МІЖНАРО́ДНЫ МУЗЫ́ЧНЫ САВЕ́Т (ММС; Conseil international de la musique),
міжнародная музычная арг-цыя. Створана ў 1949 пры ЮНЕСКА (Парыж). Аб’ядноўвае шэраг муз.прафес. і аматарскіх арг-цый і муз. дзеячаў. Мае на мэце ўстанаўленне і развіццё сувязей паміж нац. і міжнар.муз. арг-цыямі і каардынацыю іх дзейнасці; правядзенне кангрэсаў, конкурсаў, фестываляў, сімпозіумаў і інш. Раз у 2 гады збірае Ген. асамблеі. Штогод праводзіць т.зв. трыбуны кампазітараў і выканаўцаў, раз у 2 гады — форумы музыкі Азіі і Афрыкі. Выдае час. «The World of Music» («Свет музыкі»), У ММС уваходзяць нац.муз. к-ты каля 60 краін. У яго складзе 16 міжнар. арг-цый, найб. буйныя — Міжнар.т-ва сучаснай музыкі, Міжнароднае таварыства музыказнаўства, Міжнар.федэрацыямуз. моладзі, Міжнар. савет муз. фальклору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛЕТЫ́ЗМ,
разнастайныя фіз. практыкаванні, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, гарманічнае развіццё сілавых якасцяў і паляпшэнне целаскладу чалавека. Умоўна атлетызм падзяляюць на 2 віды: спарт., да якога належаць культурызм (бодыбілдынг), армрэстлінг, паўэрліфтынг, гіравы спорт, цяжкая атлетыка, і ўласна атлетызм, ці атлетычную гімнастыку (сістэму рознабаковых сілавых практыкаванняў са штангай, гірамі, гантэлямі, эспандэрам, гумавым жгутом, на універсальных станках, трэнажорах, блочных прыстасаваннях, з уласнай вагой, без снарадаў і інш.). Разнавіднасцю атлетычнай гімнастыкі жанчын з’яўляецца шэйпінг (ад англ. shape форма) — заняткі па карэкцыі жаночай фігуры.
Атлетызм узнік у Стараж. Грэцыі, дзе існаваў культ прыгожага цела, фіз. дасканаласці. Сучасны атлетызм зарадзіўся ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі (паводле інш. звестак на амер. кантыненце). У Расіі першы «Гурток аматараў атлетыкі» стварыў у 1885 ураджэнец Беларусі ўрач У.Ф.Краеўскі. Беларуская федэрацыя атлетызму ўзнікла ў 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БСЛЕЙ (англ. bobsleigh),
від спорту, скорасны спуск з гары па ледзяным жолабе на спарт. санях спец. канструкцыі. Сані (наз. таксама бобслей) маюць суцэльнаметал. кузаў абцякальнай формы, замацаваны на 2 парах палазоў-канькоў: пярэдняя рухомая з рулём, задняя нерухомая з тормазам. Спаборніцтвы праводзяцца для 2-месных і 4-месных бобслеях. Ёсць пэўныя абмежаванні па даўжыні саней і агульнай масе экіпажу. Траса (жолаб) даўж. 1500—2000 м, шыр. 1,5—2 м, глыб. — 0,5 м з віражамі, перапад вышыняў 130—150 м. Скорасць саней на спуску дасягае 100—130 км/гадз.
Узнік бобслей у канцы 19 ст. ў Швейцарыі. Спачатку ўдзельнічалі і жанчыны, з 20 ст. толькі мужчыны. З 1924 існуе Міжнар.федэрацыя бобслея і табагана (ФІБТ), з 1924 бобслей у праграме Алімпійскіх гульняў, — з 1930-х г. праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СЦЕРАЎ (Пётр Мікалаевіч) (27.2.1887, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 8.9.1914),
расійскі ваен. лётчык. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1906), Пецярбургскую афіцэрскую паветраплавальную школу (1912). У 1911 пабудаваў планёр уласнай канструкцыі, на якім выканаў некалькі палётаў. У 1913—14 узначаліў групавы пералёт па маршруце Кіеў—Асцёр—Казялец—Нежын—Кіеў, асабіста здзейсніў палёты Кіеў—Адэса—Севастопаль і Кіеў—Пецярбург. Правёў выпрабаванне шэрагу самалётаў айчыннай вытв-сці; упершыню ў свеце разлічыў і 27.8.1913 выканаў на самалёце «мёртвую пятлю» (гл.Несцерава пятля). Прапанаваў шэраг навінак па вышэйшым пілатажы, па выкарыстанні лятальных апаратаў у баі, разведванні наземных войск і інш. Загінуў у пач. 1-й сусв. вайны у паветр. баі, калі ўпершыню ў свеце тараніў самалёт праціўніка. У 1962 Міжнар.авіяц.федэрацыя заснавала пераходны прыз для пераможцаў першынства свету па вышэйшым пілатажы — кубак імя Несцерава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕДЫКЦІ́НЦЫ,
члены першага ў каталіцкай царкве манаскага ордэна, заснаванага ў 530 у Італіі Бенядзіктам Нурсійскім (адсюль назва). Адыгралі значную ролю ў распаўсюджанні каталіцызму. Статут бенедыкцінцаў патрабаваў сталага жыхарства ў кляштары, паслушэнства, устрымання і беднасці. Абавязковай была праца. У 11—13 ст. бенедыкцінцы актыўна ўдзельнічалі ў місіянерскай дзейнасці каталіцкай царквы на слав. землях і ў Прыбалтыцы. У ВКЛ прыйшлі ў 17 ст. з Польшчы. На Беларусі іх кляштары ў 17—19 ст. існавалі ў Мінску, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Слоніме і інш. Яны мелі свае б-кі, школы, скрыпторыі, дзе перапісваліся кнігі і летапісы. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) кляштары бенедыкцінцаў і інш. каталіцкіх манаскіх ордэнаў аб’яднаны ў бенедыкцінска-цыстэрцыянска-камедула-картузскую кангрэгацыю. Пасля паўстанняў 1830—31 і 1863—64 на Беларусі кляштары бенедыкцінцаў закрыты. У Зах. Еўропе ў 1893 заснавана федэрацыя бенедыкцінцаў. Зараз існуе 18 кангрэгацый бенедыкцінцаў, якія налічваюць каля 10 тыс. манахаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРАВЫ́ СПОРТ,
від спорту, спаборніцтвы ў падыманні цяжару (гір). Конкурсы асілкаў маюць глыбокую гісторыю, асабліва ў краінах СНД, дзе найб. папулярны гіравы спорт. Аднак адзіныя правілы спаборніцтваў распрацаваны Міжнар. федэрацыяй гіравога спорту толькі ў 1994. Паводле іх спаборніцтвы праводзяцца ў 7 вагавых катэгорыях — ад 60 да больш як 90 кг. Пераможца вызначаецца па выніках двухбор’я (штуршок і рывок). Першае практыкаванне выконваецца абедзвюма рукамі адначасова, другое папераменна левай і правай з перахопам снарада. На кожнае практыкаванне адводзіцца 20 мін. Маса гіры 32 кг.
Усе вышэйшыя дасягненні ў гіравым спорце на канец 1996 належаць спартсменам Расіі. Бел.федэрацыя гіравога спорту дзейнічае з 1988. Найб. поспехаў з бел. гіравікоў дасягнулі В.Лянглер (чэмпіён Еўропы 1994), В.Калмук — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (4 разы) і Еўропы (1994), а таксама В.Харанека, які неаднаразова ставіў рэкорды з гірамі для Кнігі рэкордаў Гінеса. У 1996 у Мінску праходзіў 4-ы чэмпіянат свету па гіравому спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т РУ́СКІХ АФІЦЭ́РАЎ У ПО́ЛЬШЧЫ,
падпольная рэв.арг-цыя ў часцях рас. арміі на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны ў 1861—63. Узнік восенню 1861 як федэрацыя афіцэрскіх гурткоў колькасцю ў некалькі соцень чал. (палякі, рускія, беларусы і інш.). Кіраўнікі: А.Л.Патабня, Я.Дамброўскі, З.Падлеўскі і інш.К-т ідэйна прымыкаў да «чырвоных», выступаў за ліквідацыю прыгонніцкіх парадкаў. Быў звязаны з рас.рэв. цэнтрам у Лондане (А.І.Герцэн, М.А.Бакунін, М.П.Агароў), ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу (у яе склад к-т увайшоў у канцы 1862 як аўт.арг-цыя), Цэнтр.нац. к-там у Варшаве, Літоўскім правінцыяльным камітэтам у Вільні. У 1861—62 вёў прапагандысцкую работу ў войсках, выпусціў больш за 16 пракламацый. 27.6.1862 Патабня здзейсніў замах на рас. намесніка ў Польшчы ген. А.М.Лідэрса. Да сярэдзіны 1863 дзейнасць к-та спынілася ў сувязі з рэпрэсіямі і змяненнем паліт. сітуацыі, многія яго члены ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ СПАРТЫ́ЎНЫЯ АБ’ЯДНАННІ,
сусветныя і рэгіянальныя міжнар. арг-цыі ў галіне фіз. культуры і спорту. Іх членамі з’яўляюцца міжнар. і нац.спарт. арг-цыі, асобныя ўстановы і асобы. Адрозніваюць М.с.а.: універсальныя і спецыяльныя агульнага характару (напр., Міжнар.алімп.к-т, Міжнар. савет фіз. Выхавання і спорту і інш.); па відах спорту; па галінах ведаў і дзейнасці, якія маюць дачыненне да фіз. культуры і спорту (напр., міжнар. федэрацыі спарт. медыцыны, спарт. прэсы і інш.); аб’яднанні спартсменаў па прафесійнай прыналежнасці (напр., Міжнар.федэрацыя універсітэцкага спорту, Міжнар.спарт. саюз чыгуначнікаў і інш.), рэлігійнай — Міжнар. каталіцкі саюз фіз. выхавання і спорту і інш. Большасць М.с.а. кіруюць развіццём аматарскага спорту, некат. аб’ядноўваюць арг-цыі аматараў і прафесіяналаў (напр., міжнар. федэрацыі тэнісу, футбольных асацыяцый). Існуюць М.с.а. прафесійнага спорту (напр., Міжнар.федэрацыя барацьбы). Задачы М.с.а.: садзейнічанне спарт. арг-цыям асобных краін у стварэнні нац. федэрацый, іх прызнанне, устанаўленне і ўмацаванне сувязей з імі, практычная дапамога ў іх дзейнасці, кантроль за выкананнем гэтымі арг-цыямі прынятых статутаў; вывучэнне і распаўсюджанне міжнар. вопыту; утварэнне матэрыяльна-фін. базы развіцця фіз. культуры і спорту; удасканаленне, тлумачэнне афіц.міжнар. палажэнняў пэўнага віду спорту; планаванне і арг-цыяміжнар. спаборніцтваў (чэмпіянатаў свету, кантынентаў і інш.); рэгістрацыя і зацвярджэнне рэкордаў (свету, кантынентаў) і інш. Бюджэты М.с.а. складаюцца з членскіх узносаў нац.спарт. арг-цый, прыватных ахвяраванняў, субсідый урадаў і міжурадавых арг-цый, адлічэнняў ад даходаў пры правядзенні спаборніцтваў, ад выдавецкай дзейнасці, платы за права трансляцыі спаборніцтваў па тэлебачанні і інш.
Першыя М.с.а. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (міжнар. федэрацыі веславання, гімнастыкі, міжнар. саюзы канькабежцаў і веласіпедыстаў, Міжнар.алімп.к-т і інш.). Існуе больш за 200 М.с.а., у т. л. больш за 100 па асобных відах спорту. У 1960-я г. з мэтай кансалідацыі нац.спарт. арг-цый і М.с.а. створаны ў якасці кансультатыўных арг-цый Ген. асацыяцыя Міжнар.спарт. федэрацый. Ген. асамблея нац.алімп. к-таў і Пастаянная кансультатыўная канфедэрацыя нац.алімп. к-таў Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на гоначных, спарт. і серыйных аўтамабілях. Асн. віды: шашэйна-кальцавыя і лінейныя гонкі, гонкі на аўтадроме, стадыёне, кросы па перасечанай мясцовасці, ралі, заезды на ўстанаўленне рэкордаў, аўтамаб. мнагабор’е (звычайна ўключае эканам. кіраванне, скораснае манеўраванне і інш.). Асн. крытэрыі класіфікацыі аўтамабіляў для аўтамабільнага спорта — тып аўтамабіля і рабочы аб’ём рухавіка.
Першыя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце праведзены ў 1894 у Францыі. З 1904 дзейнічае Міжнар. аўтамабільная Федэрацыя (ФІА). Чэмпіянаты свету з 1925, Еўропы з 1935. Найб. вядомыя і прэстыжныя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце — чэмпіянат свету па шашэйна-кальцавых гонках для гоначных аўтамабіляў (т.зв. «Формула-1»). На Беларусі аўтамабільны спорт развіваецца з 1960. В.Анкуда — чэмпіён СССР па шашэйна-кальцавых гонках (1973, 1976). У розныя гады ў зборную каманду СССР уваходзілі бел. аўтагоншчыкі А.Альхімовіч, В.Лукашэвіч, В.Рускіх, А.Шымакоўскі. У 1994 упершыню бел. аўтагоншчыкі С.Пракаповіч і Шымакоўскі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах на Кубак Еўропы і ў чэмпіянаце Еўропы. У 1962 адкрыта Мінскае спартыўна-гоначнае кальцо, дзе праводзяцца рэсп. і міжнар. спаборніцтвы па аўтамабільным спорце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЬЯ́РД (франц. billard, ад bille шар),
настольная гульня з шарамі. Вядзецца на пакрытым сукном стале (3,66 × 1,83 м; наз. таксама більярд) з бартамі, якія маюць 6 адтулін (лузаў) з сеткай; некаторыя більярды лузаў не маюць. Радзімай більярда лічаць Індыю і Кітай. Гульня вядзецца шарамі са слановай косці ці пластмасы. Кіем (даўж. 1,5 м) удараюць шары адзін аб адзін, каб загнаць іх у лузы. Існуе некалькі відаў гульні: амер. більярд (пул), англ. (снукер), італьян. (разнавіднасці — фішкі і карамболь); у краінах СНД і Францыі пашыраны рус. (класічны) більярд (разнавіднасці — рус. і маскоўская піраміды, амерыканка).
У шэрагу краін, у т. л. ў Беларусі, більярд лічыцца відам спорту. Праводзяцца спаборніцтвы, у т. л. чэмпіянаты свету. На Беларусі як спорт більярд развіваецца з 1989. Існуе (з 1991) мінская федэрацыя більярда. З 1992 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры більярда ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР і свету па рус. більярдзе. На Алімпійскіх гульнях 1996 у Атланце більярд прадстаўлены як паказальны від спорту.