ДЗЮПІНЭ́ (Dupiney) Вінсент, французскі мастак-картаньер 18 ст. Нарадзіўся ў г. Ліёне (Францыя). Працаваў на ткацкіх прадпрыемствах Ліёна і Берліна. Вырабляў «узорнікі» для тканых паясоў. З 1768 ткач Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, дзе на «французскі манер» арганізаваў вытворчасць узорыстых тканін і паясоў (кіраўнік мануфактуры да 1780, у 1770—77 з Ж.Л.Унардам). Пры ім за першыя 2 гады колькасць варштатаў мануфактуры павялічылася з 6 да 60. Яму належыць шэраг паясоў з дэкорам па канцах у выглядзе 2 дрэў, паміж якімі кошык з кветкамі, над імі вянок, знізу ягня; таксама прыпісваюцца тканіны ў палосы з рэдкімі і дробнымі кветкавымі бутаньеркамі.
Літ.:
Pasy kontuszowe z polskich manufaktur i pracowni w zbiorach Museum Narodowego w Warszawe. Warszawa, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАБІ́НСКАЯ (Марыя Пятроўна) (н. 22.5.1938, в. Карані Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва, мастацтвазнавец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1961), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). Працавала ў праектна-тэхнал. ін-це «Белмясцпрампраект», Рэсп. доме нар. творчасці, навукова-метадычным цэнтры культуры, цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. Аўтар-складальнік альбомаў, каталогаў, метадычных дапаможнікаў і ілюстрацый да іх і ў т. л. да энцыклапедычных выданняў («Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя», на рус. мове, т. 4), у якіх даследуе бел.нар. мастацтва: «Мастацтва сяла Неглюбка» (1976), «Арнамент беларускіх народных тканін» (1983), «Адраджэнне забытага рамяства» (1985), «Свет вачыма дзяцей» (1992) і інш. Адна са стваральнікаў краязнаўчага музея ў в. Моталь Іванаўскага р-на (1984—87).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ВЕНТРЫ (Coventry),
горад у цэнтр.ч. Вялікабрытаніі. Каля 320 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: аўта-, авія-, рухавіка- і станкабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная, каляровая металургія (вытв-сць алюмінію і бронзы), хім. (штучны шоўк). Ун-т. Тэхн. каледж. Руіны гатычнага сабора (14 ст.; разбураны ў час 2-й сусв. вайны, захоўваюцца як сведчанне фаш. варварства), побач новы сабор (20 ст.). Пасля разбурэнняў у 2-ю сусв. вайну К. адбудаваны нанава.
Сфарміраваўся вакол заснаванага ў 1043 кляштара бенедыкцінцаў. У 1153 атрымаў гар. правы. У 13—17 ст. цэнтр гандлю і вытв-сці воўны. З пач. 20 ст. развіваецца вытв-сць аўтамабіляў, электраапаратуры, авіяматораў, самалётаў, штучных тканін. У 2-ю сусв. вайну бамбардзіроўкамі герм. авіяцыі знішчаны гіст. цэнтр К. з арх. помнікамі 14—15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУГІ́Р (ад тур. ваўняная тканіна),
у ісламе твор дэкар. мастацтва, тканіна з рэліг. надпісам або выявай рэліг. сімволікі. Прызначаны для пашырэння рэліг. ведаў, у нар. свядомасці мае таксама функцыі абярога. Першапачаткова вырабляўся туркамі-качэўнікамі, праз іх трапіў да крымскіх татар. У бел. татар вядомы з 16 ст. як элемент насценнага аздаблення мячэці ці жылога дома. Спачатку М. выраблялі з казінай воўны, потым таксама з інш.тканін і матэрыялаў. На Беларусі былі вядомы М. як апраўленыя ў рамы пергаменты з вершамі Карана, малітвамі, імем прарока Мухамеда. У 19—20 ст. яны змяняюцца літаграфіямі з відамі славутых мячэцей, атрыбутамі ісламскай сімволікі. У М. бел. татар творча ўзаемадзейнічалі татарскія і бел.культ. традыцыі.
Г.Л.Дубар.
Мугір з Клецка. 1912. Беларускі музей гісторыі рэлігіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІАМІ́ДНЫЯ ВАЛО́КНЫ,
сінтэтычныя валокны, атрыманыя фармаваннем з расплаваў ці раствораў поліамідаў. Каля 98% ад агульнай вытв-сці П.в. складаюць валокны з аліфатычных поліамідаў, пераважна полікапрааміду (гандл. назвы капрон, найлан-6, перлон, дэдэрон, амілан, рэлон і інш.) і полігексаметыленадыпінаміду (анід, найлан-6,6, глацэм і інш.).
Характарызуюцца высокімі трываласцю, эластычнасцю, устойлівасцю да сцірання, шматразовага выгінання і многіх хім. рэагентаў. Маюць нізкую гіграскапічнасць (прычына павышанай электрызавальнасці), святло- і тэрмаўстойлівасць (макс. рабочая т-ра 80—150 °C). П.в. з араматычных поліамідаў (напр., полі-м-феніленізафталаміду) тэрмаўстойлівыя: прыдатныя для эксплуатацыі пры 250—500 °C. Выкарыстоўваюць для вытв-сці трыкатажу, тканін, дываноў, шыннага корду, гумава-тэхн. вырабаў, рыбалоўнай сеткі, канатаў. вяровак. фільтравальных матэрыялаў для харч. прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НКАВІЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Усх. Палессі. Бытаваў у 19—1-й пал. 20 ст. пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Жлобінскім р-нах. Адметны дасканала распрацаванай і выверанай арнаментыкай натыкання і вышывак, своеасаблівымі, з мноствам пышных Калінкавіцкі строй. Жанчына ў святочным адзенні з гарсэтам. Вёска Яланы Светлагорскага раёна Гомельскай вобл. 1920-я г. фальбонак каўнярамі жаночых кашуль, багата аздобленымі гарсэтамі. Аснову жаночага летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца-андарак, фартух, гарсэт, галаўны ўбор.
Кашулю шылі з 3 полак даматканага белага палатна, з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным (стаяча-адкладным) прышытым ці здымным каўняром з мноствам пышных фальбонак. Аздаблялі кашулю натыканнем, вышыўкай на каўняры, рукавах, плечавых устаўках, падоле, а таксама карункамі, мохрыкамі, нашыўкамі тканін. Андарак кроілі з 4 полак даматканага сукна ў верт. пункцірныя рознакаляровыя паскі на сакавіта-малінавым фоне («андарак у граты») і ў рознакаляровыя паскі на цёмна-чырвоным фоне, якія ўтваралі буйную клетку («андарак у краты»), Да верху спадніцы, сабранага ў дробныя складкі, прышывалі спец. вытканы пояс. Фартух шылі з 2 полак палатна, злучалі іх дэкар. швом-расшыўкай. Белае поле фартуха натыкалася строгім арнаментам з прамавугольнікаў і квадратаў, гарыз. палос. Гарсэт шылі з тонкага даматканага, злёгку прываленага сукна або фабрычных тканін. Кроіўся прыталеным з баскай у форме 4 кліноў або пышнай фальбоны. Крыссе яго абапал засцежкі аздаблялі нашыўкай тасьмы розных колераў, упрыгожвалі метал. і касцянымі гузікамі, машыннай ці ручной строчкай. Традыц. галаўнымі ўборамі дзяўчат былі вянкі, павязкі накшталт маленькіх ручнікоў — скіндачкі, замужніх жанчын — наміткі, хусткі, чапцы са скіндачкамі, донца якіх вышывалася густым чырвоным арнаментам.
Аснову мужчынскага адзення складалі кашуля з поясам і нагавіцы. Тунікападобная кашуля шылася з белага кужэльнага палатна, аздаблялася паскамі геам. арнаменту на каўняры, пазусе, плячах, рукавах і падоле. Адзенне дапаўнялася галаўным уборам (магерка, аблавуха), скураной кайстрачкай-калітой, скураным чэхлікам для ножыка, грабеньчыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕБРЫ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́, Гебрыды (Hebrides),
архіпелаг у Атлантычным ак., у складзе Брытанскіх а-воў; тэр. Вялікабрытаніі. Уключае каля 500 астравоў. Пл. 7,5 тыс.км². Выш. да 1009 м (г. Кулін-Хілс на в-ве Скай). Падзяляюцца Гебрыдскія астравы на Унутраныя і Знешнія пралівамі Норт-Мінч, Літл-Мінч і Гебрыдскім м. Да Унутраных Гебрыдскіх астравоў адносяцца а-вы: Скай, Мал, Айлей, Джура, Рам і інш. Пераважае моцна расчлянёны нізкагорны рэльеф (200—600 м). На Знешніх Гебрыдскіх астравах — Льюіс, Норт-Уіст, Саўт-Уіст, Бара і інш. — пашыраны цокальныя нізіны (100—150 м), складзеныя з гнейсаў. Лававыя палі, шматлікія сляды зледзяненняў (трогі, кары). Клімат марскі вільготны. Т-ры студз. -6 °C, ліп. 12—14 °C; ападкаў 1000—2000 мм за год. Лугі, месцамі аголеныя схілы, верасовыя зараснікі, тарфянікі. Рыбалоўства. Авечкагадоўля. Вытв-сць шарсцяных тканін. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКАЯ (Наталля Сяргееўна) (н. 7.11.1958, в. Забараўе Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Віцебскі тэхнал.ін-т лёгкай прам-сці (1983). З 1983 мастак на Магілёўскім камбінаце шаўковых тканін, з 1988 выкладае ў Віцебскім тэхнал. ун-це. Працуе ў галіне габелена ў тэхніцы ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца тонкімі суадносінамі пастэльных колераў, разнастайнасцю кампазіцыйных і фактурных вырашэнняў, спалучэннем традыц. матэрыялаў (лён, воўна) з нетрадыцыйнымі (сінт. валокны, дрот, метал, шкло, сізаль), зваротам да спадчыны нар. мастацтва. Сярод работ: «Два жыцці» (1982), «Забытая вёска» (1989), «Вечар», «Дажджлівае акно», «Вясна» (усе 1991), «Мае вербы» (1993), «Маркотныя кветкі», «У лесе кладуцца цені» (абедзве 1994), «Старажытныя рукапісы», «Зямля квітнее» (абедзве 1996), «Гарадскія рытмы» (1997), «Сярод бяроз, слядоў і цішыні» (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,
тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі пераважна ў Ляхавіцкім, а таксама Баранавіцкім, Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст. Даўжыня ручнікоў 310—400 см, шыр. 26—30 см. Ткуць з адбеленага кужалю або белай бавоўны. Кампазіцыя аздобы ствараецца чаргаваннем папярочных суцэльных і пункцірных палосак рознай шырыні, якія групуюцца ў шлякі — на канцах шырокія, шчыльныя, да сярэдзіны вузкія, рэдка размешчаныя. Узор ствараецца чырвонымі ніткамі ўтку з невял. ўкрапінамі чорных, цёмна-сініх, жоўтых. Тэхніка ткання шматнітовая, часам закладная. Аздабляюць на канцах мохрыкамі, утворанымі з нітак асновы, кутасамі, карункамі. Аздабленне і каларыстычная гама блізкая да афармлення нар. адзення, розных відаў маст.тканін гэтай этнагр. зоны.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Ляхавіцкія ручнікі. Фрагмент ручніка з в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫРЫ́КСКІЯ КУРГАНЫ́,
група вял. курганоў (магілы родавых ці племянных правадыроў) ва ўрочышчы Пазырык на правым беразе р.Вял. Улаган у Рэспубліцы Алтай (Расія). Даследаваліся ў 1929, 1947—49. У П.к. выяўлены прамавугольныя ямы глыб. да 4 м і пл. каля 50 м², у якіх стаялі пахавальныя камеры (зрубы з бярвення) выш. да 2 м. Дзякуючы значнай вышыні Пазырыка, асаблівасці клімату і канструкцыі курганоў пад імі ўзнікла шматгадовая мерзлата, якая забяспечыла добрую захаванасць пахавальнага інвентару і бальзаміраваных нябожчыкаў (мужчына мангалоід, мужчына і жанчына еўрапеоіднага тыпу, мужчынскія целы пакрыты татуіроўкай). Захаваліся вырабы з дрэва, тканін, лямцу, футра і скуры, у т. л. ворсавы дыван, танюткія шарсцяныя тканіны, а таксама вышытыя кітайскія шаўковыя тканіны. Шматлікія творы мастацтва выкананы ў т.зв.звярыным стылі.
Да. арт.Пазырыкскія курганы. Наверша з дрэва. 5 ст. да н.э.