КАРАЛІ́НГІ (лац. Carolingi, франц. Carolingiens, ням. Karolinger),
каралеўская і імператарская дынастыя ў Франкскай дзяржаве ў 8—10 ст. Назва ад імя Карла Вялікага. Вылучыліся ў 6 ст. са знатнага роду рыпуарскіх (усходніх) франкаў. У 7 ст. замацавалі за сабой пасаду маярдомаў (правіцеляў) Аўстразіі (усх.ч. Франкскай дзяржавы), да канца стагоддзя фактычныя ўладары ўсёй дзяржавы. Узмацніліся пры Карле Мартэлу, сын якога Піпін Кароткі (каранаваўся ў 751) скінуў апошняга прадстаўніка дынастыі Меравінгаў. Найб. магутнасці дасягнулі пры Карле Вялікім. Пасля Вердэнскага дагавора 843 падзяліліся на 3 галіны: сярэднефранкскую (італьянскую; правіла да 905), усходнефранкскую (германскую; правіла да 911), заходнефранкскую (французскую; правіла да 987). Гл. таксама «Каралінгскае адраджэнне».
Літ.:
Лебек С. Происхождение франков, V—IX вв.: Пер. с фр.М., 1993;
Тейс Л. Наследие Каролингов, IX—X вв.: Пер. с фр.М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧНІ́К, светач, дзед,
у беларусаў стараж. прыстасаванне для асвятлення хаты з дапамогай лучыны ці смалістых корчыкаў. Былі стацыянарныя і пераносныя (рухомыя). Стацыянарны Л. меў дымаход, верхняя частка якога выходзіла на дах, і гарызантальна падвешаную пад ім жал. рашотку, дзе палілі смалістыя корчыкі. Сярод рухомых вылучаліся звычайныя і падвесныя Л. Звычайны ўяўляў сабой драўляную стойку, на верхнім канцы якой замацоўваўся клямар для лучыны, з суцэльнай асновай з выемкай для вады ці крыжападобнай, тады побач ставілі пасудзіну з вадой. Падвесны Л. — кароткі кій з клямарам для лучыны на адным канцы і з крукам для падвешвання на другім. Л. з дымаходам быў пашыраны ў цэнтр. Беларусі і на Палессі. Месцамі ўжываўся да 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШКЕ́Т (ісп. mosquete, франц. mousquet ад лац. musca муха),
дульназараднае ружжо; ручная агнястрэльная зброя з кнотавым замком. М. з’явіўся ў пач. 16 ст. ў Іспаніі, пазней у інш. краінах Еўропы, у т. л.ВКЛ. Прызначаўся для паражэння ў блізкім баі воінаў праціўніка, якія мелі на сабе засцерагальнае ўзбраенне (кальчуга, панцыр і інш.). Калібр да 23 мм, маса 8—10 кг, далёкасць стральбы да 250 м. Для зручнасці вядзення з М. агню выкарыстоўваліся сошкі (падпоркі). М. ўзбройваліся адборныя салдаты — мушкецёры. Больш лёгкі і кароткіМ., які страляў шротам і быў на ўзбраенні кавалерыі, называўся мушкетонам. З канца 17 ст. М. заменены крамянёвым ружжом (гл.Крамянёвая зброя).
Мушкет: 1 — лёгкі аўстрыйскі з кнотавым замком. 1600; 2 — лёгкі французскі з прыкладам для ўпору ў грудзі. 1575; 3 — наразны дацкі мадэлі 1763, калібру 27 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖБА́НКАЎСКІ РЫ́НАК,
частка фін. рынку дзяржавы, куды прыцягваюцца і дзе размяркоўваюцца паміж банкамі часова свабодныя грашовыя рэсурсы крэдытных устаноў. Ажыццяўляюцца аперацыі пераважна ў форме міжбанкаўскіх дэпазітаў на кароткі тэрмін (найчасцей на 1, 3 і 6 месяцаў, гранічныя — ад 1 да 2, часам да 5 гадоў). Сродкі М.р. выкарыстоўваюцца банкамі і для сярэдне- і доўгатэрміновых актыўных аперацый, рэгулявання балансаў, выканання патрабаванняў рэгулюючых органаў. М.р. побач з уліковым рынкам, дзе абарачаецца значная маса кароткатэрміновых каштоўных папер, гал. характарыстыка якіх — высокая ліквіднасць і мабільнасць, і валютным, дзе на аснове попыту і прапановы адбываецца купля-продаж валют, складаюць аснову грашовага рынку як часткі рынку пазыковых капіталаў. Банкі ж з’яўляюцца пасрэднікамі паміж пазыковымі і функцыянуючымі пазычальнікамі, накопліваюць вял. свабодныя грашовыя сродкі і даюць крэдыты прадпрымальнікам, дзяржаве, інш.юрыд. і фіз. асобам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІШЧУ́ХАВЫЯ, пішчухі,
сенастаўкі (Ochotonidae, або Lagomyidae),
сямейства млекакормячых атр. зайцападобных. 1 род (Ochotona), 20 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі, на ПдЗПаўн. Амерыкі. Жывуць пераважна калоніямі ў норах на адкрытых мясцінах раўнін і высакагор’я. На Беларусі жылі ў познім антрапагене. Знаходкі вядомы з перыгляцыяльных адкладаў каля вёсак Койтава Віцебскага і Пашына Аршанскага р-наў і каля г. Гродна. Некат. віды — носьбіты ўзбуджальніка чумы.
Даўж. да 28 см, маса да 240 г. Вушы круглыя, кароткія. Вібрысы доўгія. Хвост вельмі кароткі. Афарбоўка бура-карычневых адценняў. Моцна свішчуць і пішчаць (адсюль назва). Расліннаедныя. На зіму назапашваюць сухую траву (адсюль другая назва). Нараджаюць да 7 дзіцянят 2—3 разы за год.
Э.Р.Самусенка.
Да арт.Пішчухавыя. Пішчухі: 1 — велікавухая; 2 — алтайская; 3 — паўночная; 4 — стэпавая, або малая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,
аспектны даведнік, які апісвае пары і групы амонімаў. У артыкулах амонімаў слоўніка падаюцца семантычныя, граматычныя, спалучальныя, стылістычныя і інш. адрозненні паміж словамі ў аднолькавых парах і групах амонімаў (у адрозненне ад інш. слоўнікаў, дзе загаловачнае слова-амонім толькі пазначаецца надрадковай арабскай лічбай). Напр., «Слоўнік амонімаў беларускай мовы» В.Дз.Старычонка (1991) змяшчае 1265 аманімічных пар і груп слоў у асн. частцы і больш як 750 у раздзеле «Субстантыўная аманімія». Для практычнага вырашэння праблем міжмоўнай аманіі (і параніміі) створаны спец. слоўнік дыферэнцыяльнага тыпу: «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» у кн. «Беларуская мова для небеларусаў» А.А.Крывіцкага, А.Я.Міхневіча і А.І.Падлужнага (3-е выд., 1990), «Міжмоўныя амонімы і паронімы. Спроба руска-беларускага слоўніка» С.М.Грабчыкава (1980), «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБЕРЭЛІ́НЫ,
роставыя гармоны раслін з групы дытэрпеноідных кіслот. У раслінах ідэнтыфікавана больш за 40 гіберэлінаў, у грыбах — за 20. Абазначаюцца ГА1, ГА2, ГА3 (у паслядоўнасці вылучэння і выяўлення будовы). Адрозніваюцца тыпам, колькасцю і размяшчэннем функцыян. груп. У раслінах гіберэліны сінтэзуюцца ў органах, якія інтэнсіўна растуць (насенне, верхавінкавыя пупышкі). Актыўныя формы гіберэлінаў могуць пераходзіць у неактыўныя (напр., пры выспяванні пладоў). Найбольш характэрны фізіял. эфект гіберэлінаў — паскарэнне росту органаў за кошт дзялення і расцяжэння клетак. Гіберэліны перапыняюць перыяд спакою ў насенні, клубнях, цыбулінах, індуцыруюць цвіценне раслін доўгага дня за кароткі дзень, стымулююць прарастанне пылку, выклікаюць партэнакарпію (утварэнне на раслінах пладоў без апладнення), пазбаўляюць ад фізіял. і генетычнай карлікавасці. Непасрэдна ўздзейнічаюць на біясінтэз ферментаў. Адзін з найб. актыўных гіберэлінаў — гіберэлавая кіслата (ГА3). Выкарыстоўваюць гіберэліны ў сельскай гаспадарцы для павелічэння ўраджайнасці, стымуляцыі прарастання насення, прыгатавання соладу; апрацоўка азімых злакаў гіберэлінамі замяняе яравізацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПА́ЦЬЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
агульнарускі летапісны збор 13 — пач. 14 ст., помнік гісторыі і культуры ўсх. славян. Найб.стараж. спіс 15 ст. знойдзены М.М.Карамзіным у Іпацьеўскім манастыры (адсюль назва) у г. Кастрама (Расія). Захавалася 7 спісаў І.л., з якіх найб. каштоўныя Іпацьеўскі і Хлебнікаўскі (16 ст.). Складаецца з 3 частак: «Аповесці мінулых гадоў» (звесткі да 1117 уключна), Кіеўскага летапісу (1118—99) і Галіцка-Валынскага летапісу (1201—92). Апошні ўключае ўрыўкі з Пінскага летапісу і кароткіліт. летапісец князя Шварна. І.л. — адзіны помнік, у якім, паводле меркаванняў некат. вучоных, зберагліся ўрыўкі згубленага Полацкага летапісу. З’яўляецца важнай крыніцай па гісторыі Кіеўскага, Галіцка-Валынскага, Полацкага, Тураўскага княстваў і ВКЛ. Вылучаецца багаццем зместу, гіст. дакладнасцю, дасканаласцю выкладання. Здаўна вядомы на Беларусі. У 16 ст. ім карысталіся аўтары Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага і Хронікі Быхаўца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЫ́ (Aquila),
род птушак атр. сокалападобных. 9 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Насяляюць гарыстыя, стэпавыя, пустынныя і лясныя мясцовасці. Ёсць рэдкія арлы, напр. стэпавы (арол чарах) і вельмі рэдкія, напр. іспанскі падвід арла-магільніка (A. heliaca adalberti), які ўключаны ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі 5 відаў: падворлікі (вялікі і малы), беркут, арол-карлік, арол-магільнік. Найб. пашыраны малы падворлік. Іншыя трапляюцца абмежавана і ў невял. колькасці. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела да 1 м, размах крылаў да 2,4 м. Апярэнне звычайна бурае. Хвост даволі кароткі. Ногі апераны да пальцаў. Гняздуюцца на зямлі, скалах ці дрэвах. Нясуць 1—3 яйцы. Кормяцца звярамі малой і сярэдняй велічыні, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, зрэдку мярцвячынай. Здабычу высочваюць у палёце або падпільноўваюць, седзячы на ўзвышаным месцы. Знішчаюць шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі. Арламі часам наз. і прадстаўнікоў інш. родаў драпежных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́Я ПРЫВІЛЕ́І,
заканадаўчыя акты ВКЛ, якія юрыдычна замацоўвалі аўтаномныя правы некат. зямель (княстваў, ваяводстваў, паветаў). Даваліся вял. князем ВКЛ. Грунтаваліся на мясц.звычаёвым праве, а таксама выпрацоўваліся адм. і судовай практыкай. Найб. вядомыя абласныя прывілеі: Віцебскія 1503, 1509, 1561; Полацкія 1511, 1547, 1580, 1634, 1699; Смаленскі 1505; Кіеўскія 1507, 1529; Валынскія 1501, 1509, 1547; Бельскія 1501, 1547; Драгічынскія 1511, 1547; Мсціслаўскі 1551.
Найб. тыповыя абласныя прывілеі — Віцебскі 1503 і Полацкі 1511. У іх замацаваны старадаўняе абавязацельства вял. князя не ўмешвацца ў царк. справы палачан і віцяблян, гарантаваны іх маёмасныя і асабістыя правы. Ваяводы ў Полацк і Віцебск павінны былі прызначацца толькі са згоды мясц. насельніцтва. Судзіць палачаніна можна было толькі ў Полацку паводле полацкага права. За баярамі і мяшчанамі гэтых зямель прызнавалася права свабоднага выезду за мяжу.
Літ.:
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.