадоў, а калі ёсць падставы меркаваць, што ён прапаў без вестак пры абставінах, калі яму пагражала смерць, — на працягу 6 месяцаў. У выпадку яўкі або выяўлення месцазнаходжання такога грамадзяніна рашэнне аб абвяшчэнні памерлым адмяняецца судом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАПТО́З (ад гастра... + птоз),
апушчэнне страўніка ніжэй за нармальнае яго месцазнаходжанне. Адрозніваюць гастраптоз канстытуцыянальны (ад нараджэння, або прыроджаны) і набыты. Прычынай канстытуцыянальнага бывае слабае развіццё падтрымліваючага звязачнага і мышачнага апарата страўніка, набытага — яго аслабленне ці расцяжэнне пры працяглых цяжкіх фіз. нагрузках, рэзкім схудненні арганізма, паўторных цяжарнасцях. Выяўляецца непастаянным адчуваннем цяжару пад лыжачкай у верт. становішчы, уздуццямі жывата, адрыжкамі. Зрэдку ўзнікае неабходнасць хірург. лячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМЕНЕ́Й,
у грэчаскай і рымскай міфалогіі бог шлюбу, сын Дыяніса і Афрадыты (ці Апалона і адной з муз). Яго ўяўлялі прыгожым юнаком з гірляндамі кветак і факелам у руцэ. Гіменей — спявак і музыкант, раптоўна памёр (ці страціў голас) на вяселлі Дыяніса. Каб увекавечыць Гіменея, яго імя абвяшчалі на вяселлях, а ўрачыстую песню ў гонар маладых наз. гіменей. У пераносным сэнсе вузы Гіменея — шлюб.