КЛАС у біялогіі,

адна з таксанамічных катэгорый у сістэматыцы раслін і жывёл. Вылучана каля 60 К. раслін і 80 К. жывёл, прадстаўнікі большасці з якіх пашыраны і на тэр. Беларусі.

Паняцце «К.» уведзена франц. батанікам Ж.​Турнефорам (канец 1690-х г.). У К. аб’ядноўваюць сваяцкія парадкі (раслін) або атрады (жывёл). Напр., атрады грызуноў, насякомаедных, драпежных звяроў і інш. аб’ядноўваюць у К. млекакормячых. К., прадстаўнікі якіх маюць агульны план будовы і агульных продкаў, аб’ядноўваюць у аддзелы (раслін) або тыпы (жывёл). Напр., К. аднадольных і двухдольных раслін утвараюць аддзел пакрытанасенных (кветкавых) раслін; К. рыб, земнаводных, паўзуноў і млекакормячых — тып хордавых.

т. 8, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)