АМУДАР’Я́,

рака ў Сярэдняй Азіі, у Таджыкістане, Туркменіі, Узбекістане. Па Амудар’і праходзіць частка граніцы Узбекістана з Афганістанам. Даўж. 1415 км, пл. бас. 309 тыс. км² (да г. Керкі). Вытокі на схілах Гіндукуша ў Афганістане, дзе Амудар’я называецца Вахандар’я, пасля зліцця з р. Памір — Пяндж, ніжэй упадзення р. Вахш — Амудар’я. Упадае ў Аральскае м. Большая ч. басейна Амудар’і размешчана ў горных сістэмах Паміра (на сярэдніх вышынях 5—5,5 тыс. м). Пасля выхаду на раўніну цячэ па Туранскай нізіне, па пустынях Кызылкум і Каракумы. Рэчышча няўстойлівае, рака блукае ў межах поймы, размывае берагі. У нізоўях утварае дэльту, у мора ўпадае некалькімі рукавамі. Асн. прытокі: Гунт, Бартанг, Язгулем, Ванч, Кызылсу, Кафірніган, Сурхандар’я (справа), Кундуз (злева). Жыўленне ледавікова-снегавое. Паводка вясной і летам. Ледастаў у нізоўях (у раёне Нукуса) да 4 мес. Сярэднегадавы расход вады паблізу г. Керкі каля 2000 м³/с. У малаводны перыяд Амудар’я не дасягае Аральскага м. Вада вельмі мутная (5—10 кг/м³ завіслых наносаў). У сярэднім цячэнні Кызылкумскі запаведнік. Выкарыстоўваецца для арашэння (каналы Каракумскі, Аму-Бухарскі і інш.). На Амудар’і Цюямуюнскі і Тахіяташскі гідравузлы. У нізоўях рыбалоўства. Суднаходная ад г. Чарджоў. На Амудар’і — г. Керкі і Чарджоў.

т. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)