АСТРАФІ́ЗІКА,

раздзел астраноміі, які вывучае фізічную будову, хімічны састаў і развіццё нябесных целаў. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў выніку выкарыстання ў астраноміі спектральнага аналізу, фатаграфіі і фотаметрыі, што дало магчымасць вызначаць т-ру атмасфер Сонца і зорак, іх магнітныя палі, скорасць руху ўздоўж праменя зроку, характар вярчэння зорак і інш. Асн. раздзелы астрафізікі: фізіка Сонца, фізіка зорных атмасфер і газавых туманнасцяў, тэорыя ўнутранай будовы і эвалюцыі зорак, фізіка планет і інш. Тэарэтычная астрафізіка вывучае асобныя нябесныя аб’екты (планеты, зоркі, пульсары, квазары, галактыкі, скопішчы галактык і інш.) і агульныя фіз. прынцыпы астрафіз. працэсаў з мэтай устанаўлення агульных законаў развіцця матэрыі ў Сусвеце. Практычная астрафізіка распрацоўвае інструменты, прылады і метады даследаванняў. Крыніцы атрымання інфармацыі пра нябесныя целы: эл.-магн. выпрамяненне (гама-, рэнтгенаўскае, ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырвонае і радыёвыпрамяненне); касм. прамяні, якія дасягаюць атмасферы Зямлі і ўзаемадзейнічаюць з ёю; нейтрына і антынейтрына; гравітацыйныя хвалі, што ўзнікаюць пры выбухах масіўных зорак. Значны ўклад у развіццё Астрафізікі зрабілі А.​А.​Белапольскі, М.​М.​Гусеў, Ф.​А.​Брадзіхін, В.​Я.​Струвэ, Г.​А.​Ціхаў (Расія), Г.​Фогель, К.​Шварцшыльд (Германія), У.​Кэмпбел, Э.​Пікерынг, Э.​Хабл (ЗША), А.​Эдынгтан (Англія), В.​А.​Амбарцумян (СССР) і інш. Найб. значныя дасягненні сучаснай Астрафізікі — адкрыццё нябесных аб’ектаў з незвычайнымі фіз. ўласцівасцямі (нейтронныя зоркі, чорныя дзіркі, квазары).

Літ.:

Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

Ю.​М.​Гнедзін.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,

універсальная фіз. тэорыя мікрабудовы матэрыі, якая прызначана даць апісанне ўсіх фундаментальных узаемадзеянняў, вызначыць уласцівасці элементарных часціц і законы іх руху.

У аснове адзінай тэорыі поля ляжаць агульныя палажэнні: 1) універсальнасць палявой канцэпцыі — кожнаму тыпу элементарных часціц і фундаментальных узаемадзеянняў адпавядаюць свае квантаварэлятывісцкія палі; 2) калібровачны (суперкалібровачны) прынцып як універсальны дынамічны прынцып для ўсіх тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў — кожны з іх звязваецца з дынамічнай (калібровачнай) сіметрыяй і адказнымі за гэтае ўзаемадзеянне сілавымі зарадамі элементарных часціц, а таксама з адпаведнымі калібровачнымі палямі (базонамі) — іх пераносчыкамі; 3) гіпотэза аб існаванні адзінага універсальнага фундаментальнага ўзаемадзеяння (адзінага поля), канкрэтнымі праявамі якога пры адпаведных умовах з’яўляюцца гравітац., эл.-магн., слабае і моцнае ўзаемадзеянні. Пачатак адзінай тэорыі поля пакладзены стварэннем адзінай калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў (1967—68), першага аб’яднанага апісання двух тыпаў узаемадзеяння ў межах адной тэорыі. Пасля пабудовы квантавай хромадынамікі прапанаваны розныя схемы «Вялікага аб’яднання», адзінай калібровачнай палявой тэорыі эл.-магн., слабага і моцнага ўзаемадзеянняў. Уключэнне гравітацыйнага ўзаемадзеяння ў агульную схему дасягнута за кошт увядзення суперсіметрыі (што звязвае ферміёны і базоны) і адпаведных суперкалібровачных палёў (гл. Супергравітацыя).

На Беларусі даказана магчымасць пабудовы тэорыі ўсіх фундаментальных узаемадзеянняў з дапамогай універсальных нелінейных ураўненняў Фёдарава для аб’яднаных палёў (1968; Ф.​І.​Фёдараў).

Літ.:

Физика микромира. М., 1980;

Фёдоров Ф.И. Уравнения первого порядка для гравитационного поля // Докл. АН СССР. 1968. Т. 179, № 4;

Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.

А.​А.​Богуш.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЗУНЫ́ (Rodentia),

найбольш шматлікі атрад класа млекакормячых. 33 сям., каля 1600 відаў (паводле інш. звестак да 2000 відаў), што складае 40% ад відаў млекакормячых сусв. фауны. Вядомы з пач. палеацэну. Узніклі, магчыма, ад агульных продкаў з насякомаеднымі. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Найб. разнастайныя і шматлікія ў адкрытых ландшафтах умеранага і субтрапічнага паясоў, асабліва ў арыдных зонах. Найб. пашыраны вавёркавыя (гл. Вавёркі), палятухі, бабры, нутрыевыя (гл. Нутрыя), марскія свінкі, соні, тушканчыкавыя (гл. Тушканчыкі), мышоўкавыя (гл. Мышоўкі), мышыныя (гл. Мышы), слепаковыя (гл. Слепакі) і інш. 15 відаў і 4 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 сям., 24 віды. Насяляюць палі, лясы, сады, поймы рэк, зараснікі па берагах вадаёмаў, трапляюцца каля жылля і ў будынках. 3 віды — соня арэшнікавая (Muscardinus avellanarius), соня садовая (Eliomus quercinus) і палятуха звычайная (Pteromys volans) занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Даўж. цела ад 5 (мышоўкі) да 130 см (вадасвінка), маса ад 6 г да 60 кг. Валасяное покрыва (шчацінне або іголкі) ад густога, мяккага да рэдкага. Разцы развітыя, увесь час растуць і вострацца пры сціранні, карэнныя зубы з шырокай жавальнай паверхняй, аддзеленыя ад разцоў прамежкам — дыястэмай. Пераважна расліннаедныя. Вельмі пладавітыя, у многіх некалькі прыплодаў за год. Грызуны — корм для драпежных птушак і млекакормячых. Многія — захавальнікі і пераносчыкі прыродна-ачаговых хвароб, шкоднікі, аб’екты промыслу.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1983;

Соколов В.Е. Фауна мира. Млекопитающие. М., 1990.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСТВЫ,

органы мясц. самакіравання ў Рас. імперыі, створаныя паводле земскай рэформы 1864. На Беларусі ўведзены ў 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У З. пануючае становішча займалі памешчыкі; удзельнічалі прадстаўнікі буржуазіі (фабрыканты, купцы, заможныя сяляне), з цягам часу іх колькасць павялічвалася. Царскі ўрад, які баяўся ўплыву ліберальна-бурж. элементаў у З., перадаў ім толькі мясц. гасп. справы, што датычылі адпаведнай губерні ці павета. Аддзяленне гасп. спраў ад агульнай адміністрацыі драбіла мясц. кіраванне паміж казённымі і земскімі ўстановамі, што адмоўна адбівалася на ўсім ходзе мясц. дзейнасці. Асновай бюджэту З. было абкладанне падаткамі нерухомай маёмасці: зямель, дамоў, фабр.-зав. прадпрыемстваў і гандл. устаноў. Расходы З. падзяляліся на абавязковыя (дарожныя, кватэрныя і інш.) і неабавязковыя (на ахову здароўя і нар. асвету). Губернатар і міністр унутр. спраў мелі права затрымаць выкананне любой пастановы земскага сходу. Нягледзячы на абмежаванасць, З. садзейнічалі развіццю мясц. ініцыятывы, гаспадаркі і культуры. Яны адкрывалі на свае сродкі школы, бальніцы, урачэбныя ўчасткі, удзельнічалі ў расходах на ўтрыманне царк.-прыходскіх школ, арганізоўвалі вет. абследаванне і сан. нагляд, агранамічныя мерапрыемствы (стваралі склады с.-г. машын, насенныя і зернеачышчальныя пункты, доследныя палі), займаліся статыстыкай (гл. Земская статыстыка), страхаваннем, вогнеўстойлівым буд-вам, садзейнічалі развіццю саматужных промыслаў. Ліквідаваны пасля Кастр. рэвалюцыі.

Літ.:

Мыш М.И. Положение о земских учреждениях 12 июня 1890 г... СПб., 1894;

Веселовский Б.Б. История земства за сорок лет. Т. 1—4. СПб., 1909—11;

Слобожанин В.П. Земское самоуправление в Беларуси (1905—1917 гг.). Мн., 1994.

С.​П.​Самуэль.

т. 7, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗО́ННАЯ ХІ́МІЯ,

раздзел хіміі, які вывучае атамныя сістэмы, дзе ядро атама заменена інш. дадатнай часціцай (напр., μ​+-мюонам, пазітронам) або электрон заменены інш. адмоўнай часціцай (напр., μ​− мюонам, π​−- ці K​−-мезонам). Узнікла ў 1960-я г. ў сувязі з даследаваннямі хім. рэакцый, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні мюонаў з рэчывам. З дапамогай М.х. атрымліваюць даныя аб размеркаванні электроннай шчыльнасці, крышталічнай і магн. структуры рэчыва, механізме і скорасці хім. рэакцый.

Асн. кірункі даследаванняў у М.х.: π​−- і μ​− М.х., вывучэнне паводзін μ​+-мюона ў рэчыве і рэакцый мюонія. У π​−- М.х. асн. з’яўляецца рэакцыя перазарадкі π​−-мезона на пратонах π​− + p → n + π​0, імавернасць якой залежыць ад зараду ядра атама, з якім злучаны вадарод, тыпу сувязі паміж атамамі вадароду і інш., што дае магчымасць адрозніць хімічна звязаны вадарод ад свабоднага вадароду. У аснове μ​−- М.х. ляжыць вымярэнне энергій і інтэнсіўнасцей асобных ліній у рэнтгенаўскіх спектрах мезаатамаў. Асаблівасці рэнтгенаўскага выпрамянення μ​−-атамаў дазваляюць вызначыць элементны састаў узору, а таксама від хім. злучэння гэтых элементаў. μ​+-мюон і мюоній па сутнасці з’яўляюцца мечанымі атамамі, за рухам якіх можна сачыць ад моманту нараджэння да моманту распаду. Напр., лакальныя магн. палі ў крышталях узаемадзейнічаюць са спінам мюона і змяняюць карціну яго прэцэсіі, што дазваляе вывучаць характарыстыкі ўнутраных магн. палёў. На аснове вывучэння рэакцый мюонію робяць высновы аб рэакцыях атамарнага вадароду.

Літ.:

Кириллов-Угрюмов В.Г., Никитин Ю.П., Сергеев Ф.М. Атомы и мезоны. М., 1980;

Евсеев В.С., Мамедов Т.Н., Роганов В.С. Отрицательные мюоны в веществе. М., 1985.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫШЧА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

комплекс інж. збудаванняў для ачысткі сцёкавых водаў і апрацоўкі асадкаў. Падзяляюцца на збудаванні механічнай, біялагічнай і фізіка-хімічнай ачысткі. Выбар схемы ачысткі залежыць ад складу і колькасці сцёкавых водаў, характарыстыкі вадаёма, куды яны адводзяцца, ці тэхнал. патрабаванняў да вады ў выпадку іх паўторнага выкарыстання.

Да збудаванняў мех. ачысткі адносяцца: прыстасаванні для працэджвання (рашоткі, драбілкі, сіты) і сепарацыі (пескаўлоўнікі, тлушчаўлоўнікі, маслааддзяляльнікі, нафтапасткі, адстойнікі, гідрацыклоны, цэнтрыфугі). Збудаванні біял. ачысткі ў прыродных умовах — палі фільтрацыі і арашэння, біял. сажалкі (бываюць з сістэмамі прымусовай аэрацыі). Біял. ачыстка ў штучных умовах ажыццяўляецца на біяфільтрах і ў аэратэнках. Збудаванні фіз.-хім. ачысткі: флататары, сарбцыйныя, экстракцыйныя і інш. калоны, нейтралізатары, іонаабменныя фільтры, гіперфільтрацыйныя ўстаноўкі, збудаванні эл.-хім. ачысткі і інш. Вузел апрацоўкі асадку ўключае збудаванні па стабілізацыі, кандыцыянаванні, абязводжванні асадку. На невялікіх ачышчальных збудаваннях асадак затрымліваюць і зброджваюць у септыках і адстойніках. На буйных станцыях стабілізацыя асадку робіцца ў анаэробных (метатэнкі) ці аэробных стабілізатарах. Пры выкарыстанні метатэнкаў для утылізацыі газу, што выдзяляецца, прадугледжваюцца газгольдэры. Для абязводжвання стабілізаваных асадкаў у прыродных умовах служаць глеістыя пляцоўкі. Механічнае абязводжванне робяць вакуум-фільтрамі, фільтрпрэсамі, цэнтрыфугамі. Абеззаражваюць ачышчаную ваду ў кантактных рэзервуарах з дапамогай хлору ці азону. Устаноўкі па абеззаражванні бактэрыцыднымі прамянямі ўключаюць выпрамяняльную лямпу, уманціраваную ў трубаправод, які транспартуе ваду, што апрацоўваецца. Лакальныя ачышчальныя збудаванні прадпрыемстваў камплектуюцца вузламі мех. і фіз.-хім. ачысткі. Гарадскія ачышчальныя збудаванні, якія прымаюць сумесь бытавых і вытв. сцёкаў, уключаюць мех. і біял. ачыстку, абеззаражванне ачышчаных сцёкавых водаў і апрацоўку асадку. Збудаванні ачысткі атм. сцёку складаюцца з адстойнікаў і фільтраў (біял. сажалак). Да ачышчальных збудаванняў адносяцца таксама збудаванні для ачысткі паветра.

В.​Г.​Аўсянікаў.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ,

адна з форм існавання электрамагнітнага поля, якая выяўляецца ў сілавым уздзеянні на рухомыя эл. зарады (эл. токі) і магніты. Асн. характарыстыкі М.п. — магнітная індукцыя і напружанасць магнітнага поля. Паводле Максвела ўраўненняў крыніцамі М.п. могуць быць эл. токі, целы з ненулявым магнітным момантам і пераменныя эл. палі.

Адсутнасць у прыродзе адасобленых магн. полюсаў (гл. Манаполь магнітны) прыводзіць да таго, што М.п. саленаідальнае (лініі поля заўсёды замкнёныя) у адрозненне ад электрастатычнага поля, якое з’яўляецца патэнцыяльным (лініі поля бяруць пачатак на дадатных эл. зарадах). Пры вывучэнні ўласцівасцей М.п. пробным элементам (індыкатарам поля) служыць магн. дыполь — замкнёны плоскі контур з эл. токам або пастаянны магніт невялікіх памераў, што дае магчымасць вызначыць напрамак вектара магнітнай індукцыі ў кожным пункце поля. М.п., створанае правадніком адвольнай формы з эл. токам, вызначаецца паводле Біо—Савара закону. Наяўнасць М.п. ў касм. аб’ектаў (Сонца, зорак, некат. планет, міжпланетнай прасторы) прыводзіць да спецыфічных геамагн. і астрафіз. з’яў (напр., магнітныя буры, сінхратроннае выпрамяненне, сонечны вецер), а наяўнасць уласнага магн. моманту ў элементарных часціц — да праяўлення магн. уласцівасцей рэчыва (напр., дыямагнетызм, парамагнетызм, ферамагнетызм). Напружанасць М.п. міжпланетнай прасторы 10​−3—10​−4 А/м, Зямлі ~40 А/м, зорак да 10​9—10​10 А/м; звышправодныя саленоіды могуць ствараць М.п. напружанасцю да 10​6 А/м. М.п. выкарыстоўваецца ў паскаральніках зараджаных часціц, для ўтрымання гарачай плазмы ва ўстаноўках кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу, ва ўсіх канструкцыях і прыстасаваннях электра- і радыётэхнікі, выліч. тэхнікі і электронікі.

А.​І.​Болсун.

Магнітнае поле: 1 — прамалінейнага правадніка з электрычным токам (I — сіла току, B→ — магнітная індукцыя); 2 — саленоіда.

т. 9, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНЕ́ЗІЯ (ад палі... + грэч. nesos востраў),

адна з асноўных астраўных груп у Акіяніі, у цэнтр. ч. Ціхага ак. Цягнецца ад Гавайскіх а-воў на Пн да Новай Зеландыі (паміж 23°30′ паўн. ш. і 28° паўд. ш. і 176° усх. — 109°20′ зах. д.). Пл. каля 26 тыс. км². Асн. а-вы: Гавайскія, Туамоту, Тонга, Самоа, Уоліс, Хорн, Тувалу, Такелау, Кука, Тубуаі, Лайн, Таварыства, Маркізскія, Вялікадня і інш. У межах П. дзяржавы: Зах. Самоа, Кірыбаці, Тонга, Тувалу; Гаваі — штат ЗША; уладанні Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Нов. Зеландыі. Нас. 1870 тыс. чал. (1999), пераважна палінезійцы. Астравы вулканічнага або каралавага паходжання. Вулканічныя астравы гарыстыя (выш. да 4205 м на Гавайскіх а-вах, 2241 м на Таіці), каралавыя — нізінныя. На а-вах Гавайскіх, Самоа, Тонга — дзеючыя вулканы. Клімат экватарыяльны і трапічны пасатны. Сярэднія гадавыя т-ры 22—26 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з У на З ад 1500 да 3500 мм. Большасць астравоў церпяць ад моцных ураганаў. На наветраных схілах гарыстых астравоў густыя вечназялёныя лясы, на падветраных — саванны; на ўзбярэжжах — пальмы, хлебнае дрэва, панданусы, баньяны. Жывёльны свет бедны млекакормячымі, шматлікія птушкі. Трапічнае земляробства. Вырошчваюць для мясц. патрэб тара, ямс, хлебнае дрэва, рыс, кукурузу, цукр. трыснёг; на экспарт какаву, какосы, ананасы, бананы, цытрусавыя. Лесараспрацоўкі. Рыбалоўства. Лоўля жэмчугу, марскіх чарапах. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, каштоўнай драўніны (на экспарт). Міжнар. турызм. Астравы П. знаходзяцца на шляхах, якія звязваюць Амерыку з Паўд.-Усх. Азіяй і Аўстраліяй. Буйнейшыя гарады і порты П.: Ганалулу (Гавайскія а-вы), Папеэтэ (Таіці), Апія (Зах. Самоа), Пага-Пага (Усх. Самоа).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 12, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАШЭ́ННЕ, ірыгацыя,

падвядзенне вады на палі пры недахопе вільгаці, павелічэнне яе запасаў у глебе; адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца праз арашальныя сістэмы. Аснову арашэння складаюць гідратэхн. прыёмы нармаванага паступлення вады ў глебу. Рэгулюе таксама т-ру паверхневага слоя глебы, прыземнага слоя паветра, станоўча ўздзейнічае на мікрабіял. працэсы ў глебе, рост і развіццё раслін, ураджай, пажыўныя якасці харч. культур. Дае магчымасць далучыць да с.-г. абароту дадатковыя плошчы, больш прадукцыйна выкарыстоўваць угоддзі. У зоне пустыняў і паўпустыняў земляробства існуе толькі на арашальных землях у аазісах. Амаль усе пасевы пад бавоўнікам і большасць пасеваў рысу размешчаны на арашоных землях. Адрозніваюць арашэнне рэгулярнае (самацёчнае ці з мех. водападыманнем помпавымі станцыямі) і перыядычнае з падачай вады 1 раз у год ці толькі ў час моцнай засухі. Паводле спосабу падачы вады вылучаюць арашэнне паверхневае (затапленнем глебы), дажджаванне, унутрыглебавае (з дапамогаю падземных трубаў), аэразольнае (паляпшае мікраклімат у прыземным слоі паветра).

Арашэнне вядома з часоў неаліту. Да пач. 19 ст. сусветная плошча арашоных зямель складала 8 млн. га, да 20 ст. — 48 млн. та. У Расіі ў 1913 плошча арашэння каля 4 млн. га. Вял. плошчы (больш за 265 млн. га, 1990) арашоных зямель у Індыі, Пакістане, Кітаі, ЗША Мексіцы, Іране, Японіі, Егіпце, Іраку, Узбекістане, Італіі, Балгарыі, Францыі і інш.

На Беларусі арашаюць пераважна пасевы шматгадовых траў, культурную пашу і ўчасткі пад агародніннымі культурамі; прадугледжваецца арашэнне палёў у час засухі (пл. 67,8 тыс. га; 1994). Арашальныя сістэмы складаюць 6,3 тыс. км падземных трубаправодаў, каля 2,5 тыс. шт. дажджавальных машын і ўстановак, 545 электрыфікаваных помпавых станцый, больш за 300 вадасховішчаў і сажалак.

Б.​Я.​Кухараў.

Да арт. Арашэнне. Будаўніцтва канала ў пустыні.

т. 1, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РСІКА (Corse),

востраў на ПнЗ Міжземнага мора. Дэпартамент Францыі. Пл. 8,7 тыс. км². Даўж. 183 км, шыр. да 85 км. Нас. 249,7 тыс. чал. (1990). Рэльеф гарысты. Б.ч. вострава займаюць горы (выш. да 2706 м, г. Мон-Сенто), мерыдыянальнага напрамку, якія на З стромка абрываюцца да мора і фарміруюць скалісты бераг, моцна расчлянёны залівамі. На У вострава вузкая нізіна Плен-д’Алерыя, шыр. да 10 км. Берагі тут плоскія, нізкія, месцамі забалочаныя, слаба расчлянёныя. К. складзена на З з гранітаў, на У — з моцна дыслацыраваных тоўшчаў мезакайназою, у асн. гліністымі сланцамі. Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і цёплай вільготнай зімой. Сярэднія т-ры студз. 12—13 °C, ліп. 24—26 °C. Ападкаў ад 600 мм за год на раўнінах да 1000—1200 мм у гарах. Максімум ападкаў выпадае зімой, часам у выглядзе снегу. Сухі сезон доўжыцца 3—4 мес. Кароткія парожыстыя рэкі моцна мялеюць і перасыхаюць. Глебы карычневыя і горна-лясныя бурыя. Лясы сустракаюцца асобнымі масівамі, на б.ч. вострава высечаны. Да выш. 600—700 м пашыраны (асабліва на ПнЗ) маквіс (дрэвападобны верас, сунічнае дрэва, каменны дуб, дзікая масліна, лаўр, ладаннік і інш.); да выш. 1100—1200 м — лясы з каштану і дубу; да выш. 1900 м — з буку, вольхі, хвоі. Вышэй субальпійская і альпійская расліннасць. У прыморскай паласе насаджэнні з коркавага дубу і эўкаліптаў. Рэзерваты Касаб’янда, Скандола. Апрацоўваемыя плошчы сканцэнтраваны на нізінах, у далінах і на тэрасаваных схілах вакол населеных пунктаў. Сады, вінаграднікі, аліўкавыя гаі, палі пшаніцы, ячменю, кукурузы. Жывёлагадоўля. Турызм. Гал. гарады — Аяча, Бастыя.

Літ.:

Вандер Ф. Корсика еще не открыта: Пер. с нем. М., 1961.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)