міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап. дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.
Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх.ч. Варшаўскага герцагства, т.зв. Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн.ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм. дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона I, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.
Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар. парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.
Літ.:
Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр.Т. 1. Ростов н/Д, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СЛА-О́ДЭРСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя войск Сав. Арміі ў міжрэччы Віслы і Одэра 12 студз. — 3 лютага; састаўная частка стратэгічнага наступлення па завяршэнні разгрому ням.-фаш. войск у 2-ю сусв. вайну.
Удзельнічалі войскі 1-га Бел. (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў), 1-га Укр. (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) франтоў (1,5 млн.чал. у баявых часцях, больш за 37 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 7 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 5047 самалётаў), левы фланг 2-га Бел. (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) і правы фланг 4-га Укр. (ген. арміі І.Я.Пятроў) франтоў, Чэхаславацкі корпус (ген.-л. Л.Свобада), 1-я армія Войска Польскага (ген.-л. С.Паплаўскі).
На Варшаўска-Берлінскім напрамку герм. камандаванне стварыла 7 абарончых рубяжоў глыбінёй да 600 км, сканцэнтравала групу армій «А» (ген.-палк. І.Гарпе), з 26 студз. «Цэнтр» (ген.-палк. Ф.Шорнер). Варожая групоўка з 3 армій (28 дывізій і 2 брыгады) налічвала каля 400 тыс.чал., 4103 гарматы, 1136 танкаў, 270 самалётаў.
Наступленне сав. войск планавалася на 20 студз. У сувязі з прарывам ням.-фаш. арміяй фронту ў Ардэнах (гл.Ардэнская аперацыя 1944—45) 1-ы Укр. фронт пачаў наступаць 12 студз. з Сандамірскага плацдарма на г. Брэслаў (Вроцлаў). 17 студз. вызвалена Варшава, 19 студз. — Кракаў. 1-ы Бел. фронт прарваў пазнанскі рубеж абароны і да 25 студз. выйшаў да б.герм.-польск. граніцы. 1-ы Укр. фронт 20—23 студз. ўступіў на тэр. Германіі і 25 студз. выйшаў да Одэра. Сав. войскі авалодалі Сілезскім прамысл. раёнам, акружылі варожыя групоўкі ў Познані, Шнайдэмюлі (Піла) і ўсім фронтам выйшлі да Одэра. У ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі сав. войскамі вызвалена Польшча, значная ч. Чэхаславакіі; знішчана 35 дывізій ворага, а 25 дывізій страцілі ад 50 да 70% асабовага складу, узята ў палон каля 150 тыс. чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСО́НІЯ (Sachsen),
зямля (адм. адзінка) на У Германіі. Пл. 18,4 тыс.км². Нас. каля 4,7 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Дрэздэн, найб. гарады Лейпцыг, Хемніц, Цвікаў, Гёрліц. Пераважаюць нізкагор’і (каля 400—500 м); на Пд на граніцы з Чэхіяй Рудныя горы (выш. да 1214 м), на Пн ускраіна Паўн.-Германскай нізіны. Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў за год ад 700—800 мм на Пн да 1000 мм у гарах. Лясы (хвоя, дуб, граб, бук) лепш захаваліся ў гарах. Эканоміка індустр.-агр. характару. Здабыча бурага вугалю каля Лейпцыга і Гёрліца, паблізу ЦЭС, прадпрыемствы па брыкетаванні вугалю, коксахіміі і хіміі. Развіты машынабудаванне (Дрэздэн, Лейпцыг, Хемніц), металургія і выраб трансп. сродкаў (Гёрліц і інш.), электратэхніка і электроніка (Дрэздэн, Хемніц), тэкст., фарфоравая, паліграф.прам-сць. У Рудных гарах традыц. выраб цацак і муз. інструментаў. У раўнінных і нізінных раёнах, у далінах рэк пераважае вырошчванне пшаніцы, цукр. буракоў, агародніны. У даліне р. Эльба — вінаградарства. У горных раёнах пераважае жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., унутраны водны. Турызм (Рудныя горы, «Саксонская Швейцарыя», Дрэздэн, Лейпцыг і інш.).
Да 1945 частка гіст. вобласці Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны ў крас.—маі 1945 занята амер. (Заходняя С.), у маі — чэрв. 1945 і сав. (акрамя акругі Шварцэнберг) войскамі. Пасля вываду адсюль амер.акупац. войск (13.6—1.7.1945) уся тэр. сучаснай С. перайшла пад кантроль Сав.ваен. адміністрацыі ў Германіі і стала аднайм. зямлёй. З кастр. 1949 у складзе ГДР. У ліп. 1952 падзелена на акругі Хемніц (у 1953—90 наз. Карл-Маркс-Штат), Дрэздэн і Лейпцыг; невял. частка зямлі далучана да акруг Котбус і Гера. З кастр. 1990 новаўтвораная зямля ў складзе аб’яднанай Германіі (ФРГ), у яе ўвайшлі б. акругі ГДР Лейпцыг (б.ч.), Котбус (частка), Хемніц, Дрэздэн. Першая з новых (усх.) зямель ФРГ займела ўласную канстытуцыю.
гістарычная славянская вобласць у верхнім і сярэднім цячэнні р. Одра (Одэр). Большая частка ў складзе Польшчы (Апольскае, Дольнашлёнскае, Шлёнскае і інш. ваяводствы). Паўд. С. часткова ў складзе Чэхіі (раёны каля граніцы з Польшчай).
Назва С., верагодна, ад сілінгаў — часткі стараж.-герм племя вандалаў, якія жылі тут да 6 ст.н.э. З 6—7 ст. заселена славянамі. У пач. 10 ст. С. ў складзе Чэхіі (дзяржавы Пржэмыславічаў), з 990 — Польшчы (дзяржавы Пястаў). У 1000 насельніцтва С. прыняло хрысціянства. З 1138 С. — удзельнае княства, у 1163—73 і пасля 1241 раздроблена. З пач. 13 ст. тут сяліліся і ням. каланісты (продкі сілезскіх немцаў). У 1-й пал. 14 ст. зноў увайшла ў Чэхію. З 1526 С. (акрамя Севежскага, Асвенцімскага, Заторскага княстваў) — уладанне аўстр. Габсбургаў. У выніку Сілезскіх войнаў (1740—42, 1744—45) і Сямігадовай вайны 1756—63 большая частка С. ўключана ў склад Прусіі (акрамя княстваў Опава і Цешын, тэр. якіх засталася пад уладай Габсбургаў — т.зв. Аўстрыйская С.). У 1793 і 1844 у рэгіёне адбыліся Сілезскія паўстанні ткачоў. У 1919 пруская правінцыя С. (утворана ў 1807) падзелена на правінцыі Верхняя С. з цэнтрам у г. Опельн (Аполе) і Ніжняя С. з цэнтрам у г. Брэслаў (Вроцлаў); тут адбыліся Сілезскія паўстанні 1919, 1920, 1921. З 1920 б. Аўстрыйская С. ў складзе Чэхаславакіі. У 1922 Саветам Лігі Нацый каля 1/3 Верхняй С. перададзена Польшчы. У кастр. 1938 (пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 аб падзеле тэр. Чэхаславакіі) польскія войскі занялі Цешынскую С. Пасля 2-й сусв. вайны рашэннем Патсдамскай канферэнцыі 1945 большая частка С. вернута Польшчы (гэта становішча прызнана герм.-польскім дагаворам аб межах 14.11.1990); у 1946 тут праведзена масавая дэпартацыя сілезскіх немцаў, частка іх вярнулася ў рэгіён у 1950-я і 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
фізіка-геаграфічная правінцыя на З Беларусі. Займае Гродзенскую, паўн.ч. Брэсцкай і зах.ч. Мінскай абласцей. Мяжуе на Пн з Беларуска-Валдайскай правінцыяй, на У з Перадпалескай правінцыяй, на Пд з Беларускім Палессем. Працягнулася з З на У на 250 км, з Пн на Пд у сярэднім на 150 км; пл. 37,3 тыс.км². Падзяляецца на фізіка-геагр. раёны (паводле В.А.Дзяменцьева, з дапаўненнем); Лідская раўніна, Сярэднянёманская нізіна, Верхнянёманская нізіна, Паўднёва-Заходняе адгалінаванне Беларускай грады (Навагрудскае, Ваўкавыскае, Гродзенскае і Слонімскае ўзвышшы), Капыльская града, Прыбугская раўніна, Баранавіцкая раўніна, Слуцкая раўніна, Стаўбцоўская раўніна. У рэльефе спалучаюцца канцова-марэнныя ўзвышшы, донна-марэнныя раўніны, водна-ледавіковыя і прыледавіковыя нізіны. Найвыш. пункт 323 м над узр. м. (Замкавая гара на Навагрудскім узв.), самы нізкі пункт Беларусі 80 м над узр. м. ў даліне р. Нёман каля граніцы з Літвой. У тэктанічных адносінах тэр. З.-Б.п. размешчана ў межах Бел. антэклізы і паўн.ч. Брэсцкай упадзіны. Асобныя выхады крышт. архейскіх і пратэразойскіх парод, а таксама асадкі мелавога, палеагенавага і неагенавага ўзросту перакрываюцца чацвярцічнымі (марэннымі, водна-ледавіковымі, азёрнымі, рачнымі, балотнымі і лёсападобнымі) адкладамі. Карысныя выкапні: мел, мергель, пяскі, гліны, торф, жал. руды. Клімат умерана цёплы, вільготны. Сярэдняя т-растудз. ад -4,4 да -6,7 °C, ліп. 17,4—18,8 °C. Вегет. перыяд 187—208 сут. Ападкаў 530—695 мм, на Навагрудскім узв. да 706 мм за год. Найб. рака Нёман з прытокамі Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач, Ласосна; на ПдЗ рэкі Лясная і Нараў (бас.р. Буг), Ясельда (бас.р. Прыпяць). Найб. азёры Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь. На ўзвышшах і раўнінах глебы дзярнова-падзолістыя сярэдне- і моцнаападзоленыя на марэнных суглінках, супесках і лёсападобных пародах. У нізінах пераважаюць дзярнова-слабаападзоленыя глебы на пясках, а таксама забалочаныя і тарфяна-балотныя; алювіяльна-лугавыя — на поймах рэк. Лясы займаюць 28% тэр. Шыракаліста-яловыя і хваёвыя лясы, хмызнякі, сухадолы і нешырокія палосы заліўных лугоў сярод узвышшаў і на раўнінах. На нізінах пераважаюць хваёвыя бары, драбналістыя і забалочаныя лясы, нізінныя балоты. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі. У З.-Б.п. нацыянальныя паркі Белавежская пушча, Налібоцкая пушча, а таксама ландшафтныя, гідралагічныя і біялагічныя заказнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭНЫ І МЕДАЛІ́ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
ганаровыя дзярж. ўзнагароды за асаблівыя заслугі ў сац.-эканам., навук., маст., грамадскай, дыпламат., інш. сферах дзейнасці па ўмацаванні краіны, смелыя і вынаходлівыя дзеянні, здзейсненыя пры абароне рэспублікі, выратаванні людзей, ахове грамадскага парадку, у барацьбе са злачыннасцю, стыхійнымі бедствамі і пры інш. надзвычайных абставінах.
Уведзены Законам Рэспублікі Беларусь ад 13.4.1995 «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» з унясеннем змен і дапаўненняў законам ад 2.7.1997. Паводле гэтых законаў уведзены званне Герой Беларусі з уручэннем знака асобай адзнакі — медаля Героя Беларусі і наступныя ордэны: Айчыны (3 ступені), Воінскай Славы, «За службу Радзіме» (3 ступені), «За асабістую мужнасць», Кастуся Каліноўскага, Пашаны, Францыска Скарыны, Маці. Уведзены медалі: «За адвагу», «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку, «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы», «За працоўныя заслугі», «За бездакорную службу» (3 ступені); да прыняцця закона аб дзярж. узнагародах існаваў і захаваўся медаль Францыска Скарыны (уведзены 20.4.1989). Зацверджаны Палажэнні аб гэтых дзярж. узнагародах. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзярж. ўзнагародамі ўзнагароджвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а медалём «За бездакорную службу» таксама ад яго імя міністры і кіраўнікі адпаведных ведамстваў — па хадайніцтве працоўных калектываў і ін-таў улады. Да дзярж. узнагароды выдаецца пасведчанне.
Першы беларускі ордэн — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР быў зацверджаны Прэзідыумам ЦВКБССР 25.7.1924. Ім да 1932 узнагароджваліся асобныя грамадзяне, прадпрыемствы, установы і арг-цыі і калектывы працоўных за асаблівыя заслугі ў справе сацыяліст. будаўніцтва і абароны краіны. Пасля скасавання ін-та рэсп. ордэнаў узнагароджанне агульнасаюзнымі ордэнамі і медалямі стала прэрагатывай Прэзідыума Вярх. Савета СССР і працягвалася да 1991. Выключэнні былі зроблены для спец. медалёў «За бездакорную службу», якімі ўзнагароджвалі ад імя Прэзідыума кіраўнікі адпаведных саюзных ведамстваў (Мін-ва абароны, КДБ, МУС).
Статус дзярж. узнагарод былога СССР, у т. л. ордэнаў і медалёў, у Рэспубліцы Беларусь захаваўся і пасля набыцця краінай незалежнасці і стварэння сваёй узнагароднай сістэмы. Звесткі пра ўзнагароды СССРгл. ў арт.Ордэн, Медаль.
Г.А.Маслыка.
Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь Ордэны: 1 — Айчыны 1-й ступені; 2 — Айчыны 2-й ступені; 3 — Айчыны 3-й ступені; 4 — Воінскай Славы; 5 — Францыска Скарыны; 6 — Маці.Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь: 1 — медаль Ф.Скарыны; 2 — медаль «За адвагу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
паменшаныя абагульненыя адлюстраванні зямной паверхні на плоскасці, якія паказваюць размяшчэнне, стан і сувязі розных прыродных і грамадскіх з’яў, іх змены ў часе, развіцці і перамяшчэнні. Складаюцца з геагр. элементаў, абумоўленых тэмай і прызначэннем карты. На свабодных месцах геаграфічных картаў размяшчаюць графікі і тэксты, што дапамагаюць пры выкарыстанні (умоўныя знакі, легенда), графікі для вымярэння адлегласцей і інш. Ад інш. адлюстраванняў зямной паверхні (аэраздымкаў, малюнкаў і інш.) адрозніваюцца матэм. законам пабудовы карты (картаграфічныя праекцыі), спосабам графічнага адлюстравання рэчаіснасці (умоўныя знакі) і генералізацыяй картаграфічнай. Выдаюцца як самаст. творы, разам з манаграфічнай л-рай аб прыродзе, часам складаюць серыю — атласы геаграфічныя. Класіфікуюцца паводле зместу, маштабу, тэр. ахопу, прызначэння.
Паводле зместу адрозніваюць агульнагеагр. і тэматычныя карты. Агульнагеаграфічныя карты адлюстроўваюць рэльеф, гідраграфію, расліннасць, населеныя пункты, шляхі зносін, дзяржавы і адм.граніцы. У гэты раздзел уваходзяць і тапаграфічныя карты. Тэматычныя карты паказваюць на фоне асн контураў зямной паверхі дадатковыя элементы і з’явы, што часта не маюць на зямной паверхні бачных контураў (ападкі, працягласць вегетац. перыяду, нахілы рэк і інш.), унутр. асаблівасці (салёнасць вод). Яны падзяляюцца на карты прыроды — агульныя фіз.-геагр., геал., геафіз., метэаралагічныя, кліматычныя, глебавыя, рэльефу (геамарфалагічныя, гіпсаметрычныя, батыметрычныя, марфаметрычныя), расліннасці, жывёльнага свету, гідралагічныя, ландшафтнага і прыроднага раянавання і інш. (гл. карты да арт.Геабатанічнае раянаванне, Геахімічнае раянаванне, Геамарфалагічнае раянаванне), карты сацыяльна-эканамічныя адлюстроўваюць грамадскія з’явы (насельніцтва, адукацыю, ахову здароўя і інш.), эканамічныя карты — становішча і развіццё гаспадаркі (прам-сці. сельскай і лясной гаспадаркі, транспарту, прыродных рэсурсаў і інш.). Паводле тэмы геаграфічныя карты падзяляюцца на галіновыя, або прыватныя (асобных галін прам-сці, т-ры, с.-г. і інш.), агульныя (агульнакліматычныя і інш.) і комплексныя; залежна ад ступені абагульнення — на аналітычныя і сінтэтычныя (сінаптычныя карты і інш.). Геаграфічныя карты бываюць буйнамаштабныя, або тапаграфічныя (1:10 000, 1:25 000, 1:50 000, 1:100 000 і 1:200 000), сярэднемаштабныя, або аглядна-тапаграфічныя (1:300 000, 1:500 000, 1:1 000 000), дробнамаштабныя, або аглядныя (драбней за 1:1 000 000). Паводле тэр. ахопу падзяляюцца на сусветныя, мацерыкоў, а таксама акіянаў, дзяржаў, абласцей і раёнаў; паводле прызначэння — на навук., даведачныя, турысцкія, дарожныя, навігацыйныя і інш.
Геаграфічныя карты ствараюцца з дапамогай здымкі (тапаграфічнай, аэрафотатапаграфічнай, касмічнай, спецыяльнай) або камеральным шляхам у выніку апрацоўкі разнастайных крыніц. Выкарыстоўваюцца як даведнікі на мясцовасці, дапаможнікі навучання, пры вырашэнні нар.-гасп., вайсковых і навук. задач. На Беларусі геаграфічныя карты складаюць і друкуюць на Мінскай картаграфічнай ф-цы, у картографа-геадэзічным аб’яднанні Белгеадэзія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ФІНЛЯ́НДСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ.
Мірны дагавор 1920, падпісаны 14 кастр. ў Тарту. Абвясціў спыненне вайны паміж абедзвюма дзяржавамі, пацвердзіў незалежнасць і суверэнітэт Фінляндыі, урэгуляваў тэр. пытанні. Сав. ўрад пацвердзіў перадачу Фінляндыі Печэнгскай вобл. Фінляндыя абавязалася не трымаць у водах узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. падводных лодак, ваен. самалётаў і суднаў. Абодва бакі пагадзіліся не мець у бас. Ладажскага воз.ваен. збудаванняў, якія служаць агрэсіўным мэтам, і ваен. суднаў водазмяшчэннем больш за 100 т. У дагаворы запісана пра ўтварэнне ў складзе РСФСР Усх.-Карэльскай аўт. вобласці на аснове нац. самавызначэння. Мірны дагавор 1940, падпісаны 12 сак. ў Маскве. Абвясціў спыненне савецка-фінляндскай вайны 1939—40. Вызначалася новая лінія сав.-фінл.дзярж.граніцы. СССР адыходзілі: Карэльскі перашыек з г. Выбаргам (Вііпуры) і Выбаргскі зал. з астравамі; зах. і паўн. ўзбярэжжы Ладажскага воз. з гарадамі Кексгольм, Сортавала, Суаярві, шэраг астравоў у Фінскім зал.; тэр. на ўсход ад Мерк’ярві з г. Куалаярві; частка п-авоў Рыбачы і Сярэдні. Бакі абавязаліся ўстрымлівацца ад нападу адзін на аднаго і не ўступаць у варожыя кааліцыі, накіраваныя супраць аднаго з бакоў. СССР атрымаў у арэнду на 30 гадоў п-аў Ханка. У 1941 Фінляндыя парушыла дагавор і ўступіла ў вайну супраць СССР на баку фаш. Германіі. Пасля паражэння Фінляндыі ў вайне 19.9.1944 падпісана пагадненне аб перамір’і, а 10.2.1947 — мірны дагавор 1947, які прадугледжваў аднаўленне дагавора 1940 са зменамі. Дагавор 1948 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 6 крас. ў Маскве на 10 гадоў. Бакі заявілі пра імкненне супрацоўнічаць дзеля інтарэсаў міру і бяспекі, у адпаведнасці з мэтамі і прынцыпамі ААН. Адзначана імкненне Фінляндыі заставацца ў баку ад супярэчнасцей паміж інтарэсамі вялікіх дзяржаў. СССР і Фінляндыя згадзіліся кансультавацца пры ўзнікненні пагрозы ваен. нападу, пацвердзілі намеры ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, якія накіраваны на падтрыманне міжнар. міру і бяспекі. У дагаворы пацверджаны абавязак не заключаць саюзаў і не ўдзельнічаць у кааліцыях, накіраваных супраць аднаго з бакоў. Дагавор стаў асноватворным дакументам сав.-фінл. адносін; на аснове яго атрымала шырокае і ўсебаковае развіццё паліт., эканам. і культ. супрацоўніцтва паміж СССР і Фінляндыяй. Тэрмін дзеяння дагавору быў прадоўжаны ў 1955 і ў 1970 на 20 гадоў. 6.6.1983 СССР і Фінляндыя падпісалі пратакол, паводле якога дагавор застаецца ў сіле на наступныя 20 гадоў з прадаўжэннем яго на 5-гадовыя перыяды, калі ні адзін з бакоў не заявіць аб жаданні спыніць яго дзеянне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЧЫГУ́НКА,
вытворча-эксплуатацыйнае падраздзяленне трансп. комплексу Рэспублікі Беларусь. У сучасных межах дзейнічае з 1953. У снеж. 1991 аддзялілася ад адзінай чыгункі б.СССР і стала самастойная. Агульная эксплуатацыйная даўж. чыгункі 5542,8 км, з іх 875 км электрыфікавана (1995).
У канцы 19 ст. Беларусь стала адным з самых развітых чыгуначна-транспартных рэгіёнаў Рас. імперыі. За 1860—80 тут здадзена ў эксплуатацыю больш за 2 тыс.кмчыг. ліній, на пач. 20 ст. — яшчэ каля 1 тыс.км. У 1913 даўжыня чыг. сеткі перавышала 3,8 тыс.км. Паскоранае буд-ва чыгунак абумоўлена эканам. і ваенна-паліт. інтарэсамі Расіі ў перыяд яе капіталіст. развіцця і геагр. размяшчэннем Беларусі. Першая на Беларусі чыг. лінія Парэчча—Гродна (30 км) і далей да сучаснай граніцы з Польшчай пачала дзейнічаць у 1862 як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1866—69 пабудаваны чыг. ўчастак Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). Але пачаткам развіцця беларускай чыгункі лічыцца 1871, калі ў эксплуатацыю здадзена магістраль Смаленск—Мінск—Брэст, якая на вузлах Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст аб’яднала лініі розных напрамкаў і вызначыла асн. кірункі фарміравання беларускай чыгункі. У 2-й пал. 19 ст. пракладзена (адна з першых на Беларусі) вузкакалейка ад р. Сож да Старынкаўскага чыгуналіцейнага з-да (Слаўгарадскі р-н). У 1873 пабудаваны чыг. ўчастак Ковель—Брэст (частка чыг. лініі Брэст—Бярдзічаў), пачаўся рух паяздоў па лініі Вільня—Мінск—Гомель (участак будучай Лібава-Роменскай чыгункі). У 1882—87 пачала дзейнічаць сетка Палескіх чыгунак (працягласць больш за 1 тыс.км), якія звязалі Прыбалтыку з зах. губернямі Украіны і цэнтр. Расію з Польшчай. На пач. 20 ст. пракладзены яшчэ 2 чыг. магістралі, якія злучылі Пецярбург з паўд. губернямі Расіі і Польшчай: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін—Оўруч (1904—16) і Невель—Полацк—Маладзечна—Ліда—Ваўкавыск (1907) з выхадам да сучаснай граніцы з Польшчай і адгалінаваннем Масты—Гродна. Пабудаваны таксама лініі мясц. значэння: Крулеўшчына—Варапаева, Вярэйцы—Градзянка, Асіповічы—Старыя Дарогі—Слуцк, Васілевічы—Хойнікі і інш.Буд-ва чыгунак вялося ўручную, выкарыстоўваліся рэйкі лёгкага тыпу, масты будаваліся пераважна драўляныя. Эксплуатаваліся паравозы малой магутнасці і 2-восевыя таварныя вагоны грузападымальнасцю 15—16 т. У 1915—17 пабудаваны чыг. лініі на ўчастках Жлобін—Калінкавічы, Калінкавічы—Оўруч (Украіна), Полацк—Ідрыца (Расія). У 1922 на базе Аляксандраўскай, Маскоўска-Балтыйскай і інш. участкаў дарогі створана Маскоўска-Беларуска-Балтыйская чыгунка. У эксплуатацыю ўведзены новыя чыг. лініі: Орша—Унеча (1923), Орша—Лепель (1927), Чарнігаў—Гомель (1930), Рослаў—Крычаў—Магілёў—Асіповічы (1931), Бабруйск—Старушкі (1939), Варапаева—Друя (1933). Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) створаны Брэст-Літоўская чыгунка і Беластоцкая чыгунка (кіраўніцтва ў Беластоку). У 1939 Беларусь абслугоўвалі Заходняя, Беларуская (кіраўніцтва ў Гомелі), Брэст-Літоўская і Беластоцкая чыгункі. У Вял.Айч. вайну, каб перашкодзіць дастаўцы жывой сілы і ваен. тэхнікі ворага на фронт, бел. партызаны вялі на беларускай чыгунцы актыўныя баявыя дзеянні, у т. л.рэйкавую вайну. Гітлераўскія акупанты ў час адступлення знішчалі чыг. палатно, паравозы, дэпо, станцыі. У пасляваен. перыяд беларуская чыгунка ў асн. адноўлена (да 1950). У 1951 Брэст-Літоўская чыгунка і Мінскае аддзяленне Зах. чыгункі аб’яднаны ў Мінскую чыгунку, якая ў 1953 далучана да беларускай чыгункі (кіраўніцтва ў Мінску). У 1957 Беларусі перададзены Аршанскае і Віцебскае аддзяленні Калінінскай чыгункі (РСФСР). У выніку чыг. сетка рэспублікі супала з адм. граніцамі БССР. Ажыццяўлялася рэканструкцыя і пераўзбраенне чыгункі, падведзены лініі да буйных новабудоўляў: да Салігорска, Бярозаўскай ДРЭС, Полацкага нафтаперапр. аб’яднання і інш. Да 1973 найважнейшыя магістралі пераведзены на цеплавую цягу. У 1963 электрыфікаваны першы ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы. З 1981 рэгулярны рух электрапаяздоў адкрыты па маршруце Мінск—Масква, з 1989 — на ўсёй лініі Брэст—Масква. Электрыфікаваны таксама ўчасткі Аляхновічы—Маладзечна (1966) і Мінск—Асіповічы (1973). Скорасць пасаж. паяздоў дасягнула 120—140 км/гадз, грузавых — 100 км/гадз. На вакзалах і чыг. станцыях наладжана даведачна-інфарм. служба, з 1989 уведзена аўтаматызаваная сістэма браніравання і продажу білетаў «Экспрэс-2» на пасаж. паязды і даведачна-інфарм. сістэма «ВІЗІНФОРМ» у Мінску, Гомелі і Брэсце. Пачата (1989) буд-ва буйнога вакзальнага комплексу ў Мінску. Курсіруюць камфартабельныя паязды «Беларусь», «Буг», «Дняпро», «Мінскі», «Няміга» і інш. Дзейнічаюць 2 выліч. цэнтры (Мінск, Брэст) і спец. бюро па распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання ў Гомелі.
Шчыльнасць чыг. сеткі Беларусі больш за 26 км на 1 тыс.км². У складзе беларускай чыгункі 6 аддзяленняў (Баранавіцкае, Брэсцкае, Віцебскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае), больш як 400 станцый, 9 дэпо па рамонце вагонаў, 17 дэпо па рамонце лакаматываў і інш. прадпрыемствы. Парк грузавых вагонаў налічвае каля 36 тыс. адзінак трансп. сродкаў, пасажырскі парк мае больш за 1 тыс. цягавых сродкаў (цеплавозы, электравозы, дызель-паязды, электрапаязды і інш.). У 1995 беларускай чыгункай перавезена 73,4 млн.т. грузаў і 147,3 млн. пасажыраў. Грузаабарот склаў 25,5 млн.т/км, пасажыраабарот — 12,5 млн. пасажыра-км. Беларуская чыгунка — чл.міжнар. Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак і Міжнар. саюза чыгунак. Гл. схему.
Літ.:
Кацяш Г. Стальныя магістралі рэспублікі. Мн., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬПЫ (ням. Alpen, франц. Alpes, італьян. Alpi ад кельцкага alp высокая гара),
найвышэйшая горная сістэма Зах. Еўропы на тэр. Францыі, Італіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, Германіі і Славеніі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 260 км, найб.выш.г. Манблан (4807 м). Альпы — складаная сістэма горных масіваў і хрыбтоў, што працягнуліся дугой ад Міжземнага м. да Сярэднедунайскай раўніны. Папярочная даліна між азёрамі Бодэнскім і Кома падзяляе Альпы на больш вышынныя Зах. Альпы і больш нізкія і шырокія Усходнія. У Заходніх вылучаюць Прыморскія, Коцкія, масіў Пельву, Грайскія, Савойскія (з масівам Манблан), Бернскія і інш. Горны ланцуг Усходніх Альпаў прадстаўлены Рэтыйскімі, Эцтальскімі, Цылертальскімі Альпамі, Высокім і Нізкім Таўэрнам. Альпы належаць да маладых складкавых структур альпійскага арагенезу (гл.Альпійская складкавасць). Характэрны зубчатыя грабяні, глыбокае расчляненне, вял. пашырэнне ледавіковых формаў рэльефу (гл.Альпійскі рэльеф). Восевая зона сфарміравана стараж. крышталічнымі (гнейсы, слюдзяныя сланцы), магматычнымі (граніты) і метамарфічнымі (кварцава-філітавыя сланцы) пародамі. Перадгор’і Альпаў складзены з вапнякоў, мергеляў, даламітаў, філітаў і маладых маласавых фармацый. Карысныя выкапні: жалезныя, медныя, уранавыя руды, магнезіты, баксіты, каменная соль, у невял. колькасці каменны і буры вугаль.
Альпы — важны кліматападзел Еўропы. На паўн. і зах. перадгор’ях клімат умераны, вільготны, на паўднёвых — субтрапічны міжземнаморскі. Ва ўнутр. раёнах гор выразная вертыкальная занальнасць (т-ра паніжаецца праз кожныя 100 м на 0,3—0,7 °C), фёнавыя вятры выклікаюць кароткія рэзкія пацяпленні. Ападкаў на наветраных зах. і паўн.-зах. схілах 1500—2000 мм за год (месцамі 4000 мм), ва ўнутр. горных далінах 500—800 мм. Снегавая лінія на выш. ад 2500 м на ПнЗ да 3500 м у найб. сухіх унутр. і ўсх. раёнах. Характэрна сучаснае зледзяненне (каля 1200 ледавікоў агульнай пл. 3 тыс.км). З ледавікоў пачынаюцца рэкі Рона, Рэйн, По, Адыджэ, Ін, Драва і інш. Азёры ледавіковага і тэктанічна-ледавіковага паходжання: Жэнеўскае, Бодэнскае, Лага-Маджорэ, Кома (глыб. да 410 м). Для Альпаў характэрна вышынная пояснасць (вылучаюць 5 ландшафтных паясоў).
Пояс перадгор’яў і горных схілаў да выш. 800 м. Клімат умераны, цёплы, на паўд. схілах з міжземнаморскімі рысамі; букавыя і дубовыя лясы значна высечаныя; сады, вінаграднікі, палі збожжавых на горных бурых глебах. Пояс гор (на выш. 800—1800 м) з умераным і ўмерана вільготным кліматам заняты шыракалістымі (дуб, бук, клён, граб) лясамі, якія змяняюцца хваёвымі (елка, піхта, еўрап. кедр, лістоўніца) на горных бурых лясных ападзоленых глебах. Пашы і агароды да 1100—1400 м. На выш. 1800—2300 мсубальпійскі пояс з халодным кліматам, моцнымі вятрамі, доўгатэрміновым снегавым покрывам, пераважна высакагорнай хмызняковай расліннасцю (рададэндран, ядловец, кедравы сланік і інш.) і субальпійскімі лугамі. Вышэй (да граніцы вечнага снегу) альпійскі пояс з суровым халодным кліматам і альпійскімі лугамі і нівальны пояс (вечных снягоў і ледавікоў); ландшафты халодных высакагорных камяністых ледавіковых і снежных пустыняў.
Альпы — адзін з важнейшых рэкрэацыйных раёнаў Еўропы. Цэнтр альпінізму, турызму, гарналыжнага спорту.
Літ.:
Благоволин Н.С., Серебрянный Л.Р. Рельеф Европы // Рельеф Земли. М., 1967;
Ерамов Р.А. Физическая география Зарубежной Европы. М., 1973;
Жучкевич В.А., Лавринович М.В. Физическая география материков и океанов. Ч. 1. Евразия. Мн., 1986.