МІ́ЛАШ АБРЭ́НАВІЧ.

Мілаш Тэадоравіч (7.3.1780, Сярэдня-Дабрыня, Сербія — 14.9.1860), князь Сербіі [1815—39, 1858—60], заснавальнік дынастыі Абрэнавічаў. Удзельнік 1 -га сербскага паўстання 1804—13 супраць тур. няволі. Пасля яго паражэння дамогся ад тур. султана прызначэння кнезам (князем) Паўд.-Зах. Сербіі. Узначаліў 2-е сербскае паўстанне 1815, у выніку якога паводле пагаднення з тур. ўладамі стаў вярх. кнезам усёй Сербіі. Арганізаваў забойства Г.Карагеоргія (1817). У 1826 дамогся аўтаноміі для Сербіі, а для сябе ў 1830 спадчыннага тытула кнеза. Імкнуўся да аб’яднання паўд.-слав. зямель пад эгідай Сербіі, стварыў бюракратычна-паліцэйскую сістэму праўлення, цалкам ігнаруючы Скупшчыну (парламент). У 1839 пацярпеў паражэнне ў барацьбе з апазіцыяй (падпісаў канстытуцыю, якая абмяжоўвала яго ўладу), адрокся ад прастола на карысць свайго сына Міхаіла і эмігрыраваў. У 1858 Скупшчына Сербіі скінула кн. А.​Карагеоргіевіча і вярнула прастол М.А.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАІ́Л ЯРАСЛА́ВІЧ (1271—2.11.1318),

цвярскі князь [1285—1318], вял. князь уладзімірскі [1305—17]. У выніку працяглай барацьбы ў 1305 заняў вялікакняжацкі прастол і першым з рус. князёў стаў насіць тытул «вялікі князь усяе Русі». За паліт. ўплыў на Русі вёў упартае змаганне супраць маскоўскага кн. Юрыя Данілавіча [1303—25], які ў 1317 здолеў атрымаць ад Залатой Арды ярлык на вял. ўладзімірскае княжанне. 22.12.1317 М.Я. у бітве каля с. Барценева (40 км ад Цверы) разбіў аб’яднаныя войскі Юрыя Данілавіча і ардынскага пасла Каўгадыя (першае буйное паражэнне мангола-татар у палявым баі ў Паўн.-Усх. Русі). Быў выкліканы на суд у Арду і паводле загаду хана Узбека забіты слугамі кн. Юрыя. Кананізаваны Рус. правасл. царквой. Выява М.Я. ў шматфігурным помніку «Тысячагоддзе Расіі» ў Ноўгарадзе.

Літ.:

Кучкин В.А. Повести о Михаиле Тверском. М., 1974.

т. 10, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́НІКСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1915—1918,

наступальныя дзеянні войск Антанты (у т. л. 2 рас. брыгады) на Балк. п-аве (каля г. Салонікі, Грэцыя) у 1-ю сусв. вайну. Салонікскі фронт пачаў стварацца ў кастр.—ліст. 1915 пасля высадкі англа-франц. экспедыцыйнага корпуса ў мэтах дапамогі Сербіі стрымаць наступленне аўстра-герм.-балг. войск. У студз. 1916 сюды перакінуты англа-франц., потым італьян. і сербскія войскі і 2 рас. брыгады з Францыі. У выніку створана т.зв. Усх. армія (у 1918 да 29 дывізій). Пасля ўступлення ў вайну Румыніі (жн. 1916) саюзнікі ў вер.—ліст. занялі раён Манасціра. 15.9.1918 войскі Антанты (да іх далучыліся грэч. войскі) пачалі наступленне ўздоўж даліны р. Вардар на Скопле і нанеслі паражэнне балг.-герм. войскам. 29.9.1918 Балгарыя капітулявала, а 11-я герм. армія здалася ў палон.

т. 14, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УСХО́ДНІ ВАЛ»

(ням. «Ostwall»),

стратэгічны абарончы рубеж у Вял. Айч. вайну, створаны ням. войскамі на сав.-германскім фронце да восені 1943 на лініі р. Нарва—г. Пскоў—Віцебск—Орша—р. Сож—сярэдняе цячэнне р. Дняпро—р. Малочная з мэтай спыніць наступленне Чырв. Арміі і выйграць час, спадзеючыся на раскол у антыфаш. кааліцыі і сепаратны мір з ЗША і Вялікабрытаніяй. Асн. частка «У.в.» — умацаванні на Дняпры. У вер. 1943 рубеж у паласе ням. групы армій «Поўдзень» і «А» стаў называцца пазіцыяй «Ватан», у паласе груп армій «Поўнач» і «Цэнтр» — пазіцыяй «Пантэра». Да канца вер. 1943 сав. войскі нанеслі паражэнне праціўніку на Левабярэжнай Украіне, фарсіравалі Дняпро і месцамі прарвалі «У.в.». У ходзе наступальных Бранскай аперацыі 1943, Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943, Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 сав. войскі пераадолелі абарончыя пазіцыі «Пантэры».

т. 16, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІ́П II (Felipe; 21.5.1527, г. Вальядалід, Іспанія — 13.9.1598),

кароль Іспаніі [1556—98]. З дынастыі Габсбургаў. Прастол заняў пасля адрачэння свайго бацькі Карла V і падзелу імперыі, паводле якога атрымаў Іспанію, Сіцылій абедзвюх Каралеўства, Нідэрланды, Франш-Кантэ, Мілан, уладанні ў Амерыцы і Афрыцы. Садзейнічаў умацаванню абсалютызму, быў фанатычным прыхільнікам каталіцызму (падтрымліваў інквізіцыю, праследаваў ератыкоў і марыскаў); для вядзення бясконцых войнаў павялічваў падаткі, у т. л. алькабалу. Ў выніку разгрому франц. войск у бітве каля Сен-Кантэна (1557) заключыў з франц. каралём выгадны для Іспаніі мір, які завяршыў італьянскія войны 1494—1559. У 1571 узначаліў «Свяшчэнную лігу», створаную шэрагам дзяржаў для барацьбы з туркамі. У 1581 далучыў да сваіх уладанняў Партугалію. Вёў войны з Англіяй (ісп. «Непераможная армада» ў 1588 пацярпела паражэнне) і Францыяй (у 1595 ісп. войскі разбіты Генрыхам Наварскім каля Фантэн-Франсэз).

т. 16, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРАСЛА́Ў УСЕ́ВАЛАДАВІЧ (8 2 1191—30.9.1246),

вялікі князь кіеўскі [1236—38] і ўладзімірскі [1238—46]. Сын Усевалада Вялікае Гняздо, брат вял. ўладзімірскага князя Юрыя Усеваладавіча, бацька Аляксандра Неўскага. Князь у Пераяслаўлі Паўднёвым (1200—06), Пераяслаўлі Залескім (з 1212). Удзельнік міжусобных войнаў. У 1210—30-я г. неаднаразова быў князем у Ноўгарадзе; імкнуўся пашырыць рус. ўплыў на фінскія землі, змагаўся з ням. агрэсіяй (у 1234 нанёс буйное паражэнне крыжакам на р. Эмайыгі ў Эстоніі). Як вял. князь уладзімірскі імкнуўся аднавіць разбураныя манг.-тат. нашэсцем гарады і гасп. жыццё, з дапамогай манголаў падпарадкаваць сабе Кіеўскае, Смаленскае і інш. княствы. У 1243 хан Залатой Арды Батый прызначыў яго вял. князем усёй Русі. У 1246 выкліканы да вял. манг. хана Гуюка ў г. Каракарум, дзе атручаны (памёр на зваротным шляху).

т. 18, кн. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬДЭМАР (Valdemar),

каралі ў сярэдневяковай Даніі.

Вальдэмар I Вялікі (14.1.1131 — 12.5.1182), кароль у 1157—82. Праўнук па маці кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха. Ажыццявіў шэраг паходаў супраць палабскіх славян і падпарадкаваў каля 1169 в-аў Руяну (Руген). Заклаў асновы цэнтралізаванай феад. манархіі ў Даніі.

Вальдэмар II Пераможца (1170—28.3.1241), кароль у 1202—41. На пач. 13 ст. падпарадкаваў шэраг паўн.-герм. тэр., але страціў іх у 1227 пасля паражэння ў бітве з ням. феадаламі пры Борнхёведзе. У 1219 захапіў Паўн. Эстонію (Эстляндыю).

Вальдэмар IV Атэрдаг (каля 1320—24.10.1375), кароль у 1340—75. Аднавіў каралеўскую ўладу над большай ч. краіны. Пасля паўстання эстаў 1343—45 прадаў Паўн. Эстонію (1346) Лівонскаму ордэну. У вайне з ням. гандл. саюзам Ганзай 1367—70 за панаванне на Балтыйскім м. пацярпеў паражэнне, заключыў ганебны для Даніі Штральзундскі мір 1370.

т. 3, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ Леанід Мікалаевіч (21.8.1871, г. Арол — 12.9.1919),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1897). Друкаваўся з 1892. Раннія творы вытрыманы ў традыцыях крытычнага рэалізму («Вялікі шлем», «Пецька на дачы», «Анёлачак», «Жылі-былі»). Спачуваў рэвалюцыянерам, пратэставаў супраць вайны («Іншаземец», «Марсельеза», «Чырвоны смех»). У больш позніх творах («Сцяна», «Думка», «Бездань», «Жыццё Васіля Фівейскага») адчуваецца песімізм, падкрэсліваецца бяссілле чалавечага розуму. Рэвалюцыя 1905—07 абвастрыла цікавасць да сац. праблем (драмы «Да зор», 1905, выд. 1906; «Губернатар», 1906; «Апавяданне пра сем павешаных», 1908), а яе паражэнне выклікала расчараванне; матывы адчаю, вобразы смерці ідуць побач з паэтызацыяй анархічнага бунту: п’есы «Сава» (1906), «Жыццё чалавека» (1907), «Чорныя маскі», «Цар Голад» і «Анатэма» (усе 1908); апавяд. «Цемра», «Пракляцце звера» (абодва 1907); раман «Сашка Жыгулёў» (1911). Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Фінляндыі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—17. Спб., 1911—17;

Красный смех. Мн., 1981.

Л.М.Андрэеў.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ГАР (?—945),

вялікі князь кіеўскі ў 912—945. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», сын Рурыка (гл. Рурык—Сінявус—Трувор). У 913 прымусіў драўлян і улічаў плаціць даніну Кіеву. У 915 заключыў мір з печанегамі, у 920 ваяваў з імі. У 941 здзейсніў з войскам марскі паход супраць візант. правінцый у М. Азіі, але пацярпеў паражэнне ад візант. палкаводца Феафана. У 944 з дапамогай варагаў і печанегаў ажыццявіў на лодках і конным строем вял. паход да нізоўяў Дуная, чым прымусіў візант. ўрад прапанаваць яму даніну ў абмен на мір. Паводле рус.-візант. дагавора 944 гарантавалася бяспека рус. паслам, купцам і воінам, якія прыбывалі ў Візантыю. У 945 1. пры спробе (насуперак звычаю) узяць другі раз за год даніну з драўлян забіты імі.

Літ.:

Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986.

т. 7, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЦКІЯ ПАЎСТА́ННІ,

нацыянальна-вызв. паўстанні грэкаў вострава Крыт супраць тур. панавання ў 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97. Праходзілі пад лозунгам далучэння Крыта да Грэцыі. Паўстанне 1866—69 выклікана ўвядзеннем падаткаў на тытунь, соль і віно, закрыццём некалькіх грэч. школ. Паўстанцы знішчылі некалькі тур. гарнізонаў, потым пайшлі ў горы, дзе стварылі часовы ўрад; іх падтрымлівалі зброяй і добраахвотнікамі Грэцыя і інш. краіны. Задушана тур. экспедыцыйнай арміяй пасля таго, як Грэцыя вымушана была спыніць ім дапамогу. Паўстанне 1896—97, выкліканае заменай губернатара Крыта хрысціяніна на мусульманіна, перарасло ў вайну паміж Грэцыяй і Турцыяй (крас.—май 1897), у якой грэч. армія і крыцкія паўстанцы пацярпелі паражэнне. Аднак у 1898 пад уздзеяннем паўстанняў і націскам буйных еўрап. дзяржаў Турцыя мусіла надаць Крыту адм. аўтаномію.

Літ.:

Сенкевич И.Г. Россия и Критское восстание, 1866—1869 гг. М., 1970.

т. 8, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)