ЦІТО́ВІЧ Генадзь Іванавіч (7.8.1910, в. Новы Пагост Міёрскага р-на Віцебскай вобл. —20.6.1986),

бел. этнамузыказнавец, дзеяч харавога мастацтва, дырыжор. Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1968). Скончыў Віленскую кансерваторыю (1939), вывучаў этнаграфію ў Віленскім ун-це (1936—39). У 1939—41 і 1944—51 рэдактар абл. радыё, кансультант Дома нар. творчасці ў Баранавічах. У 1939 сфарміраваў і ўзначаліў самадз. Падлескі нар. хор (Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл.). З 1952 арганізатар і маст. кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь (з 1988 яго імя). У 1974—76 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Збіраў і вывучаў бел. муз. фальклор, запісаў каля 3 тыс. нар. песень і танцаў. Складзеныя ім зборнікі ўласных запісаў ахопліваюць усе асн. меладычныя стылі і жанры бел. нар. песні. Аўтар 12 арыгінальных песень на ўласныя словы і вершы бел. паэтаў, больш за 60 апрацовак бел. нар. мелодый («Жавароначкі, прыляціце», «Ой, рана на Йвана», «Рэчанька» і інш.). У тэарэт. працах параўнальнае даследаванне муз. творчасці слав. народаў, аналіз бел. нар. шматгалосся, нар. выканальніцтва, стыляў сучаснай нар. песні. Аўтар прац «Беларускія народныя песні» (двухгалосыя, 1948), «Песні шчасця» (сучасныя бел. нар. песні, 1950), «Песні беларускага народа» (1959), «Сучасная беларуская песня» (1961), «Польскія народныя песні» (выбраныя, 1962), «Новыя стылявыя рысы традыцыйнай беларускай народнай песні» (1964), «Анталогія беларускай народнай песні» (1968, 2-е выд. 1975), «Аб беларускім песенным фальклоры: Выбраныя нарысы» (1976), зб. «Добры вечар!» (1986). Муз. рэдактар тамоў «Радзінная паэзія» (1971), «Жартоўныя песні» (1974) з шматтомнага выдання «Беларуская народная творчасць», а таксама аўтар тэле- і радыёперадач і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Генадзь Цітовіч. Мн., 1960;

Яго ж. Геннадий Цитович. Мн., 1984.

Дз.​М.​Жураўлёў.

Г.І.Цітовіч.

т. 17, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)