О́РДЭН РЫ́ЦАРАЎ ПРА́ЦЫ, Высакародны ордэн рыцараў працы (The Noble Order of Knights of Labor),
масавая арг-цыя рабочых ЗША у апошняй трэці 19 ст.Засн. ў 1869 у г. Філадэльфія краўцом У.Стэфенсам, да 1878 дзейнічаў тайна. Меў складаны рытуал і абрады. Аб’ядноўваў гал. чынам некваліфікаваных рабочых розных прафесій і некаторыя інш. катэгорыі працоўных. Мэта — стварэнне вытв. кааператываў, арг-цыя ўзаемадапамогі працоўных, барацьба за лепшыя ўмовы працы. Легалізацыя О.р.п. спрыяла яго ператварэнню ў найб. ўплывовую арг-цыю рабочых ЗША (700 тыс. членаў у 1886). Да 1886 ордэн правёў шэраг паспяховых забастовак, у далейшым яго кіраўніцтва на чале з Т.В.Паўдэрлі выступала за мірныя спосабы вырашэння прац. спрэчак. З канца 1880-х г. уплыў і колькасць членаў О.р.п. няўхільна скарачаліся, у канцы 1890-х г. ён распаўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМЕ́Т,
у шырокім сэнсе — аб’ект, усякае існае, што выступае як абмежаванае і ў сабе завершанае; усё, што можа знаходзіцца ў адносінах або валодаць якімі-н. уласцівасцямі. Асн. віды П.: рэч, фізічна прыналежная да знешняга свету П.; стан як П. — агульны стан пачуццяў, або духоўная накіраванасць (напр., дух часу). У метафіз. матэрыялізме паняцце «П.» атаясамлівалася з паняццем «цела», паколькі працягласць або атаясамлівалася з матэрыяй (Р.Дэкарт і яго паслядоўнікі), або разглядалася як асн. атрыбут матэрыі (Т.Гобс, франц. матэрыялісты 18 ст.). Суб’ектыўны ідэалізм (Дж.Берклі, Э.Мах) разумеў пад рэччу сукупнасць адчуванняў, таму для яго рэальным з’яўляецца толькі адзін П. — свядомасць асобнага чалавека. У аб’ектыўным ідэалізме рэальны П. разглядаецца як адлюстраванне ідэй, паняццяў. Дыялектыка разглядае любы П. як працэс. У мове катэгорыі П. маюць свае спец.спосабы абазначэння (часцей гэта назоўнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМАРФО́З (ад грэч. airō падымаю + morphōsis узор, форма),
анагенез, арагенез, морфафізіялагічны прагрэс, эвалюцыйнае пераўтварэнне марфалагічнай структуры і функцый арганізма, у выніку якога ён падымаецца на прынцыпова новую, больш прагрэсіўную ступень развіцця; адзін з асн. кірункаў біял. прагрэсу. Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1920). Арамарфоз садзейнічае высокай жыццяздольнасці арганізма, павышэнню ўзроўню абмену рэчываў, развівае больш актыўныя спосабы барацьбы за існаванне і інш. Магчымасці арамарфозу рэалізуюцца ў працэсе развіцця ідыяадаптацый і інш. больш вузкіх прыстасаванняў, на базе якіх могуць фарміравацца новыя арамармозы. Напр., лёгкія для кісцяпёрых рыб (продкаў наземных пазваночных) былі ідыяадаптацыяй, што давала ім магчымасць існаваць у вадаёмах з паніжанай колькасцю растворанага кіслароду. Для іх патомкаў (наземных пазваночных) арамарфозам стала ўдасканаленне лёгачнага дыхання. Якасны скачок арамарфозу адбыўся пры пераходзе ад рэптыліяпадобных да млекакормячых: чатырохкамернае сэрца, унутрывантробны тып развіцця, узнікненне пёравага, валасянога покрыва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛАЎ (Мікалай Сяргеевіч) (25.12.1900, г. Арол — 21.9.1976),
бел. фізік. Акад.АН Беларусі (1940), д-р фізіка-матэм. н., праф. (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926). У 1931—54 у Маскоўскім ун-це. З 1959 у Фізіка-тэхн. ін-це, у 1963—67 заг. Аддзела фізікі неразбуральнага кантролю АН Беларусі. У 1928 сфармуляваў закон анізатрапіі, які ўстанаўлівае сувязь паміж магн. і мех. ўласцівасцямі ферамагнетыкаў. Аўтар прац па тэорыі хім. дынамікі і ланцуговых працэсаў, стат. тэорыі дыслакацыі, тэорыі пластычнасці і трываласці. Прапанаваў метады аналізу ферасплаваў і спосабы выяўлення дэфектаў у метал. вырабах. Дзяржаўная прэмія СССР 1941, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Ферромагнетизм. М.; Л., 1939;
Основы химической динамики. М., 1940;
Теория цепных процессов. М.; Л., 1951;
Дислокации и пластичность. Мн., 1961.
Літ.:
Н.С.Акулов // Весці АНБССР. Сер. фізіка-тэхн. навук. 1976. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНА́МІКА ЗБУДАВА́ННЯЎ,
раздзел будаўнічай механікі, які вывучае ваганні збудаванняў, што выклікаюцца дынамічнымі нагрузкамі, распрацоўвае метады разліку такіх збудаванняў, спосабы вібраізаляцыі і гашэння ваганняў. Звязаны са статыкай збудаванняў і агульнай тэорыяй ваганняў.
У Д.з. даследуюць ветравыя і сейсмічныя ваганні, ударнае ўздзеянне рухомых цел, вібрацыю і інш. нагрузкі, уздзеянне ваганняў на абсталяванне і людзей, вызначаюць мяжу трываласці і інш. дынамічныя характарыстыкі матэрыялаў і канструкцый, правяраюць надзейнасць разліковых схем збудаванняў і інш.
Асн. задачы Д.з. — вызначэнне ўласных частот і праверка збудаванняў на рэзананс; вызначэнне ўнутр. сіл у элементах збудаванняў, перамяшчэнняў, скорасцей і паскарэнняў мас збудаванняў, якія выкліканы дынамічнымі нагрузкамі і ўздзеяннямі. Для рашэння гэтых задач карыстаюцца тэарэт. метадамі даследавання (аналітычныя і лікавыя, з выкарыстаннем выліч. тэхнікі) і эксперыментальнымі (засн. на даследаванні фіз. мадэлей збудаванняў, на натуральных выпрабаваннях і назіраннях).
Літ.:
Строительная механика. Динамика и устойчивость сооружений. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ННАЯ ПЛА́ЎКА, зонная перакрышталізацыя,
апрацоўка матэрыялу (у выглядзе стрыжня, выцягнутага злітка) расплаўленнем вузкай зоны і перамяшчэннем яе ўздоўж стрыжня. Выкарыстоўваецца для атрымання (рафінавання) чыстых матэрыялаў (т.зв. зонная ачыстка), легіравання і раўнамернага размеркавання дамешкаў па злітку (зоннае выраўноўванне), для вырошчвання монакрышталёў і інш. З.п. можна апрацоўваць амаль усе металы, паўправаднікі і дыэлектрыкі.
Адрозніваюць кантэйнерную і бястыгельную З.п. Пры кантэйнернай матэрыял змяшчаюць у спец. кантэйнер, які павольна перамяшчаецца адносна награвальнікаў. Пры гэтым на мяжы раздзелу цвёрдай і вадкай фаз адбываецца крышталізацыя матэрыялу. Пры бястыгельнай З.п. стрыжань (злітак) устанаўліваюць вертыкальна, а награвальнік размяшчаюць вакол яго. Спосабы нагрэву: індукцыйны токамі ВЧ, электронна-прамянёвы, радыяцыйны. Упершыню З.п. выкарыстана ў 1927 для ачысткі жалеза, пашырылася з 1952.
Схемы зоннай плаўкі: а — кантэйнернай (1 — труба, 2 — кантэйнер, 3 — награвальны элемент, 4 — зона плаўкі); б — бястыгельнай (1 — труба, 2 — стрыжань, 3 — награвальны элемент, 4 — зона плаўкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя ўгнаенні, якія маюць мікраэлементы, неабходныя раслінам у невял. колькасці. Пры дастатковай забяспечанасці раслін асн. пажыўнымі рэчывамі (азот, фосфар, калій) М. павышаюць ураджайнасць і ўстойлівасць раслін да захворванняў, а таксама паляпшаюць якасць с.-г. прадукцыі. Звычайна ў якасці М. выкарыстоўваюць солі мікраэлементаў, адходы прам-сці (шлакі, шламы), хелаты, што маюць мікраэлементы.
Патрэбнасць с.-г. культур у М. вызначаецца іх біял. асаблівасцямі і колькасцю мікраэлементаў у глебе, якая залежыць ад кіслотнасці глебы і колькасці гумусу ў ёй. Асн.спосабы выкарыстання М.: унясенне ў глебу да сяўбы разам з макраўгнаеннямі, апрацоўка растворамі М. раслін (апырскванне) і насення (перадпасяўное намочванне). Найб. пашыраныя М. — борныя ўгнаенні, медныя ўгнаенні, марганцавыя ўгнаенні, кобальтавыя ўгнаенні, цынкавыя ўгнаенні.
Літ.:
Рекомендации по использованию микроудобрений в земледелии Белоруссии, Литвы, Латвии, Эстонии. Мн., 1987;
Федюшкин Б.Ф. Минеральные удобрения с микроэлементами: Технология и применение. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСПАЛІ́ТАЕ РУШЭ́ННЕ,
шляхецкае апалчэнне ў феад. Польшчы і ВКЛ (Рэчы Паспалітай); асн. форма арганізацыі ўзбр. сіл дзяржавы, заснаваная на прынцыпе, што кожны шляхціц незалежна ад велічыні маёнтка ў час вайны абавязаны адпраўляцца ў ваенны паход. У ВКЛ з пач. 16 ст. землеўладальнікі ад кожных 8, а з 1566—10 службаў (у службе 2 дымы) выстаўлялі ў войска ўзбр. конніка, а калі зямлі было менш, землеўладальнікі ішлі служыць самі. У П.р. ўваходзілі таксама прывілеяваныя сяляне (асочнікі, стральцы, выбранцы), панцырныя баяры, путныя баяры, мяшчане, якія валодалі зямлёй, казакі, татары і інш. Час ад часу праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага. Колькасць П.р. ВКЛ дасягала 30 тыс.чал. П.р. склікалася соймам, узначальвалася вял. гетманамі Польшчы і ВКЛ, часам каралём. Ужо ў 15 ст. немагчымасць караць шляхту і няздольнасць арганізаваць новыя спосабы вядзення вайны рабілі П.р. малапрыгодным. Існавала да канца 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраметрыі, які распрацоўвае метады, інструменты і прылады для вызначэння геагр. каардынат, азімутаў напрамкаў і дакладнага часу паводле астр. назіранняў. Падзяляецца на геадэзічную астраномію, мараходную (распрацоўвае спосабы вызначэння па нябесных свяцілах і навігацыйных ШСЗ месцазнаходжання судна ў моры і папраўкі прылад курсапаказвання) і авіяцыйную (вызначае каардынаты лятальнага апарата í папраўкі компаса ва ўмовах палёту). Вымяральныя прылады П.а.: зеніт-тэлескоп, кварцавы гадзіннік, мерыдыянны круг, пасажны інструмент, секстант, універсальны інструмент, хранограф, хранометр і інш. Па астр. гадзінніках службы часу розных краін вызначаюць час адпаведнага часавага пояса з дакладнасцю да дзесяцітысячнай долі секунды, кругласутачна перадаюць сігналы дакладнага часу. Астр. метады арыенціроўкі (вызначэнне геагр. каардынат і азімутаў напрамкаў) з’яўляюцца найб. надзейнымі метадамі ў далёкіх плаваннях марскіх караблёў, авіяц. і касм. палётах.
Літ.:
Блажко С.Н. Курс практической астрономии. 4 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛЕ́КТ ШТУ́ЧНЫ,
раздзел інфарматыкі, які вывучае метады, спосабы і прыёмы мадэліравання і ўзнаўлення з дапамогай ЭВМ разумовай дзейнасці чалавека, звязанай з рашэннем розных задач. Асн. дастасаванні адносяцца да робататэхнікі і стварэння метадаў, сродкаў і тэхналогій праектавання камп’ютэрных сістэм спец. класа — інтэлектуальных сістэм (ІС).
Сфарміраваўся як навук. кірунак у пач. 1970-х г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграміравання, выліч. тэхнікі, стварэння баз ведаў, экспертных сістэм і інш.Асн. праблемы: мадэліраванне разважанняў, фарміраванне паняццяў, распазнаванне вобразаў (у т. л. зрокавых, гукавых), прагназаванне адаптацыі, вылічэнняў, творчасці і інш., а таксама рэалізацыя мадэлей гэтых працэсаў у ІС. Адрозненне ІС ад традыц. камп’ютэрных сістэм: магчымасць навучацца новым відам дзейнасці — знаходзіць рашэнне задачы без папярэдне зададзенага алгарытму, напр., карыстальнік дае патрэбнае заданне, а праграму для яго выканання ІС будуе сама.
Літ.:
Искусственный интеллект: Справ. Кн. 1—3. М., 1990.