поласці ўнутры галаўнога мозга, дзе размешчаны сасудзістыя спляценні, што выпрацоўваюць цэрэбраспінальную вадкасць. Яна запаўняе Ж.г.м., потым па ліквораправодных шляхах выходзіць на аснову мозга і распаўсюджваецца па вонкавай паверхні галаўнога і спіннога мозга. Усяго Ж.г.м. — 4, поласці іх сазлучаныя. Пры паталогіі (вентрыкуліты, менінгаэнцэфаліты, кровазліцці, пухліны і інш.) парушаецца цыркуляцыя цэрэбраспінальнай вадкасці з частковай ці поўнай аклюзіяй ліквораправоднай сістэмы. Прыкметы: моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, галавакружэнне, павышаны артэрыяльны ціск і тэмпература цела, вокарухальныя і вестыбулярныя парушэнні. У цяжкіх выпадках — сімптомы ўшчымлення ствала галаўнога мозга, прыступы дэцэрэбрацыйнай рыгіднасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕДИЦИ́НСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
што тыднёвая галіновая газета. Выходзіць з вер. 1991 у Мінску на рус. мове (асобныя публікацыі — на бел. мове). Заснавальнікі: Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, БРК прафсаюза работнікаў аховы здароўя і калектыў рэдакцыі. Асвятляе тэарэт. і практычныя пытанні аховы здароўя, мед. навукі, дзейнасці лячэбна-прафілактычных, н.-д. і навуч. устаноў. Змяшчае матэрыялы пра стан, шляхі і перспектывы мед. абслугоўвання насельніцтва, пра дасягненні айч. і замежнай мед. навукі, тэарэт. і практычныя рэкамендацыі для захавання і паляпшэння здароўя чалавека. Мае рубрыкі «Доктар тлумачыць, папярэджвае, рэкамендуе», «У дапамогу доктару-практыку», «Вы прасілі расказаць», «Дапамажы сабе сам» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСТАРЫЯ́НСТВА,
плынь у хрысціянстве, якая ўзнікла ў Візантыі ў пач. 5 ст. Заснавальнік канстанцінопальскі патрыярх Несторый. Ён прызнаваў Хрыста чалавекам, які пераадолеў чалавечую слабасць і стаў месіяй. На гэтай падставе лічыў дзеву Марыю не багародзіцай, а жанчынай, якая нарадзіла чалавека. У адрозненне ад артадаксальнага вучэння, Несторый лічыў, што ў Хрысце чалавечыя і боскія пачаткі знаходзяцца ў адносным яднанні і ніколі поўнасцю не злучаны. На Эфескім усяленскім саборы (431) Н. асуджана як ерась. Сучасныя багасловы лічаць, што Н. выходзіць па-за межы артадаксальнага вучэння. Прыхільнікі Н. ёсць у Іране, Іраку, Сірыі, Індыі і інш.
бяскрылае паразітычнае насякомае атр. двухкрылых; эктапаразіт авечак, зрэдку коз, коней, вярблюдаў, ласёў і інш. Пашыраны ўсюды. Узбуджальнік мелафагозу. У хворых авечак узнікаюць дэрматыты, аблысенні, парушэнні абмену рэчываў, ягняты часцей гінуць. Р.а. можа быць пераносчыкам трансмісіўных хвароб (трыпанасамоза і інш.).
Цела патоўшчанае, даўж. 4—7 мм, жоўта-бурае, густа ўкрытае валаскамі. Жыве 7—8 месяцаў, кожныя 7—9 дзён самка нараджае па лічынцы, якая праз 12 гадз. ператвараецца ў цёмна-карычневую кукалку. Праз 20—30 дзён з яе выходзіць дарослае насякомае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СПА́ДЧЫНА»,
ілюстраваны культурна-гістарычны часопіс. Выдаецца з 1970 у Мінску на бел. мове. Да 1989 выходзіў штоквартальна пад назвай «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1991 выходзіць раз у 2 месяцы. Асвятляе пытанні аховы, вывучэння, прапаганды помнікаў гісторыі і культуры, праблемы бел.гіст. і культ. спадчыны ў еўрап. кантэксце. Публікуе артыкулы і архіўныя матэрыялы па гісторыі Беларусі, філас. думцы, гісторыі мастацтва і рэлігіі, культ. спадчыне нац. меншасцей Беларусі, гісторыі замежных краін, аб жыцці і дзейнасці бел. дыяспары, меркаванні пра шляхі развіцця нац. культуры, захавання гіст. памяці. Змяшчае пераклады і перадрукоўкі айч. і замежнай гістарыяграфічнай і літ. спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСЧАЎНАКО́ВЫ СТАНО́К,
ткацкі станок, у якім уточная нітка ўводзіцца ў зеў (прастору паміж ніткамі асновы) не чаўнаком, а з дапамогай пракладчыка ўтку: рапіраў, іголак, вадзянога ці паветранага струменю, што выходзіць з сапла пад ціскам. Пасля кожнага пракладвання ўточнай ніткі яна абразаецца. У параўнанні са звычайным ткацкім станком, дзе ніткі ўтку змотваюцца са шпулі, якую нясе чаўнок, на бесчаўнаковым станку ніткі ўтку змотваюцца з нерухомых бабін, што знаходзяцца па-за зевам. Бесчаўнаковы станок адрозніваецца большай (у 2—4 разы) скорасцю пракладвання нітак, прадукцыйнасцю ткацтва, меншай вібрацыяй і шумам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХШ,
рака ў Таджыкістане, пры зліцці з Пянджам утварае Амудар’ю. Даўж. 524 км, пл.бас. 39,1 тыс.км². Утвараецца пры зліцці рэк Кызылсу і Муксу і цячэ пад назвай Сурхоб. Пасля ўпадзення р. Абіхінгоу называецца Вахш. Цячэ пераважна ў вузкай V-падобнай даліне, часта ў глыбокай цясніне. За 170 км ад вусця выходзіць у Вахшскую даліну, дзе падзяляецца на рукавы. Жыўленне ледавікова-снегавое, таксама дажджавое. Паводка з мая да верасня. Сярэдні расход вады 660 м³/с. Вада вельмі мутная, у Вахшскай даліне выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў нізоўях. На Вахшы — Нурэкская, Галаўная ГЭС і інш.; г. Нурэк, Калінінабад. У ніжнім цячэнні Вахша запаведнік Тыгравая Балка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЧ,
традыцыйная бел. рыбалоўная прылада; сплеценая з дубцоў або зробленая з драніцы камера конусападобнай ці цыліндрычнай формы. У конусным бучы мелася адна лейкападобная перагародка (горла), у цыліндрычным — дзве. Рыба пранікала ў буч праз лаз у горле, якое адначасова перашкаджала выходзіць ёй назад. З аднагорлавых бучаў улоў вымалі праз адтуліну ў вузкім яго канцы (у час лоўлі яе закрывалі коркам, травой, сенам), у двухгорлавым рабілі дзверцы. Аднагорлавы буч прызначаўся толькі для лоўлі рыбы, двухгорлавы — пераважна для ракаў. У вадаёме бучы устанаўлівалі пры дапамозе калкоў. Бучы былі пашыраны па ўсёй Беларусі.
І.М.Браім.
Буч аднагорлавы. Пінскі краязнаўчы музей.Буч двухгорлавы. Вёска Пескі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎРУ́К Алесь (сапр.Сінічкін Аляксандр Дзмітрыевіч; 19.8.1910, г. Сянно Віцебскай вобл. — 23.8.1942),
бел.паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1938). Загінуў у баях пад Сталінградам. Друкаваўся з 1926. У зб-ках «Ручаіны» (1936), «Дняпро выходзіць з берагоў» (1938) аптымістычны пафас, рамантыка прац. будняў, эстэтычная завершанасць. Апяваў героіку грамадз. вайны, рэв. подзвіг («Чапаеў», «Рагачоўскі сшытак», «Песня пра дукорскіх партызан»). Паэма «Крывёю сэрца» (1938) пра барацьбу з фашызмам у Іспаніі. З А.Ушаковым напісаў для дзяцей паэмы «Пра майго таварыша», «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада» (абедзве 1939), лібрэта аперэты «Зарэчны барок».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВАРО́ДКІ, лужанкі (Viviparidae),
сямейства бруханогіх малюскаў падкл. пярэдняшчэлепных. 6 відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Паўд. Амерыкі) у прэсных вадаёмах. На Беларусі 2 віды Ж.: рачная, або звычайная (Viviparus viviparus), і азёрная (V. contectus). Жывуць на пясчаных або заглееных грунтах у прыбярэжнай зоне рэк і азёр.
Цела ўкрыта ракавінай (выш. да 6 см) з 5—7 спіральнымі завіткамі, з цёмна-карычневымі палосамі, складаецца з галавы, тулава і нагі. Вусце ракавіны авальнае, зачыняецца рагавой накрыўкай. Раздзельнаполыя. Аплодненыя яйцы развіваюцца ў матцы, моладзь выходзіць цалкам сфарміраваная (адсюль назва). Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Ж. — пажыва для многіх бентасаедных рыб. Біял. ачышчальнікі вадаёмаў.