КРОВАПАРАЗІ́ТЫ,

арганізмы, у якіх асобныя стадыі жыццёвага цыкла праходзяць у плазме або клетках крыві пазваночных жывёл і чалавека. Пашыраны пераважна ў краінах з гарачым і ўмераным кліматам. Да К. адносяцца: узбуджальнікі малярыі ў чалавека і жывёл (плазмодыі), у птушак (лейкацытазоан, гемапратэус, эгіптыянела); узбуджальнікі захворванняў свойскіх жывёл (піраплазмы, тэйлерыі, анаплазмы), паразіты лейкацытаў чалавека і многіх жывёлтаксаплазмы, гемагрэгарыны. Да паразітаў плазмы крыві адносяць узбуджальнікаў трыпанасамозаў, якія выклікаюць цяжкія хваробы ў чалавека (сонная хвароба, хвароба Шагаса), некаторых шматклетачных — шыстасомаў, або крывяных двухвуснавак — узбуджальнікаў шыстастаматозаў шыстасаматозаў (гельмінтозаў). У крыві паразітуюць таксама некаторыя гельмінты — нематоды і трэматоды. Гл. таксама Таксаплазмоз.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНА́РНАЯ САНІТАРЫ́Я,

галіна ветэрынарыі, якая вывучае і распрацоўвае мерапрыемствы па прадухіленні і ліквідацыі хвароб жывёл і ахове людзей ад узбуджальнікаў інфекцый і інвазій, агульных для чалавека і жывёл. Санітарныя мерапрыемствы па ахове здароўя людзей прадугледжваюць арганізацыю і правядзенне ветэрынарна-санітарнага нагляду ў кансервавай, малочнай, гарбарнай і інш. галінах прам-сці па перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі, а таксама ў месцах захоўвання і продажу гэтых прадуктаў. Санітарныя меры па ахове здароўя жывёл маюць на мэце падтрыманне пэўнага рэжыму ў памяшканнях для жывёл, пры захоўванні і апрацоўцы кармоў, прыбіранні і захоўванні гною, а таксама дэзінфекцыю, прыбіранне трупаў, ахову глебы, вады ад забруджвання. Распрацоўваюцца вет.-сан. мерапрыемствы па прадухіленні антрапазаанозаў, хвароб жывёл у жывёлагадоўчых комплексах, барацьбе з пераносчыкамі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб — членістаногімі, павышэнні сан. якасці прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭМ ((Brehm) Альфрэд Эдмунд) (2.2.1829, Рэнтэндорф, зямля Цюрынгія, Германія — 11.11.1884),

нямецкі заолаг, асветнік. Вучыўся ў Іенскім ун-це. Дырэктар Гамбургскага заапарка (1863—66), заснавальнік Берлінскага акварыума (1867). У час вандраванняў па Егіпце, Нубіі, Судане, Абісініі, Іспаніі, Нарвегіі, Зах. Сібіры сабраў грунтоўны матэрыял па біялогіі жывёл і абагульніў яго ў папулярным дапаможніку па заалогіі «Жыццё жывёл» (т. 1—6, 1863—69), дзе апісаў жыццё і характары жывёл.

т. 3, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІВА́РЫЙ (лац. vivarium ад vivus жывы),

памяшканне для ўтрымання лабараторных жывёл (мышэй, пацукоў, марскіх свінак, трусоў, хамякоў, катоў, сабак і інш.), якіх выкарыстоўваюць у эксперыментах. Бывае спецыялізаваны (напр., малпоўня) або комплексны. Уключае памяшканне для прыёму жывёл, каранціннае аддзяленне, пакоі для ўтрымання жывёл, маніпуляцыйную, аперацыйную, вет.-дыягнастычны кабінет, кухню, памяшканне для прыёму і утылізацыі трупаў, душавыя і інш. Пры вывучэнні асабліва небяспечных інфекцый віварый абсталёўваецца санпрапускніком.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДБІ́ТКІ раслін і жывёл,

выкапнёвыя сляды існавання раслін і жывёл у слаях асадкавых парод, від акамянеласцяў. Звычайна ў выкапнёвым стане захоўваюцца адбіткі лісця, ствалоў, пладоў і інш. частак раслін, шкілетаў, панцыраў, радзей цэлых жывёлін. Утварыліся з рэшткаў пахаваных у асадках вадаёмаў і мінер. крыніц, дзюнных пясках, вулканічных туфах і магмах, каменным вугалі.

Бываюць афарбаваныя вокісламі жалеза або марганцу, часам пакрыты вуглістай, крамянёвай або жалезістай плёнкай. На Беларусі адбіткі раслін трапляюцца ў адкладах усіх раздзелаў фанеразою ў выглядзе адбіткаў лісця, пустот ад драўніны, шышак, пладоў, злепкаў дзеразападобных, членістасцябловых, папарацепадобных, рызоідаў, стыгмарыяў, адбіткі жывёл — у адкладах ад ардовіку да галацэну; трылабіты, губкі, каралы, ракападобныя, астракоды, малюскі, імшанкі, рыбы і інш. жывёлы. Адбіткі раслін даследуе палеабатаніка, адбіткі жывёлпалеазаалогія.

Да арт. Адбіткі раслін і жывёл: 1 — адбітак папараці з ніжняга мелу; 2 — маладыя і дарослыя трылабіты з кембрыйскіх адкладаў Сібіры.

т. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАЯТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ (ад грэч. homoios падобны, аднолькавы + thermē цяпло),

цеплакроўныя жывёлы, жывёлы з адносна пастаяннай, устойлівай т-рай цела. Да гамаятэрмных жывёл належаць птушкі і большасць млекакормячых. Характэрная рыса гамаятэрмных жывёл — наяўнасць у іх механізмаў тэрмарэгуляцыімарфал., хім. (рэгуляцыя выпрацоўкі цяпла ў арганізме) і фіз. (рэгуляцыя цеплааддачы вонкаваму асяроддзю). У большасці гамаятэрмных жывёл т-ра цела ў розных відаў 35—45 °C. Гл. таксама Гетэратэрмныя жывёлы, Пайкілатэрмныя жывёлы.

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЯВА́Я МУКА́,

прадукт перапрацоўкі касцей забітых жывёл. Выпрацоўваецца з касцей, абястлушчаных арган. растваральнікамі і абясклееных парай.

Багатая мінер. рэчывамі (калій, кальцый, кобальт, медзь, натрый, фосфар, цынк і інш.). Выкарыстоўваецца ў якасці мінер. падкормкі с.-г. жывёл.

т. 8, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́СТЫ ў жывёл,

відазмененыя пяціпальцыя канечнасці, якія выконваюць плавальную функцыю Уласцівыя жывёлам, што вярнуліся да воднага спосабу жыцця: паўзунам (напр., марскім чарапахам), птушкам (напр., пінгвінам), млекакормячым (ластаногім, кітападобным, сірэнам). Л. ўсіх жывёл (акрамя ластаногіх) не маюць пазногцяў.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНА́РНА-САНІТА́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма мерапрыемстваў па кантролі вет.-сан. стану жывёл і якасці атрыманых ад іх прадуктаў або сыравіны. На Беларусі дзярж. ветэрынарна-санітарны нагляд ажыццяўляецца ўсімі вет. ўстановамі краіны і вет. інспектарамі адпаведных прадпрыемстваў і ўстаноў. У сферу ветэрынарна-санітарнага нагляду ўваходзяць жывёлагадоўчыя гаспадаркі і іх вытв. памяшканні, прадпрыемствы па забоі жывёл, перапрацоўцы мяса і мясных прадуктаў (мясакамбінаты, птушкафабрыкі, халадзільнікі і інш.), працэсы нарыхтоўкі і перапрацоўкі малака, малочных прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання, а таксама рынкі, выпасы, вадапоі, фуражныя склады, гнаясховішчы, трансп. сродкі, абсталяванне па доглядзе жывёл, кармы, бойні, утылізацыя трупаў жывёл. Па выніках ветэрынарна-санітарнага нагляду праводзяцца неабходныя мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне пашырэння антрапазаанозаў і інш. хвароб і своечасовае аказанне ветэрынарнай дапамогі.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЫ́ АДБО́Р,

прыватная форма натуральнага адбору, якая выклікае значныя разыходжанні ў прыкметах самцоў і самак (палавы дымарфізм). Прапанаваў паняцце і выявіў значэнне П.а. ў эвалюцыі жывёл Ч.Дарвін (1859, 1871).

Прыкметы П.а. развіваюцца пад уплывам натуральнага адбору як сродак распазнавання разнаполых асобін свайго віду і прадухілення скрыжоўвання з асобінамі інш. віду. У выніку П.а. або пры яго ўдзеле ў многіх відаў жывёл (у т. л. ў чалавека) у працэсе эвалюцыі ўзніклі і развіліся другасныя палавыя прыкметы. Найб выяўлены ў палігамных жывёл, у якіх самцы актыўна змагаюцца за самку (напр., баі аленяў у час гону). П.а. уплывае на развіццё органаў абароны ў самцоў як зброі барацьбы за самку (іклы ў сланоў, рогі ў аленяў і інш.) і прыкмет, якія прывабліваюць і ўзбуджаюць асобін інш. полу (яркі колер і пах самцоў у многіх жывёл, такаванне, спеў у птушак). П а. як фактар філагенет. развіцця найб. характэрны для жывёл на вышэйшых этапах развіцця, пераважна птушак і млекакормячых, у сувязі з найб. складанай арганізацыяй нерв. сістэмы і яе сігнальнай дзейнасці, але адзначаецца і ў інш. групах жывёл (напр., многія насякомыя і інш. беспазваночныя). У раслін адсутнічае.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)