ГУМІЛЁЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (15.4.1886, г. Кранштат, Расія — 25.8.1921, рускі паэт, крытык, перакладчык. Муж Г.А.Ахматавай. Друкаваўся з 1902. Пачынаў як вучань сімвалістаў, у прыватнасці В.Я.Брусава. З 1906 слухаў лекцыі ў Сарбоне (Парыж),
вывучаў франц. л-ру, жывапіс, тэатр. Шмат падарожнічаў, быў у Афрыцы, захапляўся Усходам. У 1909 удзельнічаў у арганізацыі час. «Аполлон», у якім да 1917 друкаваў вершы, пераклады і вёў рубрыку «Пісьмы аб рускай паэзіі» (асобнае выд. 1923). У 1911 арганізаваў літ. групу «Цэх паэтаў». У 1912 з С.Гарадзецкім абвясціў новы літ. кірунак акмеізм. З 1914 добраахвотна на фронце (узнаг. 2 Георгіеўскімі крыжамі); у 1917 быў у рус. экспедыцыйным корпусе ў Францыі; у 1918 вярнуўся ў Петраград. Удзельнічаў у рабоце выд-ва «Сусветная літаратура», вёў заняткі ў паэт. студыях. У першых зб-ках («Шлях канквістадораў», 1905; «Рамантычныя кветкі», Парыж, 1908; «Пярліны», 1910) — сімвалісцка-рамант. склад пісьма, «барочны рамантызм», «экзатычныя» вершы, кніжная рамантыка, патэтычная рыторыка, імкненне да рэальнасці, эпічнасць (балады, міфы, паданні і інш.), недахоп рус.нац. элемента. У першым акмеістычным зб. «Чужое неба» (1912) — захапленне афр. і азіяцкімі краінамі; адчаканенасць формы, строгасць і вытанчанасць фразы, рэдкія ў паэта сац. ноты (цыкл «Абісінскія песні»). Ваенная лірыка Гумілёва (зб-кі «Калчан», 1916, «Касцёр», 1918) прасякнута рамант.-патрыят. і глыбока рэліг. ўспрыняццем вайны. Ён прадаўжаў сцвярджаць аўтаномнасць мастацтва, элітарную, духоўную незалежнасць мастака ад сучаснасці. У кн. «Шацёр» (1921) — страсная закаханасць у экзатычную Афрыку. Вершы 1918—21 увайшлі ў зб.філас. лірыкі «Вогненны стоўп» (1921), дзе аўтар, прасякнуты вострым перажываннем сучаснасці і пачуццём трагічнай трывогі, славіць зямлю, паветра, хлеб і каханне. Многім яго вершам характэрна апалогія «моцнага чалавека», дэкаратыўнасць, напружаны лірызм, вытанчанасць паэт. мовы. Перакладаў эпас пра Гільгамеша, франц. і англ.нар. паэзію, творы Т.Гацье, С.Т.Колрыджа, Р.Саўці, Вальтэра і інш. Пісаў апавяданні (зб. «Цень ад пальмы», 1922), п’есы (драм. казка «Дзіця Алаха», 1917, «візантыйская трагедыя» «Атручаная туніка», апубл. 1986, п’еса для дзяцей «Дрэва пераўтварэнняў», апубл. 1989). Абвінавачаны ў контррэв. змове, расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РДЗІ ((Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска) (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнутынац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.Гюго («Эрнані», 1844), У.Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст.муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв.муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян.нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».
Тв.:
26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);
«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;
вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);
струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;
песні, рамансы і інш.
Літ. тв.: Рус.пер. — Избр. письма. М., 1959.
Літ.:
Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;
Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;
Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;
Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙРАН ((Byron) Джордж Ноэл Гордан) (22.1.1788, Лондан — 19.4.1824),
англійскі паэт-рамантык. Атрымаў па спадчыне тытул лорда; з 1809 чл. Палаты лордаў Брыт. парламента. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1808). У 1816 назаўсёды пакінуў Англію. Удзельнік руху карбанарыяў (1817—23) і нац.-вызв. вайны ў Грэцыі (1823—24). Памёр ад ліхаманкі ў ваен. лагеры (г. Місалунгі). Першы зб. «Вольныя часіны» (1807) пазначаны рысамі рамант. светаадчування. У сатыр. паэме «Англійскія барды і шатландскія аглядальнікі» (1809) выступіў як прыхільнік асветніцкага класіцызму. У ліра-эпічнай паэме «Паломніцтва Чайльд Гарольда» (песні 1—4, 1812—18) расчараванне і горыч суайчыннікаў Байрана, ашуканых вынікамі франц.бурж. рэвалюцыі канца 18 ст., захапленне нац.-вызв. барацьбой народаў супраць захопніцкіх намераў Напалеона I, прыгнёту тур. султана, разважанні пра ход гісторыі і лёс чалавецтва. Пратэст і выклік кіруючым колам Англіі прагучалі ў «Одзе аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў» (1812), «Песні для лудзітаў» (1816) і інш. У паэмах т.зв. «ўсходняга» цыкла «Гяур» і «Абідоская нявеста» (абедзве 1813), «Карсар» і «Лара» (абедзве 1814), «Асада Карынфа» і «Парызіна» (абедзве 1816) адлюстраваў канфлікт «байранічнага» героя з варожым светам, трагічны зыход бунту. Жанрава разнастайная лірыка Байрана сінтэзавала філасофскія, грамадз. і любоўныя матывы (цыкл любоўна-медытатыўных вершаў па матывах Бібліі «Яўрэйскія мелодыі», 1815; вершы «Бывай!», «Стансы да Аўгусты» і інш.). Душэўны стан паэта-выгнанніка, безвыходная туга і песімізм у вершах «Сон»; «Цемра», напісаных у Швейцарыі (вясна—восень 1816). У філас. драмах «Манфрэд» (1817), «Каін» (1821) бунтарскія матывы «ўсходніх» паэм пераходзяць у багаборніцкія. Свабодалюбствам прасякнуты паэмы «Шыльёнскі вязень» (1816), «Скарга Таса» (1817), «Прароцтва Дантэ» (1819). Рух карбанарыяў і прычыны яго разгрому атрымалі і філас. асэнсаванне ў драмах на гіст. і біблейскія сюжэты «Марына Фальера, дож Венецыі», «Сарданапал», «Два Фаскары» (усе 1821), якія спалучаюць элементы паэтыкі рамантызму і класіцызму. Сатыры «Ірландская аватара» (1821), «Прывід суда» (1822), «Бронзавы век» (1823) — выдатны ўзор паліт. лірыкі 19 ст. У рамане ў вершах «Дон Жуан» (1818—23, не скончаны на 17-й песні), энцыклапедыі еўрап. жыцця на мяжы 18—19 ст., спалучаюцца эпічны размах з лірычнымі адступленнямі, літ. і паліт. палемікай, з’едлівай пародыяй, рамант. тэндэнцыі з рэалістычнымі. Гераічнаму супраціўленню грэч. народа прысвечаны яго апошнія вершы «Песня пра суліётаў», «Апошнія словы пра Грэцыю». Творчасць Байрана моцна паўплывала на развіццё сусв. паэзіі 19—20 ст. На бел. мову творы Байрана перакладалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, П.Броўка, Ю.Гаўрук, П.Глебка, У.Дубоўка, Г.Дубянецкая, Е.Лось, М.Лужанін, Я.Семяжон, М.Танк і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Выбранае. Мн., 1963;
Лірыка. Мн., 1989;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1981;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1987;
На перепутьях бытия...: Худож. публицистика. М., 1989.
Літ.:
Елистратова А.А. Байрон. М., 1956;
Кургинян М. Джордж Байрон. М., 1958;
Дьяконова Н.Я. Лирическая поэзия Байрона. М., 1975;
Зверев А. Звезды падучей пламень: Жизнь и поэзия Байрона. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖА́НІН (Максім) (сапр.Каратай Аляксандр Амвросьевіч; н. 2.11.1909, в. Прусы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт.Засл. дз. маст. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі бел.пед. тэхнікум (1928). Вучыўся ў БДУ (1928—31). Працаваў у час. «Узвышша», на Бел. радыё (1930—32). 10.8.1933 незаконна асуджаны. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобл. Рэабілітаваны ў 1956. З 1935 на выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1944—53 у газ. «Звязда», час. «Вожык». У 1967—71 гал. рэдактар сцэнарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1925. Раннія вершы (зб. «Крокі», 1928) прасякнуты эмац.-рамантычным успрыняццем рэчаіснасці. У зб-ках вершаў і паэм «Неаплачаны рахунак» (1930), «Галасуе вясна за вясну», «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!», «Аднагалосна» (усе 1931), «Першамайская вуліца» і «Галасы гарадоў» (абодва 1932) зварот да надзённых тэм жыцця вёскі і горада, паглыбленне іх грамадскага гучання. Творы ваен. перыяду (зб. «Шырокае поле вайны», 1945) адлюстроўваюць мужнасць і гераізм воінаў, вышыню чалавечага духу ў час смяротнай небяспекі. Пасляваенная паэзія Л. ўславіла мірныя справы людзей працы (зб-кі «Поступ», 1950; «Святло Радзімы», 1952; «Моваю сэрца», 1955). Кніга вершаў «Прасторы» (1958) пашырыла паэтычны свет аўтара. Вершы і паэмы грамадзянскага гучання ў кнігах «Росы на коласе» (1973), «Прага крыла» (1974), «Як нараджаўся новы свет» (1975), «Лявоніха» (1977), «Галасы пад выраем» (1980), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983). Ў сярэдзіне 1980—90-я г. паэзія Л. набывае праніклівае філасофска-быційнае гучанне, у якім зноў абвастраецца асабістая памяць, рахункі сваіх і агульных крыўдаў, пачуццё справядлівасці, але ўсё перажытае ўраўнаважваецца мудрым чалавечым вопытам, удзячнай любоўю да жыцця і хвалою ў яго гонар. Паэзіі Л. ўласціва жанрава-стылявое багацце, разнастайнасць вобразна-моўных сродкаў, паэт. майстэрства. Піша прозу («Колас расказвае пра сябе», 1964, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1965; «Дванаццаць вячорных вогнішчаў», 1968; «Людзі, птушкі, прастор», 1976; «Трое», 1989). Выступае як крытык і публіцыст (кнігі «Вачыма часу», 1964; «Рэпартаж з рубцом на сэрцы», 1973; «З ранку да вечара», 1978). Выдаў зб. гумару «Сілівон на дачы» (1958), вершы і апавяданні для дзяцей, паэму-казку «Хто робіць пагоду» (1959). Аўтар сцэнарыяў фільмаў («Паўлінка», 1951; «Народны паэт», 1952; «Першыя выпрабаванні», 1960 і «Запомнім гэты дзень», 1967, з А.Куляшовым). На бел. мову пераклаў «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М.Гогаля, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава, асобныя творы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, А.Фадзеева, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1960;
Зб.тв.Т. 1—3. Мн., 1968—70;
Зб.тв.Т. 1-4. Мн., 1979—81;
Вярнуся ветрам: Лірыка, гумар, сатыра. Мн., 1987.
Літ.:
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;
Яго ж. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;
Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Кісялёў Г. Крокі // Полымя. 1984. № 11;
Гніламёдаў У. Натхненне і майстэрства: Творчасць М.Лужаніна // Роднае слова. 1998. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРАВІЗА́ЦЫЯ (франц. improvisation ад лац. improvisus нечаканы, раптоўны),
стварэнне маст. твора непасрэдна ў працэсе выканання. У шырокім сэнсе — творчасць без папярэдняй падрыхтоўкі, якая выяўляе непасрэднасць развіцця маст. думкі. Адрозніваюць уласна І. (з прытрымліваннем зададзеных тэмы, матываў, вобразаў) і свабодную (вольны выбар тэмы і формы яе раскрыцця). Магчыма ў паэзіі, музыцы, танцы, тэатр. мастацтве і інш. Адзін з відаў І. — экспромт.
І. вядома са старажытнасці. Вытокі І. ў літаратуры — у нар. творчасці, вусны характар якой садзейнічаў выкарыстанню элементаў І. пры неабходнасці прытрымлівацца традыцый у цэлым (казкі, прыказкі, прымаўкі і інш.). Дасягнула росквіту ў рус. паэзіі 19 ст. (П.Вяземскі, В.Брусаў). Вядомымі імправізатарамі былі А Міцкевіч, М.Багдановіч. У музыцы І. — адметны вызначальны фактар музыкі вуснай традыцыі розных народаў свету, у т. л. беларусаў. Характар, канкрэтныя формы і мера выяўлення І. залежаць ад творчых здольнасцей нар. выканаўцаў, спосабаў музіцыравання, гістарычна выпрацаваных стыліст. норм пэўных жанраў, мясц. выканальніцкіх традыцый. На Беларусі выдатныя майстры І. — нар. спевакі С.Дубейка, А.Каранчук, З.Хвораст, дудачнікі В.Швед, М.Глушань, гарманіст А.Свірыдовіч і інш. У прафес. музыцы сферы і формы выяўлення І. гістарычна змяняліся: ад вак. поліфаніі 13—15 ст. (cantus firmus, англ. discantus і фабурдон) да інстр. музыкі барока і класіцызму (генерал-бас, выканальніцкая дзейнасць Г.Ф.Гендэля, І.С.Баха, В.А.Моцарта, Л.Бетховена), ад канцэртнай практыкі эпохі рамантызму (кадэнцыі ў канцэртах, І. на зададзеную тэму; Ф.Шапэн, Ф.Ліст, І.Брамс, бел. музыканты-віртуозы І.Гузікаў, М.Ельскі, А.Абрамовіч) да джазавых кампазіцый 20 ст. І. як сродак муз. выхавання займае важнае месца ў пед. сістэмах Э.Жак-Далькроза, К.Орфа. Курс І. існуе ў Бел. акадэміі музыкі. І. ў танцы — з глыбокай старажытнасці неад’емная частка нар. абрадаў, гульняў, свят. У нар. танцы часта выяўляецца ў спаборніцтве выканаўцаў. У танц. мастацтве І. вар’іруецца ад прымітыву да высокага прафесіяналізму. У пач. 20 ст. ў вял. ступені імправізацыйным было мастацтва т. зв. свабоднага танца Х.Дункан. І. — абавязковы элемент нар. танца, пашырана ў бальных танцах. І. ў тэатры — ігра акцёра, заснаваная на яго здольнасці ствараць сцэнічны вобраз, уласны тэкст на зададзеную тэму ў час паказу без папярэдняй падрыхтоўкі. Зарадзілася ў нар.тэатр. творчасці, была істотным элементам сцэн. дзеяння стараж.т-ра Усходу (існуе і цяпер), прысутнічала ў антычным, сярэдневяковым і рэнесансавым т-ры, выступленнях скамарохаў. Высокага ўзроўню дасягнула ў італьян. камедыі дэль артэ і франц. фарсе. Пазней сустракалася як стыліст. прыём (напр., у К.Гоцы). У пач. 20 ст. К.Станіслаўскі, Я.Вахтангаў, У.Меерхольд сцвярджалі каштоўнасць І. ў працэсе стварэння спектакля. Імправізацыйны характар мелі бел. каляндарна-земляробчыя і сямейна-бытавыя абрады, бел.нар.т-р, інтэрмедыі школьнага т-ра. Мастацтвам І. былі прасякнуты выступленні трупы В.Дуніна-Марцінкевіча, Першай бел. трупы І.Буйніцкага, бел. вечарынкі і інш.Вял. увагу І. аддавалі рэжысёры Е.Міровіч, У.Галубок, М.Міцкевіч, акцёры Дз.Арлоў, Г.Глебаў, А.Ільінскі, П.Малчанаў, Б.Платонаў і інш.
Літ.:
Богатырев П.Г. Традиция и импровизация в народном творчестве // Богатырев П.Г. Вопросы теории народного искусства. М., 1971;
Сапонов М.А. Искусство импровизации. М., 1982;
Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Мн., 1971;
Станиславский К.С. Работа актера над собой. Ч. 1—2. 4 изд. М., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЬКАЎШЧЫНА, Айчына, Радзіма,
1) гіст.-культуралагічнае і філасафічнае паняцце, якое азначае пэўную этнакультурную супольнасць, адносіны чалавека да яе, патрыятызм; сінонімы — родная краіна, родная зямля. У гісторыі бел. грамадскай думкі і л-ры прайшло шматвяковую эвалюцыю, зместам і формай адпаведную канкрэтна-гіст. умовам. У стараж. пісьмовых крыніцах паняцце Бацькаўшчына перадавалася выразамі «зямля», «руская зямля», «атчына», «атчызна», радзей — «материзна». Па меры фарміравання цэнтралізаванай дзяржавы, узмацнення этнакансалідацыйных працэсаў пашыраўся і паглыбляўся змест паняцця «айчына» як увасаблення агульнадзярж., агульнаграмадскіх інтарэсаў: «отчызна наша Великое князство Литовское» (Устаўная грамата вял. князя Аляксандра 1501); ужываліся і сінанімічныя выразы: «панство», «гаспадарства», «княства». У афіц. практыцы феад. грамадства ідэя Бацькаўшчыны найчасцей атаясамлівалася з ідэяй дзяржавы, народа ў іх саслоўна-прывілеяваным разуменні.
З актывізацыяй гуманіст. думкі на Беларусі ў эпоху Адраджэння пашырылася і дэмакр. канцэпцыя паняцця Бацькаўшчына, заснаваная на прынцыпах раўнапраўя людзей розных сац. станаў, нац. і канфесійнай прыналежнасці, на ідэі самаахвярнага служэння чалавека сваёй Радзіме. У творчасці Ф.Скарыны вылучаецца ідэя справядліва арганізаванага грамадства на аснове гарманічнасці асабістых і супольных інтарэсаў, усебаковага сац., культ.-духоўнага развіцця народа, адданасці ўсіх і кожнага роднай зямлі. Скарынаўская патрыят. традыцыя знайшла працяг у творчасці і грамадскай дзейнасці С.Буднага, В.Цяпінскага, Ф.Кміты-Чарнабыльскага, Л.Сапегі, Ф.Еўлашоўскага, Я.Цадроўскага, аўтараў Хронікі Быхаўца, Баркулабаўскага летапісу, «Прамовы Мялешкі», Магілёўскай хронікі і інш.
Паняцце Бацькаўшчыны паглыблена і ўзбагачана ў канцы 18 — пач. 20 ст., у эпоху нац. кансалідацыі, змагання за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску (гл. ў арт.Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух). У новай бел. л-ры («Песня беларускіх жаўнераў», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Вярыгі-Дарэўскага, К.Каліноўскага, нарадавольцаў групы «Гоман», Ф.Багушэвіча, А.Абуховіча, К.Каганца, пісьменнікаў-нашаніўцаў) выказаны адвечныя патрыят. імкненні, абуджэнне гіст., нац. свядомасці бел. народа, замілаванне сваёй Бацькаўшчынай, рашучасць бараніць яе. Рознабаковы, цэласны змест паняцце Бацькаўшчына, з улікам гал. кампанентаў (геагр.-тэр. абшар, народ, дзяржава, паліт. і эканам. лад, культура, мова, гіст. спадчына), набыло пасля рэвалюцыі 1905—07. Пад сцягам адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі кансалідаваліся літ., культ.-асветныя, парт., сац.-рэв. аб’яднанні, плыні, рухі, што праявілася ў дзейнасці Беларускай сацыялістычнай грамады, газ.«Наша доля»; «Наша ніва», бел. выдавецкіх суполак, Усебеларускага з’езда 1917 і інш. Барацьба за нац. адраджэнне Бацькаўшчыны ўкаранавана абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, затым Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Паняцце Бацькаўшчыны як спрадвечнага абшару ў этнічных, дзярж. межах бел. народа, як свабоднага дэмакр. грамадства, уладкаванага паводле сац.-паліт. і нац. раўнапраўя, бесперашкоднага духоўнага развіцця, прыязнасці з суседнімі і ўсімі інш. народамі свету, грамадства, гарантаванага ў сваіх правах і жыццёвых інтарэсах уласнай незалежнай дзяржавай, стала кансалідуючай ідэяй бел. адраджэнскага руху (гл. ў арт.Адраджэнне нацыянальнае). Яна знайшла сваё адлюстраванне ў творах А. і І.Луцкевічаў, А.М.Уласава, В.Ю.Ластоўскага, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, З.Бядулі, А.Гаруна, Л.Гмырака, М.Гарэцкага, Я.Лёсіка, І.Канчэўскага, асабліва Я.Купалы. У купалаўскай публіцыстыцы далей развіты скарынаўскі ідэал Бацькаўшчыны — справядлівай маці ўсіх людзей краіны, незалежна ад іх нацыянальнасці, веравызнання, што пры нац. і канфесіянальнай неаднароднасці бел. грамадства мела і мае прынцыповае значэнне. Ідэя Бацькаўшчыны адыграла ролю ў змаганні народа супраць падзелу бел. зямлі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921, за ўз’яднанне падзеленых частак краіны ў адзінай бел. дзяржаве, супраць ням.-фаш. захопнікаў у гады 2-й сусв. вайны, служыла і служыць незаменным духоўным стымулам у процідзеянні нацыянальна свядомых сіл грамадства асіміляцыі бел. народа з боку парт.-наменклатурнай дыктатуры. З канца 1980-х г. дзеля новага адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі, адбудовы яе паліт.-дзярж. незалежнасці і суверэнітэту, пераадолення сац.-эканам. крызісу, заняпаду бел. мовы, нац. культуры гуртуюцца патрыят. сілы бел. этнасу, уключна з бел. эміграцыяй. Нац.-адраджэнскай ідэяй прасякнутыДэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь (27.7.1990), Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (1994), праграмныя дакументы бел.дэмакр. партый і арг-цый.
2) Родны куток, месца, дзе нарадзіўся і вырас хто-небудзь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКІ (Максім) (сапр.Пешкаў Аляксей Максімавіч; 28.3.1868, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 18.6.1936),
рускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Ганаровы акадэмік АНБССР (1932). З 1878 працаваў служкай, грузчыкам, пекарам, дворнікам і інш. З 1884 жыў у Казані, удзельнічаў у нелегальных народніцкіх гуртках. У 1888—89 і 1891—92 вандраваў па Расіі. За ўдзел у арганізацыі падп. друкарні ў 1901 высланы з Ніжняга Ноўгарада. Удзельнічаў у Снежаньскім узбр. паўстанні 1905. У 1906 выехаў у Амерыку, потым — у Італію, жыў на в-ве Капры (1906—13). У 1913 вярнуўся ў Расію. Узначальваў выд-ва «Всемирная литература» (1918—24). У 1924—31 жыў у Сарэнта (Італія). З 1931 у СССР. Засн. шэраг часопісаў, кніжных серый, у т. л. «Жыццё выдатных людзей», «Бібліятэка паэта» і інш. Ініцыятар 1-га з’езда (1934) і 1-ы старшыня Саюза сав. пісьменнікаў. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне ідэйна-эстэт. прынцыпаў сав. л-ры.
У друку ўпершыню выступіў з апавяданнем «Макар Чудра» (1892). У яго ранняй творчасці спалучаліся рамантызм і рэалізм. У алегарычных творах («Песня пра Сокала», 1895, «Песня пра буравесніка», 1901) адлюстраваліся погляды Горкага на рэвалюцыю. Шырокі рэзананс меў зб. «Нарысы і апавяданні» (т. 1—3, 1898—99). У рэаліст. творах (раманы «Фама Гардзееў», 1899; «Трое», 1900—01, і інш.) паказаў Расію напярэдадні 20 ст. У драме «Мяшчане» (паст. 1902), п’есах «На дне» (1902), «Дачнікі» (1904), «Дзеці сонца» (1905), «Варвары» і «Ворагі» (1906) адлюстраваў перадрэвалюцыйныя працэсы ў рас. грамадстве. У рамане «Маці» (1907) спачувальна паказаў нарастанне рэв. руху ў Расіі. Аповесці «Лета» і «Гарадок Акураў» (1909), «Жыццё Мацвея Кажамякіна» (1910—11) пра рус. сялянства і мяшчанства. Патрыятычнымі настроямі прасякнуты «Казкі пра Італію» (1911—13), цыкл апавяданняў «Па Русі» (1912—17). У публіцыстычнай кн. «Несвоечасовыя думкі» (асобнае выд. 1918) крытыкаваў узяты У.І.Леніным курс на рэвалюцыю, сцвярджаў пра яе дачаснасць і разбуральныя вынікі. Напісаў аўтабіягр. трылогію («Дзяцінства», 1913—14; «У людзях», 1916; «Мае універсітэты», 1923), раман «Справа Артамонавых» (1925), п’есы «Ягор Булычоў і іншыя» (паст. 1932), «Дасцігаеў і іншыя» (1933), «Васа Жалязнова» (1936, 1-я рэд. 1910), у якіх зноў звярнуўся да паказу жыцця Расіі да 1917. Аўтар літ. партрэтаў «Леў Талстой» (1919), «У.Г.Караленка» (1923), «Сяргей Ясенін» (1927) і інш. Апошні твор — няскончаны раман-эпапея «Жыццё Кліма Самгіна» (ч. 1—3, 1927—31, ч. 4, 1937) у надзвычай згушчанай, насычанай форме адлюстраваў падзеі перадрэвалюцыйных дзесяцігоддзяў.
Горкі першы з рус. пісьменнікаў звярнуў увагу на бел. л-ру, даў высокую ацэнку творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Пераклаў на рус. мову верш Я.Купалы «А хто там ідзе», які назваў нацыянальным гімнам беларусаў. Цікавіўся бел. фальклорам. З 1896 у сваяцкіх адносінах з сям’ёй А.Я.Багдановіча. У 1929 у час вяртання на радзіму на ст. Негарэлае яго сустракалі Я.Купала, Ц.Гартны, А.Александровіч, у 1931 — К.Крапіва, П.Галавач і інш. На бел. мову творы Горкага перакладалі Т.Гардзялкоўская, К.Чорны, М.Гарэцкі, Э.Самуйлёнак, П.Глебка, К.Крапіва, М.Лынькоў, А.Куляшоў, Я.Брыль, Э.Агняцвет, З.Астапенка, С.Баранавых, В.Вітка, Ю.Гаўрук, А.Зарыцкі, М.Лобан, М.Машара, Я.Скрыган, Т.Хадкевіч, У.Хадыка, А.Якімовіч. П’есы Горкага неаднаразова ставіліся і на сцэнах бел. т-раў.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—25. М., 1968 — 76;
Архив А.М.Горького. Т. 1—14. М., 1939—76;
Бел.пер. — Зб. твораў. Т. 5—13, 16—20, 23—24. Мн., 1935—38 (т. 1—4, 14—15, 21—22 не выд.);
Архіп і Лявонка. Вільня, 1910;
Зброднік. Канавалаў, Чалкаш. Мн., 1930;
Справа Артамонавых. Мн., 1941;
Маці. Мн., 1941;
Дзяцінства. Мн., 1949;
У людзях. Мн., 1952;
Мае універсітэты. Мн., 1953;
Казкі. Мн., 1968.
Літ.:
Летопись жизни и творчества А.М.Горького. Вып. 1—4. М., 1958—60;
Десницкий М.В. А.М.Горький: Очерки жизни и творчества. М., 1959;
Михайловский Б., Тагер Е. Творчество М.Горького. 3 изд. М., 1969;
Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;
Ивашин В.В. М.Горький и белорусская литература начала XX в. Мн., 1956;
Ларчанка М. Славянская супольнасць. Мн., 1963;
Максім Горкі і Беларусь: Зб.арт. і ўспамінаў. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Сямёнавіч) (26.11.1930, г. Орша Віцебскай вобл. — 25.7.1984),
бел. пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1954), Вышэйшыя літ. (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Настаўнічаў у в. Лесавічы Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл. (1954—56), у Оршы (1956—58). Дэбютаваў вершамі ў 1951. Найбольшую прыхільнасць выяўляў да гіст. тэматыкі, плённа развіваў адраджэнскія ідэі. Істотна ўзбагаціў бел. л-ру ў тэматычных і жанрава-стылявых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філас. зместам. Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зб-камі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Паэзіі ўласцівы пранікнёны лірызм, эпічнасць, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць, філасафічнасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне («Машэка», «Паўлюк Багрым», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», «Беларуская песня», «Быў. Ёсць. Буду» і інш.). У прозе ўзняў шырокія пласты нац. гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Лірыка-рамант. талент К.-празаіка раскрыўся ўжо ў першым зборніку апавяданняў «Блакіт і золата дня» (1961). Для пісьменніка характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны, яе ўплыў на духоўнае жыццё народа і грамадскую свядомасць. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя і для сённяшняга дня. У гіст.-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964, аднайм. кінафільм 1979) праўдзіва адлюстроўваў тагачаснае грамадства з яго нац., культ. і гіст. адметнасцямі, сцвярджаў патрыят. ідэі, асуджаў рэнегацтва і зло. У сатыр.-гумарыстычнай аповесці «Цыганскі кароль» (1961) на прыкладзе цыганскага «каралеўства» 18 ст. закранаў важныя сац.-паліт. і нац. праблемы. У рамант. аповесці «Сівая легенда» (1961) праз карціны сял. паўстання на Магілёўшчыне асэнсоўваў лёс Бацькаўшчыны. У «Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» (нап. 1961, апубл. 1994) на грунце бел. рэчаіснасці 16 ст. ў гратэскавай форме паказаў барацьбу дабра са злом. З задуманай ім трылогіі пра паўстанне 1863—64 ажыццёўлены толькі раман «Каласы пад сярпом тваім» (1965) — шырокая панарама нар. жыцця бел. народа ў 19 ст. Па сутнасці гэты твор паклаў пачатак бел.гіст. раманістыцы. Адгалінаваннем рамана стала аповесць «Зброя» (нап. 1964, апубл. 1981) — сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію 1860-х г. У героіка-рамант. драме «Кастусь Каліноўскі» (нап. 1963, паст. 1978) паказаны складанасць і супярэчлівасць паўстання, створаны паўнакроўны вобраз Каліноўскага як непрымірымага ворага самадзяржаўя і патрыёта роднага краю. Раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966, аднайм. кінафільм 1967) — філас. роздум аб прызначэнні чалавека. Гіст. аспект прысутнічае і ў творах пра сучаснасць: аповесцях «У снягах драмае вясна» (нап. 1957, апубл. 1989), «Чазенія» (1967), «Лісце каштанаў» (1973), рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць», 1962; Літ. прэмія імя І.Мележа 1983), п’есах «Млын на Сініх Вірах» (паст. 1959), «Трошкі далей ад Месяца» (нап. 1959—60). У сац.-псіхал. і філас. рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979—80; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1984; аднайм. кінафільм 1984) роздум пра непарыўную повязь часоў, а прыёмы дэтэктыўнага жанру выкарыстаны з мэтай глыбей зразумець сэнс людскога існавання. Думкай пра няскоранасць і неўміручасць народа прасякнуты п’еса «Званы Віцебска» (паст. 1974). Сац.-гіст. драма «Калыска чатырох чараўніц» (паст. 1982) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы. Рамантычная панарамная трагедыя «Маці ўрагану» (паст. 1988, аднайм. кінафільм 1990) прысвечана Крычаўскаму паўстанню 1743. Пачуццём любові да Беларусі, гіст. мысленнем напоўнены яго нарысы «Зямля пад белымі крыламі» (1977), нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава («Тысячу стагоддзяў табе», 1974; «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён», 1980), прысвечаныя Бел. Палессю, Вільні, Кіеву, Ф.Скарыне, Я.Купалу, М.Багдановічу і інш. Пісаў творы для дзяцей («Казкі», 1975). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы Катула, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, І.Франка, М.Карыма, Р.Гамзатава, Махтумкулі і інш. (зб. «Галасы маіх сяброў», 1993). У творчай спадчыне К. захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Ён аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Чырвоны агат» (1973) і інш. Па яго творах паст.маст. фільмы, тэле- і радыёспектаклі, оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз.Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха (1989, кампазітар У.Солтан). Творы К. перакладзены на многія мовы свету. Ён выступаў у абарону бел. мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У Оршы і Віцебску К. пастаўлены помнікі, яго імем названы вуліцы, школа ў Оршы (у ёй літ. музей К.). У Мінску на доме, дзе жыў апошнія гады, і ў Оршы на бацькоўскім доме — мемар. дошкі. У Оршы заснаваны музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1987—91;
У дарозе і дома: З зап. кніжак // Полымя. 1989. № 1—3;
З вякоў мінулых. Мн., 1990;
Творы. Мн., 1996.
Літ.:
Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі. Мн., 1997;
Быкаў В. Зб.тв.Мн., 1994. Т. 6. С. 408—412;
Верабей А. Абуджаная памяць. Мн., 1997;
Калеснік У. Усё чалавечае. Мн., 1993;
Локун В. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг.Мн., 1995;
Мальдзіс А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн., 1990;
Прашковіч Л. Услаўляючы гераічнае мінулае // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;
Русецкі А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць. Мн., 1991;
Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;
Шынкарэнка В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НІН-МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 4.2.1808, фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.12.1884),
паэт, драматург, класік бел. л-ры 19 ст. Лічыцца, што ў 1824 скончыў Бабруйскае пав. вучылішча, працягваў вучобу ў Пецярбургу пад апекай сваяка С.І.Богуш-Сестранцэвіча. З 1828 каморнік Мінскага межавога суда, служачы палаты крымінальнага суда, перакладчык пры каталіцкай духоўнай кансісторыі. У 1840 набыў маёнтак Люцынка (Люцінка, Валожынскі р-н) і пакінуў дзярж. службу. У час паўстання 1863—64 паліцыя прыпісвала Д.-М. аўтарства антыўрадавых выданняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). З кастр. 1864 да снеж. 1865 зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876), яго дачка Каміла з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з гал. роляў. У 1846 апубл.муз.-драм. твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была паст. 9.2.1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатр. калектывам (гл.Дуніна-Марцінкевіча тэатр; паўторна паст. ў Мінску ў 1994). Д.-М. выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім). Першыя вядомыя паэт. творы Д.-М. на польск. мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэліг. матывамі. У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдакт. духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1855, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамант. цікавасць да нар. звычаяў, традыцый і рэаліст. імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы нар. легенд, казак, паданняў. У творчасці Д.-М. сфарміраваўся своеасаблівы метад рамант. этнаграфізму, які адпавядаў пач. этапу развіцця бел. л-ры 19 ст. Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некат. надзённыя з’явы сац.-гіст. рэчаіснасці. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я ч. «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманіст. і сац. матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». З пазіцый нар. этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сац.-псіхал. з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феад. грамадства. Этнагр.-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асн. матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі нар. крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка бел. л-ры з перадавымі традыцыямі слав. л-р, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п’янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феад. культуры. Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакр. прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі» (нап. 1857, апубл. 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сял. масы напярэдадні рэформы 1861: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара. У распрацоўцы жанру балады паэт апіраўся на багатыя традыцыі рамантызму слав. л-р, яе вытокі бачыў у нар. творчасці. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў Д.-М. сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гіст. падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», нап. 1857). Пра арыентацыю на здабыткі А.Міцкевіча і яго рамант. школы сведчаць і творы на польск. мове, і пераклад Д.-М. на бел. моду «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»). У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, нап. 1866, апубл. 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатыр. выкрыццё «чыноўных п’явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатыр. камедыя «Залёты» (нап. 1870, апубл. 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п’есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асн. прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм. Творчае станаўленне Д.М. складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэт. каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакр. ідэй у бел. л-ры. Вял. заслуга Д.-М. ў развіцці бел.літ. мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Імя пісьменніка прысвоена Магілёўскаму абл. тэатру драмы і камедыі ў Бабруйску.
Тв.:
Творы. Мн., 1984.
Літ.:
Купала Я. Памяці Вінцука Марцінкевіча // Зб.тв.Мн., 1973. Т. 2;
Багдановіч М. Белорусское возрождение // Поўны зб.тв.Мн., 1995. Т. 2;
Семянов і ч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Яго ж. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: Спроба навук. сістэматызацыі дак. і матэрыялаў. Мн., 1988;
Грынчык М.М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн.. 1969;
Пачынальнікі: З гісторыка-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1981;
Янушкевіч Я.Я. Беларускі Дудар: Праблема слав. традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Максім Іванавіч) (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац.маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ.«Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ.«Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.
Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел.літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб.тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1973;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1984—1986;
Творы. Мн., 1990.
Літ.:
Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;
Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;
Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;
Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;
Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;
Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;
Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.