БЫКО́ЎСКІ (Ігнацій Якса) (1750, в. Пяцеўшчына Мінскага р-на — 1819),

філосаф, пісьменнік, перакладчык. Пісаў на польскай мове. Вучыўся ў езуітаў у Мінску, з 1765 у піяраў у Віцебску разам з паэтам Ф.Д.Князьніным. У 1772—75 служыў у рус. арміі, ваяваў супраць туркаў. Пасля 1778 жыў у в. Воўчын (Камянецкі р-н), у Мінску, в. Хільчыцы (Жыткавіцкі р-н). У філас. трактатах «Праблема, прапанаваная для вырашэння...» (Мн., 1790), «Сялянскі роздум» (Вільня, 1799) у духу франц. Асветніцтва ўзняты этычныя і эстэт. пытанні. Асобныя палажэнні сугучныя з ідэямі франц. матэрыялістаў. Выдаў «Верш на імператара Паўла...» (Вільня, 1799). Як пісьменнік-сентыменталіст сфарміраваўся пад уплывам Князьніна, Ф.Карпінскага, з якімі сябраваў, а таксама С.​Геснера і Э.​Юнга. Аўтар паэт. зб-каў «Вясковыя вечары» (ч. 1—2, 1787—88), «Вершы» (1798), паэмы «Вясковыя ночы» (1788), аповесці «Клаўдзіна» (1799), успамінаў «Жыццё Ігнація Быкоўскага...» (1806) і інш. Асветніцкім гуманізмам прасякнуты твор Быкоўскага «Жыццё Зараастра, ці Паходжанне гвебраў». У трагедыі «Саул» асуджаў жорсткасць і амаральнасць некаторых персанажаў Бібліі. Паэтычна-экзістэнцыяльным жалем аб загубленым жыцці прасякнуты радкі аўтабіяграфіі Быкоўскага «Жыццё...» (засталася ў рукапісе). Пераклаў на польск. мову творы А.​Сумарокава («Мсціслаў», 1788), Вальтэра, Ж.​Мармантэля і інш. Выдаў некаторыя арыгінальныя і перакладныя кнігі: «рускі раман» А.​Канстана д’Арвіля «Эма і Лемазаў» (Гродна, 1787), «Батмендзі, персідская аповесць» К.​Фларыяна (Мн., 1790), «Сцежка да шчасця, мала каму вядомая» (Гродна, 1803) і інш.

Літ.:

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Mikulski T. Ze studiów nad Oswieceniem. Warszawa, 1956. S. 461—516.

А.​В.​Мальдзіс, Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 16 і 18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. 1) Н.д. 16 ст. засн. М.​Кавячынскім і Л.​Крышкоўскім; ідэйным кіраўніком у першыя гады яе існавання быў С.Будны. Першая на тэр. Беларусі друкарня, якая карысталася кірыліцай. Друкар кірылічных выданняў невядомы. У 1562 выдадзены «Катэхізіс» Буднага — першая на Беларусі кніга на бел. мове, а таксама яго твор «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» (не збярогся). Друкавала творы на польск. і лац. мовах (друкар Д.​Ланчыцкі); усяго ў 1563—71 надрукавала 11 выданняў, у асн. творы палемічнай пратэстанцкай публіцыстыкі. Спыніла дзейнасць паводле загаду М.​К.​Радзівіла Сіроткі. Апошняе выданне — «Біблія» (пераклад на польск. мову Буднага) дадрукавана ў 1572 у Заслаўі ці ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе. Большасць кніг Н.д. аформлены проста, без ілюстрацыйных гравюр. У маст. афармленні кніг прытрымлівалася друкарскіх традыцый Ф.​Скарыны: выкарыстанне наборнага арнаменту, разнастайных шрыфтоў, ініцыялаў з дэкаратыўна-раслінным фонам. Маёмасць друкарні ў 1572 купіў Я.​С.​Кішка, які ў 1574 заснаваў Лоскую друкарню. 2) Н.д. 18 ст. (1750—90-я г.) засн. Радзівіламі. У 1751 падаравана мясц. калегіуму езуітаў. Гравёрам быў Г.Ляйбовіч. У ёй надрукавана каля 70 белетрыстычных, рэлігійных, палемічных і вучэбных твораў, панегірыкаў на польск. і лац. мовах, у т. л. «Пра жыццё і справы Аляксандра Вялікага» К.​Руфа (1763), «Жыццё і ерасі Вальтэра» Ф.​Нано (1781), «Артыкулы вайсковыя» (1754), альбом медзярытаў «Партрэты сям’і Радзівілаў...» (1757, усяго 165 гравюр на медзі).

Літ.:

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Францішка Уршуля) (13.2.1705, станцыя Чартарыйск Валынскай вобл., Украіна — 23.5.1753),

пісьменніца, драматург. З роду Вішнявецкіх. Жонка М.К.Радзівіла Рыбанькі. З 1725 жыла ў Нясвіжы. Была прыхільніцай пашырэння асветы, спрыяла аднаўленню дзейнасці Нясвіжскай друкарні. Пісала на польскай, італьян., франц. і ням. мовах. Аўтар вершаваных «Лістоў да мужа», паэт. зб. «Збавенныя перасцярогі» (Нясвіж, 1755), шэрагу вершаваных эпітафій, павучальных твораў для дзяцей. У 1746 стварыла палацавы Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, дзе ставіла спектаклі паводле сваіх п’ес (пазней пастаноўкі ажыццяўляў Я.​П.​Фрычынскі). У 1746—52 напісала для т-ра 16 драм. твораў і оперных лібрэта. Для сваіх п’ес шырока выкарыстоўвала сюжэты з ант. міфалогіі, сярэдневяковых драм і гумарэсак, казак («Забава фартуны», «Каханне — дасканалы майстар», «У вачах нараджаецца каханне»), матывы з твораў Дж.​Бакачыо, Я.​Морштына і інш. Для т-ра перарабляла барочныя італьян. оперы («Дасціпнае каханне»), п’есы Вальтэра і Мальера. Творы Р. яскрава адлюстроўваюць асаблівасці мясц. культуры барока, яе своеасаблівы пераход ад сярэдневяковай л-ры і відовішчаў да тэатр. драматургіі новага часу. Збор твораў Р. «Камедыі і трагедыі» (Жоўква, 1754) багата ілюстраваны гравюрамі М.​Жукоўскага з выявамі сцэн са спектакляў. На бел. мову яе камедыю «Забава фартуны» пераклалі В.​Арэшка і А.​Вольскі.

Тв.:

Бел. пер. — Забава фартуны // Спадчына. 1994. № 1.

Літ.:

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;

Арэшка В. «Вяльможная аўтарка камедый», або Спроба дэміфалагізацыі асобы Уршулі Радзівілавай // Мастацтва. 1993. № 7;

Марціновіч А.А. Хто мы, адкуль мы... Кн. 1. Мн., 1996;

Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Вып. 1. Мн., 2000.

А.​А.​Скеп’ян.

Ф.У.Радзівіл.

т. 13, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМУА́РЫ (франц. mémoires ад лац. memoria памяць),

твор, змест якога — успаміны аўтара пра мінулае, пэўныя падзеі, удзельнікам або сведкам якіх ён быў. Да М. належаць літ. партрэты дзеячаў культуры і навукі, нататкі, напісаныя як успаміны; набліжаюцца дзённікі, аўтабіяграфіі і дакументальная літаратура.

Узоры М. — «Новае жыццё» Дантэ, «Споведзь» Ж.​Ж.​Русо, «Былое і думы» А.​Герцэна, «Гісторыя майго сучасніка» У.​Караленкі. На Беларусі М. паявіліся ў канцы 16—1-й пал. 17 ст. («Дзённік Ф.​Еўлашоўскага», «Дыярыуш» А.​Філіповіча). У новай бел. л-ры вядомы М.: «З папераў Альгерда Абуховіча», М.​Хведаровіча «Памятныя сустрэчы». М.​Лужаніна «Вачыма часу», Я.​Скрыгана «Некалькі хвілін чужога жыцця», Л.​Геніюш «Споведзь», С.​Грахоўскага «Зона маўчання», П.​Пруднікава «Далёкае, але незабытае». Культ. жыццю Беларусі прысвечаны мемуарныя творы П.​Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця», З.​Азгура «Незабыўнае», Я.​Рамановіча «Знаёмыя сілуэты», а таксама шматлікія зб-кі ўспамінаў пра Я.​Купалу, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, Ц.​Гартнага, М.​Лынькова, І.​Мележа, В.​Таўлая, Ў.​Галубка, Р.​Шырму і інш. Падзеі Вял. Айч. вайны на Беларусі адлюстраваны ў зб-ках «Буг у агні», «Гераічная абарона», «У баях за Беларусь», «У лясах Беларусі», кнігах В.​Казлова «Людзі асобага складу», У.​Лабанка «У баях за Радзіму», Р.​Мачульскага «Вечны агонь», П.​Калініна «Партызанская рэспубліка», В.​Дзенісевіча «Арлінае племя», а таксама мемуарных творах ваен. дзеячаў А.​М.​Васілеўскага, Г.​К.​Жукава, К.​К.​Ракасоўскага і інш.

Літ.:

Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. Мн., 1983;

Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982;

Савецкая Беларусь ва ўспамінах сучаснікаў Анатаваны паказ. мемуар. літ. 1917—1972 гг. Мн., 1973;

Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі // Склад Л.​Юрэвіч. Нью-Ёрк, 1999.

А.​К.​Гардзіцкі.

т. 10, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛАЦКІ СШЫ́ТАК»,

рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.; яркі ўзор бел. свецкай кантавай культуры. Выклеены з вокладкі уніяцкага служэбніка, набытага ў 1956 б-кай Ягелонскага ун-та ў Кракаве (Польшча). Папера зборніка выраблена паміж 1633—50 (паводле вадзяных знакаў), пераплецены служэбнік да 1680. Напачатку кніга належала уніяцкай царкве ў в. Астрамечава (Брэсцкі р-н). Апісаў зборнік польскі даследчык Е.​Голас. «П.с.» уключае больш за 60 вак. і інстр. муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока. Сярод іх шматгалосыя канты і псальмы, фрагменты царк. музыкі з лічбаваным басам (для выканання на аргане). Мясцовыя напаўфалькл. традыцыі спалучаюцца ў музыцы з італьян. і франц. ўплывамі. Інтанацыйны строй мелодый грунтуецца на слав. нар.-песенным меласе і тыповых кантавых, часам стэрэатыпізаваных, папеўках і кадэнцыйных зваротах. Сустракаюцца формульныя напевы, якія выконваліся на розныя паэт. тэксты. Стылістыка песенных і танц. твораў блізкая да стылістыкі кантаў і псальмоў. Тэксты рукапісу напісаны на лац., стараслав., старабел. мовах. Для запісу музыкі выкарыстаны 2 натацыі — круглая заходнееўрап. (т.зв. італьянская) для літургічных твораў, круглая італьян. і квадратная «кіеўская» для свецкіх. На аснове зборніка ў Польшчы выдадзена грампласцінка «Песні, танцы і паваны», на супервокладцы якой падкрэслена бел. паходжанне муз. твораў. Некат. творы «П.с.» ўключыў у свой рэпертуар ансамбль старадаўняй музыкі Бел. дзярж. філармоніі «Кантабіле» (які і даў зборніку назву), некалькі кантаў з рэстаўрыраваным бел. тэкстам выконвае маск. камерны хор «Віват». Музыка «П.с.» неаднаразова выконвалася па Бел. тэлебачанні і радыё.

Літ.:

Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983. С.35;

Gołos J. // Nowe spojrzenie na rękopis 10002 BJ. // Muzyka. 1973. № 3;

Касьцюкавец Л. «Полацкі сшытак» // Полацак. 1991. № 8.

Л.​П.​Касцюкавец, А.​І.​Мальдзіс.

т. 12, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЛА (Язэп) (Восіп Лявонавіч; псеўд. Назар Бываеўскі, Тодар Кулеша і інш.; 14.4.1880, г. Слуцк Мінскай вобл. — 7.4.1973),

бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі (1890—98), Юр’еўскім вет. ін-це (г. Тарту, 1899—1903), адкуль выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. У 1903—04 у газ. «Северо-Западный край» (Мінск). У 1905 вёў нелегальную работу сярод бел. сялян. У 1906—18 працаваў у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы. У студз.—лютым 1919 камісар працы ў Часовым рабоча-сял. сав. урадзе Беларусі. У 1921—24 на розных кіруючых пасадах у Мінску. З 1924 правадз. член і вучоны сакратар Інбелкульта, дырэктар Ін-та па вывучэнні мастацтва, дырэктар БДТ-1 (Нац. тэатр імя Я.​Купалы), нам. загадчыка Белдзяржкіно. У 1930 рэпрэсіраваны. З 1931 жыў і працаваў у Саратаве. Рэабілітаваны ў 1957. Як пісьменнік дэбютаваў у «Нашай ніве» абразком «Перад раніцаю...» (нап. 1909), вер шам «Вечар ясны, ціхі...» (1912). У 1918 змясціў у «Дзянніцы» шэраг публіцыст. артыкулаў. Аўтар драм. твораў «Пінскі гайдук» (паст. 1924, выд. 1926), «Падуанскі студэнт» (апубл. 1981, пра Ф.​Скарыну, не закончаны), «Юнак з Крошына» (1965, пра П.​Багрыма), рамана «На шляху з варагаў у грэкі» (не закончаны), гіст. аповесці («Настасся Мякота», 1968, пазнейшая назва «У імя дзяцей»), успамінаў пра А.​Абуховіча, Я.​Купалу, Я.​Коласа, Я.​Райніса, прац аб тэатр. жыцці Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пад псеўд. А.​Дыла выдаў кн. для дзяцей «Храбры Юрка» (1934), «Белачка» (1935). Пераклаў на бел. мову вершы М.​Канапніцкай, п’есы Я.​Райніса «Гірт з воўчага логу», Э.​Сінклера «Злодзей», Я.​Яноўскага «Гнеў» і інш.

Тв.:

Творы. Мн., 1981.

Літ.:

Лаўшук С.С. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1984;

Родчанка Р. Язэп Дыла // Беларусь. 1984. № 10.

А.​В.​Мальдзіс.

Я.Дыла.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРМЕ́ДЫЯ (ад лац. intermedius тое, што пасярэдзіне, прамежкавы),

1) у літаратуры, тэатральным і музычным мастацтве — кароткая п’еса або сцэнка (пантаміма, танец, муз. ці інстр. твор), часцей камедыйнага характару, што выконваецца паміж дзеямі драм. або муз. спектакля.

Узнікла ў 15 ст. ў паказах містэрый. Была пашырана ў камедыі дэль артэ, школьнай драме і інш. У эпоху Адраджэння — самаст. жанр нар. т-ра. У 17—18 ст. ў Італіі І. — маленькія оперы, якія перамяжоўвалі дзеянні опер-серыя. У Расіі ў 19—20 ст. ператварылася ў самаст. сцэнкі са спевамі і танцамі.

На Беларусі І. існавалі з канца 16 ст. як устаўкі ў школьныя драмы, напісаныя на лац., радзей на польск. і стараслав. мовах (І. да п’есы «Цімон Гардзілюд» віленскага езуіта К.​Пянткоўскага, 1584; 1. «Чорт Асмалейка», 1-я пал. 17 ст.). Вядомы дыялогі да «Камедыі пра Якуба і Іосіфа, патрыярхаў» гродзенскага езуіта Я.​Пылінскага (1651), камедыйныя сцэнкі да польскіх драм з рукапіснага «Аршанскага кодэкса» (каля 1693; ставіліся ў Полацку, Оршы, Навагрудку, Віцебску), І. 18 ст., якія ўключаліся ў «Дэкламацыю» М.​Базілевіча, у п’есы «Камічнае дзеянне» М.​Даўгалеўскага (1736) і «Уваскрэсенне мёртвых...» Г.​Каніскага (1747). З часоў барока захавалася больш за 20 бел. І., змест якіх звычайна складалі забаўныя анекдоты, гісторыі, апавяданні. Сцэнкі «Селянін і вучань», «Літаратар, селянін, Самахвальскі» і інш. ўключаны ў ковенскі школьны зборнік 1730-х г. Інтэрмедыйная аснова адчуваецца ў «Камедыі» К.​Марашэўскага (паст. 1787) і оперы «Агатка» Я.​Д.​Голанда (паст. 1784). Асобныя эпізоды з І. выкарыстаны ў драмах «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча, камедыі «Несцерка» В.​Вольскага. У нар. т-ры І. складалі 2-ю частку паказаў батлейкі («Мацей і доктар», «Антон з казой і Антоніха» і інш.) і нар. драмы. Часам паказы батлейкі цалкам складаліся з І.

2) У музыцы — эпізод паміж рознымі правядзеннямі тэмы ў фузе, наз. таксама інтэрлюдыяй.

Літ.:

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 162—174;

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979.

А.​К.​Саннікаў, А.​А.​Семяновіч.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ Адам Гіляры Калікставіч [25.1.1869, б. фальварак Кавалі (Кавалькі), Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 4.2 (паводле інш. звестак 26 ці 29.1.1894), бел. паэт-дэмакрат, фалькларыст. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1887—93). Член, кіраўнік створанага ў 1889 нелегальнага «Гуртка моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай», які аб’ядноўваў студэнтаў шэрагу пецярбургскіх ВНУ і быў звязаны з Г.​В.​Пляханавым. У 1893 арыштаваны і зняволены, відаць, у Петрапаўлаўскую крэпасць. З-за хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль (Смаргонскі р-н), дзе і памёр ад чорнай воспы. На фарміраванне светапогляду Гурыновіча аказалі ўплыў распаўсюджанне марксізму ў Расіі, ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў і рэв. народніцтва 1880-х г., у т. л. бел. групы «Гоман». Пісаў на бел., рус. і польск. мовах. У паэзіі быў паслядоўнікам Ф.​Багушэвіча (праграмны верш «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею...»), выступаў з пазіцый рэалізму і народнасці, супраць сац., нац. і рэліг. ўціску, заклікаў да сац. барацьбы, да духоўнага абнаўлення (вершы «Перш душылі паны...», «Што ты спіш, мужычок...»). Пісаў у жанры пейзажнай («Бор», «Вясна») і элегічнай («Сцямнела на дворы і ціха кругом») лірыкі. Адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай паэзіі («Каток», «Рыбак»). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.​Пушкіна, І.​Крылова, М.​Някрасава, А.​К.​Талстога, А.​Міцкевіча, Э.​Ажэшкі, Я.​Каспровіча, І.​Франко. У Свянцянскім пав. зрабіў шмат запісаў бел. фальклору («Зборнік беларускіх твораў...», 1893). Упершыню яго творы апубл. (з уступным артыкулам Б.​Тарашкевіча) у газ. «Беларускі звон» (1921). Частка рукапісаў спадчыны Гурыновіча зберагаецца ў БДАМ ЛІМ і Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Тв.:

У кн.: Беларускія пісьменнікі другой паловы XIX ст., Мн., 1956;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Гульман Р.І. Новыя архіўныя матэрыялы пра Адама Гурыновіча // Беларуская літаратура: Даслед. і публ. Мн., 1958. [Вып.] 1;

Шутовіч І. Адам Гурыновіч // Полымя. 1966. № 11;

Саламевіч Я. Адам Гурыновіч — фалькларыст // Тамсама. 1969. № 1;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст., Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Мальдзіс А. Невядомыя здымкі Адама Гурыновіча // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 4.

Р.​М.​Семашкевіч.

Адам Гурыновіч.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Кароль Станіслаў) (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 22.14.1790),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.К.Радзівіла Рыбанькі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. З 1748 неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1750, яго маршалак у 1755. У 1752 падчашы ВКЛ, у 1752—62 мечнік ВКЛ, у 1762—64 і 1768—90 ваявода віленскі; ген.-маёр (1754), ген.лейтэнант войска ВКЛ (1759). З 1762 ардынат нясвіжскі і алыцкі. Для дасягнення сваіх мэт часта выкарыстоўваў ваенную сілу, вызначаўся свавольствам. Абвешчаная ў Гродне 16.4.1764 Генеральная канфедэрацыя ВКЛ выступіла супраць Р. Даведаўшыся, што канфедэраты разам з рас. войскам хочуць заняць Нясвіж, Р. са сваім атрадам рушыў туды, але быў разбіты расіянамі пад Слонімам. Р. схаваўся ў Малдове, потым пераехаў у Венгрыю і Саксонію. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ дэкрэтам ад 16.8.1764 за гвалтоўныя ўчынкі абвясціла Р. ворагам айчыны і пазбавіла пасады ваяводы; яго маёнткі падлягалі канфіскацыі. Р. звярнуўся да рас. імператрыцы Кацярыны II з просьбай узяць яго пад сваю пратэкцыю і вярнуць маёнткі. У сувязі з тым, што Кацярыне II пачала не падабацца палітыка караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Чартарыйскіх, яна вырашыла скарыстаць супраць іх Р. Пад аховай рас. войск ён пераехаў у Радам, дзе 23.6.1767 узначаліў Радамскую канфедэрацыю. На надзвычайным сейме 1767 усе абвінавачанні з Р. былі зняты. Улетку 1768 Р. далучыўся да Барскай канфедэрацыі, скіраванай супраць караля і рас. ўплыву, і пачаў збіраць у Нясвіжы сваё войска. Рас. войскі з баямі занялі Нясвіж і Слуцк; Р. выехаў у Прусію. Да 1777 знаходзіўся ў эміграцыі. Каб адцягнуць Р. ад апазіцыі, рас. дыпламатыя зноў забяспечыла яму пратэкцыю Кацярыны II і вяртанне маёнткаў. Пасля вяртання на радзіму Р. памірыўся з каралём. У час дзейнасці Чатырохгадовага сейма 1788—92 Р. зноў зблізіўся з антыкаралеўскай апазіцыяй. Сфарміраваў полк, які перадаў у склад войска ВКЛ. Р. увайшоў у гісторыю як легкадумны палітык і абмежаваны чалавек. Трымаў тэатр і аркестр у Нясвіжы, пабудаваў летнюю рэзідэнцыю ў Альбе (пад Нясвіжам), аднавіў палац у Слуцку. Аматар неверагодных баек і экстравагантных учынкаў, Р. як персанаж увайшоў у л-ру (творы Г.​Жавускага, З.​Красінскага, І.​Ходзькі, Ю.​Славацкага, Ю.​І.​Крашэўскага і інш.).

Літ.:

Sidorski D. «Panie Kochanku». Katowice, 1987;

Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982.

А.​П.​Грыцкевіч.

К.Радзівіл. Пярун. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РА (ад лац. cultura апрацоўка, выхаванне, адукацыя, шанаванне),

духоўны змест чалавечай жыццядзейнасці, сацыяльнай арганізацыі і пазнання, якія выяўляюцца ў нац. самабытных тыпах эканомікі, правасвядомасці, рэлігіі, мастацтва, тэарэт. і практычных ведаў, асвячоных традыцыяй, культам і маральнымі імператывамі. Паводле эмпірычнага вызначэння, К. — сукупнасць рэальных і патэнцыяльных каштоўнасцей, якія ствараюцца людзьмі ў працэсе эканам., грамадска-паліт. і творча-духоўнай дзейнасці. Суадносіцца з цывілізацыяй як сваім этапам на адносна высокім узроўні развіцця пэўнага тыпу К. (стараж.-егіпецкая, антычная і інш. цывілізацыі). Як цэласную сістэму К. даследуе культуралогія, а яе падсістэмы і элементы — паасобныя гуманіт. навукі. Комплекснае даследаванне гісторыі рэгіёнаў і народаў уключае адпаведныя раздзелы па гісторыі К. Існуе мноства метадаў тыпалогіі і класіфікацыі К. Паводле характару суадносін нац. (рэгіянальнага) і агульначалавечага (універсальнага) К. бывае «адкрытая», здольная да пазітыўнага ўзаемадзеяння з іншанац. культурамі, і «закрытая», схільная да самаізаляцыі. У еўрап. культуралогіі вылучаюць гіст. тыпы К.: першабытная, старажытная, сярэдневяковая, рэнесансавая, новая і сучасная. Паводле структуры і зместу яе падзяляюць на этнічную, класічную і посткласічную, традыцыйную і мадэрнісцкую. У шырокім сэнсе паняцце К. ўключае не толькі спецыфічна духоўныя сферы творчасці (мова, міфалогія, рэлігія, мараль, правасвядомасць, мастацтва, навука, філасофія), але і сферы вытв-сці, абмену матэрыяльнымі каштоўнасцямі. У адпаведнасці з гэтай спецыфікай К. ўмоўна падзяляецца на духоўную і матэрыяльную. У асобную комплексную галіну вылучаецца К. мастацкая — здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць усе віды і жанры маст. творчасці. Сукупнасць рэгіянальных і універсальных архетыпаў, увасобленых у мове, міфалогіі, звычаях, абрадах, фальклоры, у класічнай л-ры і інш. відах мастацтва, складаюць культурную традыцыю, якая вызначае нац. самабытнасць К. асобных народаў і макрарэгіёнаў.

Бел. К. належыць да тыпу адкрытых. Яна прайшла асн. этапы, характэрныя для агульнаеўрап. культурнага развіцця (стараж. дахрысціянскі перыяд, сярэдневяковы, рэнесансавы і інш.), развівалася ва ўзаемадзеянні са славянскімі, балцкімі і інш. культурамі, чэрпала свае рэсурсы з багатых крыніц нар. творчасці. У стараж. перыяд высокай канструктыўнай і маст. дасканаласці дасягнулі хатнія рамёствы і ўжытковае мастацтва. Пачынаючы з сярэдневякоўя адбывалася дыферэнцыяцыя старадаўняй К., яе падзел паводле утылітарных, рэліг., эстэтычных і інш. функцый. Сінтэз нар. К. і хрысц. духоўнасці садзейнічаў росквіту фальклору, інш. відаў этн. К., сабраных і апісаных у 19—20 ст. Заканамернасцю развіцця бел. нац. К. ў працэсе дээтнізацыі сац. эліты і страты дзярж. статуса роднай мовы народа з’яўляецца паэтапнае культурна-нац. Адраджэнне — вяртанне яе да актыўнага грамадскага функцыянавання і падключэнне да кантэксту еўрап. і сусв. культ. творчасці (гл. Адраджэнне нацыянальнае). Новы этап развіцця бел. К. пачаўся пасля абвяшчэння суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Беларуская культура: Гіст. нарыс (X ст. — 1917 г.) // Адукацыя і выхаванне. 1994. № 10;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 3. Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. Мн., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;

Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;

Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997;

Крукоўскі М. Чалавек не можа не тварыць // Мастацтва. 1998. № 1—6.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)