прадпісанні, павучанні, у якіх выкладзены рэліг.-этычныя прынцыпы, што складаюць аснову іудаізму і хрысціянства. Выкладзены ў Пяцікніжжы (назва 5 кніг Старога запавету). Верагодна, да пісьмовай фіксацыі існавалі ў вуснай перадачы. Сфарміраваліся ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Падзяляюцца на З., якія абвяшчаюць монатэізм Яхве і забараняюць культ інш.багоў; З., якія змяшчаюць нормы маралі і правілы паводзін (прытрымліванне суботняга адпачынку, забарона забіваць, красці, квапіцца на чужое і інш.). Частка іх абумоўлена канкрэтна-гіст. зместам, таму іх нельга лічыць сукупнасцю норм абсалютнай маралі для ўсіх часоў і народаў. У Старым запавеце, напр., сустракаюцца наказы, што супярэчаць хрысціянскім З. (забарона забіваць супярэчыць норме «душа за душу, вока за вока»), старазапаветныя З. часам абвяргаюцца ў Новым запавеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕНАФА́НКалафонскі
(Xenophanes; 6—5 ст. да н.э.),
стараж.-грэч. філосаф і паэт, заснавальнік элейскай школы. Нарадзіўся ў Калафоне, які пакінуў пасля заваявання яго персамі, і вёў жыццё вандроўніка на працягу 67 гадоў. Выкладаў свае погляды ў палемічных вершах. Яго вучнямі былі Парменід, Зянон, Меліс, Эмпедокл. Развіў вучэнне аб адзіным богу як абстрактнай істоце, якая «ўсёй сваёй сутнасцю... бачыць, мысліць, чуе», сілай свайго розуму ўсё ўзрушвае, знаходзіцца ў вечным стане нерухомасці; бог — гэта нешта адзінае, нязменнае, вечнае, шарападобнае. У сувязі з гэтым крытыкаваў ўяўленні прыхільнікаў антрапамарфізму (Гамер, Гесіёд) аб стараж.-грэч. багах, лічыў, што яны скажаюць прыроду багоў, калі прыпісваюць ім усё тое, што ёсць у людзей несумленнага і ганебнага. Асновай быцця лічыў зямлю і ваду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ ПАНТЭО́Н,
помнік стараж.-рым. архітэктуры ў Рыме. Узведзены каля 118—125 (арх. Апаладор з Дамаска) у гонар усіх багоў пры імператару Адрыяне на месцы аднайм. храма часоў імператара Агрыпы (27 да н.э). Велічная ратонда, перакрытая паўсферычным купалам (дыяметр больш як 43 м) з кесонамі, у цэнтры з адтулінай (дыяметр каля 9 м) для асвятлення інтэр’ера. Уваход вылучаны порцікам з 16 калон з карынфскімі капітэлямі. У інтэр’еры па перыметры размешчаны нішы прамавугольнай і круглай формы. У сярэднія вякі Р.п. ператвораны ў касцёл ; цяпер — нац. маўзалей, дзе пахаваны Рафаэль, арх. Б.Перуцы і Дж.Віньёла, каралі Віктар. Эмануіл II, Умберта I, каралева Маргарыта і інш. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЫ́Я МЕ́СЦЫ,
месцы, звязаныя з падзеямі свяшчэннай гісторыі, наведваннямі багоў і святых, цудатворствамі; важны элемент культу ўсіх рэлігій (гл.Культ рэлігійны). У хрысціян асаблівай пашанай карыстаюцца святыні ў Палесціне, дзе жыў, прапаведаваў, прыняў пакутніцкую смерць і ўваскрэс Ісус Хрыстос. Да С.м. часам адносяць храмы і манастыры, дзе захоўваюцца мошчы святых, цудатворныя абразы і інш. святыні, а таксама цудатворныя крыніцы, месцы, дзе адбываліся з’яўленні абразоў і інш. цудатворствы. У каталіцызме адрозніваюць свяшчэнныя (асабліва адметныя ў культавай практыцы месцы, асвячоныя вышэйшымі царк. іерархамі, а таксама касцёлы, алтары і могілкі) і С.м. (вобласці Палесціны, звязаныя са старазапаветнымі падзеямі і жыццём Ісуса Хрыста, Дзевы Марыі). Паводле кананічнага права, свяшчэнныя месцы павінны быць унесены ў літургічныя кнігі і традыцыйна выключаны са свецкай юрысдыкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІ́ДЗІЙ (Ovidius),
Публій Авідзій Назон (20.3.43 да н.э., г. Сульмона, недалёка ад Рыма — каля 18 н.э.), рымскі паэт. Раннія творы: зб-кі «Любоўныя элегіі», «Гераіні», жартоўна-парадыйныя паэмы «Майстэрства кахання», «Сродкі ад кахання». У паэме «Фасты» (незавершаная) тлумачыў паходжанне рымскіх святаў і абрадаў. Найб. вядомы твор «Метамарфозы» — маст. апрацоўка грэка-рымскіх міфаў пра пераўвасабленні людзей і багоў у жывёл, сузор’і і інш. — складаецца з асобных вершаваных навел. У 8 н.э. сасланы Аўгустам у г. Томы (цяпер Канстанца ў Румыніі), дзе напісаў поўныя тугі па радзіме «Сумныя элегіі» і «Пісьмы з Понта». Творчасць Авідзія значна паўплывала на развіццё зах.-еўрап. л-ры. Дзве навелы з «Метамарфозаў» на бел. мову пераклаў М.Багдановіч.
Тв.:
Рус.пер. — Элегии и малые поэмы. М., 1973;
Любовные элегии. Метаморфозы. Скорбные элегии. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРУ́Н,
вобраз стараж. міфалогіі слав. народаў; вярхоўнае язычніцкае бажаство ўсх. славян., бог грому і маланкі. Падобны да стараж.-грэчаскага бога Зеўса і стараж.-рым.Юпітэра. У стараж. славян увасабляў навальнічную хмару, якая дае дождж і спрыяе ўрадлівасці. У «Аповесці мінулых гадоў» сярод багоў П. названы першым. У гонар П. будавалі свяцілішчы-капішчы (рэшткі некат. выяўлены на Беларусі). Ідалы П. былі пастаўлены ў Кіеве (побач з Дажбогам) і Ноўгарадзе. Пасля ўвядзення хрысціянства функцыі і рысы П. нададзены Ільі.
Паводле стараж.бел. павер’яў П. трымаў у руках велізарныя жорны, удараў каменем аб камень і выклікаў гром і маланку, асколкі жорнаў ляцелі на зямлю і паражалі, як стрэлы. Лічылі, што П. накіроўвае свае ўдары супраць дэмана Жыжаля, пазней — супраць чорта. Рэлігійнае значэнне вобраз П. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФЕО́З (ад грэч. apotheōsis абагаўленне),
1) услаўленне, узвелічэнне падзеі, з’явы, асобы; урачыстае завяршэнне падзеі. У стараж. егіпцян, потым у грэкаў і рымлян — абагаўленне правіцеляў за іх асаблівыя заслугі. Апафеоз, які з цягам часу трансфармаваўся ў культ правіцеляў, браў пачатак у стараж. блізкаўсх. традыцыі прылічэння цароў да багоў або сыноў божых. Матывамі ўслаўлення духоўнай велічы народа, чалавека, выдатных гіст. ці грамадскіх падзей прасякнуты многія творы сусветнай л-ры і мастацтва, у т. л.бел. пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры.
2) Заключная ўрачыстая масавая сцэна святочнай канцэртнай праграмы, спектакля, поўная асаблівага ўздыму, велічы. Напр., усхвалявана, урачыста гучыць заключная сцэна драмы Я.Купалы «Раскіданае гняздо», калі героі, ахопленыя духоўным парывам і высакароднай мэтай, ідуць на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну. Апафеоз можа быць таксама самаст. часткай паказу свята, шэсця (звычайна без тэксту) з выкарыстаннем выразных вобразаў, сюжэтаў, дэкарацыйнага афармлення, касцюмаў, бутафорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́НАЎ (Леў Барысавіч) (н. 1.12.1930, г. Іванава, Расія),
расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар.арт. Расіі (1978). Скончыў Ін-тваен. дырыжораў у Маскве (1952). Маст. кіраўнік армейскіх ансамбляў. У 1979—88 начальнік і муз. кіраўнік Ансамбля песні і танца Бел.ваен. акругі (з 1992 Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 праф.), з 1995 кіраўнік камернага аркестра гімназіі-каледжа пры ёй. Аўтар песень («Пяюць гвардзейцы на прывале», «Беражом зямлі світанні», «Сцягоў прамяністая слава», «Мы ідзём па вуліцы» і інш.), аранжыровак твораў муз. класікі і сучасных кампазітараў, у т. л. «Змрок багоў» Р.Вагнера, «Музычныя вечары» Б.Брытэна паводле Дж.Расіні, уверцюра да оперы «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Трыумфальны марш» з балета «Спартак» А.Хачатурана, сюіта на тэмы оперы «Поргі і Бес» Дж.Гершвіна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПА́ТА,
старажытны горад у Судане на ўсх. беразе Ніла, паблізу 4-га парога. У пач. Новага царства (16 ст. да н.э.) егіпцяне пабудавалі туг крэпасць. Егіп. фараон Тутмос III збудаваў у горадзе храм бога Амона-Ра. Упершыню наз. Н. ў 15 ст. да н.э. ў надпісе яго пераемніка Аменхатэпа II. Росквіт прыпадае на 9—8 ст. да н.э., калі Н. ўвайшла ў склад Мераіцкага царства, з 8 ст. да н.э. яго рэліг. сталіца. У 23 да н.э. рымляне зруйнавалі і разрабавалі горад, жыхароў узялі ў палон. У ант. крыніцах Н. згадваецца ў сярэдзіне 2 ст.н.э. як адно з паселішчаў. Зберагліся рэшткі храмаў Амона-Ра (1456 да н.э.), Амона (7 ст. да н.э.), грабніцы ў выглядзе пірамід (8—7 ст. да н.э.). Знойдзены каменныя статуі багоў і цароў, сфінксы, залатая статуэтка царыцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НДАР (Pindaros; каля 518 да н.э., Кінаскефалы, каля г. Фівы, Грэцыя — каля 442 ці 438 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт; буйнейшы прадстаўнік харавой мелікі (лірыкі). Праславіўся эпінікіямі — гімнамі (па памерах — лірычныя паэмы) у гонар пераможцаў агульнаэлінскіх спарт. гульняў. З 17 кніг яго твораў захаваліся 4, якія ўключаюць 45 эпінікіяў. У іх роздум пра магутнасць багоў, міфічных герояў, продкаў пераможцаў, заклік да ўсебаковага развіцця закладзеных у чалавеку магчымасцей. Эпінікіі П. адметныя надзвычай складанымі сінтаксісам, метафорыкай, непрадказальнай асацыятыўнасцю. Яго стыль паўплываў на фарміраванне т.зв. піндарычнай оды ў еўрап. л-ры, а таксама філас. і духоўнага гімна ў вольных рытмах.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Античная лирика. М., 1968;
У кн.: Пиндар. Вакхилид: Оды. Фрагменты. М., 1980.
Літ.:
Гринбаум Н.С. Язык древнегреческой хоровой лирики: (Пиндар). Кишинев, 1973;
Синило Г.В. Гёльдерлин и Пиндар // Весн. БДУ. Сер. 4. 1990. № 1.