індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці асобы, якія з’яўляюцца суб’ектыўнымі ўмовамі паспяховага ажыццяўлення пэўнага роду дзейнасці. Вылучаюць З. агульныя (здзяйсненне разнастайных відаў дзейнасці, напр., разумовыя З., развітая памяць, мова і інш.) і спецыяльныя (поспехі суб’екта ў пэўных відах дзейнасці, напр.муз., матэм., літ.). З. фарміруюцца і развіваюцца ў працэсе ажыццяўлення розных відаў дзейнасці. Яны не тоесныя сукупнасці ведаў, уменняў і навыкаў індывіда, а праяўляюцца ў дынаміцы (хуткасці, глыбіні, трываласці) авалодання спосабамі і прыёмамі дзейнасці. Своеасаблівае спалучэнне З., якія абумоўліваюць дыяпазон магчымасцей суб’екта, узровень і спецыфіку яго дзейнасці, — адоранасць, вышэйшая ступень адоранасці — талент, найвышэйшая — геніяльнасць. Выяўленне і развіццё З. мае значэнне для прафес. арыентацыі чалавека.
Літ.:
Теплов Б.М. Избр. тр.Т. 1. М., 1985;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. М., 1989. Т. 2. С. 122—147;
Готсдинер А.Л. К проблеме многосторонних способностей // Вопросы психологии. 1991. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫКО́ВЫ ПРАЦЭ́НТ,
плата, якую атрымлівае крэдытор (банк) ад пазычальніка за карыстанне пазыкай. У яе можа быць уключана і плата за аказанне паслуг пры выдзяленні крэдыту. Памер і парадак выплаты працэнта па разменных відах пазыковых аперацый устанаўліваецца дыферэнцыравана паводле крэдытнага дагавора паміж банкам і пазычальнікам. Працэнтныя стаўкі за пазыку могуць быць фіксаваныя (цвёрдыя), «плаваючыя», базісныя (базавыя). Фінансавы П.п. — плата, папярэдне вызначаная і нязменная на працягу ўсяго тэрміну карыстання пазыкай. Выкарыстоўваецца пры кароткатэрміновых (да 30 дзён) пазыках. Базісныя стаўкі даюць магчымасць мяняць плату за карыстанне пазыкай. У гэтым выпадку П.п. можа пераглядацца банкам на працягу ўсяго тэрміну крэдытавання з абавязковым паведамленнем пазычальніка. На ўзровень П.п. ўплываюць: сярэдні ўзровень платы за прыцягнутыя рэсурсы, дэпазітны працэнт, расходы пазычальніка, аб’ект крэдытавання, плацежаздольнасць кліента, ступень рызыкі праекта, тэрмін пазыкі, узровень інфляцыі і інш. фактары, якія вынікаюць з грашова-крэдытнай палітыкі цэнтр. банка і ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНЫ РЫ́НАК,
сістэма ўстойлівых таварна-грашовых адносін паміж краінамі, якія звязаны ўдзелам у міжнародным падзеле працы; сукупнасць нац. рынкаў, якія ўзаемазвязаны і ўзаемадзейнічаюць праз розныя формы эканам. адносін. С.р. узнік у 16 ст. на мануфактурнай стадыі развіцця грамадскай вытв-сці. Пачаў актыўна фарміравацца пад уплывам руху гандлёвага капіталу, які эканамічна і палітычна ўсталяваўся ў большасці еўрап. краін. Наступная стадыя развіцця С.р. звязана з прамысл. рэвалюцыяй 18—19 ст., якая буйную прам-сць паставіла ў залежнасць ад знешняга гандлю. Завяршальны этап яго фарміравання адносіцца да канца 19 — пач. 20 ст., характарызуецца ростам міжнароднага гандлю, зменамі ў структуры гандл. патокаў, якія ўзаемна пераплялі нац. эканомікі. С.р. актыўна ўплывае на эканам. адносіны і макраэканам. раўнавагу адасобленых гасп. сістэм, інтэрнацыяналізацыю вытв-сці і капіталу. На аснове канкурэнтнай барацьбы вызначае структуру і аб’ём экспарту тавараў, узровеньміжнар. падзелу працы, міграцыі рабочай сілы і інш.Гл. таксама Сусветная гаспадарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯСІ́ТА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ловаць (цячэ праз возера), за 43 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 3,45 км², даўж. 4,6 км, найб.шыр. 1,3 км, найб.глыб. 10,6 м, даўж. берагавой лініі 12,8 км, пл. вадазбору 370 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 5—10 м (на У 3—5 м), разараныя. Адзначаны 2 тэрасы на выш. 2 і 5 м. Берагі нізкія, на У месцамі да 0,5 м, параслі хмызняком і водна-балотнай расліннасцю. Пойма шыр. 10—50 м (на ПдЗ да 200 м), забалочаная, пад хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей 2 м дно выслана ілам. Мноства водмелей і ўпадзін. Востраў пл. 1 га. Уздоўж берагоў да глыб. 1—1,2 м паласа надводнай расліннасці шыр. да 30 м. У выніку меліярац. работ у бас.р. Ловаць узровень возера паніжаны на 1,2—1.5 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭНА́Ж (франц. drainage ад англ. drain асушаць),
сістэма штучных вадатокаў — дрэнаў (труб, свідравін, поласцей і інш.), якія збіраюць і адводзяць залішнюю ваду з с.-г. зямель, ад збудаванняў, зніжаюць узровень падземных (грунтавых) вод. Выкарыстоўваецца пры меліярацыі, буд-ве, торфаздабычы, асваенні рудных радовішчаў і інш.
Д. с.-г. можа выкарыстоўвацца для асушэння, увільгатнення і рассольвання зямель. Адрозніваюць Д. гарыз. (трубчасты і поласцевы), верт. (сістэма свідравін) і камбінаваны (спалучэнне гарыз. дрэн са свідравінамі або калодзежамі). Робіцца з дапамогай дрэнажных машын, экскаватараў. У выкапаную траншэю або шчыліну укладваюць трубы з розных матэрыялаў. Керамічныя (ганчарныя) гарыз. дрэны кладуць упрытык, стыкі абкладаюць фільтравальнымі матэрыяламі, потым траншэю засыпаюць; пластмасавыя дрэны ўкладваюць і бестраншэйным спосабам (напр., з бухты) — у вузкую шчыліну ў грунце. У залежнасці ад размяшчэння дрэн на асушальнай плошчы адрозніваюць Д.: сістэматычны (паралельныя адна адной дрэны або свідравіны раўнамерна размеркаваны па тэр.); выбарачны, або тальвегавы (робіцца на асобных паніжэннях рэльефу); галаўны, або нагорналоўчы (для перахопу падземных вод з боку схілу); берагавы (для перахопу вады з боку ракі або вадасховішча пры падтапленні). У засушлівы перыяд Д. можа выкарыстоўвацца для ўвільгатнення зямель (падачай вады ў дрэнажныя сістэмы). У засушлівых зонах Д. выкарыстоўваюць для барацьбы з засаленнем арашальных зямель. Д. збудаванняў робяць (у выглядзе сістэмы труб, свідравін, латакоў, галерэй, штольняў і інш.) для асушэння і ўмацавання асноў будынкаў, плацін, дарог, аэрадромаў, для паніжэння фільтрацыйнага ціску вады на збудаванне і інш.
Літ.:
Мурашкшо А.И. Сельскохозяйственный дренаж в гумидной зоне. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
гаспадарча-фінансавы стан пазычальніка, які дае ўпэўненасць у эфектыўным выкарыстанні і вяртанні ім пазыкі (крэдыту), што дае яму права на атрыманне крэдыту. Пераход да рыначных адносін прадугледжвае больш жорсткія ўмовы выдачы крэдыту. Таму пры аналізе К. вывучаюцца існуючая і перспектыўная плацежаздольнасць, узровень рэнтабельнасці і абарачальнасць абаротных сродкаў, тэмпы росту рэалізацыі, сумы і тэрміны пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, дзелавая актыўнасць і інш. Пры ацэнцы К. банкі выкарыстоўваюць і каэфіцыент бягучай ліквіднасці. Лічыцца, што калі ён ніжэйшы за 1, то банк мае справу з неплацежаздольным кліентам і крэдыт можа быць выдадзены на асаблівых умовах; пры яго ўзроўні 1,0—1,5 існуе рызыка своечасовага вяртання доўгу; пры ўзроўні больш як 1,5 гарантыі забяспечанасці доўгу і яго вяртання дастатковыя. Пры аналізе К. вывучаецца і ступень рызыкі банка як крэдытора; пры высокай ступені рызыкі прадугледжваецца і больш высокая працэнтная стаўка. Здольнасць пазычаць і аддаваць грашовыя сродкі вызначаецца прыбытковасцю, стабільнасцю, сітуацыяй на крэдытным рынку, складам і структурай актываў, інш. фактарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫ́РКІ,
парныя органы мочаўтварэння і мочавыдзялення пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічаюць у водна-салявым гамеастазе, абмене бялкоў і вугляводаў, утварэнні біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць узровень крывянога ціску, скорасць утварэння эрытрацытаў, сакрэцыю альдастэрону наднырачнікамі, састаў крыві і выводзяць з арганізма канчатковыя прадукты азоцістага абмену рэчываў і інш. Размешчаны па баках пазваночніка ў забрушыннай клятчатцы паяснічнай вобласці. У кругларотых і рыб Н. стужкападобныя, у паўзуноў і птушак — дольчатыя, у большасці млекакормячых і чалавека — бобападобныя. Маса кожнай Н. ў чалавека 120—200 г, даўж. 10—12 см. У вышэйшых пазваночных парэнхіма Н. падзяляецца на коркавае і мазгавое рэчыва, у якім размешчана каля 2 млн.нефронаў; мазгавое рэчыва ўтварае 8—18 пірамід, паміж і над якімі знаходзяцца слаі коркавага рэчыва (нырачныя слупы). Звужаныя верхавінкі пірамід (нырачныя сасочкі) павернуты ў малыя нырачныя чашачкі, што адкрываюцца ў вял. чашачкі, потым — у лаханку і мачаточнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛЯ́ВА,
возера ў Крупскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Лукомка, за 20 км на Пн ад г. Крупкі. Пл. 15 км², даўж. 15 км, найб.шыр. 3 км, найб.глыб. 19,5 м, даўж. берагавой лініі 44,3 км, пл. вадазбору 324 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складаецца з вузкага паўд. і шырокага паўн. плёсаў. Схілы выш. 6—8 м (на Пн 3—5 м), пераважна парослыя лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, на Пд зліваюцца са схіламі. Дно да глыб. 4—6 м (месцамі да 10 м) выслана пясчана-галечнымі і апясчаненымі адкладамі, глыбей сапрапелямі. У паўн. плёсе 3 астравы, найб. з іх пл. каля 2 км². Мінералізацыя вады каля 200 мг/л, празрыстасць да 3 м. Эўтрофнае. Зарастае слаба. Уздоўж берагоў вузкая, перарывістая паласа з асок, чароту, трыснягу, хвашчу. Упадаюць рэкі Высокая і Ракітаўка, 5 ручаёў, на Пн злучана шырокай пратокай з воз. Абіда. Узровень возера штучна падняты на 2—3 м плацінай б. Сяляўскай ГЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРАДЖА́ЙНАСЦЬсельскагаспадарчых культур,
колькасць прадукцыі раслінаводства з адзінкі пасяўной плошчы. Вызначаюць у цэнтнерах з 1 га (у цяплічна-парніковай вытв-сці ў кг/м²). Узровень У. залежыць ад кліматычных, геагр., глебавых, мікрабіял., агратэхн., эканам. і інш. фактараў. Павышэнню У. садзейнічае вырошчванне с.-г. культур па інтэнсіўнай тэхналогіі. Адрозніваюць патэнцыяльную, планавую, У. на корані, фактычны збор, сярэднюю У.
Патэнцыяльная У. — макс. колькасць прадукцыі, якую можна атрымаць з 1 га пры поўнай рэалізацыі прадукц. якасцей с.-г. культуры, сорту; вылічваюць н.-д. ўстановы для вызначэння набору сартоў, найб. рацыянальнай с.-г. структуры для пэўнага рэгіёна. Планавая У. — колькасць прадукцыі, якую можна атрымаць з 1 га у канкрэтных гасп. умовах. У. на корані — колькасць гатовай прадукцыі ў полі перад своечасовай уборкай. Паказчык выкарыстоўваецца для распрацоўкі мер па зніжэнні страт ураджаю. Свірнавая У. (фактычны збор) — сабраная і ўлічаная прадукцыя. Сярэдняя У. вызначаецца за 1 ці некалькі гадоў па гаспадарцы або адм. адзінцы (раёне, вобласці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАЛАГІ́ЧНЫЯ ФА́КТАРЫ,
элементы асяроддзя, якія неабходны арганізму ці адмоўна на яго ўплываюць. Падзяляюцца на біятычныя фактары (драпежнікі, паразіты і інш.), абіятычныя фактары (т-ра, вільготнасць, святло і інш.) і антрапагенныя ці антрапічныя Э.ф. (гл.Антрапагеннае ўздзеянне). Для кожнага Э.ф. ў відаў існуюць межы вынослівасці. Віды з шырокімі межамі вынослівасці, якія маюць вял.экалагічную валентнасць, — эўрыбіёнты, віды з вузкім дыяпазонам Э.ф. — стэнабіёнты. Найб. спрыяльная для жыццядзейнасці арганізма інтэнсіўнасць Э.ф. — экалагічны оптымум, найб. неспрыяльная — экалагічны песімум. Оптымум і межы вынослівасці арганізма ў дачыненні да аднаго Э.ф. залежаць ад інш. уздзеянняў. Напр., у раслін пры аптымальнай т-ры павялічваецца ўстойлівасць да неспрыяльнай вільготнасці, недахопу жыўлення; у жывёл мноства корму павялічвае ўстойлівасць да кліматычных умоў. Э.ф., узровень якіх выходзіць за межы вынослівасці віду, — лімітуючыя Э.ф., — робяць немагчымым існаванне віду ў пэўнай экасістэме. Напр., нізкая канцэнтрацыя кіслароду ў вадаёмах — лімітуючы Э.ф. для стронгі; завоз драпежнікаў (сабак, катоў, тхароў) у Новую Зеландыю прывёў да поўнага ці частковага знікнення мясц. птушак (моа, ківі).