КРУ́ПЫ снежныя і ледзяныя,

від цвёрдых атм. ападкаў у выглядзе дробных часцінак шчыльнага лёду і снежных ядраў. Выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў пры т-ры каля 0 °C. Ад граду адрозніваюцца памерамі (звычайна 2—5 мм).

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЦЕПЛАЛАКА́ЦЫЯ,

вызначэнне месцазнаходжання наземных, надводных, паветр. і касм. аб’ектаў па іх радыёцеплавым выпрамяненні; від пасіўнай радыёлакацыі. Выяўленне аб’ектаў адбываецца за кошт кантрастнасці іх радыёцеплавога выпрамянення адносна радыёцеплавога выпрамянення фону. Выкарыстоўваецца ў навігацыі, пры саманавядзенні ракет і інш.

т. 13, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ТЫК,

здольнасць чалавека і жывёл успрымаць уздзеянні вонкавага асяроддзя з дапамогай рэцэптараў скуры, апорна-рухальнага апарата (мышцаў, сухажылляў, суставаў і інш.), слізістых абалонак (на губах, языку і інш.) і пераўтвараць сігналы ў пэўны від адчувальнасці. Аснова Д. — раздражненне розных відаў рэцэптараў (механарэцэптараў, якія ўспрымаюць дакрананне, ціск, расцяжэнне, тэрмарэцэптараў — цяпло і холад, рэцэптараў болю) і пераўтварэнне інфармацыі ц. н. с. Успрыманне прадметаў вонкавага асяроддзя з дапамогай Д. дазваляе ацэньваць іх форму, памеры, уласцівасці паверхні, кансістэнцыю, т-ру, сухасць і вільготнасць, становішча і перамяшчэнне ў прасторы. У многіх беспазваночных Д. разам з хім. адчувальнасцю — асн. від успрымання раздражненняў вонкавага асяроддзя. Д. у пэўнай меры замяняе інш. органы пачуццяў (зрок, слых) пры іх пашкоджанні.

т. 6, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРНАКАПЫ́ТНЫЯ (Artiodactyla),

атрад млекакормячых; 2 падатр.: няжвачныя (сям. свіных, пекарыевых, бегемотавых) і жвачныя. Больш за 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. На Беларусі — алень высакародны, дзік, еўрапейскія зубр і казуля, лось, а таксама с.-г. жывёлы — свінні, авечкі, козы, буйн. раг. жывёла. Дзікія П. — аб’екты палявання і промыслу. У Чырв. кнізе Беларусі — 1 від (зубр). У Чырв. кнізе МСАП 21 від.

У большасці П. добра развіта валасяное покрыва, ногі прыстасаваны для хуткага бегу, маюць 2—4 пальцы з рагавымі чахламі — капытамі (найб. развіты 3-і і 4-ы пальцы), ключыца адсутнічае. Расліннаедныя, дзік — усёедны. Характэрны палавы дымарфізм. Палігамы. Нараджаюць 1—2 (да 8) дзіцяняці.

П.​Р.​Козла.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ВАННЕ Ў ЛА́СТАХ,

від падводнага плавання з аквалангам, плаванне ў ластах, ныранне ў ластах у даўжыню; від падводнага спорту. Спаборніцтвы па плаванні з аквалангам праводзяцца на дыстанцыях 100, 400 і 800 м; па плаванні ў ластах — на 100, 200, 400, 800 і 1500 м і на марафонскія дыстанцыі 8000 м для мужчын і 6000 м для жанчын; па ныранні ў ластах — на 50 м, эстафеты 4 × 100 і 4 × 200 м. Сярод бел. спартсменаў найбольш значных вынікаў дасягалі І.Бурая, Л.Говарава, Т.Назарава, В.​Зборшчык — чэмпіёнка СССР (1976, 1977), А.​Аляшкевіч — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1997), бронз. прызёр чэмпіянату свету (1998), А.​Ашэйчык і С.​Карунец — абс. чэмпіёны Беларусі (2000).

С.​А.​Патрыкееў.

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСЛЕ́ДАВАННЕ,

від баявых дзеянняў; наступленне на адыходзячага праціўніка з мэтай яго знішчэння або ўзяцця ў палон. Сутнасць П. ў нанясенні моцных агнявых удараў, імклівага руху наперад для выхаду на флангі і тыл праціўніка. П. ажыццяўляецца пры адступленні праціўніка ці наўмысным адводзе ім войск на новыя рубяжы, пры поспеху ў сустрэчным баі, нанясенні контрудару і інш., можа быць паралельнае і франтальнае.

П. выкарыстоўвалася амаль ва ўсіх войнах, у т. л. тых, што адбываліся з удзелам ВКЛ. У больш позні час класічны прыклад П. — баявыя дзеянні франц., а потым рас. армій у вайну 1812.

У сучасных войнах і аперацыях П. як від баявых дзеянняў практыкуецца рэдка або зусім не ажыццяўляецца.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАТЭ́КС,

від (служба) электрасувязі. Дазваляе карыстальніку атрымліваць на экране тэлевізара (або дысплея) графічную інфармацыю па каналах тэлефоннай сувязі са спец. банка даных; дазваляе таксама выконваць розныя паслугі: заказваць электронныя гульні, білеты на транспарт, праводзіць банкаўскія аперацыі і інш.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТРНАСТУПЛЕ́ННЕ,

асобы від наступлення, у якім ажыццяўляецца пераход ад абароны ў наступленне з мэтай разгрому груповак наступаючага праціўніка. Праводзіцца ў стратэг., часам аператыўным маштабе, падрыхтоўваецца ў ходзе абарончай аперацыі. Нярэдка перарастае ў агульнае наступленне, якое завяршае разгром праціўніка.

т. 8, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧКІ́ (Ixobrychus),

род птушак сям. чаплевых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўд. Аўстраліі і на а-вах Новай Зеландыі. Жывуць парамі каля вадаёмаў. Пералётныя. На Беларусі 1 від — бугай малы, або ваўчок, занесены ў Чырв. кнігу (гл. ў арт. Бугаі).

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЯ НО́РМА,

адпаведнасць умоў асяроддзя жыццёвым патрабаванням віду. Найб. функцыянальным і аб’ектыўным крытэрыем біялагічнай нормы з’яўляецца існаванне віду: калі від існуе, ёсць і адпаведнасць яго ўмовам асяроддзя. Біялагічная норма — аснова гасп. нормы пры вырошчванні і доглядзе с.-г. раслін і жывёл.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)