ДУНАЕ́ЎСКІ Ісак Восіпавіч (30.1.1900, г. Лохвіца, Украіна — 25.7.1955),
рас. кампазітар. Нар.арт. Расіі (1950). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1919). Кіраўнік муз. часткі Маскоўскага т-ра сатыры (з 1924), муз. кіраўнік і гал. дырыжор Ленінградскага мюзік-хола (1929—34). Старшыня Ленінградскага аддзялення Саюза кампазітараў (1937—41). Адзін са стваральнікаў і буйнейшы майстар масавай песні. Меладычны дар і высокі прафесіяналізм абумовілі папулярнасць яго песень 1930—50-х г. («Песня аб Радзіме», «Мая Масква», «Марш вясёлых рабят», «Марш энтузіястаў», «Школьны вальс», «Ляціце, галубы»), Зрабіў вял. ўклад у развіццё жанру аперэты, найб. вядомыя «Залатая даліна» (1937), «Вольны вецер» (1947, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі ў 1971), «Белая акацыя» (1955).
Адзін з пачынальнікаў жанру муз. кінакамедыі, аўтар музыкі да кінафільмаў «Вясёлыя рабяты» (1934), «Варатар», «Цырк», «Дзеці капітана Гранта» (усе 1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940), «Вясна» (1947), «Кубанскія казакі» (1949), а таксама бел. «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Залатыя агні» (1935), «Шукальнікі шчасця» і «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» (1936), «Канцэрт Бетховена» (1937), «Маё каханне» (1940), дакумент. «10 год Белдзяржкіно» (1936). Быў дырыжорам і гукамантажорам бел. фільмаў, у т. л. «Паручнік Кіжэ» з муз. С.Пракоф’ева. У сваю музыку ўключаў інтанацыі бел.нар. песень, гучанне жалейкі, стварыў апрацоўку бел.нар. песні «Бульба». Дзярж. прэмія СССР 1941, 1951.
Літ.:
Пэн А. И.Дунаевский. М., 1956;
И.О.Дунаевский: Выступления, статьи, письма. Воспоминания. М., 1961;
Чернов А. И.О.Дунаевский. М., 1961;
Бондарева Е.П. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980. С. 47, 56—66;
Арканов Б. Дунаевский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1447, Казіміраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2.5.1447. Адзін з асн.дзярж. актаў, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у паліт., сац. і эканам. жыцці дзяржавы. Складаецца з 14 артыкулаў. Пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, гарантаваў, што за правіннасць павінен адказваць толькі сам вінаваты, а не яго жонка, бацька, слуга або інш. баярын. Баярам дазволены выезд за межы дзяржавы «для лепшага набыцця шчасця або ўчынкаў рыцарскіх», але не ў «непрыяцельскую краіну». Пацверджаны прывілеі баярам на маёнткі, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі, права на продаж і абмен маёнткаў. П. гарантаваў баярам, што іх маёнткі не будуць канфіскаваны, а пасля смерці баярына яго сыны і дочкі «ад сваёй вотчыны не маюць аддалены быць». У П. зафіксаваны дагавор вял. князя з феадаламі, што ён, як і яны, не будзе прымаць у свае маёнткі збеглых сялян, а вяртаць уцекачоў назад да свайго пана. Адным з гал. палажэнняў П. была перадача вял. князем свайго права судзіць сялян і інш. падданых самім баярам (права судовага імунітэту). З гэтага часу феадал станавіўся адзіным суддзёю сваіх падданых, што вяло да яшчэ большай іх залежнасці і ўрэшце дало магчымасць іх запрыгоніць. П. гарантаваў баярам, што землі і дзярж. пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Такім чынам, П. забараняў пранікненне польскай шляхты ў ВКЛ. Вял. князь таксама ўрачыста абяцаў бараніць незалежнасць дзяржавы і яе тэр. цэласнасць. Напісаны на лац. мове. Меў вял. значэнне ў далейшым юрыд. афармленні правоў феадалаў, некаторыя яго нормы ўвайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УТО́РАЎ (Втораў) Барыс Пятровіч
(н. 29.3.193 2, Масква),
расійскі і бел. рэжысёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна ў Маскве (1955) і Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). З 1965 рэжысёр-пастаноўшчык Саратаўскага, рэжысёр Пензенскага, гал. рэжысёр Чэлябінскага і Архангельскага драм. т-раў. У 1977—81 і з 1984 рэжысёр-пастаноўшчык Бел.дзярж.муз.т-ра (з 2001 в.а. гал. рэжысёра), у 1981—84 — Бел.т-ра імя Я.Купалы. Адначасова з 1977 выкладае ў Бел.АМ. У 2000—02 рэжысёр опернай студыі пры Бел. акадэміі музыкі. Сярод спектакляў (каля 80) на бел. сцэне: «Доля-індычка» А.Сафронава (1963), «У дзень вяселля» В.Розава (1965) у Дзярж.рус.драм. т-ры; «Несцерка» (1979) і «Судны час» (1984) Р.Суруса, «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані (1985), «Вольны вецер» І.Дунаеўскага (1986), «Пэпі» У.Дашкевіча (1987), «Джулія» (1991) і «Шклянка вады» (1994) У.Кандрусевіча, «Дарагая Памэла» М.Самойлава (1998) у Дзярж. т-ры муз. камедыі; «Ажаніцца — не журыцца» М.Чарота і бр. Далецкіх (1979), «Успаміны» А.Арбузава (1982), «Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі (1983) у Бел. т-ры імя Я.Купалы; «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» С.Маршака (1961), «Цыліндр» Э.Дэ Філіпа (1991) у Бел. т-ры імя Я.Коласа; «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча у Магілёўскім (1978) і Гродзенскім (1987) абл.драм. т-рах; «Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага (1984), «Хто баіцца Рэя Брэдберы» У.Максімава (1991) у Т-ры-студыі кінаакцёра; «Трубадур» Дж.Вердзі (2001) у Нац. т-ры оперы Беларусі. Лаўрэат 1-га Нац. фестывалю «Музыка і тэатр» (1996, Мінск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НЕ́КА Луцый Аней (Lucius Annaeus Seneca; каля 4 да н.э., г. Кордава, Іспанія — 65 н.э.),
старажытнарымскі філосаф, пісьменнік і дзярж. дзеяч. У 49—54 выхоўваў Нерона, пасля ўзыходу якога на прастол у 54 аказваў уплыў на праўленне імперыяй. Абвінавачаны Неронам у змове супраць імператара і па яго загадзе скончыў жыццё самагубствам. Філасофія С. эклектычная: заснавана на сінтэзе стаіцызму і вучэнняў Эпікура, кінікаў і інш. У асн.філас. працах «Маральныя лісты да Луцылія», «Аб дабрадзействах», «Аб міласэрнасці» прапанаваў праграму маральнага самаўдасканалення асобы, дасягнення стану незалежнасці ад знешніх абставін. Лічыў, што для дасягнення асабістага шчасця неабходна валодаць маральнай мудрасцю і такімі якасцямі, як пагарда да смерці і ўстрыманне. Прызнаваў наяўнасць дабратворнай божай волі і лічыў пакуты чалавека пры жыцці выпрабаваннямі Бога. Адстойваў ідэю роўнасці ўсіх людзей, у т. л. і рабоў. Верыў у бязмежны прагрэс чалавечых ведаў. У аснове натурфілас. поглядаў С. вучэнні стоікаў пра цялеснасць усяго існага і сусв. пажар як пакаранне за зямное зло. Яго светапогляд адлюстраваны ў 9 трагедыях («Медэя», «Эдып», «Фіест», «Федра», «Геркулес Вар’яцкі», «Агамемнан», «Траянкі», «Фінікіянкі», «Геркулес Этэйскі») на міфалагічныя сюжэты, дзе праводзіў думкі аб згубнасці моцных пачуццяў, вар’яцкім свавольстве дэспатыі, смерці як сродку выратавання ад зямнога зла. Трагедыі С. паўплывалі на далейшае развіццё драматургіі (У.Шэкспір, франц. класіцызм). На Беларусі ідэі С. развівалі Ф.Скарына, М.Гусоўскі, С.Будны, Сімяон Полацкі і інш. Сугучныя С. ідэі выказвалі Г.Каніскі, які прызнаваў магчымасць дасягнення шчаслівага жыцця на зямлі, М.К.Сарбеўскі, С.Лаўксмін, Т.Брылевіч, якія гал. задачу філасофіі бачылі ў фарміраванні высокамаральнай асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУР’Е́ (Fourier) Франсуа Мары Шарль (7.4.1772, г. Безансон, Францыя — 10.10.1837),
французскі мысліцель, прадстаўнік утапічнага сацыялізму. Яго філас. погляды развіваліся пад уплывам франц. матэрыялізму (найперш П.А.Гольбаха і К.А.Гельвецыя). Развіваў тэорыю сусв. адзінства, заснаваную на прызнанні існавання ўсеагульнай заканамернасці, адзінства руху матэрыяльнага і духоўнага свету. Адмаўляў сац. і эканам. вучэнні эпохі Асветніцтва, ідэі франц. рэвалюцыі 1789—99. Распрацаваў філас.-гіст. канцэпцыю грамадства, дзе вылучаў 4 паслядоўныя стадыі сац. развіцця: эдэізм («райская» першабытнасць), дзікасць, варварства і цывілізацыя. Лічыў, што на змену цывілізацыі прыйдзе найвышэйшы грамадскі лад — стадыя гармоніі, якая пераадолее цывілізацыйныя супярэчнасці. На яго думку, цывілізацыя выканала сваё гіст. прызначэнне: стварыла неабходныя ўмовы для шчасця людзей, але перажывае глыбокі крызіс, калі яе найвышэйшыя каштоўнасці (свабода, роўнасць і інш.) пераходзяць у свае процілегласці. Адмаўляў рэв. шлях змены грамадскага ладу; асн. перадумовай стварэння ідэальнага грамадства лічыў рост вытв-сці на аснове калектывізаванай і механізаванай сельскай гаспадаркі і яе спалучэння з прам-сцю. Выступаў за ліквідаванне прыватнай уласнасці. На яго думку, арганізацыйнай формай вытв-сці ў гарманічным грамадстве павінна стаць «фаланга» — паселішча новага тыпу, дзе аб’ядноўваюцца ўсе віды чалавечай дзейнасці, ажыццяўляецца эмансіпацыя жанчын, вырашаюцца супярэчнасці паміж горадам і вёскай, пераадольваюцца негатыўныя наступствы цывілізацыйнай стадыі, а прыродныя схільнасці чалавека накіроўваюцца на творчую працу, здаровае спаборніцтва, узаемадапамогу. Вучэнне Ф. развівалі фур’ерысты (В.Кансідэран, Ж.Мюірон і інш.); яго погляды паўплывалі на развіццё зах.-еўрап., рус. і амер.сац.-філас. думкі. Асн. творы — «Тэорыя чатырох рухаў і ўсеагульнага лёсу» (1808), «Трактат пра дамаводніцка-земляробчую асацыяцыю» (т. 1—2, 1822), «Новы свет, індустрыяльны і сацыятарны» (1829) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІТО́ВІЧ Генадзь Іванавіч (7.8.1910, в. Новы Пагост Міёрскага р-на Віцебскай вобл. —20.6.1986),
бел. этнамузыказнавец, дзеяч харавога мастацтва, дырыжор. Нар.арт. Беларусі (1955). Нар.арт.СССР (1968). Скончыў Віленскую кансерваторыю (1939), вывучаў этнаграфію ў Віленскім ун-це (1936—39). У 1939—41 і 1944—51 рэдактар абл. радыё, кансультант Дома нар. творчасці ў Баранавічах. У 1939 сфарміраваў і ўзначаліў самадз. Падлескі нар. хор (Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл.). З 1952 арганізатар і маст. кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь (з 1988 яго імя). У 1974—76 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Збіраў і вывучаў бел.муз. фальклор, запісаў каля 3 тыс.нар. песень і танцаў. Складзеныя ім зборнікі ўласных запісаў ахопліваюць усе асн. меладычныя стылі і жанры бел.нар. песні. Аўтар 12 арыгінальных песень на ўласныя словы і вершы бел. паэтаў, больш за 60 апрацовак бел.нар. мелодый («Жавароначкі, прыляціце», «Ой, рана на Йвана», «Рэчанька» і інш.). У тэарэт. працах параўнальнае даследаванне муз. творчасці слав. народаў, аналіз бел.нар. шматгалосся, нар. выканальніцтва, стыляў сучаснай нар. песні. Аўтар прац «Беларускія народныя песні» (двухгалосыя, 1948), «Песні шчасця» (сучасныя бел.нар. песні, 1950), «Песні беларускага народа» (1959), «Сучасная беларуская песня» (1961), «Польскія народныя песні» (выбраныя, 1962), «Новыя стылявыя рысы традыцыйнай беларускай народнай песні» (1964), «Анталогія беларускай народнай песні» (1968, 2-е выд. 1975), «Аб беларускім песенным фальклоры: Выбраныя нарысы» (1976), зб. «Добры вечар!» (1986). Муз. рэдактар тамоў «Радзінная паэзія» (1971), «Жартоўныя песні» (1974) з шматтомнага выдання «Беларуская народная творчасць», а таксама аўтар тэле- і радыёперадач і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРШ-СА́БЛІН (сапр.Саблін) Уладзімір Уладзіміравіч
(29.3.1900, Масква — 6.7.1974),
бел. кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў бел.маст. кінематаграфіі. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1935). Нар.арт. Беларусі (1955). Нар.арт.СССР (1969). З 1923 працаваў у т-рах Расіі, здымаўся ў кіно, быў асістэнтам рэж. Ю.Тарыча. З 1926 у бел. кінематографе. У 1945—60 і 1969—74 маст. кіраўнік кінастудыі «Беларусьфільм», у 1957—74 першы сакратар Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «У агні народжаная» (1929). Пастаноўшчык першага гукавога фільма ў бел. ігравым кіно «Першы ўзвод» («Заходні фронт», 1933), прысвечанага падзеям 1-й сусв. вайны. Фільм «Залатыя агні» (1935) пра будаўнікоў першай на Беларусі электрастанцыі вызначаўся падзелам герояў на свядомых і несвядомых, увядзеннем у сюжэт характэрнай для тагачаснай драматургіі лініі шкодніцтва. У кінааповесці «Дачка Радзімы» (1937), лірычных камедыях «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Маё каханне» (1940) ідэалізацыя сав. рэчаіснасці. У гады Вял.Айч. вайны паставіў «Беларускія навелы» (з Тарычам, 1942), кінаканцэрт «Жыві, родная Беларусь!» (з М.Садковічам, 1944). Да сучаснасці звяртаўся ў фільмах «Новы дом» (1947), «Пяюць жаваранкі» (з К.Саннікавым, 1953) і «Хто смяецца апошнім» (1955) па п’есах К.Крапівы, «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956), але глыбокага асэнсавання закранутых праблем не дасягнуў. Асн. кірунак кінатворчасці К.-С. — паказ героікі барацьбы за ідэалы рэвалюцыі: «Вогненныя гады» (1939), «Канстанцін Заслонаў» (з А.Файнцымерам, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Чырвонае лісце» (1958), «Масква—Генуя» (з А.Спешневым, П.Армандам, 1964; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Запомнім гэты дзень» (1967), «Крушэнне імперыі» (1970). Паставіў дылогію «Першыя выпрабаванні» (1960—61) паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», многія калізіі, сюжэтныя лініі якой увасоблены з уласцівай рэжысёру кінематаграфічнай выразнасцю. Для творчасці К.-С. характэрны яснасць грамадзянскай пазіцыі, рэв. пафас, выразнасць вобразаў гал. герояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУ́Н Алесь (сапр.Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч; 11.3.1887, б. фальварак Новы Двор Мінскага р-на — 28.7.1920),
бел. пісьменнік, дзеяч нац.-вызв. руху. Скончыў мінскія гар. (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. Працаваў у Мінску сталяром. З 1904 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. За антыўрадавую дзейнасць у 1907 арыштаваны і ў 1908 сасланы ў Кірэнскі пав. Іркуцкай губ. З 1912 з Я.Лёсікам у Мельнічным выселку каля Кірэнска. Пасля працаваў на Лене і Віціме, на залатых капальнях у Бадайбо. У Мінск вярнуўся ў вер. 1917 хворы на сухоты. Удзельнічаў у дзейнасці бел. арг-цый. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917, удзельнічаў у стварэнні БНР, рэдагаваў газ.«Беларускі шлях», у 1919—20 узначальваў Бел.нац.к-т, быў чл.Бел. вайсковай камісіі. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве.
Раннія творы не зберагліся. 1905 датуецца паэма «Мае коляды» (Вільня, 1920, пад псеўд. А.Сумны) — гісторыя абуджэння нац. свядомасці ў вясковага хлопчыка. З 1907 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». Пісаў пераважна лірычныя вершы, якія вызначаюцца меладычнасцю, багаццем рытміка-інтанацыйнага ладу, спалучэннем філас. заглыбленасці з публіцыстычнасцю і тонкім лірызмам, творчым засваеннем фалькл. традыцый. Паводле матываў і тэматыкі яго паэзія блізкая да паэзіі Я.Купалы і Я.Коласа. У ёй выказана такое ж неадольнае жаданне лепшай долі для народа, непрымірымасць да несправядлівасці, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля шчасця людзей і Бацькаўшчыны. Аўтар зб. паэзіі «Матчын дар» (1918, 2-е выд. 1929, факсімільнае выд. 1988). Адметнасць прозы Гаруна — яе ідэйна-тэматычнае багацце. Пісаў пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), пра тое, як астрог калечыць лёс чалавека, разбурае яго псіхалогію («Чалавек без крыві», «Маладое»). Сцэны з жыцця бел. пасяленца ў Сібіры паказаў у апавяданні «Свята». Празаічны трыпціх «П’ера і Каламбіна» аб’ядноўвае тэма кахання, маст. роздум аб загадкавай сіле гэтага пачуцця. Празаічныя творы падпісваў псеўд. І.Жывіца. У зб. «Жывыя казкі» (1920) увайшлі п’есы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя жыццесцвярджальным аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ Ларыса Пампееўна (15.2.1904, Мінск — 23.5.1980),
бел. спявачка (сапрана), рэжысёр і грамадскі дзеяч. Нар.арт. Беларусі (1938), нар.арт.СССР (1940). Скончыла Бел.муз. тэхнікум (1928, клас В.Цвяткова), опернае майстэрства ўдасканальвала ў А.Баначыча (1930—33). У 1919—24 удзельніца арганізаванай ёю самадз. трупы пры палітаддзеле Зах. фронту. У оперы дэбютавала ў 1928 партыяй Маргарыты («Фауст» Ш.Гуно, спектакль муз. тэхнікума). Да 1960 салістка, у 1951—60 і гал. рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам шырокага дыяпазону, выконвала сапранавыя і мецца-сапранавыя партыі. Музыкальнасць, драм. тэмперамент і артыстызм абумовілі моцнае эмац. ўздзеянне створаных ёю вобразаў. Сярод партый у нац. спектаклях: Марыся і Алеся («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса). Своеасаблівасцю вак.-сцэнічнай трактоўкі, пранікнёным лірызмам вызначаліся партыі ў класічных операх: Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Яраслаўна, Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава) і інш. Рэжысёр пастановак: «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага (1951), «Страшны двор» С.Манюшкі і «Мазепа» Чайкоўскага (1952), «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага і «Аіда» Дж.Вердзі (1953), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Надзея Дурава» А.Багатырова (1956), «Міхась Падгорны» (1957), «Яснае світанне» Туранкова (1958), «Пікавая дама» (1960) і інш. Выступала як канцэртная спявачка, выконвала бел.нар. песні, у т. л. на Міжнар.муз. выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне (1927), гастраліравала ў Германіі, Швецыі (з С.Навіцкім; першы выезд бел. артыстаў за мяжу ў сав. час). Адна з арганізатараў Бел.тэатр. аб’яднання (з 1946 старшыня, з 1976 ганаровы старшыня яго прэзідыума). Дзярж. прэмія СССР 1941. З 1987 праводзіцца Рэсп. конкурс вакалістаў імя Александроўскай, у 1992 устаноўлена прэмія імя Александроўскай у галіне тэатр. мастацтва.
Літ.:
Модэль М. Л.П.Александроўская. Мн., 1945;
Рузов Г. Л.П.Александровская. М.; Л., 1950;
Лукас Д., Жураўлёў Д. Выдатны дзеяч опернага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Б.С.Смольскі.
Л.П.Александроўская.Л.Александроўская ў ролі Канчакоўны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РАЎ Віктар Цімафеевіч (25.10.1936, г. Магілёў — 31.10.1996),
бел. кінарэжысёр. Нар.арт. Беларусі (1979). Нар.арт.СССР (1986). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1960). З 1959 на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1991—96 маст. кіраўнік майстэрні рэжысуры ігравога кіно Бел.АМ. Дэбютаваў дакумент. нарысамі «Наш Салігорск» і «Гомельскія танцоры» (1959), «Беларусь сацыялістычная» і «Слаўны шлях» (1960) і ігравымі навеламі «Камбуд» (1961, альманах «Апавяданні пра юнацтва»), «Зорка на спражцы» (1962, фільм «Маленькія летуценнікі»). Дзяцінства, апаленае вайной, у лірыка-паэтычных фільмах «Праз могілкі» (1964, паводле П.Ніліна; рашэннем ЮНЕСКА ў 1994 уключаны ў лік. лепшых 100 фільмаў свету), «Я родам з дзяцінства» (1966), «Вайна пад стрэхамі» (1967) і «Сыны ідуць у бой» (1969, паводле А.Адамовіча). Тэма сувязі ваен. і пасляваен. пакаленняў у фільмах «Час яе сыноў» (1974), «Пункт адліку» (1979, прыз на 13-м Усесаюзным кінафестывалі, 1980), «Меншы сярод братоў» (1985). Бел.-польскай барацьбе з фашыстамі прысвечаны фільм «Пераправа» (1987, сумесна з Польшчай). Увага да першакрыніцы, сугучнасць з вобразамі «Запісак паляўнічага» І.Тургенева ў тэлефільме-экранізацыі «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971). Дзецям адрасаваны тэлефільм «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1973, паводле С.Маршака). Хараство бел. прыроды, высакароднасць нар. характараў увасоблены ў экранізацыі «Палескай хронікі» І.Мележа — кінастужках «Людзі на балоце» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1984; гал. прыз на 15-м Усесаюзным кінафестывалі, 1982; прызы Міжнар. кінафестываляў у Карлавых Варах, Чэхія, 1982; у Маніле, Філіпіны, 1983), «Подых навальніцы» (1982); у тэлефільмах «Апейка» (1982), «Блізкае і далёкае» (1984). Актуальным праблемам сучаснасці прысвечаны фільмы «Уваскрэсная ноч» (1976, паводле А.Петрашкевіча), «Высокая кроў» (1990), «Чорны бусел» (1993, прыз Міжнар. кінафестывалю у г. Нові-Сад, Югаславія). У стужцы «Шляхціц Завальня...» (1990, паводле Я.Баршчэўскага) старадаўняя Беларусь паказана ў жанры фантастычных легенд і паданняў. У 1976—81 першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.