МА́ТРЫЦА [ням. Matrize ад лац. matrix (matricis) матка; крыніца, пачатак],
1) у металаапрацоўцы — рабочая ч. штампа і інш. інструментаў, якая мае скразную адтуліну або паглыбленне, форма ці контур якіх адпавядаюць форме дэталі, што апрацоўваецца. Выкарыстоўваецца пры штампоўцы, прасаванні, глыбокай выцяжцы або працягванні загатоўкі.
2) У паліграфіі — паглыбленая форма з прамым відарысам літары або знака для адліўкі літар ручнога набору (шрыфталіцейная М.), для механізаванага набору ў наборных машынах (лінатыпныя і манатыпныя М.). Стэрэатыпныя М. — паглыбленыя копіі з наборнай тэкставай або ілюстрацыйнай формы высокага друку, атрыманыя прасаваннем на свінцы, пластмасе і інш. матэрыяле; прызначаныя для адліўкі стэрэатыпаў (гл.Стэрэатыпія).
3) Рэльефная копія штампа (контрштамп), якая выкарыстоўваецца пры кангрэўным цісненні.
Матрыца ў паліграфіі: 1 — лінатыпная; 2 — манатыпныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЛІ́ТЫ (ад мікра... + грэч. lithos камень),
у археалогіі дробныя дэталі складаных, састаўных прылад працы, якія вырабляліся з крэменю ў эпоху каменнага веку пераважна ў мезаліце. Матэрыялам для М. служылі невял. крамянёвыя абломкі тонкіх вузкіх пласцін або адшчэпаў, што апрацоўваліся спосабам стромкага рэтушавання іх краёў. Сярод М. вылучаюцца вастрыі некалькіх тыпаў і вырабы геаметрычна дакладных форм, мікраразцы, рэжучыя ўстаўкі з прытупленым рэтушшу краем і інш. М. звычайна ўстаўлялі ў пазы касцяных ці рэчавых апраў, у дрэўкі стрэл і наканечнікі дзідаў, з іх складалі лёзы кінжалаў, шыпы гарпуноў. Іх замацоўвалі ў прыладах з дапамогай смалы. Вытворчасць М. — характэрная рыса культур тардэнуаза, каморніцкай, кудлаеўскай, рудавостраўскай, яніславіцкай і інш. Пры раскопках трапляюцца на ПдУ Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУГА́ЛЬНЫ СТАНО́К,
1) у металаапрацоўцы — металарэзны станок для апрацоўкі (стругання) разцамі плоскіх і фасонных лінейчастых паверхняў.
Адрозніваюць падоўжна-стругальныя [гал. рух робіць выраб (загатоўка), прывод стала звычайны ад рэверсіўнага рухавіка] і папярочна-стругальныя (гал. рух робіць разец разам з супартам і паўзуном, прывод мех. ці гідраўл.). На базе падоўжна-стругальных вырабляюцца камбінаваныя станкі, у якіх струганне спалучаецца з фрэзераваннем і шліфаваннем.
На Беларусі папярочна-стругальныя станкі выпускаў Гомельскі станкабуд. з-д імя Кірава, падоўжна-стругальныя вырабляе Мінскі станкабуд. з-д імя Кастр. рэвалюцыі.
2) У дрэваапрацоўцы — дрэварэзальны станок для фарміравання гладкай плоскай паверхні дэталі (цыклявальны станок) ці для атрымання паўфабрыкату, напр., стругальнай шпоны (шпона-стругальны, стружкавы станок і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІФІКА́ЦЫЯў тэхніцы,
прывядзенне розных відаў прадукцыі, сродкаў іх вытв-сці, элементаў, тэхнал. працэсаў, значэнняў параметраў да рацыянальнага мінімуму форм, тыпапамераў, структур, саставаў і г.д. Ажыццяўляецца пасля тыпізацыі, з’яўляецца найб. пашыраным і эфектыўным метадам стандартызацыі.
Канструктыўная У. — прывядзенне канструктыўных рашэнняў машын, прылад, быт. вырабаў, іх частак, вузлоў і дэталей да мінім. тэхнічна абгрунтаванай колькасці тыпаў з захаваннем прынцыпу пераемнасці, паводле якога ў новых вырабах максімальна выкарыстоўваюць існуючыя стандартызаваныя вузлы і дэталі з магчыма большым лікам аднолькавых базавых і далучальных памераў. Гэта забяспечвае ўзаемазамяняльнасць і шматразовае выкарыстанне правераных канструкцый, дазваляе ажыццяўляць агрэгатаванне машын. У. памераў — прывядзенне памераў дэталей, вузлоў і вырабаў да пэўнага мінімуму тыпапамераў, што скарачае расход матэрыялаў і павялічвае выпуск прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮНТ (Zündt, Zinck, Zintt, Zyndler, Zynndt, Zynnth) Маціс (Мацей; 1498? — 25.2.1572), нямецкі гравёр, ювелір. Працаваў у Нюрнбергу. Выканаў вял. колькасць гравюр (геагр. карты, партрэты гіст. асоб, сцэны значных паліт. падзей, віды гарадоў, алегорыі па матывах міфалагічных і біблейскіх сюжэтаў, гербы, экслібрысы і інш.). У 1567—68 з малюнка І.Адэльгаўзера выканаў гравюру, якая ілюструе прыём у Гродне Жыгімонтам II Аўгустам паслоў Івана IV (т.зв. гравюра Гродна). Гравюра (памеры 103 × 35,3 см) мае панарамную выяву забудовы аднаго з найбуйнейшых бел. гарадоў сярэдзіны 16 ст., адлюстроўвае некат. дэталігар. побыту. У 17—18 ст. з яе неаднаразова рабілі паўторы (менш падрабязныя ў параўнанні з арыгіналам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НЦБУРГ Аляксандр Ільіч (1.3.1907, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 15.11.1972),
бел. і рускі кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1955), Расіі (1969). Скончыў Ленінградскі электратэхн. ін-т (1934). Працаваў на кінастудыі «Ленфільм» (з 1925), імя М.Горкага (з 1943), «Беларусьфільм» (1948—58). Аператар маст. фільмаў «Сустрэчны» (1932, з Ж.Мартавым і У.Рапапортам), «Камсамольск» (1938), «Член урада» (1940), «Валерый Чкалаў» (1941), «Два байцы» (1943), «Канстанцін Заслонаў» (1949), фільмаў-спектакляў «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954). Яго аператарскаму майстэрству характэрны лаканізм кампазіцыі ў пабудове кадра, увага да маст.дэталі і пейзажу. Сааўтар сцэнарыя і аператар фільма «Хрустальны чаравічак» (1961), па сваіх сцэнарыях паставіў фільм «Аднойчы ноччу» (1962, з Э.Файкам) і «Гіпербалоід інжынера Гарына» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКЛА́ДНАСЦЬ,
ступень прыбліжэння сапраўднага значэння параметраў працэсу, прадмета, рэчыва да іх тэарэт. намінальнага значэння.
Д. апрацоўкі — ступень прыбліжэння формы, памераў і становішча апрацаванай паверхні дэталі да патрабаванняў чарцяжа і тэхн. умоў. Вызначаецца квалітэтам. Д. вымярэнняў — характарыстыка вымярэнняў, якая паказвае ступень блізкасці да нуля хібнасці вымярэнняў. Лікава выражаецца значэннем, адваротным модулю адноснай хібнасці (АХ) вымярэння. Напр., пры АХ, роўнай 2% (або 0,02), Д. вымярэнняў роўная 1/0,02 = 50. Д. меры і вымяральнай прылады — ступень блізкасці значэнняў меры або паказання прылады да сапраўднага значэння велічыні, якая ўзнаўляецца мерай або вымяраецца прыладай (гл.Класы дакладнасці). Д. лічбавай вымяральнай машыны характарызуецца значэннем макс. хібнасці выніку вылічэнняў. Павышаецца зменай метаду вылічэнняў (павелічэннем ліку аперацый, зменай іх парадку і г.д.) або ўвядзеннем аперацый з лікамі павялічанай разраднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯ́НА (Maiano),
італьян. архітэктары і скульптары эпохі Ранняга Адраджэння; браты. Нарадзіліся ў г. Таскана (Італія):
Джуліяна да М. (1432—17.10.1490). Паслядоўнік традыцый Ф.Брунелескі, імкнуўся да складаных прасторавых вырашэнняў, дэкаратыўнасці арх. вобразаў: Палацца Спанокі ў Сіене (з 1473), сабор у Фаэнцы (1474—86), Порта Капуана ў Неапалі (1484). У тэхніцы разьбы па дрэве ці інтарсіі ствараў дэталі ўбрання цэркваў і грамадскіх будынкаў. У 1477—90 кіраваў буд-вам сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі.
Бенедзета да М. (1442—24.9.1497). Вучыўся ў брата Джуліяна. Яго творы адметныя тонкай гармоніяй, вытанчанасцю скульпт. і арх. дэталей: кафедра ў царкве Санта-Крочэ (1472—76), Палацца Строцы (з 1489, скончаны арх. Кранакам) у Фларэнцыі, тэракотавыя партрэтныя бюсты Ф.Строцы (каля 1490), А.Вані (1493) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ УНІВЕРМА́Г.
Пабудаваны ў 1951 у Мінску (арх. Л.Мілегі, Р.Гегарт). У аснове кантактнага Г-падобнага ў плане 4-павярховага будынка жалезабетонны каркас. На сіметрычна вырашаным фасадзе, арыентаваным на праспект Скарыны, на 1-м паверсе вылучаны 3 арачныя праёмы, якія ўтвараюць парадны ўваход. Для арх.-маст. аблічча характэрна наяўнасць вял. зашклёных праёмаў розных памераў, а таксама складанага дэкору — шматлікіх франтончыкаў, ліштваў, уставак, геральдычных паяскоў, прафіляваных цяг, маёлікавых дэталей, парапета. Дэкар. элементы класічнай спадчыны (ляпныя дэталі, вітражы і інш.) шырока выкарыстаны і ў інтэр’ерах. На 1—3-м паверхах размешчаны гандл. залы, злучаныя паміж сабой цэнтр. трохмаршавай параднай і 2 бакавымі лесвіцамі, на 4-м і ў падвалах — складскія і інш. службовыя памяшканні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О.ГЕ́НРЫ [O.Henry; сапр.Портэр (Porter) Уільям Сідні; 11.9.1862, г. Грынсбара, штат Паўн. Караліна, ЗША — 5.6.1910],
амерыканскі пісьменнік. Па адукацыі фармацэўт. Літ. дзейнасць пачаў у 1894. Аўтар зб-каў апавяд. «Чатыры мільёны» (1906), «Свяцільня, якая гарыць» і «Сэрца Захаду» (абодва 1907), «Мілы жулік» (1908), сатыр. рамана ў навелах «Каралі і капуста» (1904), гумарэсак, скетчаў і інш. Яго творы адметныя займальнасцю сюжэта, жывапіснасцю характараў, дакладнасцю дэталі, багатай палітрай камічнага — ад мяккага гумару да пародыі, гратэску, сатыры. Адыграў значную ролю ў развіцці жанру навелы.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—3. М., 1994.
Літ.:
Внуков Н.А. Тот, кто называл себя О.Генри. Л., 1969;