эвалюцыйна сфарміраваная здольнасць жывёл прыносіць уласцівы кожнаму віду прыплод, які ў нармальных умовах кампенсуе натуральную смяротнасць. Залежыць ад спосабу размнажэння. Жывёлы з большай працягласцю жыцця і высокай ступенню клопату аб патомстве выводзяць 1—2 дзіцяняці (часта не кожны год); недаўгавечныя жывёлы (напр., дробныя грызуны) здольныя размнажацца некалькі разоў за год і прыносіць у прыплодзе 10—15 дзіцянят. Некат. насякомыя (напр., тэрміты) адкладваюць да мільёна яец, месяц-рыба — да 300 млн. ікрынак і не клапоцяцца аб патомстве. П. мяняецца з узростам, вагаецца па сезонах (у відаў з паўторным размнажэннем) і ў розныя гады ў залежнасці ад забяспечанасці жывёл кормам, кліматычных умоў, шчыльнасці папуляцыі і інш. Павышэнне П. (велічыні прыплоду) с.-г. жывёл — адна з асн. праблем жывёлагадоўлі. Павышаная П. перадаецца патомству і замацоўваецца шляхам адбору і падбору як важная пародная адзнака. Пры працяглым блізкароднасным развядзенні П. зніжаецца (часам да поўнай бясплоднасці). Частковая ці поўная страта П. ў патомстве часта бывае пры аддаленай гібрыдызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ФАР, скрыня,
драўляная ёмістасць для захоўвання тканін, адзення, бялізны і каштоўнасцей; від мэблі. У К. збіралі пасаг маладой, а ў час вяселля перавозілі яго ў дом маладога. У сярэдневякоўі вядомы і як сховішча каштоўнай цэхавай маёмасці. Меў выгляд масіўнай нізкай драўлянай ці метал. скрыні з плоскім ці пукатым векам, часта па-мастацку акаванай, з унутр. замком складанай канструкцыі. У магнацкіх і мяшчанскіх інтэр’ерах — вял., драўляныя, з акоўкай па кантах, фарбаваныя ў чорны ці зялёны колер. У бел.сял. інтэр’еры пашыраны з 19 ст., замяніў кублы. Выраб К. часта набываў характар промыслу. Іх рабілі з хваёвых ці яловых дошак, на фігурных падстаўках-ножках, часта на драўляных ці каваных колцах, па баках мацавалі ручкі, на пярэдняй сценцы — унутр. замок ці зашчапку для вісячага. Часта К. аздаблялі маст. акоўкай у выглядзе жал. ці бляшаных палос з фігурнымі краямі. Акоўку мацавалі на кантах, пярэдняй сценцы і веку (давыд-гарадоцкія куфры). Пад уплывам зах.-еўрап. барочных форм К. набылі пукатае века, часам звужаную ўнізе форму. Простая аднатонная афарбоўка саступіла месца дэкар. размалёўцы, пераважна фляндроўцы, якая імітавала каштоўныя пароды драўніны. З пач. 20 ст. ў многіх рэгіёнах пашыраны К. з маст. размалёўкай расл. характару. На Зах. Палессі перавагу аддавалі сакавітым малюнкам у выглядзе букетаў і гірляндаў кветак, якія кампанаваліся ў квадратах і прамавугольніках, утвораных палосамі акоўкі ці фляндроўкі. Малюнкі наносілі ад рукі, часам з дапамогай трафарэтаў. Багаццем кампазіцыі, гармоніяй і сакавітасцю каларыстыкі вызначаюцца агоўскія куфры. На Гродзеншчыне і З Віцебшчыны пераважала «цацкаванне» — нанясенне ўзору на афарбаваную паверхню К. з дапамогай штампікаў з бульбы ці рэпы. Дробныя геам. і расл. матывы (зоркі, разеткі, лісточкі, крыжыкі) белага, жоўтага, чырвонага колераў наносілі ў выглядзе палос уздоўж акоўкі ці кругоў між ёю на сінім або вішнёвым фоне. На У Беларусі на вішнёвым фоне малявалі прамую ці косую сетку з чорных палос, часам аздаблялі прадрапваннем у выглядзе геам. і расл. арнаменту (Чачэрскія куфры). У сучасным вясковым побыце К. страціў былую ролю. З 1950-х г.вытв-сць К. амаль спынілася. Паводле матываў дэкору традыц. К. размалёўваюць маленькія сувенірныя куфэркі (Брэсцкая ф-ка сувеніраў, Жлобінская ф-ка інкрустацыі і інш.).
Я.М.Сахута, А.Ю.Лозка.
Куфар з вёскі Агова Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1940-я г.Куфар з Лідскага раёна Гродзенскай вобл. Канец 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́ЧНЫ ГРАДЫЕ́НТ, бараметрычны градыент,
паказчык стану атмасферы, які характарызуе змяненне атм. ціску на адзінку адлегласці па вертыкалі і гарызанталі, вызначаецца ў напрамку, перпендыкулярным ізабары. Звычайна гарызантальны барычны градыент складае 1—3 гПа на 100 км (у трапічных ураганах павялічваецца ў дзесяткі разоў). Замест вертыкальнага барычнага градыенту часта карыстаюцца барычнай ступенню. Ад барычнага градыенту залежаць напрамак і сіла ветру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́СНІЦЫ, брамка, фортка,
у народным дойлідстве Беларусі невял. дзверы для ўваходу ў варотах, плоце, агароджы. Ва ўсх. раёнах весніцы робяць са шчыльна збітых дошак, часта аздабляюць разьбой, размалёўкай, фігурна выкаванымі завесамі і клямкамі, у цэнтр. і зах. — лёгкія, са штыкетаў.
Да арт.Весніцы. Аздабленне варот. Чачэрск. 1970-я г.Да арт.Весніцы. Вароты сядзібы ў Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕ́РБАЛА (ад грэч. hyperbolē перабольшанне),
мастацкі прыём, заснаваны на рэзкім перабольшанні асобных рыс чалавечага характару, уласцівасцей прадмета ці з’явы з мэтай завастрыць на іх увагу чытача. Пашырана ў фальклоры, асабліва ў казках і легендах. Гіпербалу часта выкарыстоўваюць у творах рамантычнай л-ры з мэтай стварэння незвычайных характараў і падзей, узмацнення іх маст. выразнасці. Процілеглы гіпербале стылістычны прыём — літота.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРПЛАЗІ́Я (ад гіпер... + грэч. plasis утварэнне),
павелічэнне колькасці структурных элементаў тканак з прычыны павышанай функцыі органа ці ў выніку паталагічнага новаўтварэння тканкі. Гіперплазія складае аснову гіпертрафіі. Часта мае кампенсатарны характар. Адрозніваюць гіперплазію залозістую, залозіста-ацынозную, адэнаматозную і інш.
У раслін — мясцовае разрастанне тканак у выніку мітатычнага ці амітатычнага дзялення клетак. Вынік гіперплазіі — утварэнне галаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛО́РЫЯ (ад лац. gloria упрыгажэнне, арэол),
аптычная з’ява ў атмасферы ў выглядзе каляровых кольцаў вакол ценю назіральніка (ці прадмета, што знаходзіцца каля яго), калі цень падае на воблака або слой туману. Часта назіраецца ў гарах (калі воблака знаходзіцца ніжэй назіральніка) ці ў час палётаў над воблакамі. Абумоўлена дыфракцыяй святла на кроплях вады. Колеры ў глорыі: унутры блакітны, звонку чырвоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ЗЕВЫЯ ВУЛКА́НЫ, сальзы,
геалагічныя ўтварэнні, якія пастаянна ці перыядычна вывяргаюць гразевыя масы, а таксама гаручыя газы, часта з вадой і нафтай. Разнастайныя па форме; невялікія наз. гразевымі сопкамі. Пашыраны пераважна ў нафтаносных і вулканічных абласцях, а таксама ў дэльтах рэк; напр., на Апшэронскім (найб. ў свеце), Таманскім, Керчанскім, Апенінскім, Пірэнейскім п-вах, на в-ве Сахалін, у Цэнтр. Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФАМА́НІЯ (ад графа... + манія),
хваравітая цяга да пісьменніцтва ў асоб, пазбаўленых літаратурных здольнасцей. Узнікае на аснове наіўнага ўяўлення пра лёгкасць і агульнадаступнасць пісьменніцкай працы або ў выніку пераацэнкі асабістых творчых магчымасцей. Часта графаманіі спрыяюць «гучнае імя», дачыненне да выдавецкага асяроддзя і неабмежаваная магчымасць друкавацца. Элементы графаманскай шматслоўнасці як відавочны элемент стылю бываюць і ў творчасці прафесійных пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРАЛЮМІ́Н (ад ням. Düren — горад, дзе была распачата прамысл.вытв-сць сплаву, + алюміній),
дзюраль, дзюралюміній, назва групы сплаваў на аснове алюмінію. Мае дабаўкі (па масе) медзі (2,2—5,2%), магнію (0,2—2,7%), марганцу (0,2—1%). Найб. трывалы і найменш каразійнаўстойлівы сярод алюмініевых сплаваў, таму Д. часта плакіруюць чыстым алюмініем. Выкарыстоўваюць як канстр. матэрыял у авіяц. і трансп. машынабудаванні.