бактэрыі шарападобнай формы. Тэрмін «К.» выкарыстоўваюць для апісання формы мікраарганізмаў, таксанамічнага значэння не мае. Пашыраны ў глебе, паветры, харч. прадуктах і інш.Найб. вядомыя аэробныя К. — Micrococcus, анаэробныя — Peptococcus, Pediococcus.
Клеткі дыяметрам 0,5—4 мкм, нерухомыя. Пераважна грамстаноўчыя. Адзіночныя К. адносяцца да мікракокаў. У залежнасці ад напрамку дзялення ўтвараюць пары клетак — дыплакокі, ланцужкі — стрэптакокі. Пры дзяленні ў двух узаемнаперпендыкулярных напрамках узнікаюць плоскія «табліцы», у трох — кубічныя пакеты — сарцыны. Хаатычнае дзяленне з утварэннем гронкападобнай масы ўласціва стафілакокам. Некат. віды (малочнакіслыя стрэптакокі) выкарыстоўваюць у харч. прам-сці. Патагенныя стрэптакокі і стафілакокі выклікаюць гнойныя захворванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУТАТЫЁН, γ-L-глутаміл-L-цыстэінгліцын,
C10H17O6N3S, унутрыклетачны трыпептыд, складзены з астаткаў трох амінакіслот — глутамінавай, цыстэіну і гліцыну. Ёсць у высокіх канцэнтрацыях практычна ва ўсіх жывых клетках. Мае важнае значэнне для акісляльна-аднаўленчых рэакцый у сувязі са здольнасцю сульфгідрыльнай групы (-SH) цыстэіну акісляцца з утварэннем дысульфіднага мастка. Асн. функцыя глутатыёну — захаванне SH-групы бялкоў у адноўленым стане. Выконвае спецыфічную ролю пры разбурэнні таксічнага перакісу вадароду, аднаўленні акісленай формы аскарбінавай к-ты. Служыць кафактарам асобных ферментаў, асабліва пратэінаў, адыгрывае пэўную ролю ў транспарце амінакіслот праз клетачныя мембраны. Глутатыён атрымліваюць з дражджэй і сінтэтычна; выкарыстоўваюць пры біяхім. даследаваннях, кансерваванні крыві.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАГА ДУХО́ЎНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1799—1819 у Гомелі як летні дом М.П.Румянцава (арх. Дж.Кларк). З 1880 у будынку размяшчалася духоўная семінарыя. Складаўся з трох аб’ёмаў, пастаўленых на адной лініі: 2-павярховы драўляны корпус і злучаныя з ім галерэі 2-павярховых флігеляў. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны. Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Цэнтр гал. прамавугольнага ў плане аб’ёму вылучаны магутнымі рызалітамі на гал. і дваровых фасадах. Гал. фасад дэкарыраваны сандрыкамі, лепкай і інш. Дваровыя фасады карпусоў апрацаваны рустам, завершаны карнізам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМІ́ДА [ад грэч. pyramis (pyramidos)],
мнагаграннік, аснова якога — многавугольнік, а бакавыя стораны — трохвугольнікі з агульнай вяршыняй.
Па колькасці вуглоў асновы адрозніваюць П. трох-, чатырохвугольныя і г.д. Аб’ём П.
, дзе S — плошча асновы, h — вышыня (перпендыкуляр, апушчаны з вяршыні на плоскасць асновы). П. наз. правільнай, калі ў аснове правільны многавугольнік, а вышыня праходзіць праз цэнтр асновы. Калі П. перарэзаць плоскасцю, паралельнай аснове, атрымаюцца 2 часткі: П., падобная на дадзеную, і ўсечаная П, аб’ём якой
, дзе S1 і S2 — плошчы асноў.
Піраміда: а — адвольная; б — правільная; в — усечаная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКТЫ́ЎНАЯ ПРАСТО́РА,
эўклідава прастора, дапоўненая бясконца аддаленымі (няўласнымі) пунктамі, прамымі і плоскасцю. У больш агульным сэнсе П.п. — сукупнасць трох мностваў элементаў (пунктаў, прамых і плоскасцей), якія падпарадкоўваюцца патрабаванням аксіём праектыўнай геаметрыі.
У П.п. кожная прамая дапаўняецца адным няўласным пунктам і пераўтвараецца ў праектыўную прамую (паралельныя прамыя набываюць агульны няўласны пункт, непаралельныя — асобныя), кожная плоскасць — няўласнай прамой і пераўтвараецца ў праектыўную плоскасць (паралельныя плоскасці набываюць агульную няўласную прамую, непаралельныя — асобныя), уся прастора — адной няўласнай плоскасцю. Пры гэтым усе няўласныя пункты, далучаныя да прамых на пэўнай плоскасці, належаць да яе няўласнай прамой, а ўсе няўласныя пункты і прамыя — да няўласнай плоскасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ННІ ПАЛАСА́ТЫ, штрэйфлінг, штрыфель,
старадаўні асенні сорт яблыні. Належыць да зах.-еўрап. групы сартоў. Паходжанне невядома. Упершыню апісаны ў пач. 17 ст. Вельмі пашырыўся ў сярэдняй паласе Расіі, Прыбалтыцы, на Украіне. На Беларусі раянаваны ва ўсіх садовых зонах.
Дрэва моцнарослае, утварае высокашарападобную крону. Зімаўстойлівасць высокая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы. Плоданашэнне пачынае на 9—13-ы год. Высокаўраджайны. Плады буйныя (100—120 г), злёгку рабрыстыя, тупаканічныя, крыху сціснутыя з трох бакоў, зеленавата-жаўтаватыя з кармінавым румянцам у выглядзе палос і штрыхоў, выспяваюць у 2-й пал. верасня і могуць захоўвацца да лістапада. Мякаць кісла-салодкая, духмяная. Плады спажываюць пераважна свежыя, гатуюць варэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЦСЛАБАДСКІ БОЙ 1943,
баявая аперацыя партыз. фарміраванняў Беларусі, Літвы, Латвіі і Калінінскай вобл. Расіі па разгроме ням.-фаш. гарнізона 13 студз. ў нас. пункце Вецслабада ў Латвіі ў Вял.Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны штабам Латышскага партыз. атрада, кіраўніцтва ёю ажыццяўляў штаб брыгады «За Савецкую Беларусь» (камандзір А.В.Раманаў). Удзельнічалі байцы трохбел. і Калінінскай брыгад, Латышскага і Літоўскага партыз. атрадаў. Партызаны разграмілі будынкі гарнізона, спалілі спісы грамадзян, якіх гітлераўцы збіраліся вывезці на прымусовую працу ў Германію, узарвалі складскія памяшканні, захапілі вял. колькасць збожжа, цукру, воўны, нарабаваных акупантамі ў насельніцтва для адпраўкі ў Германію. У выніку бою былі сарваны планы карных аперацый праціўніка супраць партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЦ ((Witz) Конрад) (пасля 1400, г. Ротвайль, Германія — да 1446),
швейцарскі жывапісец. З 1434 (або 1435) працаваў у Базелі і Жэневе. У сваіх творах, пераходных ад готыкі да мастацтва Адраджэння, дасягнуў вял. пластычнай дасканаласці ў адлюстраванні фігур, інтэр’ера, гар. і альпійскага пейзажаў. З яго работ захаваліся створкі трох алтароў: «Зярцала збавення чалавецтва» для сабора ў Базелі (каля 1435), св. Пятра для сабора Сен-П’ер у Жэневе (1444), часткі невядомага алтара (магчыма, «Жыццё Марыі»). Частка алтара св. Пятра «Дзівосны ўлоў» (1444) — адзін з першых пейзажаў у еўрап. жывапісе, які адлюстраваў канкрэтную мясцовасць (бераг Жэнеўскага возера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГО́Н (лац. Argon),
Ar, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы элементаў, ат. н. 18, ат. м. 39,948; інертны газ. Атмасферны аргон складаецца з трох стабільных ізатопаў: 36Ar (0,337%), 38Ar (0,063%), і 40Ar (99,6%). У атмасферы 16∙1012т аргону, у зямной кары 0,165∙1012т, у вадзе 0,75∙1012т. Адкрыты ў 1894. Газ без колеру і паху, малекула аднаатамная, пры звычайных умовах хімічна інертны, tкіп -185,9 °C. Атрымліваюць раздзяленнем газаў пры глыбокім ахаладжэнні паветра. Выкарыстоўваецца ў металургічных (аргонадугавая зварка алюмініевых і алюмамагніевых сплаваў) і хім. працэсах (пры атрыманні звышчыстых рэчываў), для запаўнення эл. лямпаў і газаразрадных трубак, вызначэння ўзросту мінералаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБУЛАТО́РЫЯ (ад лац. ambulatorius рухомы),
лячэбна-прафілактычная ўстанова, што аказвае мед. дапамогу ў самой установе і дома. У адрозненне ад паліклінікі абслугоўвае хворых толькі па асн.трох спецыяльнасцях: тэрапіі, педыятрыі і стаматалогіі. У амбулаторыі вял. населеных пунктаў працуюць таксама акушэрка-гінеколаг, хірург, неўрапатолаг. Пры амбулаторыі можа дзейнічаць пункт неадкладнай дапамогі, дзённы стацыянар на 4—6 ложкаў. Мед. дапамога насельніцтву ажыццяўляецца па ўчасткова-тэр. прынцыпе. Існуюць амбулаторыі пераважна ў невял. гарадах і сельскай мясцовасці; бываюць самастойныя, пры бальніцах і на прамысл. прадпрыемствах, перасоўныя з клініка-дыягнастычнай, флюараграфічнай, стаматалагічнай і інш. лабараторыямі. У 1994 на Беларусі дзейнічалі 364 амбулаторыі, дзе працавала 497 урачоў.