КЛА́СТЭРНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел тэорыі распазнавання вобразаў, у якім разглядаюцца задачы разбівання (класіфікацыі) дадзенай сукупнасці аб’ектаў на групы (кластэры) блізкіх паміж сабой паводле вызначаных прыкмет аб’ектаў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне (напр., аўтаматызаваная дыягностыка захворванняў), крыміналістыцы (напр., у дактыласкапіі), метэаралогіі (прагназаванне надвор’я), геалогіі (аналіз новых радовішчаў), распазнаванне друкаванага ці рукапіснага тэксту, мовы чалавека і інш.

Задачы К.а. бываюць з зададзеным ці невядомым лікам кластэраў, без навучання і з навучаннем з дапамогай чалавека-эксперта, з саманавучаннем распазнавання вобразаў. У залежнасці ад складанасці пастаўленай задачы для адной і той жа сукупнасці аб’ектаў можна выбіраць розныя прыкметы і іх колькасць. Адной з праблем К.а. з’яўляецца выбар найменшай колькасці незалежных прыкмет, паводле якіх адбываецца разбіванне на кластэры. Дзве групы аб’ектаў лічацца рознымі кластэрамі, калі яны выразна раздзелены і канцэнтруюцца вакол сваіх цэнтраў, маюць розную шчыльнасць размяшчэння аб’ектаў, а адлегласць паміж аб’ектамі любога кластэра значна меншая за адлегласць паміж кластэрамі.

На Беларусі даследаванні па праблемах К.а. праводзяцца ў БДУ і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН.

Літ.:

Дюран Б., Оделл П. Кластерный анализ: Пер. с англ. М., 1977;

Т у Дж.Т., Гонсалес Р.К. Принципы распознавания образов: Пер. с англ. М., 1978.

С.​У.​Абламейка, В.​В.​Старавойтаў.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯ́ВІН (Піліп Андрэевіч) (22.10.1869, с. Казанка Арэнбургскай вобл., Расія — 23.12.1940),

расійскі жывапісец. Вучыўся ў манастырскай іканапіснай майстэрні на Аян-Орасе ў Грэцыі (1885—91) і Пецярбургскай АМ у І.​Рэпіна (1892—99). Чл. Саюза рус. мастакоў (з 1903). З 1922 жыў у Зах. Еўропе. У ранні перыяд пад уплывам Рэпіна ствараў стрыманыя паводле каларыту псіхал. партрэты: «Сялянская дзяўчына з панчохай», «Партрэт сястры з кнігай», «К.​А.​Сомаў», «І.​Э.​Грабар» (усе 1895) і інш. У творах канца 1890 — пач. 1900-х г. пад уплывам мадэрну праявіліся павышаны дэкаратывізм, шырокае, дынамічнае пісьмо корпуснымі мазкамі, экспрэсіўнасць. Майстар каларыту, праз які перадаваў шырокую гаму пачуццяў; інтэнсіўныя колеравыя плямы арганізаваны лінейным рытмам у дэкар.-плоскасныя завіхрэнні, якія абрамляюць скульптурна-дакладныя, спакойна мадэліраваныя творы. Сярод карцін: «Смех» (1899), «Дзяўчына» (1903), «Бабы» (1905 і 1914), «Віхор» (1906), «Дзве дзяўчыны» (1910-я г.), «Верка» (1913), «Рускія сялянкі» (1925) і інш. У Нац. маст. музеі Беларусі: «Баба» (1900 і 1916), «Сялянка ў чырвоным» (1910-я г.).

Літ.:

Александрова Н. Ф.​А.​Малявин. М., 1966;

Живова О.А. Ф.​А.​Малявин, 1869—19.40: Жизнь и творчество. М., 1967.

В.​Я.​Буйвал.

П.Малявін. Віхор. 1906.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮСКВАМПЕРФЕ́КТ (ад лац. plusquamperfectum),

даўно мінулы час, складаная дзеяслоўная форма прошлага часу старажытных славянскіх моў. У стараж.-рус. мове ўжываўся пераважна для абазначэння даўно мінулага дзеяння, якое адбылося раней за якое-н. інш. дзеянне. Утвараўся шляхам спалучэння дапаможнага дзеяслова «быти» ў форме імперфекта і аорыста адпаведнай асобы з дзеепрыметнікам на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Са знікненнем у жывой мове аорыста і імперфекта дапаможны дзеяслоў у складзе П. ўжываўся ў форме перфекта «есмь былъ пришелъ». Паступова была страчана звязка ў складзе перфекта і ў дзеепрыметніках мужч. роду адз. л., канцавое «л» змянілася ў «ў»: «есмъ былъ пришелъ — я быў прыйшоў». П. зрэдку выкарыстоўваецца ў сучаснай бел. мове для абазначэння мінулага дзеяння, якое толькі пачыналася, але было перапынена якім-н. іншым: «Дзве хурманкі прыехалі былі на вяселле, дык і тыя сёння рана паехалі дадому» (К.​Крапіва). У літ. творах зрэдку пад уплывам рус. мовы трапляюцца формы П., дзе пры дзеепрыметніку на «-л» ужываецца нязменная часціца «было»: «Следам за ім памкнуліся было злазіць і сувязныя, але Злобіч стрымаў іх» (М.​Ткачоў). Аднак такое ўжыванне — парушэнне літ. нормы.

Літ.:

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979.

А.​І.​Жураўскі.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕРЫ́Я, энантыямерыя,

з’ява, абумоўленая здольнасцю рэчыва вярцець у розныя бакі плоскасць палярызацыі святла, што праходзіць праз рэчыва; від прасторавай ізамерыі. Звязана з існаваннем рэчыва ў дзвюх формах (лева- і прававярчальнай), якія наз. аптычнымі ізамерамі або аптычнымі антыподамі і ўзнікаюць у выніку асіметрыі (хіральнасці) малекулы.

Аптычныя ізамеры адносяцца адзін да аднаго як несіметрычны прадмет і яго люстраны адбітак; маюць ідэнтычныя фіз. і хім. ўласцівасці, акрамя аптычнай актыўнасці. Адзін ізамер верціць плоскасць палярызацыі святла ўлева [l- ці (-)-форма], другі — управа [d- ці (+)-форма). Дзве формы аднаго і таго ж рэчыва маюць люстрана процілеглыя канфігурацыі. Для вызначэння генетычнай сувязі рэчываў выкарыстоўваюць знакі L і D, якія сведчаць аб роднасці канфігурацыі аптычна актыўнага рэчыва з L- ці D-гліцэрынавым альдэгідам або адпаведна з L- ці D-глюкозай. Аптычныя антыподы (ізамеры), узятыя ў эквімалекулярнай колькасці, утвараюць аптычна неактыўны рацэмат.

Аптычную ізамерыю маюць прыродныя амінакіслоты, вугляводы, алкалоіды. Фізіял. і біяхім. дзеянне аптычных ізамераў рознае: бялкі, сінтэзаваныя з прававярчальных кіслот (прыродныя бялкі — левавярчальныя) не засвойваюцца арганізмам; левы нікацін больш ядавіты, чым правы. У біял. працэсах існуе феномен перавагі левай формы аптычнай ізамерыі, які ўплывае на ўяўленні аб шляхах зараджэння і эвалюцыі жыцця на Зямлі.

Аптычная ізамерыя: 1 — малочнай кіслаты, малекулы з асіметрычным атамам вугляроду: 2 — асіметрычных малекул: а) замяшчальных аленаў; б) спіранаў.

т. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПЕ́НКА (Алесь) (Аляксандр Харытонавіч; 7.9.1919, в. Пушкары Віцебскага р-на — 6.8.1994),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры БССР (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1955). У Айч. вайну партызан. З 1966 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1972 гал. рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», у 1976—80 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Першы зб. апавяданняў «Лёд растае» (1958). Асн. тэмы твораў — гераізм народа ў барацьбе з фашызмам, партыз. рух, пасляваен. аднаўленне (раман «Вогненны азімут», 1965; аповесці «Жыта», 1966; «Два дні і дзве ночы», 1976; апавяданні), жыццё вёскі і горада, сац. і маральна-этычныя праблемы (раманы «Непрыкаяны маладзік», 1971—80, Літ. прэмія імя І.​Мележа 1981; «Лабірынты страху», 1992; аповесці «Дысертацыя», «Няроўнай дарогай», абедзве 1957; «Паплавы», 1958; «Абжыты кут», 1963; апавяданні). Па сцэнарыях Асіпенкі пастаўлены маст. фільмы «Пяцёра адважных» (1971), «Надзейны чалавек» (1975), «Кожны трэці» (1980, з Н.​Сафаравым), тэлефільм «Ясь і Яніна» (1974, з С.​Паляковым), дакумент. фільм «Трывогі першых птушак» (1986) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1979;

Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1989—90.

Літ.:

Быкаў В. Таленавітая аповесць // Полымя. 1964. №7;

Кухараў С. Акрыленасць душы // Полымя. 1979. № 9;

Савік Л. Падзеі, час, людзі // Полымя. 1981. № 1;

Грамадчанка Т. З увагай да звычайнага // Полымя. 1983. № 6.

І.​У.​Саламевіч.

А.Асіпенка.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІТЭ́ЛЬ (Пятро) (Пётр Іванавіч; 19.6.1912, г.п. Радунь Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.10.1991),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў Вільні (1931), Мінскі пед. ін-т (1970). У 1931—39 настаўнічаў. У 1944 вывезены ў Германію. Вызвалены ў 1945. У 1947 беспадстаўна звольнены з настаўніцкай працы. Стаў правасл. святаром. У 1950 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Кемераўскай вобл., Омску і Джэзказгане. У 1956 вызвалены. Да 1963 служыў у царкве. У 1963—74 зноў настаўнічаў. Рэабілітаваны ў 1978. Друкаваўся з 1929 у час. «Шлях моладзі» пад псеўд. Леанід з-пад Вішнева. Аўтар паэм «Замкі і людзі» (1968; пра ВКЛ да Крэўскай уніі); «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» (1984; пра Афанасія Філіповіча). Паэмы адметныя гістарызмам мыслення, уменнем эпічна, панарамна паказаць напружаныя моманты жыцця. Пераклаў на бел. мову творы А.​Міцкевіча («Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод», «Гражына», «Дзяды», «Крымскія санеты»), польскамоўныя паэмы і п’есы В.​Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Ю.​І.​Крашэўскага «Хата за вёскай» (1989), паасобныя творы М.​Канапніцкай, Б.​Пруса, Ю.​Славацкага, Г.​Сянкевіча, М.​Лермантава, А.​Пушкіна, І.​Франко, Т.​Шаўчэнкі, Б.​Брэхта, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера і інш.

Тв.:

Замкі і людзі. Мн., 1968;

Паэмы. Мн., 1984;

Дзве вайны: Вершы, аповесці. Мн., 1990.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРТА́НЬ,

пачатковы аддзел дыхальнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, што знаходзіцца паміж глоткай і трахеяй. Праз гартань паветра праходзіць у трахею, якая засцерагае дыхальныя шляхі ад пападання ў іх ежы (корму), удзельнічае ва ўтварэнні гукавых сігналаў і голасу.

Шкілет гартані складаецца са шчыта-, пярсцёнка- і чарпакападобных гіялінавых храсткоў, а таксама з эластычнага храстка надгартанніка з прымацаванымі да яго мышцамі і звязкамі У некат. відаў рукакрылых, сумчатых, кратоў і зубастых кітоў чарпакападобныя храсткі і надгартаннік утвараюць трубку, якая ўдаецца ў насаглотку і забяспечвае дыханне пры заглынанні корму. У дзяцей і жанчын дзве пласціны шчытападобных храсткоў зыходзяцца пад тупым, у мужчын пад вострым (утвараюць адамаў яблык) вуглом. Поласць гартані дзеліцца на ўваход, жалудачак і ніжнюю частку, выслана слізістай абалонкай, парныя складкі якой утвараюць паміж жалудачкам і ніжнім аддзелам гартані сапраўдныя галасавыя звязкі і абмяжоўваюць галасавую шчыліну (гл. Галасавы апарат). У млекакормячых пад імі знаходзяцца несапраўдныя галасавыя звязкі, у птушак галасавы апарат лакалізуецца ў ніжняй частцы трахеі і верхніх участках бронхаў. Зрушэнні храсткоў гартані з утварэннем гукаў забяспечваюцца папярочна-паласатымі мышцамі шкілетнага тыпу (укрываюць пярэднюю і бакавыя паверхні гартані), яе інервацыя — адгалінаваннямі блукаючага нерва, кровазабеспячэнне — праз гартанныя артэрыі, адток крыві — праз сістэму ярэмных і падключычных вен. Найб. пашыраныя запаленчыя хваробы гартані — ларынгіт, гартанная ангіна.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІК у мовазнаўстве,

граматычная катэгорыя, звязаная з непасрэдным ці апасродкаваным указаннем на колькасць прадметаў. У сучаснай бел. мове адрозніваюцца 2 формы ліку: адзіночны і множны, якія дыферынцыруюць прадметы паводле іх колькасных суадносін («стол» — «сталы») ці значэння («выбар» — «выбары»). Асн. сродкі іх выражэння — канчаткі («дом» — «дамы»), словаўтваральныя афіксы («неба» — «нябёсы»), суплетывізм асноў («я» — «мы»). Большасць назоўнікаў мае суадносныя формы Л. Пэўная частка іх не ўтварае адпаведных пар і выступае ў пастаяннай форме толькі адзіночнага Л. (адзіночналікавыя, або singularia tantum) ці толькі множнага (множналікавыя, або pluralia tantum). Да адзіночналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць зборныя прадметы, рэчывы або матэрыялы, абстрактныя паняцці, астр. і геагр. назвы, уласныя імёны і інш. (напр., «смецце», «вугаль», «зло», «Беларусь», «Іван»). Да множналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць парныя ці састаўныя прадметы, сукупнасць прадметаў, якая ўяўляецца як нешта адзінае, цэласнае, рытуалы, працэсы, станы, гульні, абрады, звычаі, святы, прамежкі часу ці прасторавыя паняцці і інш. (напр., «сані», «грошы», «замаразкі», «каляды», «суткі»). Побач з формамі адзіночнага і множнага Л. ў некат. бел. гаворках захаваліся рэшткі былога парнага Л. («дзве руцэ»), якія для сучаснай бел. літ. мовы не характэрныя.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​Л.​Наркевіч.

т. 9, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ ГРАМА́ТЫКА, параўнальна-супастаўляльная граматыка,

тып лінгвістычнага апісання, у якім разглядаюцца дзве або некалькі моў з пункту гледжання наяўнасці агульных і спецыфічных рыс. Вылучаюць параўнальна-гістарычную граматыку (параўнальнае апісанне моў у дыяхранічным аспекце),

гал. мэта якой выяўленне генет. блізкасці моў праз дыяхранічны аналіз іх агульных рыс, і параўнальна-супастаўляльную граматыку (параўнальнае апісанне моў у сінхранічным аспекце; наз. таксама кантрастыўнай, канфрантатыўнай ці супастаўляльнай граматыкай або параўнальнай тыпалогіяй моў), якая разглядае падабенства і асаблівасць моў, што параўноўваюць незалежна ад іх генет. адносін. Традыцыйна пад паняццем П.г. разглядаюць параўнанне не толькі ўласна грамат. ладу супастаўляемых моў, але і іх фанетыкі, марфалогіі, словаўтварэння і сінтаксісу. П.г. мае не толькі тэарэтычны, але і прыкладны характар (пераклад, выкладанне і навучанне мовам). Першыя навук. працы па П.г. з’явіліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. і звязаны з узнікненнем параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. У ліку першых параўнальных усх.-слав. даследаванняў былі «Параўнальная граматыка славянскіх моў» В.​К.​Паржазінскага і «Уводзіны ў параўнальную граматыку славянскіх моў» А.​М.​Сялішчава (абодва 1914).

Літ.:

Гурскі М.І. Параўнальная граматыка рускай і беларускай моў. 2 выд. Мн., 1972;

Нехай О.А., Поплавская Т.В. Сравнительная типология английского и белорусского языков. Мн., 1983;

Гл. таксама да арт. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 12, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАНЕ́ЛА ((Campanella) Джавані Дамініка) (манаскае Тамаза; 5.9.1568, г. Стыла, Італія — 21.5.1639),

італьянскі філосаф, паліт. дзеяч. У сваёй першай кн. «Філасофія, даказаная адчуваннямі» (1591) адмаўляў схаластычную традыцыю, перыпатэтычную артадоксію і абараняў натурфіласофію Б.​Тэлезіо. Быў абвінавачаны ў ерасі, зняволены. У 1599 за вальнадумства і арганізацыю змовы супраць ісп. панавання засуджаны да пажыццёвага зняволення. У 1629 апраўданы, пераехаў у Францыю.

К. — аўтар мноства твораў па філасофіі, палітыцы, астраноміі, медыцыне, у т. л. камуніст. утопіі «Горад Сонца» (1602, апубл. ў 1623). Распрацаваў вучэнне пра «дзве кнігі»: прырода, якую пазнае навука і філасофія; св. пісанне (спасцігаецца свядомасцю чалавека), сугучнае з канцэпцыяй «дзвюх ісцін» Ібн Рушда. Сцвярджаў, што паміж гэтымі кнігамі не існуе супярэчнасцей і такім чынам пацвярджаў незалежнасць навукі і філасофіі ад рэлігіі. Прызнаваў рэальнае існаванне матэрыі; асновай быцця лічыў не ідэальную форму, а матэрыю. Гал. атрыбут быцця — моц, мудрасць і любоў. Адстойваў прынцып самаруху ў прыродзе, выказаў ідэю пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды і пра здольнасць усякай рэчы да адчування. Адначасова прызнаваў першую Мудрасць і першы Розум, г. зн. сыходзіў на пазіцыі тэалогіі. К. — праціўнік абстрактнага тэарэтызавання, выступаў за доследнае пазнанне і за падпарадкаванне пазнання чалавечай практыцы. Пісаў канцоны, мадрыгалы, санеты.

Тв.:

Рус. пер. — Город Солнца. М., 1954.

Літ.:

Львов С.Л. Гражданин Города Солнца: Повесть о Томмазо Кампанелле. 2 изд. М., 1981.

Т.​І.​Адула.

Дж.Д.Кампанела.

т. 7, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)