ЧЭ́НСЛЕР, Чэнслар (Chancellor),

Рычард (?—10.11.1556), англійскі мараплавец. У 1553 камандаваў адным з трох караблёў экспедыцыі, адпраўленай англ. гандл. кампаніяй на пошукі Паўн.-Усх. праходу (гл. Паўночны марскі шлях) пад кіраўніцтвам Х.​Уілабі. Абагнуўшы з Пн Скандынаўскі і Кольскі п-авы, дасягнуў вусця Паўн. Дзвіны. Быў прыняты ў Маскве Іванам IV і ў сак. 1554 атрымаў грамату на права свабоднага гандлю з Маскоўскай дзяржавай. Справаздачу Ч. апрацаваў яго спадарожнік К.​Адамс. У 1555 Ч. 2-і раз пабываў у Маскве, на зваротным шляху загінуў у час шторму.

т. 17, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВІ́ЦКІ Аляксандр Андрэевіч (23.11.1885, Масква — 4.7.1965),

расійскі кінааператар; заснавальнік рас. школы аператарскага мастацтва. Засл. дз. маст. Расіі (1946). З 1924 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1939 праф.). У кіно з 1910, да 1917 зняў каля 100 фільмаў маст. (пераважна экранізацыі рус. класікі), дакументальных, хранікальных і навукова-папулярных. Удзельнічаў у стварэнні першых сав. маст. фільмаў: «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў» (1924) і «Прамень смерці» (1925), якія паклалі пачатак пошуку выяўл. дэталей, новаму вырашэнню кампазіцыі масавых сцэн. Сярод інш. фільмаў: «Маці» (1920), «Крыж і маўзер» (1925), «Сёмы спадарожнік» (1928) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тытан (спадарожнік Сатурна) 4/100; 9/370; 10/6

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́БАС (грэч. phobos страх),

спадарожнік планеты Марс. Адлегласць ад планеты 9380 км (бліжэйшы да Марса). Мае няправільную форму, найб. папярочнік каля 27 км. Паверхня складаецца з цёмных мінералаў з нізкім альбеда, пакрытая шматлікімі кратэрамі і тоўстым слоем пылу. Перыяд абарачэння вакол Марса 7 гадз 39 мін 27 с (на працягу марсіянскіх сутак двойчы ўзыходзіць і заходзіць). З прычыны вял. вуглавой скорасці Ф. апярэджвае восевае абарачэнне планеты і, у адрозненне ад інш. нябесных цел, узыходзіць на З, а заходзіць на У. Рухаецца амаль у плоскасці экватара Марса і павернуты да планеты заўсёды адным і тым жа бокам. Адкрыты амер. астраномам А.​Холам (1877).

А.​А.​Шымбалёў.

т. 16, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПІЯНЕ́Р»,

«Паянір» (англ. Pioneer), серыя амер. аўтаматычных міжпланетных станцый для даследавання Месяца, планет і касм. прасторы; праграмы іх распрацоўкі і запускаў. Макс. маса каля 260 кг.

У 1958—78 запушчаны 14 станцый. «П.-5» (1960) — штучны спадарожнік Сонца. «П.-10» (1972) упершыню здзейсніў пралёт пояса астэроідаў, наблізіўся да Юпітэра (1973; праведзена даследаванне планеты), дасягнуў 3-й касм. скорасці і выйшаў за межы Сонечнай сістэмы (1983). «П.-11» (1973): даследаванне з пралётнай траекторыі Юпітэра, Сатурна і яго спадарожніка Тытана (1979); атрыманы фотаздымкі планет і некаторых іх спадарожнікаў; выйшаў за межы Сонечнай сістэмы ў 1993. «П.-Венера-1, -2» (1978) выканалі даследаванне Венеры, у т. л. яе атмасферы.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУРКО́ Іосіф Уладзіміравіч (24.2.1938, в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 2.7.1989),

бел. паэт, кінадраматург, перакладчык. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у ЦК ЛКСМБ, у Бюро міжнар. маладзёжнага турызму «Спадарожнік», у апараце СМ Беларусі. У 1974—89 на Бел. тэлебачанні. Друкаваўся з 1962. Аўтар зб. лірыкі «Бацькоўскі парог» (1973). Вершы С. вылучаюцца мілагучнасцю і меладычнасцю, прасякнуты грамадз. пафасам, любоўю да роднага краю; на многія з іх напісаны песні. Напісаў сцэнарый дакумент. фільма «Драўгістэ — дружба». На бел. мову пераклаў паасобныя творы В.​Бокава, Б.​Кежуна, А.​Твардоўскага, К.​Шавялёвай, М.​Нагнібеды, К.​Галчынскага і інш.

Тв.:

Весніцы: Вершы, песні. Мн., 1990.

Літ.:

Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУТО́Н,

дзевятая па адлегласці ад Сонца і апошняя з вядомых планет Сонечнай сістэмы. Астр. знак ♇. Адкрыты К.​Томба (1930, ЗША). Існаванне П. тэарэтычна памылкова прадказаў амер. астраном П.​Ловел (1915) з аналізу ўзбурэнняў, якія П. быццам аказвае на рух планеты Нептун. Вывучэнне арбіты П. паказала, што Ловел памыліўся ў разліках і адкрыццё П. было выпадковым.

Бляск П. 14,7 візуальнай зорнай велічыні (простым вокам не назіраецца). Абарачаецца вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце з перыядам 247,7 зямнога года і сярэдняй скорасцю 4,7 км/с; перасякае арбіту планеты Нептун. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 39,4 а.а. Мае вял. спадарожнік Харон, параўнальны па памерах з П., таму сістэму П. — Харон наз. падвойнай планетай. Яны знаходзяцца блізка адзін ад аднаго і першапачаткова пры назіранні зліваліся ў адно цела (памеры П. былі завышаныя). Пры дапамозе касм. тэлескопа імя Э.​Хабла (1995, НАСА) атрыманы відарысы П. і Харона; вызначаны дыяметры П. — 2320 км і Харона — 1270 км, радыус арбіты Харона 19 130 км; перыяд абарачэння спадарожніка роўны перыяду вярчэння самога П. — 6,387 зямных сутак (сінхронная арбіта). Сярэдняя шчыльнасць П. 2,06∙10​3кг/м³, Харона 2,18 ∙10​3кг/м³. Абодва целы складаюцца ў асноўным з лёду; спектраскапічнымі метадамі на паверхні П. выяўлены замёрзлы метан; т-ра паверхні каля -228 °C Маса П. каля 1,79∙10​22 кг. У 1999 Міжнар. астр. саюз перавёў П. у разрад планет-астэроідаў з прысваеннем парадкавага нумара астэроіда і з захаваннем статуса планеты Сонечнай сістэмы.

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984;

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Плутон і яе спадарожнік Харон (касмічны тэлескоп імя Э.​Хабла, 1995, НАСА).

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮ́ЙГЕНС (Huygens) Крысціян (14.4.1629, г. Гаага, Нідэрланды — 8.6.1695),

нідэрландскі фізік, механік, матэматык і астраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1663) і Парыжскай АН (1966). Вучыўся ва ун-тах Лейдэна (1645—47) і Брэда (1647—49). У 1665—81 працаваў у Парыжы. Сфармуляваў асновы хвалевай тэорыі святла (гл. Гюйгенса—Фрэнеля прынцып), даследаваў рух цел пад дзеяннем удару, вывеў формулу цэнтраімклівага паскарэння. Вынайшаў маятнікавы гадзіннік (1657), удасканаліў падзорную трубу, адкрыў кольцы Сатурна і яго спадарожнік Тытан. Сканструяваў акуляр (акуляр Гюйгенса), вызначыў (з Р.​Гукам) пастаянныя пункты тэрмометра (пункт раставання лёду і пункт кіпення вады).

Тв.:

Рус. пер. — Трактат о свете... М.; Л., 1935;

Три мемуара по механике. [Л.], 1951.

Літ.:

Франкфурт У.И., Френк А.М. Христиан Гюйгенс, 1629—1695. М., 1962.

К.Гюйгенс.

т. 5, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КІШ Тадэвуш Генрыхавіч (н. 17.3.1963, г. Гродна),

бел. рэжысёр тэатра. Засл. дз. культ. Беларусі (1998). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1984). З 1979 рэжысёр дзіцячага т-ра пантамімы «Спадарожнік», адначасова з 1980 — нар. т-ра пантамімы «Рух» Палаца культуры Бел. т-ва глухіх у Мінску. Паставіў спектаклі: «Жыццё працягваецца» (1988, з У.​Колесавым, і аўтар), «Люстэрка» паводле замалёвак Х.​Бідструпа (1990; абодва Гран-пры Міжнар. фестывалю пантамімы 1988, 1990; г. Брно, Чэхія), «Курган» паводле паэмы Я.​Купалы (1985), «Шоу-кабарэ «I Love You» (1999, і аўтар). Рэжысёр-пастаноўшчык і аўтар пантамім «Экалогія — Чарнобыль» (1996), «Не, СНІДу!» (1998; абедзве Гран-пры Міжнар. фестывалю пантамімы 1996, 1998; г. Брно, Чэхія), сцэнічнага нумара «Павуцінне» (2002) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БР,

вёска ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Спадарожнік». За 36 км на Пн ад г.п. Лагойск, 76 км ад Мінска, 65 км ад чыг. ст. Смалявічы. 736 ж., 237 двароў (1994). Сярэдняя і пачатковая школы, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Касцёл і царква. Магіла жыхароў в. Расохі, спаленых ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну.

Вядома з пач. 16 ст. як Хатаевічы, уласнасць кн. В.​І.​Саламярэцкага. У 18 ст. мястэчка Мінскага пав., уласнасць мясц. дамініканскага кляштара. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Барысаўскім пав. У 1908 — 466 ж., 82 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Барысаўскай акр., з 1927 у Плешчаніцкім р-не. У 1939 в. Хатаевічы перайменавана ў Акцябр. З 1962 у Лагойскім р-не.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)