хімічны канцэрн у Германіі. Засн. ў 1863, наз. «Фрыдрых Баер энд компані», з 1972 — сучасная назва. Адыграў значную ролю ў стварэнні лекавых прэпаратаў (аспірын, люмінал і інш.) і вытв-сці сінт. каўчуку. Мае каля 120 прадпрыемстваў у 40 краінах (ЗША, Нідэрланды, Італія, Іспанія, Японія і інш.), яму належацьнайб.хім. комплексы Германіі і Бельгіі. Асн. прадукцыя: хімікаты, сінт. каўчук, штучныя матэрыялы, поліурэтан, фарбы, хім. валакно, лекавыя прэпараты і сродкі аховы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗУЛЕ́НЫ,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць 7-членны цыкл, спалучаны з 5-членным. Належаць да небензоідных араматычных злучэнняў, біпалярныя ў выніку асіметрыі кольцаў. Найпрасцейшы прадстаўнік — азулен, C10H8, мал. м. 128, tпл 99 °C. Азулены маюць сіні ці фіялетавы колер, раствараюцца ў мінер. к-тах, акісляюцца ў паветры, ізамерызуюцца ў нафталіны, утвараюць комплексы.
Штучна атрымліваюць цыклізацыяй 10-членных цыклічных злучэнняў ці ўзаемадзеяннем пірыдзіну з цыклапентадыенам. Ёсць у эфірных алеях рамонку, палыну і інш. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІ́ДЫ, вокіслы,
злучэнні хімічных элементаў з кіслародам. Солеўтваральныя аксіды ўзаемадзейнічаюць з вадой; падзяляюцца на асноўныя (напр., Na2O, CaO, FeO), кіслотныя (напр., CO2, P2O5, SO3) і амфатэрныя (напр., ZnO, Al2O3). Да нясолеўтваральных аксідаў належаць CO, NO. Атрымліваюць акісленнем ці тэрмічным раскладаннем адпаведных гідраксідаў або соляў. Пашыраны ў прыродзе: аксід вадароду (вада) стварае гідрасферу, гал. саст. частка горных парод — аксід крэмнію, аксід алюмінію, жалеза і інш. Аксіды ўтвараюць руды — асн. форму метал. карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫДАРВІНІ́ЗМ,
тэорыі, накіраваныя супраць дарвінізму. Антыдарвінізм або наогул адмаўляе развіццё ў прыродзе (крэацыянізм), або яго гал. фактары, у першую чаргу натуральны адбор як вядучы ў арган. эвалюцыі. Асн. цячэнні антыдарвінізму склаліся ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Да іх належаць розныя формы неаламаркізму, батмагенез, номагенез, трансфармізм і інш. Сучасныя антыдарвінісцкія канцэпцыі звычайна прэтэндуюць на вырашэнне праблемы макраэвалюцыі, недаступнай для прамой эксперым. праверкі. Шэраг канцэпцый антыдарвінізму ўключае ўяўленні аб наследаванні набытых прыкмет і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБІ́Р (каля 1440, г. Бенарэс, цяпер г. Варанасі, Індыя — каля 1518),
індыйскі паэт. Пісаў вершы на хіндзі. Яму прыпісваюць больш за 80 твораў, з іх сапраўды належаць К. толькі ўключаныя ў свяшчэнную для сікхаў «Пачынальную кнігу». Быў адным з прапаведнікаў рэліг. вучэння бхакці (абвяшчала роўнасць людзей перад богам, адмаўляла падзел на касты). У паэзіі спалучаюцца апазіц.рэліг.-містычныя плыні індуізму і ісламу, маст. традыцыі інд. і тадж.перс. класікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГНІЕВЫЯ СПЛА́ВЫ,
сплавы на аснове магнію з дабаўкамі інш. элементаў (алюмінію, цынку, цырконію, марганцу, рэдказямельных элементаў). Агульная колькасць дабавак у М.с. — 10—14% па масе. Маюць малую шчыльнасць (1500—1800 кг/м³), належаць да групы лёгкіх сплаваў. Вызначаюцца высокімі ўдзельнымі трываласцю і цеплаёмістасцю. Лёгка апрацоўваюцца рэзаннем, зварваюцца, паяюцца, склейваюцца. Паводле спосабу вытв-сці адрозніваюць ліцейныя і дэфармавальныя. Выкарыстоўваюць у аўтамаб., тэкст. і аптычнай прам-сці, электра- і радыётэхніцы, паліграфіі, авіяц., ракетнай і інш. галінах тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІТЭ́Т (ад лац. bonitas дабраякаснасць),
эканамічна важная, як правіла, параўнальная, прыродная характарыстыка (багацце глебаў, выхад драўніны з 1 га і да т.п.) гаспадарча каштоўнай групы біял. аб’ектаў або ўгоддзяў. Найчасцей вызначаюцца банітэты глебы і лесу. Банітэт глебы (якасная характарыстыка прыродных уласцівасцяў зямельнага ўчастка і ўзровень ураджайнасці на ім с.-г. культур як сумарны паказчык яго ўрадлівасці) і банітэт лесу (паказчык прадукцыйнасці лесу, які залежыць ад умоў месцазнаходжання, пераважна глебава-грунтавых і кліматычных). Апошні вызначаецца па сярэдняй вышыні насаджэння, узросце і паходжанні (насеннае або парасткавае) дрэвастою. Вылучаны 5 класаў банітэту лесу: да I належацьнайб. прадукцыйныя насаджэнні, да V — найменш прадукцыйныя; дапаўняльна вылучаюцца Iа, Iб, Iв, Vа, Vб, Vв, сярод якіх Iв найвышэйшы, Vв — найніжэйшы. II—IV класы маюць прамежкавыя паказчыкі. Насенныя і парасткавыя дрэвавыя насаджэнні ў кожным класе ўзросту (10 гадоў, 20, 30 і гэтак далей) размяркоўваюцца па класах банітэту ў залежнасці ад сярэдняй вышыні дрэвавага ствала ў метрах (напр., ва ўзросце 30 гадоў да I класа банітэту насенных лесанасаджэнняў належаць дрэвы выш. 12—13 м, да V класа — выш. 4—5 м; ва ўзросце 100 гадоў, адпаведна, 27—30 і 13—15 м). Сярэдняя прадукцыйнасць лясоў Беларусі вызначаецца II, 0 класам банітэту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАБІЁНТЫ, сапробы (ад грэч. sapros гнілы + bios жыццё),
жывыя арганізмы, якія жывуць у забруджаных арган. рэчывамі вадаёмах. Здольнасць С. мінералізаваць арган. рэчывы спрыяе біял. самаачышчэнню вадаёмаў і выкарыстоўваецца пры біялагічнай ачыстцы сцёкавых вод. Відавы склад і колькасць С. — біялагічныя індыкатары ступені забруджанасці вадаёмаў. Для кожнай ступені забруджанасці вызначаны паказальныя арганізмы. Вылучаюць полі-, меза- і алігасапрабіёнты.
Полісапрабіёнты жывуць у моцназабруджаных вадаёмах, якія характарызуюцца наяўнасцю нязгнілых бялковых рэчываў, вял. колькасцю вуглекіслаты, серавадароду і метану, адсутнасцю кіслароду. Згуртаванні полісапрабіёнтаў хутка змяняюцца, утвараюць слізістыя камякападобныя абрастанні, характарызуюцца вял. колькасцю асобін нешматлікіх відаў. На Беларусі да іх належаць некат. бактэрыі (сфератылус натанс, тыётрыкс нівея), зялёная водарасць асцыляторыя, некат. інфузорыі і жгуціканосцы, чарвяк тубіфекс, лічынка мухі-пчалавідкі («крыска»). Мезасапрабіёнты жывуць ва ўмерана забруджаных водах, дзе няма нязгнілых бялкоў, ёсць кісларод і прадукты акіслення — нітраты і нітрыты. Да іх належаць ніткавыя бактэрыі, водарасці, мукоравыя грыбы, прасцейшыя, малюскі, ракападобныя, лічынкі насякомых (напр., матыль), некат. рыбы. Алігасапрабіёнты жывуць у чыстых або слабазабруджаных вадаёмах, якія характарызуюцца добрымі акісляльнымі ўмовамі, невял. колькасцю свабоднай вуглекіслаты, адсутнасцю серавадароду. Вызначаюцца залацістыя водарасці з роду дынобрыян, пірафітавыя з роду цэрацыум і дыятомавыя з роду цыклатэла, сінедра, ніцшыя; кветкавыя расліны — рдзесты, шышнякі, гарлачык; галінаставусыя ракападобныя, рачныя ракі, амаль усе рыбы, трытоны, жабы. Проціпастаўляюць катарабіёнтам. Гл. таксама Сапробнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВУА́РЫ (ад франц. avoir маёмасць, набытак),
1) актывы (грашовыя сродкі, вэксалі, чэкі, пераводы, акрэдытывы), за кошт якіх робяцца плацяжы і пагашаюцца абавязацельствы іх уладальнікаў; у вузкім сэнсе — ліквідная частка актываў (грашовыя сродкі банка на бягучых рахунках, дэпазітах, каштоўныя паперы, якія лёгка рэалізуюцца).
2) Сродкі банка ў замежнай валюце, золаце, якія знаходзяцца на яго рахунках у замежных банках. Сукупнасць такіх сродкаў, што належаць якой-н. краіне, называюць яе замежнымі авуарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАНАМІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,
мінералы і горныя пароды, якія з’яўляюцца сыравінай для вытв-сці мінер. угнаенняў. Да іх належаць апатыты, фасфарыты, калійныя солі, салетра, сера, карбанатныя пароды (даламіт, мел, вапняк), сапрапелі, вермікуліт, торф і інш. На выраб мікраўгнаенняў выкарыстоўваюць руды, у якіх ёсць медзь, бор, марганец і інш. Найбуйнейшыя радовішчы агранамічных руд на Беларусі: паклады калійных соляў (Салігорскі і Петрыкаўскі р-ны), даламітаў (Віцебскі р-н), фасфарытаў (усх. раёны Магілёўскай вобл.). У значных аб’ёмах здабываюцца вапнавыя матэрыялы і торф.