СІБІРАКО́Ў (Аляксандр Міхайлавіч) (8.10.1849, г. Іркуцк, Расія — 1893),
расійскі золатапрамысловец, даследчык Сібіры. Скончыў палітэхнікум у г. Цюрых. Фінансаваў палярныя экспедыцыі Н.А.Э.Нордэншэльда (1878—79), А.В.Грыгор’ева (1879—80), а таксама выданне прац па гісторыі Сібіры. У 1880 спрабаваў прайсці на шхуне праз Карскае м. ў вусце р. Енісей. У 1884 на параходзе прайшоў ад вусця па р. Пячора, на аленях цераз Урал, далей на параходзе па р. Табол да г. Табольск («Сібіракоўскі тракт на поўнач»). Зрабіў значны ўклад у справу эканам. асваення Сібіры. Яго імем названы востраў у Карскім м. і ледакол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Дзейнічала ў 1616—1773 (з перапынкамі) у Магілёве. У 1616 выдадзены «Служэбнік» (2-е выд. 1617), у 1619 — «Евангелле вучыцельнае» Кірылы Транквіліёна Стаўравецкага. Пасля гэтага на нейкі час друкарня спыніла дзейнасць. 19.3.1633 кароль Уладзіслаў IV даў Магілёўскаму правасл. брацтву прывілей на права адкрыцця друкарні і выданне вучэбных і інш. кніг на «рускай» (старабел. і царк.-слав.), грэчаскай, лац. і польск. мовах. У 1636—38 гэта права брацтва, верагодна, перадала Спірыдону Собалю, які ў 1636 выдаў «Буквар языка славенска». У 1676 брацтва атрымала ад караля Яна III Сабескага прывілей на адкрыццё друкарні пры Богаяўленскім манастыры і выданне кніг на «рускай» і польск. мовах. У 1680 друкарню ўзначаліў Максім Вашчанка, які ў 1698 атрымаў на яе прывілей без дазволу брацтва і стаў выдаваць кнігі ад свайго імя. У 1701 брацтва дамаглося пацвярджэння свайго ранейшага прывілея на друкарню. У розны час у друкарні працавалі друкары і гравёры: Васіль Вашчанка (сын Максіма), Фёдар Ангілейка, Афанасій П. (Пігарэвіч ?), М.Антушкевіч. У канцы 17—18 ст. ў друкарні выдаваліся царк., навуч., палемічныя кнігі: «Псалтыр» (1693), «Акафісты і каноны» (1693), «Малітваслоў» (1695), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» (1699), «Неба новае» (1699), «Трыфалагіён» (1754), «Часаслоў» (1762) і інш. У апошнія гады дзейнасці друкарня перавыдавала раней надрукаваныя кнігі.
Літ.:
Жудро Ф. История Могилевского Богоявленского братства. Могилев. 1890;
Пічэта У.І. Друк на Беларусі ў XVI і XVII стст. // Чатырохсотлецце беларускага друку. Мн., 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ГІСТАРЫ́ЧНАЙ КАМІ́СІІ»
(«Archiwum Komisyi Historycznej»),
серыйнае выданне дакументальных матэрыялаў 15—19 ст. Выходзіла ў 1878—1949 у Кракаве пад апекаю Гіст. камісіі Польскай АН. Выдадзена 16 тамоў. Пераважаюць матэрыялы крыніцазнаўчага характару, першакрыніцы па гісторыі права, царквы, грамадска-паліт., дыпламат. адносін, агляды бібліятэк і архіваў. Сярод найб. значных публікацый — матэрыялы па гісторыі вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, дакументы Пастаяннай Рады, інвентары зямельных уладанняў, апісанні рукапісаў і дакументаў у архівах і бібліятэках Рыма, Пецярбурга, Будапешта, «Рэвізія Полацкага ваяводства 1552», матэрыялы па гісторыі праектаў царк. уніі канца 15 — пач. 16 ст. і інш. Дакументы ў асн. на польск. і лац. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКИЙ ГО́ЛОС»,
грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася з 24.1(6.2) да 3(16).3.1910 у Гомелі на рус. мове 2 разы на тыдзень. Абвясціла сябе «беспартыйнай» газетай, якая мае намер «усебакова асвятляць жыццё беларускага краю», абмяркоўваць праблемы культуры, прам-сці, гандлю і інш. Сваю праграму не выконвала. У закліках да выбаршчыкаў агітавала праводзіць у Дзярж. думу і органы мясц. самакіравання «нацыяналістаў» і «добрых гаспадароў». Не прызнавала нац. самастойнасці беларусаў. Мэту нац. руху бачыла ў выцясненні «іншародцаў» з розных сфер жыцця, вызваленні Расіі ад «унутранага» заваявання з боку «яўрэяў, палякаў, армян ды іншых». На 10-м нумары спыніла выданне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БІЧ (Ільдэфонс) (1890, в. Дзедзіна Мёрскага р-на Віцебскай вобл. — 28.4.1944),
бел. рэлігійны і культ. дзеяч. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1911). Вышэйшую духоўную адукацыю атрымаў у Рыме (1911—13). Дамогся папскага блаславення на выданне першай бел. каталіцкай газ.«Беларус», у якой супрацоўнічаў пад псеўданімам Пётра Просты. 27.7.1915 пасвячоны ў ксяндзы. Служыў у розных прыходах, быў настаўнікам у Віленскай бел. гімназіі, карыстаўся бел. мовай у пропаведзях. Аўтар працы на бел. мове «Нядзелішнія эванэліі і навукі» (т. 1—3, 1921—22), артыкулаў па рэліг. і культ. пытаннях, вершаў. Склаў 2 кнігі казанняў «Роднае слова ў касцёле» і «Навучайце ўсе народы» (у рукапісах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ВІ́ЛЕНСКАЙ КАМІ́СІІ (АВК),
Акты Віленскай археаграфічнай камісіі (АВАК), шматтомны збор дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 14—19 ст. (т. 1—39. Вільня, 1865—1915). Сабраны дакументы на старабел., рус., польскай і лац. мовах па паліт., сац.-эканам., царк. гісторыі, этнаграфіі, пра развіццё прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, становішчы яўрэяў і татараў ВКЛ, вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, вайну 1812. Выданне мела на мэце сцвердзіць справядлівасць далучэння Беларусі і Літвы да Рас. імперыі, прапагандаваць ідэю пра «спрадвечна рускі» характар ВКЛ. Нягледзячы на недахопы (тэндэнцыйнасць падбору матэрыялаў, недакладнасці перадачы тэкстаў, друкарскія памылкі) мае вял. каштоўнасць як крыніца па гісторыі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЯДЗІ́НСКІ (Пётр Паўлавіч) (1826, Смаленская губ. — 19.5.1883),
расійскі дзярж. дзеяч, генерал ад кавалерыі (1878). Скончыў Пажаскі корпус (1843). Удзельнік баёў з горцамі на Каўказе, Крымскай вайны 1853—56. Займаўся ваенна-дыпламат. дзейнасцю, ажыццяўленнем ваен. рэформаў 1860—70-х г. У 1886—70 ліфляндскі, эстляндскі і курляндскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Рыжскай ваен. акругі. У 1874—80 віленскі, ковенскі і гродзенскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. Разглядаў мясц. памешчыкаў як сац. апору самадзяржаўя, дазволіў выданне і распаўсюджванне кніг на польск. мове, аслабіў ганенні на каталіцкую царкву ў краі. З 1880 варшаўскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Варшаўскай ваен. акругі. З 1881 чл.Дзярж. савета Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРО́ДНЕНСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
часопіс, орган Гродзенскай духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1901—14 у Гродне на рус. мове штотыднёва. Мелі афіц. і неафіц. (з перапынкам у 1907—09) аддзелы. Публікавалі царскія маніфесты і рэскрыпты, пастановы ўрада, распараджэнні па епархіі, хроніку епархіяльнага жыцця, гіст. дакументы, успаміны, артыкулы і матэрыялы па гісторыі хрысц. рэлігіі і царквы.
Сярод публікацый: «Стагоддзе Гродзенскай губерні» І.У.Карчынскага (1903), «Лёс праваслаўя ў сувязі з гісторыяй лацінства і уніі ў Гродзенскай губерні ў XIX ст. (1794—1900)» (1901—02) і «Гродзенскія праваслаўныя цэрквы ў XVI ст.» (1904) Я.Ф.Арлоўскага, «Кароткая гісторыя Гродзенскага краю» Е.Н. (1906), і інш. З 1992 выданне адноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИЗВЕ́СТИЯ ВОЕ́ННО-РЕВОЛЮЦИО́ННОГО КОМИТЕ́ТА III А́РМИИ»,
газета. Выдавалася з ліст. 1917 да лют. 1918 у Полацку на рус. мове 5—6 разоў на тыдзень. У снеж. 1917 — студз. 1918 выходзіла пад назвамі; «Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии», «Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии и Полоцкого Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». Як выданне бальшавіцкага кірунку прапагандавала дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, ухваляла Кастр. падзеі, друкавала загады і распараджэнні ВРК, рэзалюцыі салдацкіх і рабочых сходаў, а таксама лісты ў падтрымку новай улады. Асвятляла дзейнасць вайсковых арг-цый і з’ездаў. Асуджала дзейнасць Бел. рады як «контррэвалюцыйную», апраўдвала разгон Усебел. з’езда 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТА ((Moneta) Эрнеста) (20.9.1833, г. Мілан, Італія — 10.2.1918),
італьянскі журналіст, дзеяч міжнар. руху прыхільнікаў міру. Удзельнік аўстра-італьян. вайны 1848—49 і аўстра-італа-франц. вайны 1859, да 1866 служыў у арміі Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1868—96 гал. рэдактар вядучай італьян.газ. «Il Secolo» («Стагоддзе»). Удзельнік Міланскай мірнай канферэнцыі 1878. З 1880 выдаваў альманах «L’amico della pace» («Сябар міру»). Адзін з заснавальнікаў (1887) Ламбардскага саюза за мір і арбітраж. У 1898 заснаваў выданне «La vita internationale» («Міжнароднае жыццё»). Аўтар працы «Войны, паўстанні і мір у XIX ст.» (т. 1—4, 1903—10). Нобелеўская прэмія міру 1907 (разам з Л.Рэно).