КАМПАНЕ́ЛА ((Campanella) Джавані Дамініка) (манаскае Тамаза; 5.9.1568, г. Стыла, Італія — 21.5.1639),
італьянскі філосаф, паліт. дзеяч. У сваёй першай кн. «Філасофія, даказаная адчуваннямі» (1591) адмаўляў схаластычную традыцыю, перыпатэтычную артадоксію і абараняў натурфіласофію Б.Тэлезіо. Быў абвінавачаны ў ерасі, зняволены. У 1599 за вальнадумства і арганізацыю змовы супраць ісп. панавання засуджаны да пажыццёвага зняволення. У 1629 апраўданы, пераехаў у Францыю.
К. — аўтар мноства твораў па філасофіі, палітыцы, астраноміі, медыцыне, у т. л.камуніст. утопіі «Горад Сонца» (1602, апубл. ў 1623). Распрацаваў вучэнне пра «дзве кнігі»: прырода, якую пазнае навука і філасофія; св. пісанне (спасцігаецца свядомасцю чалавека), сугучнае з канцэпцыяй «дзвюх ісцін» Ібн Рушда. Сцвярджаў, што паміж гэтымі кнігамі не існуе супярэчнасцей і такім чынам пацвярджаў незалежнасць навукі і філасофіі ад рэлігіі. Прызнаваў рэальнае існаванне матэрыі; асновай быцця лічыў не ідэальную форму, а матэрыю. Гал. атрыбут быцця — моц, мудрасць і любоў. Адстойваў прынцып самаруху ў прыродзе, выказаў ідэю пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды і пра здольнасць усякай рэчы да адчування. Адначасова прызнаваў першую Мудрасць і першы Розум, г. зн. сыходзіў на пазіцыі тэалогіі. К. — праціўнік абстрактнага тэарэтызавання, выступаў за доследнае пазнанне і за падпарадкаванне пазнання чалавечай практыцы. Пісаў канцоны, мадрыгалы, санеты.
Тв.:
Рус.пер. — Город Солнца. М., 1954.
Літ.:
Львов С.Л. Гражданин Города Солнца: Повесть о Томмазо Кампанелле. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЭІ́ЗМ (ад пан... + theos Бог),
рэлігійнае і філас. вучэнне, якое збліжае або атаясамлівае Бога з навакольным светам. Паняцце «П.» уведзена нідэрландскім тэолагам І.Фаем (1709). Пантэістычныя тэндэнцыі праяўляюцца ў ератычнай містыцы сярэдніх вякоў, характэрны для натурфіласофіі эпохі Адраджэння. У розных вучэннях П. выражае натуралістычныя, матэрыяліст. або ідэаліст. тэндэнцыі. Прыхільнікі адной плыні імкнуліся да ўзмацнення рэліг.-містычнага зместу тэалогіі шляхам растварэння прыроды ў Богу, сцвярджаючы, што Бог існуе ва ўсіх рэчах, з’явах, працэсах як звышнатуральны пачатак (Іаан Скот Эрыўгена, Н.Мальбранш, сучасныя філосафы-персаналісты). Прадстаўнікі другой лічылі, што менавіта Бог раствараецца ў прыродзе, што Сусвет нікім не створаны і кіруецца асабістымі законамі, што сама прырода і ёсць сапраўдны Бог (Дж.Бруна, Б.Спіноза, І.Гердэр). Гэта тэндэнцыя грунтуецца на гілазаістычных (гл.Гілазаізм) ідэях старажытнасці, на прынцыпах натуралізму сярэднявечча і з’яўляецца падставай для атэістычных поглядаў. Вядомы выпадкі і эклектычнага змяшэння элементаў гэтых плыняў. Аднак усе тыпы П. аб’ядноўвае прынцып адмаўлення асабістай персаніфікацыі Бога, які недасягальна ўзвышаецца над Сусветам і чалавекам паводле тэалагічных сістэм т.зв. аўраамічных рэлігій (хрысціянства, ісламу і іудаізму). На практыцы канцэптуальныя высновы П. прыводзяць да змены тэацэнтрычнай мадэлі Сусвету інш. парадыгмамі — космацэнтрычнай або антрапацэнтрычнай. На падставе ідэі П. аб стварэнні свету бесцялесным сусв. духам ці розумам, што знаходзіцца ў самой прыродзе, ням. філосафы Ф.Шэлінг і Г.Гегель спрабавалі прымірыць супярэчнасці паміж духоўным і матэрыяльным пачаткамі быцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЫМЯ»,
дзяржаўнае кніжнае выдавецтва ў Мінску. Засн. ў студз. 1950 у выніку зліцця выд-ваў ЦК ЛКСМБ і газ. «Савецкі селянін» як Газетна-часопіснае выд-ваМін-ва культуры БССР. У яго склад уваходзіла каля 20 газет і часопісаў [«Сталинская молодежь» (цяпер «Знамя юности»), «Чырвоная змена», «Зорька», «Піянер Беларусі» (цяпер «Раніца»), «Бярозка», «Работніца і сялянка» (цяпер «Алеся»), «Полымя», «Беларусь» і інш.]. У кастр. 1963 аб’яднана з выд-вам газ. «Мінская праўда» і рэдакцыяй вытв. л-ры Дзярж.выд-ваБССР і атрымала назву «Полымя». Пачало выпускаць прамысл. каталогі, інфарм. і рэкламныя выданні, нарматыўныя дакументы, даведнікі, памяткі і метад. рэкамендацыі па медыцыне і інш. З вер. 1976 кніжна-часопіснае выд-ва. Стала выдаваць л-ру па культуры быту і адпачынку, краязнаўстве, фізкультуры і спорце, дамаводстве і інш. У складзе выд-ва існавала некалькі рэсп. газет («Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Голас Радзімы» і інш.), каля 20 час. і бюлетэняў («Беларусь», «Полымя», «Нёман», «Родная прырода», «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» і інш.). З ліп. 1996 кніжнае выд-ва. Выпускае краязнаўчую, навук.-папулярную, спарт., па пытаннях аховы здароўя, вольнага часу, інфармацыйна-рэкламную л-ру, даведнікі, календары, падручнікі і кнігі серыі «Школьная б-ка», для інвалідаў па зроку і інш. Мае серыі «Гарады Беларусі», «Горад і наваколле», «Горад-пабрацім», «Нашы славутыя землякі», «Помнікі беларускага дойлідства». Выдае творы сучасных бел. аўтараў, перавыдае творы бел. краязнаўцаў і этнографаў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
характэрная для ўсіх жывых арганізмаў уласцівасць узнаўлення сабе падобных, якая забяспечвае бесперапыннасць і пераемнасць жыцця. Адрозніваюць 3 асн. формы: бясполае размнажэнне (у прасцейшых — дзяленне папалам, шызаганія, у вышэйшых раслін — з дапамогай спор), вегетатыўнае размнажэнне (у шматклетачных арганізмаў шляхам адасаблення ч. цела і аднаўлення іх ад цэлага індывідуума, пачкаванне) і палавое размнажэнне (двухполае, г.зн. у выніку апладнення, і аднаполае нявіннае — партэнагенез). З-за адсутнасці палавога працэсу бясполае і вегетатыўнае Р. часта мае агульную назву — бясполае Р., хаця прырода і паходжанне іх неаднолькавыя: пры бясполым Р. асобіна развіваецца з адной клеткі, не дыферэнцыраванай паводле полу, а пры вегетатыўным — новай асобіне даюць пачатак шматклетачныя зачаткі рознага паходжання. Палавому Р. шматклетачных папярэднічае ўтварэнне гамет (шляхам меёзу), якія зліваюцца пры апладненні ў зіготу, і спадчынная інфармацыя, што знаходзіцца ў ДНК храмасом, аб’ядноўваецца. На працягу жыцця Р. бывае аднаразовае (такія арганізмы наз. монацыклічнымі і звычайна прыносяць шматлікае патомства) і шматразовае (поліцыклічныя арганізмы менш пладавітыя). Для жыццёвага цыкла многіх відаў жывёл характэрна чаргаванне розных форм Р., якое спалучаецца з чаргаваннем марфалагічна розных пакаленняў: палавое і бясполае, двухполае і партэнагенез, двухполае і вегетатыўнае. Чаргаванне палавога (гаметафіт) і бясполага (спарафіт) пакаленняў бывае і ў раслін. На інтэнсіўнасць Р. ўплываюць умовы навакольнага асяроддзя — т-ра, даўж. светлавога дня, ежа і інш. У вышэйшых жывёл дзейнасць органаў Р. знаходзіцца пад кантролем нерв. сістэмы і эндакрынных залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙМА́Н АСТРАВЫ́, Кайманавы астравы (Cayman Islands),
група астравоў на ПнЗ Карыбскага м., у Вест-Індыі. Уладанне Вялікабрытаніі. Пл. 259 км². Нас. 36,2 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Джорджтаўн на в-ве Вял. Кайман. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1—2 чэрв.).
Прырода. Уладанне ўключае 3 астравы: Вял. Кайман (пл. 197 км²), М. Кайман і Кайман-Брак. Астравы нізінныя, складзены пераважна з вапнякоў. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры 15—30 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год, пераважна ў ліст.—красавіку. Пашыраны вечназялёныя ўмерана вільготныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, у т. л. махагоніевае. Мора багатае рыбай, чарапахамі, ракападобнымі і малюскамі.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва (пераважна мулаты і негры) складае 80%, англічане і амерыканцы ЗША — каля 20%. Вернікі — прэсвітэрыяне і баптысты. Сярэдняя шчыльн. каля 140 чал. на 1 км². Больш за 90% насельніцтва жыве на в-ве Вял. Кайман, у гарадах — каля 70%. У абслуговых галінах занята 89% насельніцтва, у прам-сці — 10%, у сельскай гаспадарцы — 1%.
Гісторыя. Адкрыты ў 1503 Х.Калумбам. У 1670 Іспанія перадала іх Англіі. З сярэдзіны 18 ст. ў яе падпарадкаванні, каланізаваліся англічанамі з Ямайкі. З 1962 асобная калонія. Дзейнічае канстытуцыя 1959, змененая ў 1972. Уладу ўзначальвае прызначаны брыт. манархам губернатар, які таксама з’яўляецца старшынёй Заканад. асамблеі і Выканаўчага савета.
Гаспадарка. Асновай эканомікі з’яўляюцца абслугоўванне замежных турыстаў і банкаўская дзейнасць. Штогадовы валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае каля 400 млн.дол. ЗША, каля 10 тыс.дол. на 1 чал. Клімат, выдатныя пляжы і ўмовы для падводнага палявання прыцягваюць шматлікіх замежных турыстаў. Доля турызму (больш за 500 тыс.чал. штогод, пераважна з ЗША) у ВУП дасягае 70%, на яго прыпадае каля 75% валютных паступленняў. На К.а. замежныя кампаніі вызвалены ад прамых падаткаў і адсутнічае кантроль над аперацыямі з валютай, таму зарэгістравана больш за 500 замежных банкаў і фін. арг-цый (у т. л. філіялы 40 з 50 найбуйнейшых банкаў свету), 18 тыс. кампаній. Банкаўскі і фін. сектары забяспечваюць каля 40% даходаў адміністрацыі астравоў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі па вытв-сці буд. матэрыялаў (у т. л.з-д жалезабетонных вырабаў і шыферная ф-ка), харч. прадуктаў (у т. л. рыбакансервавы з-д), рабочага адзення, канатаў. Нарыхтоўка каштоўнай драўніны. Магчымасці сельскай гаспадаркі абмежаваны беднасцю глеб і недахопам вады. Апрацоўваецца каля 10% пл. астравоў. Вырошчваюць цытрусавыя, манга, какосы, авакада, плады хлебнага дрэва, агародніну. Малочная жывёлагадоўля. Буйная ферма па развядзенні чарапах. Марскі промысел (лоўля акул, амараў, чарапах і інш.). Дадатковай крыніцай даходаў з’яўляецца праца на марскіх суднах розных краін (пераважна ЗША). Унутр. транспарт аўтамабільны. Марскі порт Джорджтаўн мае статус свабоднага порта. 2 міжнар. аэрапорты (на а-вах Вял. Кайман і Кайман-Брак). Штогадовы экспарт складае каля 4 млн.дол., імпарт — каля 250 млн.дол. Астравы экспартуюць чарапахавыя панцыры і мяса, рыбапрадукты, рабочае адзенне, скуры акул, канаты; імпартуюць разнастайныя харч. і прамысл. прадукты. Больш за 70% знешнегандл. абароту прыпадае на ЗША. Грашовая адзінка — долар а-воў Кайман.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-МАРЫ́НА (San Marino),
Рэспубліка Сан-Марына (Repubblica di San Marino), дзяржава ў Еўропе, на Апенінскім п-ве, за 13 км ад Адрыятычнага мора. Абкружана тэр. Італіі. Пл. 60 км². Нас. 26,9 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова італьянская. Сталіца — г.Сан-Марына. Падзяляецца на 9 адм. адзінак (замкаў). Нац. свята — гадавіна заснавання рэспублікі (3 вер.).
Дзяржаўны лад. С.-М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя (Статут) 1600 (са зменамі). Вышэйшы заканад. орган — Вялікі ген. савет (аднапалатны парламент), які складаецца з 60 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам па прапарцыянальным прадстаўніцтве на 5 гадоў). Функцыі кіраўніка дзяржавы і выканаўчай улады выконваюць 2 капітаны-рэгенты, якія выбіраюцца Вял.ген. саветам са сваіх членаў на 6 месяцаў.
Прырода. Усю краіну займаюць адгор’і Апенінаўвыш. да 739 м (г. Тытана). Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. 4 °C, у ліп. 23 °C. За год выпадае 800—900 мм ападкаў, найб. у зімовы час. Невял. ўчасткі маквісу, дубовыя гаі.
Насельніцтва. Каля 80% складаюць санмарынцы, народ блізкі да італьянцаў. Жывуць таксама італьянцы. Каля 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост каля 0,6%. Сярэдняя шчыльн. каля 450 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 91%. Гарады невялікія, ад 4 тыс. да 1 тыс.ж. Каля 55% насельніцтва занята ў сферы паслуг, каля 43% — у прам-сці, каля 2% — у сельскай гаспадарцы. Значная эміграцыя, каля 20 тыс. санмарынцаў жывуць за мяжой (найб. у Італіі).
Гісторыя. С.-М. — найстаражытнейшая з дзяржаў Еўропы. Яе ўзнікненне паданне адносіць да 301, легендарным заснавальнікам лічыцца хрысціянін каменячос Марына, які ўцёк сюды з Далмацыі ад рэліг. праследаванняў і пазней быў прылічаны да святых. Назва «Рэспубліка С.-М.» сустракаецца ў дакументах з 10 ст. У 11—13 і 15 ст.тэр. рэспублікі павялічылася за кошт суседніх зямель. У 19 ст. С.-М. неаднаразова была прыстанкам для італьян. рэвалюцыянераў — удзельнікаў рысарджымента (карбанарыяў, Дж.Гарыбальдзі і інш.). Пасля ўтварэння адзінай італьян. дзяржавы С.-М. ў 1862 заключыла з Італіяй дагавор пра сяброўства і добрасуседства (узнаўляўся ў 1872, 1897, 1953), паводле якога С.-М. фактычна апынулася пад італьян. пратэктаратам. У 1-й сусв. вайне рэспубліка ўдзельнічала на баку Антанты (выставіла 15 салдат). У 1923 да ўлады ў С.-М. прыйшлі фашысты. У 2-ю сусв. вайну рэспубліка абвясціла нейтралітэт, але ў вер. 1944 акупіравана ням. фашыстамі. У 1945—57 большасць у парламенце належала кааліцыі левых партый на чале з камуністамі і сацыялістамі. Да 1974 краінай кіравалі кааліцыйныя ўрады на чале з Хрысц.-дэмакр. партыяй, потым — кааліцыйны ўрад хрысц. дэмакратаў і сацыялістаў, з 1978 — кааліцыя левых партый, з 1986 — камуністаў і хрысц. дэмакратаў, з 1998 — сацыялістаў і хрысц. дэмакратаў.
У знешняй палітыцы С.-М. прытрымліваецца прынцыпаў нейтралітэту і недалучэння. С.-М. — чл. Савета Еўропы (з 1988) і ААН (з 1992). Асн.паліт. партыі і грамадскія арг-цыі, прадстаўленыя ў парламенце: Хрысц.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Прагрэсіўна-дэмакр. партыя (з 1990, б. камуністы), Партыя камуніст. пераўтварэння, Нар. саюз дэмакратаў, Дэмакр. рух. Асн. прафсаюзы: сан-марынскія канфедэрацыя працы і дэмакр. канфедэрацыя працоўных.
Гаспадарка. Краіна высокага ўзроўню жыцця. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. складае каля 20 тыс.дол. за год. Аснова эканомікі — абслугоўванне замежных турыстаў, дае каля 60% даходу краіны. Штогод С.-М. наведвае да 3,5—4 млн.чал. Турыстаў прываблівае стараж. гісторыя дзяржавы, шматлікія гіст. і арх. помнікі, маляўнічая прырода, узровень абслугоўвання. Значны міжнар. цэнтр банкаўскіх паслуг. Прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі. Электраэнергія імпартуецца з Італіі. На тэр. С.-М. філіялы італьян.маш.-буд. і інш. фірм. Прадпрыемствы электроннай, харч. (малочная і сыраварная, мясная, вінаробчая), тэкст. (шарсцяныя і трыкат. вырабы), металаапр., хім., мэблевай, цэм., гарбарнай, керамічнай, папяровай прам-сці. Здабыча цэм. сыравіны, буд. каменю, серы, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Саматужны і рамесніцкі выраб сувеніраў, у т. л. з металаў, шкла, маёлікі; ювелірных упрыгожанняў. Важная крыніца даходаў — выпуск паштовых марак і манет для нумізматаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,2 тыс.га зямлі. Пераважаюць дробныя гаспадаркі да 1 га. Сеюць пшаніцу, кукурузу, агародніну. Вінаградарства і вырошчванне аліўкавых дрэў. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак і свіней. Транспарт пераважна аўтамабільны. У С.-М. 220 км аўтадарог. Знешнія сувязі праз італьян. порт Рыміні. Краіна з 1954 у мытным і паштовым саюзе з Італіяй, якая штогод выплачвае С.-М. кампенсацыю за адмову ад даходаў, звязаных з мытнымі пошлінамі, радыё- і тэлецэнтрамі, ігральнымі дамамі і інш. Экспарт; віно, тэкст. вырабы, скуры, мэбля, кераміка, буд. камень; імпарт: спажывецкія і прамысл. тавары, паліва. Гандаль пераважна з Італіяй. Грашовая адзінка — італьян. ліра.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Сан-Марына.Да арт.Сан-Марына. Ландшафтная панарама каля падножжа г. Тытана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДРО́ ((Diderot) Дэні) (5.10.1713, г. Лангр, Францыя — 31.7.1784),
французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік і рэдактар «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35; 1751—80). У філас. творах «Думкі пра тлумачэнне прыроды» (нап. 1754), «Размова Д’Аламбера з Дзідро» (нап. 1769, выд. 1830), «Філасофскія асновы матэрыі і руху» (нап. 1770) сцвярджаў адзінства матэрыі і руху, падкрэсліваў дыялект. ўзаемасувязь і вечную зменлівасць прыродных формаў; з узаемадзеяння элементаў матэрыі, якія з’яўляюцца носьбітамі адчуванняў, узнікае мысленне, адзіная свядомасць чалавецтва і сусвету. У паліт. сферы Дз. абапіраўся на тэорыю «грамадскага дагавору», выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і дэспатызму, надзеі на стварэнне справядлівага грамадскага ладу звязваў з асвечаным манархам, пазней схіляўся да рэсп. формы праўлення.
У галіне этыкі быў адным са стваральнікаў тэорыі «разумнага эгаізму», лічыў сябелюбства найважнейшым матывам паводзін людзей. Як тэарэтык эстэтыкі сутнасць прыгожага выводзіў з суадносін індывід. пачуццёвага вопыту і логікі розуму. У тэорыі мастацтва гал. лічыў прынцып натуральнасці, «праўды натуры», дзе ідэалам выступае жывая прырода, абараняў ідэі адзінства дабра і прыгажосці. Асн. творы, у якіх выказаны эстэт. погляды Дз.: «Трактат аб прыгожым» (1751), «Салоны» (нап. 1759—81), «Вопыт аб жывапісе» (1765), «Парадокс пра акцёра» (нап. 1773—78). Аўтар маст. твораў: «Манашка» (нап. 1760, выд. 1796), «Пляменнік Рамо» (1762—79, на ням. мове ў пер. І.В.Гётэ ў 1805, на франц. 1823), «Жак-фаталіст і яго гаспадар» (1773, выд. на ням. мове 1792, на франц. 1796).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫТО́МІРСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
На Пн Украіны. Утворана 22.9.1937. Пл. 29,9 тыс.км². Нас. 1,5 млн.чал., гарадскога 53% (1996). Цэнтр — г.Жытомір. Найб. гарады: Бярдзічаў, Корасцень, Наваград-Валынскі, Карастышаў, Малін, Оўруч.
Прырода. Паўд. і паўд.-зах. часткі вобласці знаходзяцца ў межах Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 300 м). Пн і ПнУ займае Палеская нізіна і Оўруцкае ўзв. (найб.выш. 316 м). Карысныя выкапні: граніты, гнейсы, лабрадарыты, мармур, вапнякі, гліны, жал. і тытанавыя руды, буры вугаль, торф, мінер. воды. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -5,6 °C, ліп. 18,7 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 500 мм на Пд да 600 мм на Пн. Гал. рэкі належаць да бас. Дняпра; Цецераў, Ірпень, Случ, Уж, Убарць. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пд шэрыя лясныя і чарназёмныя. Лясы мяшаныя (хвоя, дуб, граб, бяроза, асіна), займаюць 31,7% тэр., у Ж.в. — Палескі запаведнік.
Гаспадарка Ж.в. адносіцца да індустрыяльна-аграрных раёнаў Украіны. Развіццё прам-сці грунтуецца на с.-г. сыравіне, мясц.мінер. і працоўных рэсурсах. Асн. галіны прам-сці: харчасмакавая (цукр., спіртавая, мясная, масласыраробчая, агароднінакансервавая, піваварная), маш.-буд. (хім. абсталяванне, дарожныя і с.-г. машыны, электрапрылады), лёгкая (тэкст., швейная, абутковая), хім., мікрабіял., дрэваапр., мэблевая, фарфора-фаянсавая, шкляная. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў Здабыча бурага вугалю. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, жыта) і тэхн. (лён, буракі, хмель) культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Пладаводства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Пчалярства, рыбагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Адэса—С.-Пецярбург, Харкаў—Львоў, Брэст—Кіеў, Масква—Чоп, аўтадарогі Кіеў—Львоў, Вінніца—Мазыр, Кіеў—Брэст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГАДА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнУРас. Федэрацыі. Абмываецца Ахоцкім м. Утворана 3.12.1953. Пл. 461,4 тыс.км². Нас. 258 тыс.чал. (1997), гарадскога 90%. Цэнтр — г.Магадан.
Прырода. Паверхня гарыстая. Цэнтр.ч. займаюць адгор’і Чэрскага хрыбта (выш. да 2586 м), усх. — Калымскае нагор’е (выш. да 1962 м ва Амсукчанскім хр.). Карысныя выкапні: золата, волава, вальфрам, ртуць, каменны і буры вугаль. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Сярэднія т-ры студз. ад -19 °C да -23 °C на ўзбярэжжы Ахоцкага м. і -38 °C ва ўнутр.ч. вобласці, ліп. адпаведна 12 °C і 16 °C. Ападкаў 300—700 мм за год. Шматгадовая мерзлата. Густая рачная сетка. Гал. рака — Калыма. Глебы горна-лясныя падзолістыя. Расліннасць — рэдкастойная лістоўнічная тайга. На тэр. вобласці — Магаданскі запаведнік.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (золата — Сусуманскі і Ягаднінскі горна-абагачальныя камбінаты, серабро — Дукацкі горна-абагачальны камбінат, волава, вальфрам, вугаль — разрэз «Тал-Юрах»), электраэнергетыка (Калымская ГЭС), харч. (рыбная, мясная, малочная), машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць і рамонт горнага абсталявання, паліўнай апаратуры, суднарамонт), лёгкая (гарбарна-абутковая, швейная). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Спецыфіка сельскай гаспадаркі — развіццё аленегадоўлі, зверагадоўлі і пушнога промыслу. Малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 0,3% тэрыторыі, у т. л. пад ворнымі землямі 24%. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Гал. від транспарту — марскі (порт — Магадан) і аўтамабільны. Асн. аўтадарогі Магадан—Сусуман—Кадыкчан і далей на тэр. Рэспублікі Саха (Якуція) і Калымскі тракт. Суднаходства па р. Калыма. Значная роля паветр. транспарту. Бальнеагразевы курорт Талая.
(Beer); 5.9.1791, Фогельсдорф, каля Берліна — 2.5.1864], французскі кампазітар, піяніст, дырыжор; прадстаўнік франц. вялікай оперы. Вучыўся ў М.Клеменці (фп.),
К.Ф.Цэльтэра, Б.А.Вебера, Г.І.Фоглера (тэорыя музыкі і кампазіцыя) і інш. З 1816 жыў у Італіі, з 1824 у Парыжы, з 1842 у Берліне (у 1842—46 генерал-музік-дырэктар т-ра «Каралеўскія відовішчы»). Першы поспех М. прынесла рамант. опера «Роберт-Д’ябал» (паст. 1831). Характэрныя рысы вял. оперы (гіст. тэматыка, кантрастнасць вобразаў, складаныя перапляценні гісторыка-сац. і лірычных драматургічных ліній, эмацыянальная насычанасць музыкі, пышная дэкаратыўнасць спектакля) найб. поўна выявіліся ў операх «Гугеноты» (паст. 1836), «Прарок» (паст. 1849), «Дынора» (паст. 1859), «Афрыканка» (паст. 1865; дзве апошнія маюць некат. рысы лірычнай оперы). Стыль вял. оперы М. стварыў разам з драматургам-лібрэтыстам Э.Скрыбам. З інш. твораў: араторыя «Бог і прырода» (1811), хары, песні, рамансы, музыка да драм. спектакляў і інш. Шырока карыстаўся прыёмамі сімф. развіцця, узбагаціў трактоўку хору, аркестра, імкнуўся аб’яднаць дасягненні розных нац. оперных школ. Яго творчасць паўплывала на эвалюцыю еўрап. опернага мастацтва.
Літ. тв.: Briefwechsel und Tagebücher. Bd. 1—3. Berlin, 1960—75.
Літ.:
Соллертинский И.И. Мейербер. М., 1962;
Хохловкина А.А. Западноевропейская опера. Конец XVIII — первая половина XIX вв.: Очерки. М., 1962. С. 350—366;
Becker H. G.Meyerbeer in Selbstzeugnissen und Bilddokumenten. Reinbek bei Hamburg, 1980;
Becker H. und G. G.Meyerbeer Ein Leben in Briefen. Leipzig, 1987.