агрэгат ударнага дзеяння для забівання паляў, які працуе па прынцыпе двухтактавага дызеля. Падвешваецца на капры або самаходныя капровыя ўстаноўкі. Ударная масіўная частка Д.-м. падае ўніз па накіравальных (штангі, труба, цыліндр), б’е па нагалоўніку палі і сціскае распыленае ў цыліндры або поршні дызельнае паліва, якое самаўзгараецца. Частка энергіі згарання перадаецца палі для апускання, частка падкідвае ўдарнае прыстасаванне Д.-м. ўверх (да 3 м). Maca ўдарных частак у штангавых Д.-м. да 2500 кг, у трубчастых да 500 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯТЭРАПІ́Я (ад крыя... + тэрапія),
лячэнне з выкарыстаннем нізкіх для арганізма тэмператур. Грунтуецца на даных крыябіялогіі і агульнай медыцыны аб уплыве холаду на цеплакроўных жывёл і чалавека. Здаўна прымянялася ў форме абгортвання цела ці яго частак мокрымі халоднымі прасцінамі, абкладвання лёдам. Мае станоўчы эфект пры запаленчых працэсах, вонкавых і ўнутр. крывацёках, абсцэсах, ацёках, траўмах і інш.Мясц. (лакальнае) замарожванне тканак — адзін з дапаможных метадаў агульнай крыяхірургіі; у мікрахірургіі К. іншы раз выкарыстоўваецца як асн. метад лячэння, асабліва пры аперацыях на воку і галаўным мозгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯРО́ЎНАСЦЬу матэматыцы,
алгебраічны выраз, элементы якога спалучаны знакамі: менш <, менш ці роўна ≤, больш >, больш ці роўна ≥, няроўна ≠. Напр., запіс a < b азначае, што а меншае за b. Н. і роўнасці маюць многія агульныя ўласцівасці, напр., Н. застанецца правільнай, калі да яе абедзвюх частак дадаць адзін і той жа лік ці абедзве часткі памножыць на адзін і той жа дадатны лік (пры множанні на адмоўны лік Н. пераходзіць у процілеглую). Уласцівасці і класіфікацыя Н. (аналагічныя ўласцівасцям і класіфікацыі роўнасцей) вывучаюцца многімі раздзеламі матэматыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІ́ДЫЯ (ад грэч. basidion фундамент),
орган палавога споранашэння ў базідыяльных грыбоў. Утвараецца на канцах дыкарыятычных гіфаў з двух’ядровых клетак. Бываюць: аднаклетачныя (холабазідыі), складзеныя з дзвюх частак (гетэрабазідыі), падзеленыя на 4 клеткі папярочнымі перагародкамі (фрагмабазідыі, або склерабазідыі). У прымітыўных відаў узнікаюць непасрэдна на міцэліі або пры прарастанні спец. клетак (тэліяспораў), у больш высокаарганізаваных — на паверхні ці ў сярэдзіне пладовых цел. На кожнай з іх экзагенна развіваюцца па 2—4 базідыяспоры. У час развіцця базідыя нагадвае сумку. У базідыі завяршаецца палавы працэс — зліваюцца ядры дыкарыёна і дыплоіднае ядро рэдукцыйна дзеліцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́ДА (франц. arcade),
шэраг аднолькавых па велічыні і абрысах арак, якія апіраюцца на слупы або калоны і ствараюць разам з імі рытмічны паслядоўны рад. Бываюць канструкцыйныя (успрымаюць нагрузку верхніх частак будынкаў) і дэкар. (стаяць асобна або ўтвараюць «сляпыя» аркады). Аркады з’явіліся ў архітэктуры Стараж. Рыма. На Беларусі пашырыліся з 16 ст. ў архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму ў адкрытых галерэях гандл. радоў (у Пінску, Нясвіжы), палацаў (у г.п. Ружаны Пружанскага р-на), гасп. будынкаў (лямус брыгіцкага кляштара ў Гродне), а таксама як дэкар. элемент — аркатура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЗГО́ТКІ, бразгуны, бразгаўкі,
агульная назва многіх нар. інструментаў класа ідыяфонаў: шархуноў, званкоў, талерачак (састаўных частакбубна), трашчотак і ўласна бразготак. Уласна бразготкі напачатку служылі дзіцячай цацкай, выкарыстоўваліся як сігнальны інструмент у начным старажоўстве. Маюць выгляд драўлянага корпуса з ручкай. Унутры корпуса на прымацаванай да яго адным канцом нітцы нанізана жменя высушанага насення бабовых. На Беларусі пашыраны таксама ў выглядзе звычайнай скрыначкі з некалькімі каменьчыкамі або невял. шарыкамі ўнутры, замацаванымі пасярэдзіне свабодна нацягнутай ніткай. У наш час вядомы як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖО́ЎКІ (Haematopota),
род двухкрылых насякомых сям. сляпнёў. Каля 400 відаў. Пераважна ў Афрыцы і Еўразіі. Пашыраны на вільготных лугах. У адрозненне ад інш. сляпнёў лётаюць і ў пахмурнае надвор’е, асабліва перад дажджом. На Беларусі 4 віды, найб. вядомая Д. звычайная (H. pluvialis).
Даўж. 6—13 мм. Ад інш. сляпнёў адрозніваюцца мармуровым малюнкам крылаў. Крывасмокі, нападаюць на чалавека і жывёл. Прысутнасць іх выяўляюць пасля праколу скуры хабатком. Лічынкі развіваюцца ў вільготнай глебе, у глеі прыбярэжных частак прэсных вадаёмаў, лісцевым подсціле. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў сібірскай язвы, тулярэміі, трыпанасом, патагенных для с.-r. жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ПУСКАВЫ́Х РУХАВІКО́Ў.
Пачаў дзейнасць у 1944 з маторазборачнага, мех. ўчасткаў і мех. майстэрняў па рамонце рухавікоў. У 1945 уведзены ў эксплуатацыю маторазборачны і мех. цэхі, у 1947 — маторны. У 1959 перааснашчаны на выпуск трактарных рухавікоў, у 1971 на выпуск інш. прадукцыі. Цяпер завод — шматпрофільнае прадпрыемства па выпуску дызельных і пускавых рухавікоў магутнасцю 6 і 8 к.с., рэдуктараў, запасных частак; адзіны на Беларусі вытворца зварачных электродаў. Выпускае таксама тавары нар. ўжытку: мэблевую фурнітуру, люстры ў літых аправах, свяцільнікі, садова-агародны інвентар, керамічныя вырабы з маст. дызайнам і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКАТЭ́Й МІЛЕ́ЦКІ (грэч. Hekataios Milēsios; каля 546 — 480 да н. э.),
старажытнагрэчаскі гісторык, географ. Аўтар адной з першых геагр. прац краіназнаўчага характару «Землеапісанне» (складаецца з 2 частак: «Еўропа», што ўключала Еўропу і Паўн. Азію, і «Азія», што ўключала Азію, Егіпет і Лівію). Паводле сведчання Герадота, да «Землеапісання» была прыкладзена карта з відарысам вядомай на той час населенай ч. сушы — айкумены. Карта не знойдзена, часткова яна адноўлена па ўрыўках з твораў Г.М., Герадота і інш. Другі яго твор «Генеалогія» (захаваліся фрагменты) змяшчае стараж.-грэч. міфы і паданні, сістэматызаваныя накшталт гіст. апісання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАСІМО́ВІЧ (Аляксандр Ніканоравіч) (н. 26.3.1939, в. Танежыцы Слуцкага р-на, Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэарэтычнай электратэхнікі. Д-ртэхн.н. (1994). Скончыў БПІ (1961). З 1970 у БПА (з 1995 праф.). Навук. працы па краявых задачах тэхн. электрадынамікі. Распрацаваў метады разліку эл.-магн. характарыстык токавядучых частак і правадніковых канструкцый электраўстановак, што забяспечваюць іх эфектыўнае праектаванне.
Тв.:
Итерационный метод решения краевой задачи при исследовании электромагнитных процессов в металлических листах и полосах, расположенных в переменном поле токопроводов // Изв. ВУЗов и энергетич. объединений СНГ. Энергетика. 1993. № 9—10.