урочышча на паўд.-зах. беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., адметнае наяўнасцю ўпарадкавана размешчаных валуноў.
Асобныя валуны размешчаны так, што ўтвараюць П-падобную фігуру (квадрат памерам 15 × 15 м), арыентаваную адкрытым бокам на ПнЗ, дзе знаходзіцца ўзгорак «Валатоўка». Лічыцца, што К. — старажытная абсерваторыя, якая дазваляла вызначаць пачатак святкавання Купалля — дзень летняга сонцастаяння. Калі Сонца, за якім назіралі праз адкрыты бок К., пры захадзе датыкалася да вяршыні Валатоўкі, наступала самая кароткая (купальская) ноч года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́МФА (ад лац. lympha чыстая вада, вільгаць),
вадкасць, што цыркулюе ў лімфатычнай сістэме пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечвае абмен рэчываў паміж тканкамі і крывёю арганізма. Нашча амаль празрыстая, пасля прыёму ежы белая, непразрыстая, падобная да малака, з вял. колькасцю неэмульгаванага тлушчу. Утвараецца фільтрацыяй плазмы крыві праз сценкі сасудзістых капіляраў у міжтканкавыя прасторы (тканкавая вадкасць). Мае ў сабе да 90% лімфацытаў, бялкі, гармоны, ліпіды, метабаліты, ферменты і інш.Удз. в. — 1,017—1,026; pH 7,4—9. Згусае не так хутка, як кроў (за 10—15 хвілін). Аб’ём Л. ў чалавека 1,5—2 л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУБА́РАК Мухамед Хосні (н. 4.5.1928, в. Кафр-эль-Мусейліха, Егіпет),
ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч Егіпта. Скончыў авіяц. вучылішчы ў Егіпце і СССР, Ваен. акадэмію імя Фрунзе ў Маскве (1957). У 1967—69 нач. Ваенна-паветр. акадэміі Егіпта. У 1969—72 нач. штаба, у 1972—75 камандуючы егіп.ВПС, нам.ваен. міністра. У 1976—81 нам. старшыні Нац.-дэмакр. партыі, са студз. 1982 яе ген. сакратар. У 1975—81 віцэ-прэзідэнт, з кастр. 1981 прэзідэнт Егіпта. Праводзіць прагматычны курс на эканам. развіццё Егіпта і на супрацоўніцтва як з індустрыяльнымі дзяржавамі, так і з краінамі, якія развіваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТЫПО́ЛЬ (ад мульты... + грэч. polos полюс),
пэўная канфігурацыя кропкавых крыніц поля (зарадаў). Напр., кропкавы зарад — М. нулявога парадку; 2 процілеглыя па знаку і роўныя па модулі зараду — дыполь, ці М. 1-га парадку; 4 аднолькавыя па модулі зараду, размешчаныя ў вяршынях паралелаграма так, што кожная старана злучае процілеглыя па знаку зарады — квадруполь, ці М. 2-га парадку. Асн. характарыстыка М. — мультыпольны момант, які дазваляе адназначна звязаць палі М. з палямі складаных сістэм крыніц на вял. адлегласцях, што вядзе да уніфікацыі рашэння шырокага класа задач. Паняцце М. дастасавальнае для апісання палёў, створаных эл., магн. і інш. зарадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНАМА́ЗІЯ (ад грэч.пара...+ onoma называю),
стылістычны прыём гукавога збліжэння этымалагічна і семантычна розных слоў у сказе ці суседніх сказах. Выкарыстоўваецца для стварэння гукавых эфектаў у паэт. творах («Сінявокі прашчур // Сяброўку юную гукаў //I рэха, быццам камень з прашчы, // У Нёмнаў падала рукаў» — Р.Барадулін), скорагаворках («Патап пакаваў пакупнікам пакупкі ў пакункі»). З’яву П. часта выкарыстоўваюць для большай выразнасці выказвання, стварэння каламбураў, камічных эфектаў: «Людзі трымаюць ордэр так, як трымаюць ордэн» (А.Вярцінскі. «Гнёзды»). Паводле прынцыпу П. нярэдка фармулююцца загалоўкі публіцыстычных артыкулаў і сатыр. твораў: «Фермы і фірмы», «Камбінатар з камбіната».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮС І ПАЛА́РА,
спалучаныя пункт і прамая, якія характарызуюць уласцівасці ліній 2-га парадку.
Калі пункт P і прамая Q1Q2 размешчаны адносна крывой 2-га парадку Lтак, што для адвольнага пункта Q выконваецца роўнасць M2Q/QM1 = M2P/PM1 (гарманічнае размяшчэнне пунктаў M1, M2, P, Q), то пункт Pназ. полюсам, а прамая Q1Q2 — яго палярай. Паляра пункта, што знаходзіцца на лініі L, супадае з датычнай у гэтым пункце. Аналагічна вызначаюцца полюсы і палярныя плоскасці для паверхняў 2-га парадку. П. і п. выкарыстоўваюцца ў праектыўнай геаметрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУ́СКАЯ ПРА́ЎДА» Песцеля, «Руская праўда, ці Запаветная дзяржаўная грамата вялікага народа расійскага, якая з’яўляецца запаветам для ўдасканалення Расіі і змяшчае верны наказ як для народа, так і для часовага вярхоўнага праўлення»,
праграмны дакумент Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў. Распрацавана П.І.Песцелем да 1824. Прадугледжвала ліквідацыю прыгону, надзяленне сялян зямлёй пры частковым захаванні памешчыцкага землеўладання, абвяшчэнне Расіі рэспублікай, роўнасць усіх грамадзян перад законам, ліквідацыю саслоўяў, гарантыю грамадз. свабод: слова, друку, сходаў і інш. Паводле «Р.п.», уся паўната заканадаўчай улады ў краіне павінна належаць аднапалатнаму народнаму вечу, выканаўчая ўлада — Дзярж. думе. Упершыню надрукавана ў 1906 П.Е.Шчогалевым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫ́ПКА,
у беларусаў традыц. прылада для зімовай лоўлі рыбы; стаўная пастка ў выглядзе аднагорлавага буча з прыбудаваным да ўваходу карытцам. Наз. таксама кош. С. ставілі ў палонцы на неглыбокім месцы так, каб карытца знаходзілася ў адкрытай вадзе, а конус — пад лёдам. Рыба, што з-за недахопу кіслароду ў вадзе імкнулася да паверхні вадаёма, трапляла ў карытца, а пасля, шукаючы выхаду з яго, праз горла заходзіла ў буч. Як і пры лоўлі каробкамі, палонку закрывалі галінкамі, сенам і снегам (каб не замярзала вада). Рыбачылі С. на Палессі, вядома таксама на Магілёўшчыне і ПнУ Гомельшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЖБА СО́НЦА,
сістэматычныя назіранні Сонца для атрымання інфармацыі пра з’явы, што адбываюцца ў яго атмасферы. Праводзяцца па міжнар. праграме спец. сеткай астр. станцый і абсерваторый. Даследуецца сонечная актыўнасць і яе ўплыў на геафіз. працэсы, а таксама сонечныя плямы, іх магн. палі, храмасферныя ўспышкі. пратуберанцы, валокны, сонечная карона, радыёвыпрамяненне Сонца і інш. Звесткі публікуюцца ў выглядзе карт, табліц і графікаў (для кожнага дня назіранняў), за больш працяглыя перыяды часу — у каталогах. Даныя С.С. выкарыстоўваюцца як для практычных мэт (прагнозы ўмоў радыёсувязі. магн. бур, касм. радыяцыйнага становішча і інш.), так і для даследавання прыроды сонечнай актыўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЙНАЯ ВЯЧЭ́РА,
паводле Евангелляў, апошняя сумесная трапеза Ісуса Хрыста і дванаццаці апосталаў у Іерусаліме напярэдадні «перадвелікоднай пятніцы», распяцця Хрыста на крыжы і яго смерці. У час святочнай вячэры, прыгатаванай вучнямі (апосталамі), Хрыстос прадказаў, што адзін з іх (Іуда Іскарыёт) здрадзіць яму. Надламаўшы хлеб, Ісус даў яго з’есці вучням са словамі: «гэта ёсць цела маё», потым даў ім папіць з кубка з віном, кажучы: «гэта ёсць кроў мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца». Ён завяшчаў вучням і надалей рабіць так, як успамін пра яго, уводзячы тым самым адно з таінстваў хрысц. царквы — прычасце (еўхарыстыю).