«ИСТО́РИЯ СССР»,

навуковы часопіс Ін-та гісторыі СССР АН СССР (да 1969 Ін-та гісторыі АН СССР) у 1957—92. Выдаваўся ў Маскве 6 разоў у год. Друкаваў даследчыя артыкулы і паведамленні па гісторыі народаў СССР, рас., сав. і замежнай гістарыяграфіі, крыніцазнаўстве, метадалогіі гіст. даследаванняў, крытыка-бібліягр. матэрыялы, інфармацыю пра навук. жыццё і інш. З 1992 (№ 2) замест «Истории СССР» выходзіць час. «Отечественная история».

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАНО́ВІЧ (Аляксандр) (26.2.1805, в. Белькавічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 29.5.1868),

бел. гісторык, пісьменнік, педагог. Бацька І.А.Здановіча. Скончыў Віленскі ун-т. Канд. філасофіі (1831). Ў 1834—63 выкладчык лац. мовы і гісторыі Віленскага шляхецкага ін-та, выкладчык гісторыі Віленскай духоўнай семінарыі. Аўтар падручнікаў «Храналагічна-гістарычны нарыс сучасных дзяржаў ад V веку да нашых дзён» (1844), «Нарыс усеагульнай гісторыі для дзяцей» (1861) і інш. Пераклаў з рус. мовы на польскую падручнікі «Гісторыя сярэдніх вякоў» (1845), «Гісторыя новага часу» (1846). Аўтар «Нарыса польскай гісторыі для дзяцей» (1857), у якім выклаў свае погляды на гісторыю Беларусі, Літвы і Польшчы, «Нарыса гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—5, 1874—78), «Дзённіка» (нап. 1849—59). Чл. Віленскай Археалагічнай камісіі, уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»).

Літ.:

Kościałkowski S. Aleksander Zdanowicz (1805—1868): Zarys biograficzny. Wilno, 1918.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАЎЧУ́К (Міхаіл Трыфанавіч) (19.11.1908, в. Занужоўе Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 9.1.1990),

філосаф, парт. дзеяч. Чл.-кар. АН СССР (1946). Д-р філас. н. (1946), праф. (1939). Скончыў Акадэмію камуніст. выхавання (1931). З 1933 на парт. і навук. рабоце, у 1947—49 сакратар ЦК КП(б)Б. У 1970—78 рэктар Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, рэдагаваў час. «Философские науки». Даследаваў гісторыю рус. філасофіі, метадалагічныя праблемы гісторыі філасофіі. Аўтар кн. «Г.​В.​Пляханаў і яго працы па гісторыі філасофіі» (1960), адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі філасофіі» (т. 1—6, 1957—65), «Гісторыі філасофіі ў СССР» (т. 1—5, 1968—88).

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’ЯНКО́Ў (Аляксей Пятровіч) (16.3.1901, г. Перм, Расія — 12.11.1987),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1949), праф. (1950). Скончыў Пермскі ун-т (1925). У 1937—41 і 1945—50 заг. кафедры, дэкан гістфака, прарэктар па навук. рабоце БДУ, заг. сектара Ін-та гісторыі АН БССР, з 1950 у Магілёўскім, у 1954—78 у Мінскім пед. ін-тах. Аўтар прац па гісторыі ранняга феадалізму, Стараж. Русі, становішча бел. сялян у 17—18 ст. Адзін з аўтараў «Гісторыі БССР» (вып. 1, 1946), «Гісторыі БССР» (т. 1, 1955).

Тв.:

Происхождение белорусского народа. Мн., 1948;

Происхождение общественного и государственного строя Древней Руси. Мн., 1980.

А.​І.​Валахановіч.

т. 13, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ТЭНБАХ ((Wattenbach) Вільгельм) (22.9.1819, Ранцаў, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 20.9.1897),

нямецкі гісторык. Чл. Прускай АН (з 1881). Праф. Гейдэльбергскага (з 1862) і Берлінскага (з 1872) ун-таў. З 1843 удзельнічаў у падрыхтоўцы «Помнікаў германскай гісторыі» (Monumenta Germaniae Historica) — шматсерыйнага выдання крыніц па гісторыі Германіі 500—1500 (з 1875 у складзе цэнтр. дырэкцыі, у 1886—88 кіраўнік выдання). Гал. праца — «Крыніцы па гісторыі Германіі ў сярэднія вякі да сярэдзіны 13 ст.» (1858).

т. 4, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШАЯ КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ ШКО́ЛА БЕЛАРУ́СІ імя У.​І.​Леніна.

Існавала з кастр. 1932 да сак. 1939 у Мінску. Створана на базе Камуністычнага ун-та Беларусі. Рыхтавала арганізатараў сацыяліст. сельскай гаспадаркі, кіруючых парт. і сав. работнікаў раённага звяна. Кафедры ў 1934: палітэканоміі, эканам. палітыкі, ленінізму і гісторыі партыі, дыялект. матэрыялізму, гісторыі народаў СССР, усеаг. гісторыі, арганізацыі с.-г. вытв-сці, аграноміі, жывёлагадоўлі, механізацыі сельскай гаспадаркі. Рэарганізавана ў с.-г. тэхнікум.

т. 4, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́КАНАЎ (Міхаіл Аляксандравіч) (12.1.1856, г. Екацярынбург, Расія — 10.8.1919),

расійскі гісторык. Акад. Пецярбургскай АН (1912). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1878). З 1890 праф. гісторыі і права Дэрпцкага (Тартускага), з 1914 Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па гісторыі сялянства, дзяржавы і царквы ў Расіі, стараж.-рус. права, асн. з іх — «Улада маскоўскіх гасудароў» (1889), «Нарысы па гісторыі вясковага насельніцтва ў Маскоўскай дзяржаве XVI—XVII ст.» (1898), «Нарысы грамадскага і дзяржаўнага ладу Старажытнай Русі» (1907).

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РЖЫ (Іван Аляксандравіч) (28.9.1915, с. Худзякі Чаркаскай вобл., Украіна — 31.10.1971),

украінскі гісторык. Чл.-кар. АН Украіны (1958). Д-р гіст. н. (1953). Скончыў Адэскі ун-т (1941). Удзельнік Вял. Айч. вайны. З 1948 у Ін-це гісторыі АН Украіны (у 1958—71 нам. дырэктара). У 1963—68 адначасова акадэмік-сакратар Аддзялення эканомікі, гісторыі, філасофіі і права АН Украіны. Аўтар прац па гістарыяграфіі і крыніцазнаўстве, сац.-эканам. і грамадска-паліт. гісторыі Украіны 18—19 ст.

т. 5, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КАЎ (Барыс Дзмітрыевіч) (21.4.1882, г. Міргарад, Украіна — 9.9.1953),

расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1935). Д-р гіст. н. (1934). Ганаровы чл. АН БССР (1947). Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). З 1910 выкладаў у ВНУ Пецярбурга, Пярмі, Сімферопаля, Масквы. Дырэктар Ін-та гісторыі (з 1937), Ін-та гісторыі матэрыяльнай культуры (1944—46), Ін-та славяназнаўства (1947—51) АН СССР. Акад.-сакратар Аддзялення гісторыі і філасофіі АН СССР (1946—53). Аўтар падручнікаў для ВНУ, прац па гісторыі Ноўгарада, Кіеўскай Русі (стваральнік яе сав. канцэпцыі—феад. дзяржава, агульная радзіма рускіх, украінцаў, беларусаў і інш.), рас. сялянства, паўд. і зах. славян, крыніцазнаўстве і гістарыяграфіі Расіі.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—4. М., 1957—60.

т. 5, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́ЕНКА (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 15.12.1928, г. Горкі Магілёўскай вобл.),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1974). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1951). Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, у 1964—92 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Даследуе гісторыю першабытнаабшчыннага ладу, гідраніміку. Адкрыў на тэр. Бел. Палесся больш за 300, даследаваў 14 стаянак каменнага і бронзавага вякоў. Адзін з аўтараў «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 1, 1970), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994), кніг «Беларуская археалогія» (1987), «Археалогія Беларусі» (т. 1, 1997). З 1993 займаецца вывучэннем гісторыі Вял. Айч. вайны на Беларусі.

Тв.:

Археологическая карта Белоруссии. Вып. 1, 3. Мн., 1968, 1976;

Неолит Припятского Полесья. Мн., 1976.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)