МАГНІ́ТНАЕ НАСЫЧЭ́ННЕ,
стан пара- ці ферамагнетыка, пры якім яго намагнічанасць дасягае найб. значэння і больш не змяняецца пры павелічэнні напружанасці знешняга (намагнічвальнага) магн. поля. Абмяжоўвае рабочыя магнітныя патокі і выклікае нелінейнасць характарыстык, якія вызначаюць работу розных прылад і прыстасаванняў з магн. ланцугамі (напр., эл. машын, трансфарматараў, электрамагнітаў).
т. 9, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПЛЕКСНАГА ВЫКАРЫСТА́ННЯ ВО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ НДІ Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1961 у Мінску. Да 1991 — галаўная арг-цыя па праблемах выкарыстання водных рэсурсаў у СССР. З 1992 — галаўная арг-цыя па рацыянальным выкарыстанні і ахове водных рэсурсаў на Беларусі. Асн. кірункі навук. дзейнасці: комплексная ацэнка стану і прагноз змянення водных рэсурсаў у звычайных ўмовах і парушаных у выніку гасп. дзейнасці; ацэнка ўплыву забору падземных і паверхневых вод на экалагічны стан прылеглых тэрыторый; распрацоўка мерапрыемстваў па ахове водных рэсурсаў ад іх вычарпання і забруджвання; гідраэкалагічнае абследаванне гасп. аб’ектаў, экспертыза тэхналогій і праектаў, якія здольны аказваць уплыў на стан водных аб’ектаў; распрацоўка праграмнага забеспячэння, геаінфарм. тэхналогій, мадэліраванне; вядзенне дзярж. воднага кадастру і маніторынгу; экалагічная сертыфікацыя, аўдыт і менеджмент у галіне выкарыстання і аховы водных рэсурсаў і інш.
М.М.Чарапанскі.
т. 8, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ДЫТ,
адна з двух частак (разам з дэбетам) рахункаў бухгалтарскага ўліку. Звесткі ў рахунках бухгалтарскага ўліку, якія характарызуюць стан сродкаў прадпрыемства, іх крыніц на пачатак і канец справаздачнага перыяду, наз. пачатковымі і канчатковымі астаткамі (сальда). Звычайна ў балансе прадпрыемства склад сродкаў паказваюць у левым баку (актыве), таму і астаткі сродкаў у актыўных рахунках адлюстроўваюць у гэтым баку (дэбеце). Актыўныя рахункі заўсёды маюць дэбетавы астатак, які характарызуе наяўнасць дадзенага віду сродкаў. Стан крыніц сродкаў у балансе паказваецца ў правым баку — пасіве, таму і астатак крыніц сродкаў у пасіўных рахунках адлюстроўваецца ў гэтым баку — К. Пасіўныя рахункі заўсёды маюць крэдытавы астатак, які паказвае наяўнасць дадзенай канкрэтнай крыніцы сродкаў (напр., статутнага, рэзервовага фонду, фонду спец. прызначэння, прыбытку і інш.). У актыўных рахунках дэбет большы за К. або роўны яму; у пасіўных — К. большы за дэбет або роўны яму.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ДЫЭЛЕ́КТРЫКАЎ,
працэс узнікнення ў дыэлектрыках стану, які характарызуецца наяўнасцю эл. дыпольнага моманту ў кожнага элемента іх аб’ёму (палярызаванага стану), пад уздзеяннем знешніх фактараў (эл. палёў, мех. напружанняў, змены т-ры і інш.), а таксама сам палярызаваны стан дыэлектрыка. Характарызуецца палярызаванасцю ці вектарам палярызацыі .
Найб. значэнне мае П.д. у знешнім эл. полі, якая абумоўлена зрушэннем электронаў у атамах і іонах (электронная, ці дэфармацыйная палярызацыя), зрушэннем іонаў у цвёрдых дыэлектрыках з іоннай крышт. рашоткай (іонная палярызацыя), паваротам дыпольных малекул (арыентацыйная палярызацыя). Залежыць ад напружанасці знеш. эл. поля — . У слабых палях
, дзе ε0 — эл. пастаянная, χ — дыэлектрычная ўспрыімлівасць. П.д. можа мець месца з прычыны мех. напружанняў (гл. П’езаэлектрычныя матэрыялы). Існуюць дыэлектрыкі са спантаннай (самаадвольнай) палярызацыяй (гл. Піраэлектрычнасць, Сегнетаэлектрыкі), а таксама дыэлектрыкі, здольныя працяглы час захоўваць наэлектрызаваны стан (электрэты).
т. 12, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗАНА́НСНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
электрамагнітнае выпрамяненне, вылучанае сістэмай зарадаў (напр., атамам), з частатой, роўнай частаце ўзбуджальнага выпрамянення. Назіраецца пры пэўных умовах, напр., у разрэджаных газах, замарожаных растворах. Адкрыта Р.Вудам (1905) пры даследаваннях пары натрыю.
Для ўзбуджэння Р.в. атам (ці інш. сістэму звязаных зарадаў) абпрамяняюць, напр., святлом пэўнай частаты. Пры паглынанні кванта святла атам пераходзіць ва ўзбуджаны стан, пры спантанным вяртанні з якога ў асн. стан адбываюцца Р.в., — атам выпрамяняе квант святла той жа частаты і ў спектры выпрамянення выяўляецца рэзанансная лінія. Пры ўзаемадзеянні атамнага ядра з гама-выпрамяненнем назіраецца Р.в. гама-квантаў. Р.в. заўсёды палярызавана, пры гэтым ступень і характар палярызацыі вызначаецца характарам палярызацыі ўзбуджальнага выпрамянення, напрамкам назірання, уласцівасцямі выпрамяняльнага аб’екта, наяўнасцю ў ім дамешкаў, знешняга магн. поля (найб. адчувальна; у эксперыментах неабходна ўлічваць магн. поле Зямлі). Гл. таксама Вымушанае выпрамяненне, Квантавы генератар.
т. 13, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́МІКА (ад грэч. mimikos пераймальны),
выразныя рухі мышцаў твару; адна з форм выяўлення пачуццяў, настрою чалавека. Адрозніваюць М. міжвольную і свядомую (М. акцёра). У тэатры М. — важны элемент акцёрскага мастацтва; дапамагае акцёру стварыць сцэн. вобраз, выявіць псіхал. характарыстыку, фізічны і душэўны стан персанажа. На М. пабудавана мастацтва пантамімы.
т. 10, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕРПІ́Н,
алкалоід расліны раўвольфіі, заспакаяльны і лек. гіпатэнзіўны сродак, C33H40N2O9. Прыгнечвае функцыю ц. н. с., у выніку чаго памяншаецца сісталічны і дыясталічны ціск. Выклікае стан эмацыянальнага спакою, зніжае рухальную актыўнасць, інтэнсіўнасць абменных працэсаў і т-ру цела. У некат. выпадках Р. выкарыстоўваецца пры павышанай функцыі шчытападобнай залозы, псіхозах.
т. 13, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАЯ МЕДЫЦЫ́НА,
раздзел медыцыны, які вывучае стан здароўя грамадства. Даследуе ўмовы жыцця, вытв. адносіны, заканамернасці развіцця народанасельніцтва, дэмаграфічныя працэсы, а таксама неспрыяльны ўплыў сац. фактараў і ўмоў на здароўе насельніцтва. Выпрацоўвае навукова абгрунтаваныя рэкамендацыі па прадухіленні шкодных для здароўя насельніцтва сац. умоў. Гл. таксама Сацыяльныя хваробы.
Э.А.Вальчук.
т. 14, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ПУНКТ, пункт нулявога зараду,
стан паверхні цела (ці часцінкі дысперснай фазы) у кантакце з растворам электраліту, які характарызуецца аднолькавай колькасцю станоўчых і адмоўных зарадаў у адсарбцыйным слоі. Адзін з асн. параметраў, што вызначае эл.-хім. ўласцівасці амфалітаў (напр., амінакіслот і бялкоў). Вызначэнне І.п. розных субстратаў арганізма праводзіцца з мэтай дыягностыкі.
т. 7, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НІЯ (ад грэч. mania вар’яцтва, шаленства, захопленасць),
маніякальны сіндром, псіхапаталагічны стан, пры якім хворы чалавек нематывавана ўзрушаны, увага няўстойлівая, назіраецца моварухальнае ўзбуджэнне, зменлівы настрой. Найчасцей развіваецца пры эндагенных захворваннях (маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія), бывае вынікам хвароб галаўнога мозга і інш. У цяжкіх выпадках М. ўзнікаюць галюцынацыі, зацямненне свядомасці. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 10, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)