ЛАЕЛЬ, Лаел (Lyell) Чарлз (14.11. 1797, Кінардзі, Вялікабрытанія — 22.2.1875), англійскі геолаг, прыродазнавец. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1871). Скончыў Оксфардскі ун-т (1819). У гал.навук. працы «Асновы геалогіі» (т. 1—3, 1830—33) у процівагу пануючай у той час тэорыі катастроф (гл.Катастроф тэорыя) распрацаваў вучэнне (актуалізм) аб павольных і бесперапынных зменах зямной паверхні пад уздзеяннем пастаянных геал. фактараў (атм. ападкі, цякучыя воды, вывяржэнне вулканаў і інш.). Актыўна падтрымліваў эвалюц. тэорыю Ч.Дарвіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТО́ (франц. loto ад італьян. lotto),
гульня на асобых картках з радамі лічбаў на іх, якія закрываюць гульцы па меры таго, як адзін з удзельнікаў гульні выцягвае спец. драўляныя фішкі і называе нумары, пазначаныя на іх. Выйграе той, хто раней закрые рады лічбаў на сваёй картцы. Л. з’явілася ў г. Генуя (Італія) у 16 ст. Існуюць розныя віды Л., у т. л. для дзяцей, калі на картках замест лічбаў паказаны розныя жывёлы, расліны ці інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕЛАГРА́М (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач + gramma лінія),
чатырохвугольнік, стораны якога папарна паралельныя. Выпуклы чатырохвугольнік будзе П. пры адной з наступных умоў: абедзве пары процілеглых старон — парамі роўныя адрэзкі; адна пара старон — роўныя і паралельныя адрэзкі; вуглы пры процілеглых вяршынях роўныя; пункт перасячэння дыяганалей дзеліць кожную з іх папалам. Асобныя віды П.: прамавугольнік (усе вуглы прамыя), ромб (усе стораны роўныя), квадрат (роўнастаронні прамавугольнік). Плошча П. роўная здабытку асновы на вышыню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮРА́ЛЬНЫ ВО́ТУМу канстытуцыйным праве,
наданне аднаму выбаршчыку права галасаваць некалькі разоў. Быў пашыраны ў 19 ст. У краінах Зах. Еўропы, Вялікабрытаніі, Германіі і інш. існаваў парадак, калі побач з уключэннем у выбарчы спіс па месцы жыхарства грамадзянін уключаўся ў спіс той акругі, дзе знаходзілася яго нерухомая маёмасць або універсітэт, дзе ён атрымаў вышэйшую адукацыю. Захаваўся ў Новай Зеландыі, некат. штатах Аўстраліі, дзе ўладальнікі буйной уласнасці на выбарах органаў мясц. самакіравання валодаюць некалькімі галасамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАНАЛО́ГІЯ,
раздзел мовазнаўства, які вывучае фаналагічную структуру марфем рознага тыпу і выкарыстанне фаналагічных адрозненняў у марфал. мэтах. Займае прамежкавае становішча паміж фаналогіяй і марфалогіяй. Даследуе фанемную структуру марфем, напр., каранёвыя марфемы назоўнікаў пераважна закрытыя («дом» — ∅, «сад» — ∅, «вад-а» і інш.), у той час як каранёвыя марфемы дзеясловаў могуць быць і закрытымі («слух-а-ць») і адкрытымі («лі-ць»); чаргаванне гукаў у розных морфах адной і той жа марфемы, напр., марфанемы ц’ — ч у морфах «кац’-» — «кач-» («каціць» — «качу»); правілы і заканамернасці спалучэння марфем у слове. На месцы спалучэння марфем узнікаюць марфемныя стыкі («марфемнае шво»), на якіх часта наглядаюцца гукавыя спалучэнні, якія не могуць сустракацца ўнутры марфемы. Напр., у бел. мове звычайна не бывае ў складзе марфемы спалучэнняў аднолькавых гукаў, аднак на марфемным стыку такія спалучэнні лёгка ўтвараюцца («па-абед-а-ць», «ад-да-ць»). На стыку марфем часцей за ўсё наглядаюцца і разнастайныя чаргаванні. Тэрмін «М.» ўвёў рас. вучоны М.С.Трубяцкой (1931).
Літ.:
Трубецкой Н.С. Некоторые соображения относительно морфонологии: Пер. с нем. // Пражский лингвистический кружок. М., 1967;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ НАРО́Д»,
грамадска-паліт., эканам. і літ. газета. Выдавалася 20.1—5.2.1919 у Гродне на бел. і рус. мовах. Інфармавала пра работу бел. арг-цый і дзярж. структур. Апублікавала першыя заявы Нар. сакратарыята БНР, пратэст бел. арг-цый супраць намеру польск. ўрада правесці выбары ў сейм на Гродзеншчыне, якая на той час не ўваходзіла ў склад польск. дзяржавы, інфармацыю пра адкрыццё ў шэрагу гарадоў Беларусі аддзелаў Бел.культ.-асв.т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Выйшлі 2 нумары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫСО́КІ ДУБ»,
бел.нар. гульня. Удзельнічаюць ад 4 да 8 чал., гуляюць на адкрытай пляцоўцы. Для гульні патрэбны палка, дошчачка, кароткая палачка і жалуды (або каменьчыкі, сасновыя шышкі і інш.). Упоперак вузкай ямкі кладуць кароткую палачку, на яе — дошчачку. Потым па чарзе кожны гулец кладзе жолуд на апушчаны канец дошчачкі, б’е палкай па яе краі. Калі жолуд падлятае ўверх, гулец ловіць яго. Перамагае той, хто зловіць больш жалудоў. Гульня выпрацоўвае спрыт, жвавасць, трапнасць і дакладнасць рухаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗЕРЦІ́РСТВА (ад франц. déserteur),
воінскае злачынства, якое заключаецца ў самавольным пакіданні вайск. часці або інш. падраздзялення з мэтай ухілення ад ваен. службы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь Д. лічыцца таксама няяўка ваеннаслужачага з той жа мэтай на службу пры назначэнні, пераводзе, з камандзіроўкі, водпуску або з лячэбнай установы. Адказнасць за Д. настае незалежна ад працягласці часу, на працягу якога ваеннаслужачы знаходзіўся па-за межамі часці ці месца службы. Д. караецца пазбаўленнем волі, у ваенны час — нават пакараннем смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНГЛІЯЗІ́ДЫ,
прыродныя арган. злучэнні з групы складаных ліпідаў (глікасфінгаліпіды). Уключаюць сфінгазін, ацыліраваны стэарынавай к-той, галактозу, глюкозу і розныя гексазаміны. Малекулярная маса 1500—3000. Біясінтэз гангліязідаў ажыццяўляецца далучэннем да цэрэбразідаў рэшткаў нейрамінавых к-т. Ёсць у б.ч. тканак жывёл (асабліва ў нерв. клетках шэрага рэчыва мозга), лакалізуюцца ў мікрасомах клетак і сінаптычных мембранах. Гангліязіды — моцныя антыгены, інгібіруюць дзеянне некаторых таксінаў, удзельнічаюць у рэгуляцыі мікраасяроддзя рэцэптараў, клетачных кантактаў. У чалавека змяненне колькасці і структуры гангліязідаў вядзе да парушэння псіхікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́ЖАЛЬЦЫ (halterium),
парныя булавападобныя або колбападобныя мініяцюрныя органы двухкрылых, самцоў вееракрылых і чарвяцоў. Уяўляюць сабой відазмененыя крылы — заднія ў двухкрылых і чарвяцоў або пярэднія ў вееракрылых. Аснова і галоўка Ж. маюць вял. колькасць органаў пачуццяў — сэнсіл (напр., у сляпнёў іх 565). Іх вял. колькасць у насякомых, якія добра лётаюць. У палёце Ж. вагаюцца (б’юць) з той жа частатой, што і крылы, але ў процілеглай фазе, і функцыянуюць як гіраскоп. Выдаленне Ж. (у эксперыменце) у мух парушае стабілізацыю палёту.