АДАМО́ВІЧ Адам Іосіфавіч (5.12.1802, Вільня — 30.4.1881),
вучоны-медык, гісторык навукі. Д-р медыцыны (1824), праф. (1835). Скончыў Віленскую гімназію (1818), мед. ф-т Віленскага ун-та (1822). Выкладаў у Віленскім ун-це і Ветэрынарным ін-це Мед.-хірург. акадэміі. З 1842 гал. ўрач шпіталя ў Вільні. Аўтар навук. прац па ветэрынарыі, параўнальнай анатоміі, палеанталогіі і гісторыі медыцыны на Беларусі і ў Літве. Прэзідэнт Віленскага т-ва ўрачоў (з 1841).
В.А.Гапоненка.
т. 1, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б’ЁНДА (Biondo) Флавіо (1392, г. Фарлі, Італія — 4.6.1463),
італьянскі гуманіст, гісторык. Упершыню вылучыў сярэднія вякі як асобны перыяд гісторыі. У сваёй гал. працы «Тры дэкады гісторыі ад падзення Рымскай імперыі» выклаў у храналагічным парадку гісторыю сярэдневяковай Еўропы (1412—1440). Адзін з першых імкнуўся выпрацаваць крытэрыі дакладнасці гіст. крыніц, увёў дэскрыптыўна-факталагічны падыход да гістарыяграфіі. Працы «Адноўлены Рым» (1444—46), «Апісанне Італіі па раёнах і правінцыях» (1453) заклалі асновы гіст. геаграфіі і гіст. тапаграфіі.
т. 3, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ Ю́Р’ЕВІЧ (1155? — 7.3.1195),
князь дубровіцкі і тураўскі. Сын кн. Юрыя Яраславіча, унук Яраслава Святаполчыча. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1183 удзельнічаў у паходзе за Дняпро на полаўцаў, дзе аб’яднаныя дружыны рус. князёў разбілі войска хана Канчака і ўзялі шмат палонных. Гісторык В.М.Тацішчаў памылкова назваў Глеба Юр’евіча князем дабранскім і лічыў яго ўнукам Яраслава Яраполчыча, у якога таксама быў сын Юрый. Тураўскім князем стаў, відаць, пасля смерці брата Святаполка (1190).
А.В.Іоў.
т. 5, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЖЫ Іван Аляксандравіч (28.9.1915, с. Худзякі Чаркаскай вобл., Украіна — 31.10.1971),
украінскі гісторык. Чл.-кар. АН Украіны (1958). Д-р гіст. н. (1953). Скончыў Адэскі ун-т (1941). Удзельнік Вял. Айч. вайны. З 1948 у Ін-це гісторыі АН Украіны (у 1958—71 нам. дырэктара). У 1963—68 адначасова акадэмік-сакратар Аддзялення эканомікі, гісторыі, філасофіі і права АН Украіны. Аўтар прац па гістарыяграфіі і крыніцазнаўстве, сац.-эканам. і грамадска-паліт. гісторыі Украіны 18—19 ст.
т. 5, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РСКІ (Górski) Канстанцін (1826, маёнтак Гурскі, Бяла-Падляскае ваяв., Польшча — 2.1.1898),
польскі ваен. гісторык. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це, скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1855). Прымаў удзел у руска-турэцкай вайне 1877—78. З 1888 у Варшаве. Асн. працы: «Бітва пад Грунвальдам» (1888), «Вайна Рэчы Паспалітай з Турцыяй у 1672—73 гг.» (1890), «Абарона граніц Рэчы Паспалітай ад татараў» (1891), «Гісторыя польскай пяхоты» (1893), «Гісторыя польскай кавалерыі» (1894), «Гісторыя польскай артылерыі» (1902).
Н.К.Мазоўка.
т. 5, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБКО́ЎСКІ (Dąbkowski) Пшэмыслаў (23.2.1877, г. Львоў, Украіна — 18.12.1950),
польскі юрыст, гісторык права. Чл. Кракаўскай АН. Праф. Львоўскага ун-та (1916). У 1925—39 выдаваў «Гістарычна-прававы дзённік» (т. 1—13) і «Гістарычна-прававы даведнік». Аўтар адзінай на сёння сістэматызаванай працы «Прыватнае польскае права» (т. 1—2, 1910—11), навук. прац па гісторыі польскага права, архівістыцы, сац.-эканам. гісторыі («Парука», 1904, «Заклад», 1905, «Спадчынная і набытая маёмасць у праве літоўскім», 1916, і інш.).
т. 6, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАСЛО́ЎСКІ Міхаіл Міхайлавіч (25.3.1867, Масква — 20.4.1929),
расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1921). Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). З 1911 праф. гэтага ун-та. Вучань В.В.Ключэўскага. Даследаваў гісторыю Расіі 18 ст. ў працах «Быт і норавы рускага дваранства ў першай палавіне XVIII ст.» (1906), «Пётр Вялікі і яго рэформа» (1920), «Пётр I. Матэрыялы для біяграфіі» (т. 1—5, 1940—48) і інш. Быў сакратаром Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцяў расійскіх, старшынёй Рус. гіст. Т-ва.
т. 2, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́Р (Aulard) Франсуа Віктор Альфонс (19.7.1849, Манброн, Францыя — 23.10.1928),
французскі гісторык. Замежны чл.-кар. Рас. АН (з 1924). Па адукацыі філолаг. Даследчык франц. рэвалюцыі 1789—94. У 1886—1922 узначальваў кафедру гісторыі Рэвалюцыі ў Сарбоне. У працы «Палітычная гісторыя Французскай рэвалюцыі. Паходжанне і развіццё дэмакратыі і рэспублікі» (1901) разглядаў ход рэвалюцыі з пазіцый ідэйнай барацьбы, лічыў перыяд Консульства працягам рэвалюцыі. З пач. 1900-х г. даследаваў праблемы эканам. і сац. гісторыі рэвалюцыі.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІША́Н Гевонд (18.7.1820, г. Стамбул — 22.11.1901),
армянскі паэт, гісторык і мысліцель. Адукацыю атрымаў у кангрэгацыі арм. царкоўнікаў-мхітарыстаў у Венецыі. У зб. «Песнапенне» (т. 1—5, 1857—58) апаэтызаваў прыроду роднага краю, подзвіг народа ў барацьбе супраць чужаземных захопнікаў. Родапачынальнік рамант. кірунку ў арм. паэзіі (цыкл вершаў «Песні Патрыярха»). Аўтар фундаментальных даследаванняў па гістарыяграфіі, археалогіі, філалогіі, геаграфіі і этнаграфіі Арменіі, рэліг.-філас. трактатаў, кн. «Успаміны пра радзіму армян» (т. 1—2, 1869—70).
С.Сарынян.
т. 1, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНЁНІС (Banionis) Эгідыюс (20.11.1948, г. Паневяжыс, Літва — 6.8.1993),
літоўскі гісторык. Канд. гіст. н. (1982). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1972). З 1972 у Архіве л-ры і мастацтва Літвы (з 1974 дырэктар). З 1985 заг. аддзела археаграфіі Ін-та гісторыі АН Літвы. Выкладаў у Вільнюскім і Каўнаскім ун-тах. Вывучаў дыпламатыю ВКЛ 15—16 ст., гісторыю Метрыкі ВКЛ, генеалогію. Падрыхтаваў да друку археаграфічнае выданне «Літоўская Метрыка. Кн. 5 (1427—1506)» (Вільнюс, 1993).
т. 2, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)