ПРАТЭО́ЛІЗ (ад прата... + лізіс),

працэс ферментатыўнага расшчаплення бялкоў да пептыдаў і амінакіслот. У біял. сістэмах пашыраны рэакцыі абмежаванага П., калі гідролізу падпадае толькі абмежаваная колькасць сувязей, размешчаных на паверхні бялковай малекулы, што прыводзіць да ўтварэння невял. колькасці фрагментаў. З рэакцыямі абмежаванага П. звязана ажыццяўленне шэрагу фізіял. працэсаў.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГА́ЦІНА,

старажытная халодная зброя, разнавіднасць дзіды, пікі або кап’я, з шырокім масіўным двухбаковавострым наканечнікам, насаджаным на дрэўка (ратовішча). Напачатку выкарыстоўвалася як паляўнічая зброя, потым — на ўзбраенні гал. чынам пешых апалчэнцаў (пазней у некат. дзяржавах — конніцы); з пач. 18 ст. служыла толькі для палявання на буйнога звера.

Рагаціна.

т. 13, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАТРО́ФЫ [ад гетэра... + грэч. ...троф(ы)],

гетэратрофныя арганізмы, арганізмы, якія жывяцца гатовымі арган. рэчывамі і не здольныя да першаснага сінтэзу іх з неарган. злучэнняў. Да гетэратрофаў належаць усе жывёлы, чалавек, грыбы, большасць бактэрый, бесхларафільныя наземныя расліны, водарасці. Падзел раслін і мікраарганізмаў на гетэратрофаў і аўтатрофаў умоўны: напр., насякомаедным раслінам (расянка, плывунец і інш.) адначасова ўласцівы фотасінтэз і здольнасць выкарыстоўваць арган. рэчывы. Гетэратрофы, якія жывяцца толькі раслінамі, — фітафагі (усе траваедныя жывёлы), толькі жывёламі — заафагі (большасць драпежных звяроў), рэшткамі жывых арганізмаў — сапрафагі. Паводле спосабу атрымання ежы гетэратрофы падзяляюць на галазойных — жывёлы (жыўленне цвёрдай арган. ежай) і асматрофных — грыбы, бактэрыі (жыўленне растворанымі рэчывамі). У харчовым ланцугу экасістэмы гетэратрофы адыгрываюць ролю кансументаў і рэдуцэнтаў. Разам з аўтатрофамі гетэратрофы забяспечваюць рух арган. рэчываў у біягеацэнозах па трафічных ланцугах і адыгрываюць асн. ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА Ў КАРЧМЕ́, СПІ́САНАЯ КАНДРА́СЕМ З-ПАД ДО́КШЫЦ»,

вершаваны твор бел. л-ры канца 19 ст. Адзіны вядомы рукапісны спіс з в. Людвінаў (цяпер Вілейскі р-н) датуецца 20.7.1891. Звесткі пра Кандрася з-пад Докшыц (гэта аўтар «Гутаркі...» ці толькі перапісчык) адсутнічаюць. Упершыню поўнасцю апубл. Л.​Бэндэ ў час. «Полымя» (1956. № 2). Сяляне ў карчме абмяркоўваюць праблему «зямлі скупа і пашы мала». Яны спадзяюцца на новы перадзел зямлі. Бядняк Аляксей смела абгрунтоўвае сваё права на зямлю, Пётр верыць у добрага цара і яшчэ чакае ад яго літасці, а кулак Ігнат выражае афіц. погляд і лічыць, што шчасце селяніна ў яго ўласных руках, трэба толькі адцурацца гарэлкі і добра працаваць. У «Гутарцы...» ёсць яркія быт. дэталі і трапныя этнагр. замалёўкі.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

С.​Х.​Александровіч.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРТВАЯ МО́ВА,

мова, якая выйшла з ужытку і вядомая толькі па пісьмовых помніках ці запісах, што дайшлі з часу, калі яна была жывой. Часта захоўваецца ў жывым ужыванні ў якасці мовы культу (копцкая мова як мова богаслужэння ў хрысціян-егіпцян, лацінская мова ў каталіцкай царкве, царкоўнаславянская мова ў праваслаўнай царкве, класічная тыбецкая мова ў ламаісцкай царкве ў манг. народнасцей). Больш рэдкім з’яўляецца адначасовае выкарыстанне М.м. ў якасці саслоўнай (каставай жрэцкай, што звязана з яе культавай роляй) і літаратурнай, напр., санскрыт у стараж. і сярэдневяковай Індыі. М.м. можа выкарыстоўвацца ў навуцы (лац. мова). Лексіка М.м. характарызуецца колькаснай абмежаванасцю, лексемамі, значэнне якіх застаецца невядомым, і лексемамі, якія трапляюцца ў тэкстах толькі адзін раз. У выключных сац. умовах магчыма пераўтварэнне М.м. культу ў размоўную (напр., іўрыт). Многія з М.м. сталі набыткам навукі ў выніку дэшыфроўкі іх пісьмовых помнікаў.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБАРАЧА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,

фізічны працэс, які можа самаадвольна працякаць толькі ў адным пэўным напрамку. У адрозненне ад абарачальных працэсаў Н.п. выключае магчымасць вяртання тэрмадынамічнай сістэмы ў зыходны стан без якіх-н. істотных змен у навакольным асяроддзі. Усе Н.п. з’яўляюцца нераўнаважнымі працэсамі і з мікраскапічнага пункту гледжання вывучаюцца ў фіз. кінетыцы; тэрмадынаміка ўстанаўлівае для іх толькі няроўнасці, якія паказваюць магчымы напрамак працякання працэсу (гл. Другі закон тэрмадынамікі).

Да Н.п. адносяць дыфузію, цеплаправоднасць, вязкае цячэнне, хім. рэакцыі, рэлаксацыйныя і інш. працэсы, дзе адбываецца накіраваны прасторавы перанос рэчыва, энергіі, імпульсу, зараду. У замкнутых сістэмах Н.п. заўсёды суправаджаюцца ўзрастаннем энтрапіі (крытэрый неабарачальнасці; гл. Больцмана прынцып). У адкрытых сістэмах пры Н.п. энтрапія можа заставацца пастаяннай ці змяншацца за кошт абмену з навакольным асяроддзем, аднак ва ўсіх выпадках вытв-сць энтрапіі (яе ўзрастанне ў адзінку часу за кошт Н.п.) застаецца дадатнай.

П.​С.​Габец.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРСУЭ́ЛА (ісп. zarzuela),

іспанскі нац. муз.-драм. жанр, дзе харавыя і сольныя нумары перамяжоўваюцца з размоўнымі дыялогамі і танцамі, блізкі да аперэты. Назва ад каралеўскай вілы каля Мадрыда, дзе ў 17 ст. адбыліся першыя пастаноўкі С. Раннія С. вядомы толькі як літ. творы; першая з захаваных з музыкай — «Адным толькі поглядам рэўнасць забівае» Х.​Ідальга (лібрэта П.​Кальдэрона, 1660). У 18 ст. С. заняпала, выцеснена італьян. операй. У 19 ст. з адкрыццём у Мадрыдзе некалькіх т-раў для пастановак С. пачалося адраджэнне жанру ў 2 кірунках: вялікая С. (у двух і болей актах) і малая С. (аднаактовая, з рысамі вадэвіля). Сярод аўтараў музыкі С. ў 17—18 ст. С.​Дуран, Г.​Брунеці, Л.​Бакерыні; у 19 ст. Ф.​Барб’еры, Ф.​Чуэка, Т.​Брэтон, Э.​Гранадас; у 20 ст. А.​Вівес, М.​Тароба.

т. 14, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛАВО́Е ПО́ЛЕ,

частка прасторы (абмежаваная ці неабмежаваная), у кожным пункце якой на змешчаны там матэрыяльны пункт (часціцу) дзейнічае вызначаная сіла. Характарыстыкі С.п. могуць залежаць толькі ад каардынат (стацыянарнае С.п.), ад каардынат і часу (нестацыянарнае С.п.) ці мець пастаяннае значэнне ва ўсіх пунктах С.п. (аднароднае С.п.), незалежнае ад каардынат і часу.

С.п., у якім работа сіл поля, што дзейнічаюць на рухомую часціцу, залежыць толькі ад пачатковага і канцавога месцазнаходжанняў гэтай часціцы і не залежыць ад віду яе траекторыі, наз. патэнцыяльным, кожны пункт якога характарызуецца пэўным значэннем патэнцыялу. Напр., гравітацыйнае поле, электрамагнітнае поле. Работу сіл такога поля можна выразіць праз патэнцыяльную энергію часціцы U(x, y, z): A = U(x1, y1, z1) − U(x2, y2, z2), дзе x1, y1, z1, і x2, y2, z2 — каардынаты пачатковага і канцавога пунктаў траекторыі часціцы адпаведна. Гл. таксама Поле фізічнае.

т. 14, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАГЕ́Й (ад апа... + грэч. gē Зямля),

1) пункт арбіты Месяца ці штучнага спадарожніка Зямлі, найб. аддалены ад цэнтра Зямлі; процілеглы перыгею). У астраноміі тэрмін «апагей» адносіцца толькі да целаў, што рухаюцца па замкнёных арбітах вакол Зямлі.

2) У пераносным сэнсе апагей — найвышэйшая ступень, найб. ўздым, росквіт дзейнасці, творчасці, славы.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБІ́Н,

бялковая частка гемаглабіну. Сувязь паміж гемам і глабінам устойлівая, разбураецца толькі ў кіслым асяроддзі. Пасля адшчаплення гема бялок траціць натыўныя якасці. Скорасць сінтэзу глабіну ў арганізме вельмі вялікая, што звязана з інтэнсіўным аднаўленнем эрытрацытаў. Генетычна абумоўленыя анамаліі ў сінтэзе глабіну вызначаюць некаторыя хваробы крыві (серпападобнаклетачную анемію і інш.).

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)