АЛТА́Й, Рэспубліка Алтай,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 92,6 тыс. км². Нас. 192 тыс. чал. (1993): алтайцы, рускія, казахі і інш.; гар. насельніцтва 30%. Сталіца — г. Горна-Алтайск.

Прырода. Тэр. размешчана ў высакагорнай паўн. ч. Алтая (выш. да 4506 м, г. Бялуха). Горныя хрыбты (Катунскі, Курайскі, Паўн. і Паўд. Чуйскія) падзелены глыбока ўрэзанымі далінамі і шырокімі катлавінамі, т.зв. стэпамі (Абайскі, Уймонскі, Чуйскі і інш.). Клімат рэзка кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -32 °C, ліп. 9—18 °C. Ападкаў ад 100 мм (у катлавінах) да 1000 мм (на ПнЗ) за год. Буйныя рэкі Катунь і Бія; воз. Цялецкае. Значныя запасы электраэнергіі. Лесасплаў па р. Бія. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у паўн.-зах. ч. на ніжніх схілах гор і ў далінах чарназёмныя. 25% тэр. займаюць горна-таежныя лясы з перавагай хвойных парод (сібірская лістоўніца, кедр, піхта), на выш. больш за 2000—2500 м субальпійскія і альпійскія лугі. Алтайскі запаведнік.

Гісторыя. На тэр. Алтая выяўлены стаянкі чалавека эпохі палеаліту (Улалінка, У-Кан). Праз Алтай праходзілі гуны, цюркскія плямёны, уйгуры, енісейскія кыргызы, каракітаі, манголы. З пач. 13 ст. ўваходзіў у манг. імперыю Чынгісхана, потым у склад розных феад. аб’яднанняў. Шчыльнасць насельніцтва была невялікая. Яно займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, арэхавым промыслам; панавалі патрыярхальна-феад. адносіны. З каланізацыяй Сібіры Расіяй плямёны алтайскіх жывёлаводаў пачалі прымаць рус. падданства. Гэты працэс узмацніўся ў час спусташальнай вайны 1755 паміж Маньчжурскімі правіцелямі Кітая і Айрацкім ханствам (Джунгарыяй), у склад якога ўваходзіў Алтай. Ратуючыся ад знішчэння, у 1756 алтайцы прынялі падданства Расіі. У студз. — сак. 1918 тут абвешчана сав. ўлада. У чэрв. 1918 Алтай заняты белагвардзейцамі, са жн. 1919 пачаўся партыз. рух супраць войскаў Калчака. У кастр. 1919 партызаны аб’ядналіся ў дывізію (больш за 18 тыс. чал.) з бальшавіцкім штабам (камандзір І.​Я.​Траццяк). У крас. 1920 устаноўлена сав. ўлада. 1.6.1922 у складзе РСФСР утворана Айроцкая аўт. вобл., перайменаваная ў 1948 у Горна-Алтайскую аўт. вобл., а яе цэнтр Айрот-Тура — у Горна-Алтайск. У 1993 Алтай абвешчаны Рэспублікай у складзе Рас. Федэрацыі.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лясная, дрэваапр., лёгкая (тэкст., гарбарная, абутковая), харч. (мясная, масларобная і інш.), вытв-сць буд. матэрыялаў, электраэнергетыка (будуюцца Чэмальская і Катунская ГЭС на р. Катунь). Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля, козагадоўля; гадуюць якаў, маралаў і плямістых аленяў. Пасевы кармавых і збожжавых культур у горных катлавінах і далінах буйных рэк (авёс, ячмень і інш.). Развіта пладаводства. Пчалярства. Пушны промысел. Асн. транспартная магістраль — Чуйскі тракт. Аэрапорт. Горнакліматычны і кумысалячэбны курорт Чэмал. Турызм (воз. Цялецкае, горна-лыжная траса даўж. 1500 м).

т. 1, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЯНЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, у Гродзенскай і на З Мінскай абласцей, уздоўж р. Нёман ад г. Стоўбцы да г. Гродна. Мяжуе на Пн з Сярэднянёманскай нізінай і Лідскай раўнінай, на ПнУ з Ашмянскім і Мінскім узвышшамі, на У і ПдУ з Капыльскай градой і прылеглымі раўнінамі, на Пд і З з Навагрудскім, Слонімскім, Ваўкавыскім і Гродзенскім узвышшамі Паўд.-Зах. адгалінавання Бел. грады (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Працягнулася з З на У на 160 км, з Пн на Пд ад 15 да 55 км. Вышыні рэльефу вагаюцца ад 160 м на У да 94 м на З.

Верхнянёманская нізіна прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву. Крышт. фундамент перакрыты адкладамі верхняга пратэразою, мелу, палеагену, неагену і антрапагену. Магутнасць тоўшчы антрапагенавых адкладаў пераважна 70—120 м, у ледавіковых лагчынах да 180—200 м, найб. развіты ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, адклады александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў. У ледавіковыя эпохі на Верхнянёманскай нізіне існавалі вял. прыледавіковыя азёры. У час паазерскага зледзянення было Скідзельскае прыледавіковае возера, пасля спуску якога Нёман атрымаў сцёк у Балтыйскае мора.

Рэльеф Верхнянёманскай нізіны пераважна эразійна-акумулятыўны. Пашыраны ледавікова-азёрная нізіна паазерскага веку (на Скідзельскім участку) і водна-ледавіковая нізіна сожскага веку (на Любчанскім участку). Спадзіста-хвалістая паверхня нізіны мае эолавыя формы выш. да 5—10 м (грады, пагоркі, дзюны), лагчыны сцёку, каля рэк — яры і лагчыны, абразійныя ўступы былых берагоў прыледавіковых азёр; месцамі забалочаныя, з азёрнымі катлавінамі. Ёсць участкі азёрна-алювіяльнай нізіны (пры ўпадзенні р. Бярэзіна ў р. Нёман) і марэннай раўніны. Вылучаюцца глыбока ўрэзаныя даліны Нёмана (да 20—45 м) і яго прытокаў з шырокімі забалочанымі поймамі, шматлікімі старыцамі, тэрасамі, з якіх найб. выразныя 2 узроўні — выш. 4—9 м і 8—12 м. Карысныя выкапні: легкаплаўкія і цэментныя гліны, мел, торф. Сярэдняя т-ра студз. ад -5,1 °C на З да -6,5 °C на У, ліп. 17,7—18 °C, ападкаў 540—613 мм за год. Гал. рака — Нёман з прытокамі Сула, Уса, Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра і інш. (справа), Уша, Сэрвач, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач і інш. (злева). Найб. воз. Кромань. Глебы дзярнова-слабаападзоленыя пясчаныя і супясчаныя ў спалучэнні з тарфяна-балотнымі і поймава-лугавымі. Верхнянёманская нізіна ў межах падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць 35%, хваёвыя, ялова-хваёвыя і мяшаныя лясы, дубровы. У поймах алешнікі і хмызняковыя зараснікі чаргуюцца з лугамі і забалочанымі ўчасткамі. На тэр. Верхнянёманскай нізіны біял. заказнікі Налібоцкі і Ліпічанская пушча.

В.​Р.​Сінякова.

Верхнянёманская нізіна ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці.

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМІЛЁЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (15.4.1886, г. Кранштат, Расія — 25.8.1921, рускі паэт, крытык, перакладчык. Муж Г.А.Ахматавай. Друкаваўся з 1902. Пачынаў як вучань сімвалістаў, у прыватнасці В.Я.Брусава. З 1906 слухаў лекцыі ў Сарбоне (Парыж),

вывучаў франц. л-ру, жывапіс, тэатр. Шмат падарожнічаў, быў у Афрыцы, захапляўся Усходам. У 1909 удзельнічаў у арганізацыі час. «Аполлон», у якім да 1917 друкаваў вершы, пераклады і вёў рубрыку «Пісьмы аб рускай паэзіі» (асобнае выд. 1923). У 1911 арганізаваў літ. групу «Цэх паэтаў». У 1912 з С.Гарадзецкім абвясціў новы літ. кірунак акмеізм. З 1914 добраахвотна на фронце (узнаг. 2 Георгіеўскімі крыжамі); у 1917 быў у рус. экспедыцыйным корпусе ў Францыі; у 1918 вярнуўся ў Петраград. Удзельнічаў у рабоце выд-ва «Сусветная літаратура», вёў заняткі ў паэт. студыях. У першых зб-ках («Шлях канквістадораў», 1905; «Рамантычныя кветкі», Парыж, 1908; «Пярліны», 1910) — сімвалісцка-рамант. склад пісьма, «барочны рамантызм», «экзатычныя» вершы, кніжная рамантыка, патэтычная рыторыка, імкненне да рэальнасці, эпічнасць (балады, міфы, паданні і інш.), недахоп рус. нац. элемента. У першым акмеістычным зб. «Чужое неба» (1912) — захапленне афр. і азіяцкімі краінамі; адчаканенасць формы, строгасць і вытанчанасць фразы, рэдкія ў паэта сац. ноты (цыкл «Абісінскія песні»). Ваенная лірыка Гумілёва (зб-кі «Калчан», 1916, «Касцёр», 1918) прасякнута рамант.-патрыят. і глыбока рэліг. ўспрыняццем вайны. Ён прадаўжаў сцвярджаць аўтаномнасць мастацтва, элітарную, духоўную незалежнасць мастака ад сучаснасці. У кн. «Шацёр» (1921) — страсная закаханасць у экзатычную Афрыку. Вершы 1918—21 увайшлі ў зб. філас. лірыкі «Вогненны стоўп» (1921), дзе аўтар, прасякнуты вострым перажываннем сучаснасці і пачуццём трагічнай трывогі, славіць зямлю, паветра, хлеб і каханне. Многім яго вершам характэрна апалогія «моцнага чалавека», дэкаратыўнасць, напружаны лірызм, вытанчанасць паэт. мовы. Перакладаў эпас пра Гільгамеша, франц. і англ. нар. паэзію, творы Т.​Гацье, С.​Т.​Колрыджа, Р.​Саўці, Вальтэра і інш. Пісаў апавяданні (зб. «Цень ад пальмы», 1922), п’есы (драм. казка «Дзіця Алаха», 1917, «візантыйская трагедыя» «Атручаная туніка», апубл. 1986, п’еса для дзяцей «Дрэва пераўтварэнняў», апубл. 1989). Абвінавачаны ў контррэв. змове, расстраляны.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1991;

Неизданные стихи и письма. Париж, 1980;

Неизданное и несобранное. Париж, 1986;

Стихотворения и поэмы. Л., 1988;

Письма о русской поэзии. М., 1990;

Драматические произведения. Переводы. Статьи. Л., 1990.

Літ.:

Николай Гумилев в воспоминаниях современников. М., 1990;

Лукницкая В. Николай Гумилев: Жизнь поэта по материалам домашнего архива семьи Лукницких. Л., 1990;

Жизнь Николая Гумилева: Воспоминания современников. Л., 1991;

Бронгулеев В.В. Посредине странствия земного: Докум. повесть о жизни и творчестве Николая Гумилева: Годы 1886—1913. М., 1995;

Н.​С.​Гумилев: Pro et contra: Личность и творчество Николая Гумилева в оценке рус. мыслителей и исследователей: Антология. СПб., 1995.

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКІЯ ГО́РЫ,

на Пд Крымскага паўвострава. Працягваюцца з З на У на 145 км, з Пн на Пд на 40—50 км. Складаюцца з 3 паралельных град: асноўнай — Гал. хрыбет (Яйла) з макс. абсалютнай адзнакай 1545 м (г. Раман-Кош), сярэдзіннай — выш. да 500—750 м, паўн. — выш. да 350 м. Горы ўтвораны структурамі мезазойскага ўзросту, складзены пераважна з гліністых сланцаў, перакрытых вапнякамі. Канчаткова К.г. сфарміраваліся ў альпійскую складкавасць. Гал. града мае стромкія схілы, глыбока парэзаныя рэчкамі, ручаямі і часовымі вадацёкамі. Вяршыня грады — «яйла» (на крымска-тат. мове — летняя паша; пл. каля 320 км²), спадзістахвалістая з разнастайнымі формамі карставага рэльефу — варонкамі, сподкамі, далінамі, праваламі, пячорамі. Паўд. схіл стромкі, разбіты апоўзнямі на буйныя блокі. На ўзбярэжжы (гл. Паўднёвы бераг Крыма) выяўлены марскія тэрасы, ёсць стараж. вулканічныя ўтварэнні (Мядзведзь-гара, Карадаг). Сярэдзінная і паўн. грады з’яўляюцца куэстамі, маюць слабы нахіл на Пн і стромкія схілы на Пд. Ёсць радовішчы буд. матэрыялаў (вапнякі, жвір, туф, дыябаз), паўкаштоўных камянёў і інш. Мінер. крыніцы. Клімат К.г. умераны на б.ч. тэрыторыі, субтрапічны міжземнаморскі на паўд. схіле Гал. грады і ўзбярэжжы. Гал. града перашкаджае пранікненню ўмераных паветр. мас на Пд, а субтрапічных — на Пн. У раёнах з умераным кліматам сярэдняя т-ра студз. каля -2, -4 °C, у ліп. каля 24 °C, у гарах каля 16 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 600 мм, выпадаюць пераважна летам. Устойлівае снегавое покрыва ўтвараецца зімой толькі ў гарах. У зоне субтрапічнага клімату ў студз. каля 4 °C, у ліп. каля 24 °C, ападкаў ад 600 мм на ўзбярэжжы да 1200 мм у гарах, выпадаюць пераважна зімой. Рэчкі невялікія, летам большасць перасыхае, маюць пераважна грунтавое жыўленне, паводкавы рэжым; бываюць селі. Расліннасць, глебы і жывёльны свет падпарадкаваны вышыннай пояснасці. На паўд. схілах Гал. грады да выш. 300 м — зона ксерафітных ядлоўцава-дубовых нізкіх лясоў з вечназялёных і лістападных хмызнякоў на чырвона-бурых і карычневых глебах. Вышэй дубовыя і букавыя лясы з эндэмічнымі відамі хвой. Пад шыракаліста-хваёвымі лясамі фарміруюцца горна-лясныя бурыя глебы. На паверхні вяршынь Гал. грады горныя лугі, лугавыя стэпы з ядлоўцавым сланікам, купы дрэў і хмызнякоў на горна-лугавых чарназёмападобных глебах. Паўн. схіл Гал. грады, сярэдзінная і паўн. грады маюць падобную вышынную пояснасць, аднак адсутнічаюць эндэмічныя субтрапічныя віды. Каля падножжа гор развіты лесастэпавыя ландшафты на горных чарназёмах. У фауне горна-лясной зоны — высакародны алень, казуля, каменная куніца, кажан, барсук, шматлікія віды птушак і інш. На схілах Гал. грады — Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Ялцінскі і Карадагскі запаведнікі, Нікіцкі бат. сад, унікальныя помнікі прыроды: Вял. каньён Крыма, цясніна Уч-Кош, вадаспады Учан-Су, Яўзлар, Джур-Джур і інш. К.г. — адзін з папулярных раёнаў турызму і альпінізму.

А.​М.​Матузка.

На схілах Крымскіх гор.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́К (сапр. Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч

(15.5.1882, ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),

бел. тэатр. дзеяч, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак. Буйны дзеяч нац. сцэны, першы нар. арт. Беларусі (1928). У 1908 пачаў літ. дзейнасць як паэт і празаік. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. Выдаў зб. «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). Пісаў таксама гумарэскі, сатыр. апавяданні. З 1917 выступаў як драматург. Аўтар каля 40 п’ес з жыцця бел. народа (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), якія шырока ставіліся ў бел. прафес. і самадз. т-рах. Значнае месца яны займалі ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе Галубок у 1917—20 выступаў як акцёр і рэжысёр. Былі пастаўлены: «Апошняе спатканне» і «Пісаравы імяніны» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (1919). У Бел. дзярж. т-ры (цяпер Нац. т-р імя Я.​Купалы) ставіліся яго «Залёты дзяка» («Пісаравы імяніны»), «Ганка», «Апошняе спатканне», «Бязродны» (усе 1921). Яго шматгранны талент найб. ярка і поўна раскрыўся ў арганізаваным ім у 1920 у Мінску калектыве — Трупе бел. артыстаў (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Аснову рэпертуару складалі п’есы Галубка: «За мураванай сцяной» (1920), «Душагубы», «Пісаравы імяніны», «Залаты бог» (1921), «Ганка», «Мужычае шчасце», «Былое», «Ліхадзеі» (1922), «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Падкідыш» і «Ветрагоны» (1923), «Пан-князь» (1924), «Беларускія зажынкі» (1925), «Пінская мадонна» і «Краб» (1928), «Рыкашэт» (1935); рэж. усіх, акрамя апошняй, быў сам Галубок. Яго пастаноўкі вызначаліся сакавітасцю нар. гумару, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі. Сам Галубок з жыццёвай верагоднасцю, бытавой і псіхал. дакладнасцю выконваў драм., характарныя і камедыйныя ролі ў сваіх п’есах: Авечка («Суд»), Дзяк («Пісаравы імяніны»), Ксёндз («Пінская мадонна»), Пан Сурынта (аднайм. п’еса) і інш. У сцэн. творчасці ён наследаваў традыцыі стараж. бел. нар. т-ра, што ішлі ад скамарохаў, батлейшчыкаў, выканаўцаў нар. драмы; творча развіваў вопыт Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Галубок стварыў глыбока самабытны, непаўторны свой т-р, выхаваў вял. групу бел. акцёраў (А.Бараноўскі, С.Бірыла, Б.Бусел, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.​Згіроўскі і інш.). Праводзіў вял. культ.-асв. работу сярод насельніцтва, дапамагаў маст. самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, выпускаў баявыя лісткі і насценгазеты, выступаў у перыяд. друку з публіцыст. і тэатразнаўчымі артыкуламі. Як мастак-дэкаратар ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Вядомы як пейзажыст (карціны «Раніцай», «Туманы», «На рацэ Бярозе», «Сож»; удзельнічаў у шэрагу рэсп. выставак). У канцы 1920-х г. на Галубка пачаліся ганенні і абвінавачанні ў нацыяналізме. У 1931 яго адхілілі ад маст. кіраўніцтва т-рам, працаваў дырэктарам і акцёрам. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.

Літ.:

Звонак А. Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Сабалеўскі А. Уладзіслаў Галубок // Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1969. Кн. 1;

Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок Мн., 1969;

Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Ўладзіслава Галубка. Мн., 1979;

Карабанава Л.В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982.

А.​В.​Сабалеўскі.

У.І.Галубок. Партрэт мастака Я.​Ціхановіча. 1985.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МУЖЫ́ЦКАЯ ПРА́ЎДА»

(«Mużyckaia praūda»),

нелегальная рэв.-дэмакр., першая беларускамоўная газета (друкавалася лацінкаю). Выдавалася ў 1862—63 на Гродзеншчыне (апошні нумар, відаць, надрукаваны ў Вільні) К.Каліноўскім з Ф.Ражанскім, С.Сангіным (Сонгіным), В.Урублеўскім. Мела невял. фармат у выглядзе лісткоў і значны тыраж. Выйшла 7 нумароў: № 1—6 (ліп.—снеж. 1862), № 7 (чэрв. 1863); кожны нумар падпісваўся псеўданімам «Яська—гаспадар з-пад Вільні». Захаваліся асобныя нумары-перадрукі (№ 5 і 7), пра што сведчаць пэўныя адрозненні ў тэксце і шрыфце. Распаўсюджвалася па ўсёй Беларусі, у Польшчы, Літве, Латвіі, а таксама ў паўн.-зах. рэгіёнах Расіі. Вызначалася вострай сац. прапагандысцка-агітацыйнай накіраванасцю. Артыкулы пабудаваны ў форме гутаркі, сваім зместам нагадвалі творы тагачаснай рус. л-ры рэв.-дэмакр. кірунку. Разглядала пераважна пытанні зямлі і волі, паліт. і сац.-эканам. няроўнасці, нац. самастойнасці. Праводзіла ідэю ўсеагульнай узбр. барацьбы за лепшае жыццё, вызначала яе шляхі, сцвярджала, што «...мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымся разам!» (№ 1). Паслядоўна выступала з крытыкай антынар. царскага маніфеста 1861, адзначала, што «ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці» (№ 1). Выкрываючы грабежніцкі характар сял. рэформы 1861, адзначала, што народу патрэбны не маніфест, а рэальная воля, і не тая, «якую цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо» (№ 3). Адстойвала права бел. народа самастойна вырашаць свой лёс, атрымліваць адукацыю, выдаваць падручнікі на роднай мове. Закранала пытанні існавання розных канфесій, больш прыхільна ставілася да уніяцтва, з асуджэннем — да праваслаўя, якое выражала інтарэсы царскіх улад (№ 6). Выказвала негатыўныя адносіны да тагачаснай сістэмы рэкруцкіх павіннасцей тэрмінам у 25 гадоў. Асобныя пытанні (паходжанне прыгоннага права, існаванне канфесій) трактаваліся ў газеце спрошчана, аднабакова. Мова «М.п.» глыбока народная, эмацыянальна-вобразная, насычаная фалькл. сімволікай, маст. тропамі (эпітэтамі, метафарамі, параўнаннямі), узбагачаная новымі лексемамі і паняццямі; у ёй вытокі публіцыстычнага жанру, што пачынаў развівацца ў новай бел. л-ры.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Жыві ў свабодзе: Кн. пра Каліноўскага. Мн., 1996;

Каліноўскі К.: За нашую вольнасць: Тв., дак. Мн., 1999.

Літ.:

Лушчыцкі І.Н. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст. Мн., 1958;

Смирнов А.Ф. «Мужицкая правда» // Восстание 1863 г. и русско-польские революционные связи 60-х гг. М., 1960;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960;

Баршчэўскі А. Агляд публіцыстычна-літаратурнай спадчыны Кастуся Каліноўскага // Навукова-літаратурны зборнік і беларускі каляндар 1961. Беласток, 1960;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Маляўка М.А. Аб ідэйна-тэматычным і структурным адзінстве «Мужыцкай праўды» // Беларуская літаратура. Мн., 1979. Вып. 7;

Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Стр. биогр. Мн., 1988;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1—2. 2 выд. Мн., 1989;

Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі. Вільня, 1933.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАНДЫНА́ЎСКІЯ ГО́РЫ, Скандынаўскае нагор’е. На Скандынаўскім п-ве, у Швецыі і Нарвегіі. Даўж. каля 1700 км, шыр. ад 200—300 км на Пн да 600 км на Пд, выш. да 2469 м (г. Гальхёпіген). Стромка абрываюцца да ўзбярэжжа Нарвежскага м., пакатымі ўступамі спускаюцца да Батнічнага зал., утвараючы пласкагор’е Норланд. Складзены з крышт. і метамарфічных парод, якія змяты ў складкі ў каледонскую эпоху; на У злучаюцца з Балт. шчытом. Пасля доўгай дэнудацыі горы перанеслі паўторнае падняцце ў кайназоі, якое ўтварыла сістэму блокаў, трэшчын і разломаў. Найб. амплітуды падняцці дасягнулі ў цэнтр. і зах. частках С.г., што вызначыла зрушанасць водападзельных хрыбтоў на З. і значную шыр. ўсх. схілаў. У чацвярцічны час С.г. траплялі пад покрыўнае зледзяненне, з чым звязана шырокае развіццё ледавіковых адкладаў і форм рэльефу. С.г. ўяўляюць сабой рад выцягнутых з ПнУ на ПдЗ горных плато, якія расчлянёны тэктанічнымі далінамі на асобныя масівы. Вяршынныя паверхні — фіельды, серыя паднятых на выш. больш за 2000 м пенепленаў. Найб. высокія пласкагор’і ў паўд. ч. С.г. — Ютунхеймен, Хардангервіда, Юстэдалсбрэ, Тэлемарк, Доўрэфіель. Над сярэднім узр. пласкагор’яў (ад 900 да 1700 м) узвышаюцца асобныя групы вяршынь і хрыбтоў з альпійскімі формамі рэльефу. У сярэдняй ч. С.г. прыкметна зніжаюцца. Іх перасякае Емтландская зона тэктанічных апусканняў — прадаўжэнне глыбока ўрэзанага ў сушу Тронхеймс-фіёрда. На Пн распасціраецца хр. Х’елен, перасечаны папярочнымі і падоўжнымі далінамі, над якімі ўздымаюцца завостраныя вяршыні з каравымі і даліннымі ледавікамі на схілах (г. Кебнекайсе, 2123 м). Крайняя Пн — пласкагор’е Фінмаркен (300—500 м) з асобнымі астанцовымі вяршынямі. На З С.г. амаль ушчыльную падыходзяць да ўзбярэжжа і моцна расчлянёныя. Вял. колькасць фіёрдаў: самы доўгі ў Еўропе — Согнефіёрд (даўж. 220 км, шыр. 5—6 км), Хардангер-фіёрд, Букн-фіёрд і інш. З боку мора фіёрдавае ўзбярэжжа акаймавана вузкай (30—60 км) паласой прыбярэжнай раўніны, утворанай у выніку маладых тэктанічных падняццяў (выш. да 40 м), дзе сканцэнтравана значная частка нас. пунктаў, гандл. і рыбалавецкіх партоў Нарвегіі. Карысныя выкапні: жал., медна-нікелевыя, сульфідныя, тытанавыя руды. Клімат умераны, пераважна акіянічны з халаднаватым летам, умерана халоднай зімой. Пад уплывам цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння сярэдняя т-ра студз. адносна высокая для гэтых шырот і зменьваецца ад 1 °C да -14 °C, сярэдняя т-ра ліп. ад 16 °C да 6 °C. Ападкаў на зах. схілах да 3000 мм, на ўсх. — 400—800 мм за год. Клімат фіельдаў характарызуецца нізкімі т-рамі зімовых і летніх месяцаў, што разам з вялізнай вільготнасцю вызначае развіццё сучаснага зледзянення. Снегавая лінія ляжыць на выш. 700—800 м на Пн, 1500—1700 м на Пд. На З яна ніжэйшая, чым на У. Агульная плошча зледзянення С.г. каля 5 тыс. км². Найб. ледавікі Юстэдалсбрэ, Фольгефані. Густая сетка мнагаводных, парожыстых рэк, шматлікія азёры тэктанічна-ледавіковага паходжання. С.г. ўкрыты горна-таежнымі лясамі (хвоя, елка), асабліва на ўсх. схілах. Лясы падымаюцца да выш. 300—500 м на Пн і 900—1100 м на Пд. Вышэй паласа бярозавага крывалесся. Фіельды бязлесныя, пераважае горна-тундравая хмызняковая і мохава-лішайнікавая расліннасць, якая месцамі чаргуецца з лугамі. Па рачных далінах — нізкастволыя бярэзнікі. На зах. схілах фармацыі верасоўнікаў і тарфянікаў. На Пд — мяшаныя і шыракалістыя лясы.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 14, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЯ,

нацыянальна-вызваленчы антыфаш. рух у другую сусветную вайну 1939—45 супраць ням., італьян. і яп. захопнікаў, а таксама супраць мясц. калабарацыяністаў. Р.С. быў глыбока нац. ў кожнай краіне і адначасова інтэрнацыянальны (паводле складу, узаемадзеяння і ўзаемадапамогі ўдзельнікаў) для ўсіх народаў, якія змагаліся за вызваленне ад захопнікаў. У Р.С. ўдзельнічалі прадстаўнікі розных пластоў грамадства: патрыятычна настроеныя рабочыя, сяляне, прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, духавенства. У краінах Азіі ў барацьбу супраць яп. каланізатараў уключаліся некат. групы памешчыкаў. Тым не менш на развіццё Р.С. наклалі адбітак тагачасныя класавыя і ідэалаг. супярэчнасці. Амаль ва ўсіх краінах, акупіраваных агрэсарамі, у Р.С. вылучаліся 2 плыні: лева-камуністычная і права-кансерватыўная. У Францыі, Італіі, Чэхаславакіі, Бельгіі, Даніі, Нарвегіі і інш. краінах абедзве плыні супрацоўнічалі ў барацьбе супраць агульнага ворага, у шэрагу краін (Югаславія, Албанія, Польшча, Грэцыя) адначасова са змаганнем супраць акупантаў яны варагавалі паміж сабой. У барацьбе супраць акупантаў Р.С. набыў разнастайныя формы: антыфаш. агітацыя і прапаганда, забастоўкі, дыверсіі і сабатаж на прадпрыемствах, якія выраблялі прадукцыю для акупантаў, збор разведвальных звестак для армій антыфаш. кааліцыі, партыз. вайна. Вышэйшая форма Р.С. — усенар. ўзбр. паўстанне. Асаблівая старонка Р.С. — мужная барацьба падп. арг-цый вязняў гітлераўскіх канцэнтрацыйных лагераў. Вязні Бухенвальда і Маўтгаўзена ў 1945 вызваліліся, узняўшы ўзбр. паўстанні. Барацьба супраць фашызму, за нац. вызваленне спалучалася з барацьбой за сац. і дэмакр. пераўтварэнні, у залежных краінах — з барацьбой супраць калан. прыгнёту. Пашырэнне маштабаў Р.С. ў шэрагу краін прыводзіла да аб’яднання патрыят. сіл на аснове тактыкі народнага фронту ў агульнанац. патрыят. франты (называліся Нац., Нац.-вызв. і інш.). У краінах Усх. Еўропы яны і створаныя імі часовыя ўладныя структуры адыгралі пры падтрымцы СССР значную ролю ў наступным прыходзе да ўлады камуніст. і левых сіл. У многіх краінах Еўропы ў Р.С. змагаліся грамадзяне СССР. Сярод іх Героі Сав. Саюза В.​А.​Квіцінскі, М.​Гусейн-задэ, Ф.​А.​Палятаеў, В.​В.​Порык. У падп. групах і партыз. атрадах, што дзейнічалі на Тэр. Францыі, Польшчы, Югаславіі, Чэхаславакіі, Даніі, Нідэрландаў і інш. краін было нямала грамадзян з Беларусі: У.​У.​Анічэнка, У.​М.​Антоненка, Ф.​К.​Варанішча, У.​П.​Вардомскі, Л.​М.​Віцятнёў, Д.​А.​Гараеў, А.​М.​Грынеўскі, Б.​К.​Зузо, А.​М.​Кандраценка, Б.​А.​Кедышка, Л.​М.​Кашачкіна, Н.​І.​Лісавец, Ф.​М.​Ліхавец, А.​Дз.​Панізнік, У.​М.​Руткоўскі, М.​С.​Фралоў, В.​К.​Харытончык, Т.​У.​Чахоўская і інш. Грамадзяне шэрагу еўрап. краін змагаліся супраць гітлераўцаў у радах партызан і падпольшчыкаў на тэр. СССР, у т. л. на Беларусі (немец Ф.Шменкель, француз Р.​Жан, бельгіец Ж.​Говартс, славак Я.Налепка і многія інш.). На акупіраванай тэр. СССР Р.С. адбываўся ў форме партыз. і падп.-дыверсійнай дзейнасці, пераважна пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну 1941—45, Патрыятычнае падполле і інш.). Партыз. рух набыў таксама масавы характар ў Югаславіі, Польшчы, Албаніі, Грэцыі, Італіі, Францыі, Кітаі, Філіпінах, Бірме, Малаі. На заключным этапе 2-й сусв. вайны Р.С. моцна спрыяў вызваленню ад акупантаў шэрагу краін (Югаславія, Францыя, Італія, Грэцыя, Кітай), у некат. выпадках сілы Супраціўлення самі вызвалілі свае краіны (Албанія, Грэцыя, Малая, В’етнам). Р.С. быў адным з істотных фактараў, якія спрыялі перамозе антыгітлераўскай кааліцыі, далейшаму развіццю нац.-вызв. барацьбы народаў Азіі і Афрыкі. Удзельнікаў Р.С. з 1951 аб’ядноўвае Міжнародная федэрацыя барацьбітоў Супраціўлення.

Літ.:

Антифашистское движение сопротивления в странах Центральной и Юго-Восточной Европы. М., 1991;

Движение сопротивления в Западной Европе, 1939—1945: Нац. особенности. М., 1991.

Э.​М.​Позняк.

Да арт. Рух Супраціўлення. Антыфашысцкае выступленне ў Даніі. Горад Одэнсе. 1943.
Да арт. Рух Супраціўлення. Грэчаскія партызаны каля збітага імі нямецка-фашысцкага самалёта. 1943.

т. 13, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЕЖ (Іван Паўлавіч) (8.2.1921, в. Глінішча Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.8.1976),

бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1945). Удзельнік Вял. Айч. вайны. У 1942 пад Растовам цяжка паранены. У 1941—42 вёў дзённік. З 1945 працаваў у час. «Полымя», у апараце ЦК КП(б)Б. З 1966 сакратар, у 1971—76 нам. старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дэбютаваў вершамі ў 1939. Як празаік упершыню выступіў у 1943 у газ. «Бугурусланская правда». Першае апавяданне на бел. мове «Сустрэча ў шпіталі» (1944). Адно з ранніх апавяданняў — «У завіруху» — высока ацаніў К.​Чорны. У 1946 яно дало назву зборніку. Аповесць «Гарачы жнівень» (1946) пра цяжкасці аднаўленчага перыяду. Першы раман «Мінскі напрамак» (1952). У 1960—70-я г. гэты твор перапрацаваны і стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на сапраўдныя нар. характары, праз якія пераканаўча паказана героіка і трагедыя вайны. Выдаў зб-кі апавяданняў «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Аўтар п’есы пра інтэлігенцыю «Пакуль вы маладыя» (1956, паст. Бел. т-рам імя Я.​Купалы 1957), гісторыка-рэв. драмы «Дні нараджэння» (1958, паст. тамсама 1959). Найвялікшым дасягненнем М. і ўсёй бел. л-ры стала трылогія з цыкла «Палеская хроніка» — раманы «Людзі на балоце» (1961, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1962), «Подых навальніцы» (1964—65, за абодва Ленінская прэмія 1972) і «Завеі, снежань» (1976). Раман «Людзі на балоце» М. пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадз. смеласць і ідэйна-маст. маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—30-х г., праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафес. культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы бел. селяніна. Непаўторная маст. канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вял. ідэйны змест данесены праз дасканалую маст. форму і адметныя вобразы. Лёс і драма жыцця і кахання Васіля Дзятла і Ганны індывідуальныя, глыбока народныя; і астатнія вобразы паказаны ва ўсёй іх складанасці, глыбіні і непаўторнасці, яны сцвярджаюць чалавечнасць у чалавеку. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-маст. асэнсаванне жыцця бел. народа на вельмі важным гіст. этапе, яна стала нац. эпапеяй. У 1975 М. выдаў кн. літ.крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1976), у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваен. гадоў). Паводле «Палескай хронікі» Бел. тэлебачанне паставіла 3-серыйны тэлеспектакль (1965), у 1979 — тэлеспектакль па рамане «Завеі, снежань». Бел. тэатр імя Я.​Купалы паставіў спектакль «Людзі на балоце» (1966, інсцэніроўка Т.​Абакумоўскай і З.​Браварскай). Паводле матываў гэтага рамана К.​Цесакоў стварыў радыёоперу «Барвовы золак» (1983). Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакумент. фільм «Іван Мележ» (сцэнарый В.​Адамчыка, 1978). Рэжысёры В.​Тураў і Дз.​Зайцаў на студыі «Беларусьфільм» паставілі маст. кінафільмы «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і «Подых навальніцы» (1983). У 1984 Тураў зняў 8-серыйны тэлефільм. М. быў старшынёй праўлення Бел. аддзялення т-ва «СССР—Францыя», старшынёй Бел. к-та абароны Міру, чл. Сусв. Савета Міру. Яго імем названы школа ў в. Глінішча, б-ка ў Гомелі, цеплаход. У в. Глінішча адкрыты літаратурны музей М. У 1980 устаноўлена Літ. прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя М.

Тв.:

Збор тв. Т. 1—6. Мн., 1969—71;

Збор тв. Т. 1—10. Мн. 1979—85.

Літ.:

Успаміны пра Івана Мележа. Мн., 1982;

Сказ пра Івана Мележа. Мн., 1984;

Бугаёў Дз. Вернасць прызванню. Мн., 1977;

Кулешов Ф. Подвиг художника. 2 изд. Мн., 1982;

Гніламёдаў У. Іван Мележ. Мн., 1984;

Смыкоўская В. Творчая канцэпцыя пісьменніка. Мн., 1976;

Ляшук В. Іван Мележ у школе. Мн., 1981;

Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;

Яго ж. Літаратура, мы і час. Мн., 1979;

Яго ж. Собр. соч. Т. 4. Мю. 1983;

Андраюк С. Іван Мележ // Стыль пісьменніка. Мн., 1974;

Драздова З.У. Майстэрства слова. Мн., 1993;

Шупенька Г. Прага мастацкасці. Мн., 1996. С. 12—81;

Смыкава І. Іван Мележ // Смыкава І. Беларускія пісьменнікі-лаўрэаты. Мн., 1973.

Г.​С.​Шупенька.

І.П.Мележ.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯКРА́САЎ (Мікалай Аляксеевіч) (10.12.1821, в. Сінькі Ульянаўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 8.1.1878),

рускі паэт. Вучыўся ў Яраслаўскай гімназіі (1832—37). У 1839—40 вольнаслухач Пецярбургскага ун-та. Першы зб. вершаў — «Мары і гукі» (1840). У 1845 выдаў зб. «Фізіялогія Пецярбурга» (ч. 1—2), у 1846 — «Пецярбургскі зборнік», у якіх змешчаны творы пісьменнікаў натуральнай шкалы. Выдаваў і фактычна рэдагаваў час. «Современник» (1847—66), з 1868 рэдактар час. «Отечественные записки». Збліжэнне з В.​Бялінскім, пазней супрацоўніцтва з М.​Чарнышэўскім і М.​Дабралюбавым зрабілі ўплыў на фарміраванне яго рэв.-дэмакр. светапогляду і глыбока нар. рэаліст. творчасць. Вершы 1840-х г. востра сацыяльныя, у іх спалучаецца пранікнёны лірызм з бязлітаснай сатырай. Праз усю творчасць Н. праходзіць тэма народа, увасобленая ў разнастайнасці тыпаў і характараў: цыкл вершаў «Пра надвор’е», вершы «Роздум каля параднага пад’езда», «На Волзе», «Плач дзяцей», «Чыгунка», «Песня пра свабоднае слова», паэмы «Мароз, Чырвоны нос» (1863—64), «Каму на Русі жыць добра» (1866—81, не завершана; на бел. мову пераклаў А.​Якімовіч, 1940) і інш. Аўтар паэм «Няшчасныя» (1858, не завершана), «Дзядуля» (1870), «Рускія жанчыны» (1872—73; прысвечана жонкам дзекабрыстаў), сатыр. «Сучаснікі» (ч. 1—2, 1875—76), раманаў «Тры краіны свету» (1848—49), «Мёртвае возера» (1851, абодва ў сааўт. з А.​Панаевай) і інш. Пісаў апавяданні, нарысы, фельетоны, драм. творы, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, творы для дзяцей і інш. Адзін з першых звярнуў увагу на гаротнае жыццё бел. народа, стварыў вобраз беларуса («Чыгунка» і «Каму на Русі жыць добра»), Грамадзянская, дэмакр., цесна звязаная з фальклорам, паэзія Н. зрабіла вял. ўплыў на развіццё рус. л-ры і л-ры інш. народаў, у т. л. беларускай. Бел. паэты развівалі някрасаўскую павагу да мужыка, заклікалі народ да барацьбы за сац. і духоўнае вызваленне. Пад знакам ідэй «песняра гора народнага» развівалася паэзія У.​Сыракомлі, Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны. А.​Гурыновіч шырока выкарыстоўваў вобразнасць Н. ў сваіх вершах, пераклаў на бел. мову паэму «Мароз, Чырвоны нос». Новым этапам у асваенні традыцый Н. з’явілася творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Цёткі. Агульнасць маральна-этычных пазіцый Я.​Купалы і Н. адчуваецца ў вершах «Пашкадуй мужыка», «Жніво», паэме «Яна і я». Коласаўскія вобразы сялян — працаўнікоў, праўдашукальнікаў — блізкія да вобразаў паэмы «Каму на Русі жыць добра». У 2-й пал. 19 ст. на Беларусі ставіліся прасякнутыя сац.-дэмакр. матывамі вадэвілі Н. «Вось што значыць пакахаць актрысу», «Шыла ў мяшку не ўтоіш, а дзяўчыну пад замком не ўтрымаеш», «Акцёр», меладрама «Мацярынскае благаславенне, або Беднасць і гонар» (пераклад-пераробка франц. п’есы А.​Дэнеры і Г.​Лемуана), драма «Асенні сум». Паэтызацыя працы (асабліва сялянскай), прыроды, гуманізм, прага дабра і справядлівасці — гэтыя рысы паэзіі Н. паўплывалі на фарміраванне эстэт. ідэалу бел. паэзіі. Бел. паэты выкарыстоўвалі вопыт Н. па збліжэнні паэзіі з прозай (празаізацыя паэзіі), з інш. літ. жанрамі. Бліскучыя ўзоры ўзаемапранікнення лірычнага і публіцыстычнага пачаткаў у творах Н. садзейнічалі творчаму росту многіх бел. паэтаў (П.​Броўка, А.​Куляшоў, М.​Танк, П.​Панчанка, Г.​Бураўкін, А.​Вялюгін, А.​Вярцінскі, Н.​Гілевіч, А.​Русецкі і інш.). На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі Я.​Купала, Броўка, М.​Танк, Р.​Барадулін, А.​Бачыла, Бураўкін, Вярцінскі, М.​Лужанін, Я.​Семяжон і інш.

Тв.:

Полн. собр. соч. и писем. Т. 1—12. М., 1948—53;

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1990;

Стихотворения и поэмы. Мн., 1980;

Дедушка Мазай и зайцы: Поэмы, стихи. Мн., 1997;

Бел. пер. — Генерал Таптыгін. 3 выд. Мн., 1952;

Сялянскія дзеці. 2 выд. Мн., 1955;

Дзядуля Мазай і зайцы. 3 выд. Мн., 1957;

Дзецям. Мн., 1971;

Лірыка. Мн., 1971.

Літ.:

Евгеньев-Максимов В. Жизнь и деятельность Н.​А.​Некрасова. Т. 1—3. М.; Л., 1947—52;

Некрасовские традиции в истории русской и советской литературы. Ярославль, 1985;

Прийма Ф.Л. Некрасов и русская литература. Л., 1987;

Трофимов И.В., Гаркави А.М. Идейно-художественное своеобразие лирики Н.​А.​Некрасова. Киев, 1989.

У.​В.​Гніламёдаў.

М.А.Някрасаў.

т. 11, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)