1) род мастацтва, спецыфічным сродкам выражэння якога з’яўляецца сцэн. дзеянне, якое ўзнікае ў працэсе ігры акцёра перад публікай. Адна з форм грамадскай свядомасці, мае вял. значэнне ў грамадскім і эстэт. выхаванні. Развіццё Т. залежыць ад развіцця грамадства, ад стану агульнай культуры народа. Т. — мастацтва сінт., спалучае дзейсны і відовішчны пачаткі, магчымасці часавых і прасторавых мастацтваў, сродкі выразнасці л-ры, музыкі, жывапісу, танца, архітэктуры. Асн. твор тэатр. мастацтва — спектакль. У залежнасці ад перавагі пэўных сродкаў сцэн. выразнасці склаліся асн. тыпы Т.: драм., оперны (гл.Опера) і балетны (гл.Балет) з некат. прамежкавымі формамі (аперэта, пантаміма, тэатр мініяцюр). Аснова дзеяння ў Т. — драма як род л-ры. Як мастацтва грамадскае Т. патрабуе калект. ўспрымання гледачоў. Непасрэдны выразнік драм. дзеяння ў Т. — акцёр, які стварае характар персанажа (гл.Акцёрскае мастацтва). Сінтэтычнасць тэатр. вобразнасці абумовіла паяўленне рэжысёра як вытлумачальніка п’есы, творчага кіраўніка тэатр. калектыву (гл.Рэжысёрскае мастацтва). Актыўныя ўдзельнікі стварэння спектакля — тэатр. мастак (гл.Сцэнаграфія), кампазітар і балетмайстар, якія ствараюць зрокавы, муз. і пластычны вобразы тэатр. паказу, узмацняюць яго эмац. ўздзеянне на гледача. Гісторыю і тэорыю Т. вывучае тэатразнаўства.
Вытокі Т. ў стараж.прац. і быт. абрадах і гульнях, дзе элементы драм. дзеяння аб’ядноўваліся з песняй і танцам, Паступова элемент відовішчнасці ўзмацняўся, паявіўся сюжэт, падзел на выканаўцаў і гледачоў, узнік дыялог, выкарыстоўваліся розныя культавыя маскі. Найб.стараж. формы Т. ўзніклі ў Егіпце (4 тыс. да н.э.), дзе ў аснове тэатр. дзеяння былі танец, пантаміма, рэлігійна-абрадавыя і свецкія, ваен. відовішчы, містэрыяльныя паказы паводле міфал. сюжэтаў. Своеасаблівыя і багатыя формы відовішчаў ствараліся ў краінах Стараж. Усходу, у Індыі, Кітаі, Японіі, М’янме, Інданезіі і інш., дзе яны звязаны з нар. эпічнай творчасцю. У Стараж. Грэцыі канчаткова сфарміраваўся тэатр. паказ, заснаваны на тэксце (4 ст. да н.э.; гл. ў арт.Грэцыя Старажытная). Міфал. сюжэты і вобразы атрымлівалі тагачаснае асэнсаванне, узбагачаліся дэмакр. і гуманіст. ідэямі (трагедыі Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, камедыі Арыстафана). Традыцыі грэч.тэатр. культуры атрымалі развіццё ў Стараж. Рыме (драматургі Плаўт, Тэрэнцый, Сенека і інш.), дзе вял. ўвага аддавалася пастановачнаму боку спектакляў, развіццю тэатр. тэхнікі (гл. ў арт.Рым Старажытны). Для сярэдневяковага Т. характэрна суіснаванне форм нар.т-ра (творчасць гістрыёнаў, жанглёраў, скамарохаў) і рэліг.тэатр. жанраў (літургічная драма, міракль, містэрыя). У 14—16 ст. ў шэрагу краін Еўропы дасягнуў росквіту дэмакр. жанр сярэдневяковага Т. — фарс. Імклівы росквіт тэатр. культуры адбываўся ў эпоху Адраджэння: з’яўленне новай тэатр. формы — камедыі дэль артэ, адасабленне розных відаў Т., якія атрымалі самаст. развіццё (опера, балет, аперэта); фарміраванне асаблівасцей сцэн. культуры (з’яўленне аўтарскай рэжысуры, стабільных т-раў, прыватных і прыдворных). Ідэйная накіраванасць Т. Адраджэння, яго гуманізм, народнасць вызначылі творчасць Н.Макіявелі (Італія), К.Марла, У.Шэкспіра (Вялікабрытанія), М.Сервантэса, Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона (Іспанія) і інш. З развіццём класіцызму ў Т. яго гал. прадстаўнікі (П.Карнель, Ж.Расін, Францыя), імкнуліся стварыць вобраз ідэальнага чалавека тагачаснага грамадства, акцёрскае мастацтва падпарадкоўвалася пэўным канонам (падкрэсленая пластычная і вакальна-дэкламацыйная выразнасць). У выніку дзейнасці Мальера (стварыў жанр высокай камедыі) была ажыццёўлена рэформа класіцысцкай камедыі, пад уплывам якой адбыліся змены і ў акцёрскім мастацтве (М.Барон, А.Лекуўрор). У 2-й пал. 18 ст. Т. выражаў ідэі Асветніцтва, якія атрымалі развіццё ў драматургаў Г.Лесінга, Ф.Шылера (Германія), Д.Дзідро, П.Бамаршэ, Л.Мерсье (Францыя), Г.Філдынга, Р.Шэрыдана (Англія), К.Гальдоні (Італія), В.Багуслаўскага (Польшча), А.Сумарокава, Я.Княжніна, І.Дзмітрэўскага (Расія). Ідэю адзінства абавязку і пачуцця прапаведаваў у сваіх трагедыях Вальтэр. Узніклі жанры мяшчанскай драмы, слёзнай камедыі, развіваліся пантаміма, баладная опера, сатыр. драматургія. Рэфарматарская дзейнасць, імкненне да прастаты і натуральнасці выканання характэрна для акцёраў Д.Гарыка, С.Сіданс (Вялікабрытанія), К.Экгафа і Ф.Л.Шродэра (Германія), Ф.Ж.Тальма (Францыя). Рамантызм Т. 19 ст. парушыў законы класіцызму, абвясціўшы сваімі прынцыпамі жыццёвую праўду і свабоду творчасці, зварот да нац. гісторыі, нар. эпасу. Сярод драматургаў-рамантыкаў: Дж.Байран, П.Б.Шэлі (Вялікабрытанія), В.Гюго (Францыя), Э.Т.А.Гофман, Л.Цік (Германія), Ю.Славацкі, А.Міцкевіч (Польшча), Ш.Пецёфі, М.Вёрэшмарці (Венгрыя) і інш.; акцёраў: Э.Кін (Вялікабрытанія), Л.Дэўрыент (Германія), М.Дарваль, Фрэдэрык-Леметр (Францыя), Г.Модэна (Італія), Г.Эгрэшы (Венгрыя), П.Мачалаў (Расія) і інш. З сярэдзіны 19 ст. фарміруецца рэаліст. кірунак у Т., развіццю якога садзейнічала драматургія П.Мерымэ, А.Бальзака (Францыя), Г.Ібсена (Нарвегія), Б.Шоу (Вялікабрытанія), Г.Гаўптмана (Германія), А.Стрындберга (Швецыя), А.Пушкіна, М.Гогаля, І.Тургенева, А.Сухаво-Кабыліна, А.Астроўскага, А.Чэхава, М.Горкага (Расія) і інш. Тонкай індывідуалізацыяй вобраза, паўнатой унутр. пераўвасаблення вызначалася мастацтва акцёраў-рэалістаў: Э.Росі, Т.Сальвіні, Э.Дузе (Італія), Ж.Каклена, Э.Го (Францыя), К.Зайдэльмана (Германія), Г.Ірвінга, Э.Вестрыс, Э.Тэры (Вялікабрытанія), М.Шчэпкіна, І.Сасніцкага, А.Мартынава, П.Стрэпетавай, М.Ярмолавай, А.Ленскага (Расія) і інш. На мяжы 19—20 ст. абазначыўся новы этап тэатр. рэформ, які закрануў рэжысуру, акцёрскае мастацтва і ўсю сістэму выразных сродкаў Т., пачаліся актыўныя пошукі вобразнага вырашэння спектакля. Рэжысура сімвалізму прапанавала сцвердзіць прынцып стылізацыі, муз.-рытмічнае, пластычнае і зрокава-прасторавае вырашэнне сцэн. вобраза (П.Фор, А.Люнье-По, Францыя; Г.Крэг, Вялікабрытанія; А.Апія, Швейцарыя; Г.Фукс, Германія і інш.). У Расіі ў гэты перыяд развіваліся рэаліст. традыцыі ў Маскоўскім Мастацкім тэатры (МХТ) — пачала складвацца Станіслаўскага сістэма (рэж. К.Станіслаўскі, У.Неміровіч-Данчанка). Эксперыментальны характар мела рэжысёрская дзейнасць У.Меерхольда, А.Таірава. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі наватарскія пошукі ў Т. характэрны для рэжысёраў Ш.Дзюлена, Л.Жувэ, Г.Баці, Ф.Жэм’е (Францыя), Б.Брэхта (Германія), Ю.Астэрвы, С.Ярача, Л.Шылера (Польшча) і інш. У 2-ю сусв. вайну і пазней развіваюцца «інтэлектуальная драма» і «эпічны Т.» (Брэхт, Германія; Ж.П.Сартр, Ж.Ануй, Францыя) з характэрнай для яго ўвагай да філас.-маральных праблем. Кірунак «паэтычнага натуралізму» прадстаўлялі драматургі Дж.Осбарн, Б.Біэн, А.Уэскер (Вялікабрытанія), часткова Т.Уільямс (ЗША). Філас. і паліт. скептыцызмам адзначана творчасць прадстаўнікоў тэатра абсурду (С.Бекет, Э.Іанеска, Францыя; у пэўнай ступені М.Фрыш, Ф.Дзюрэнмат, Швейцарыя; С.Мрожак, Польшча; В.Гавел, Чэхія, і інш.). У 1960-я г. пашыраны жанр дакумент. драмы (П.Вайс, Германія; Дж.Кілці, Вялікабрытанія; часткова А.Мілер, ЗША). Важнае значэнне ў Т. 1960—70-х г. у СССР мела дзейнасць рэжысёраў Ю.Завадскага, Р.Сіманава, Г.Таўстаногава, А.Яфрэмава, А.Эфраса, Ю.Любімава, Р.Капланяна, А.Мамбетава, Р.Стуруа і інш. У практыку сучаснага Т. шырока ўвайшла мова сцэн. метафары, характэрна імкненне да павышанай вобразнай актыўнасці, эканоміі маст. сродкаў. Вял. функцыю нясуць рэжысура, сцэнаграфія. Асаблівасць Т. 20 ст. — разнастайнасць школ і кірункаў, рэжысёрскіх сістэм, тэорый сцэн. мастацтва, акцёрскай ігры.
Бел. народны тэатр узнік на аснове стараж. абрадаў, гульняў, карагодаў, паказаў вандроўных акцёраў-скамарохаў. З 16 ст. бытаваў нар. лялечны Т. батлейка. У 17 ст. ўзнікла народная драма. Характэрнай асаблівасцю школьнага тэатра (16—17 ст.) была сатыр. накіраванасць яго інтэрмедый; драматургі Сімяон Полацкі і К.Марашэўскі. У 2-й пал. 18 ст. ствараюцца прыватнаўласніцкія Нясвіжскі тэатр Радзівіла, Слуцкі тэатр Радзівіла, Шклоўскі тэатр Зорыча, Слонімскі тэатр Агінскага, Тышкевічавы тэатры. З 2-й пал. 19 ст. развіваецца прафес.бел. драматургія. Пад кіраўніцтвам В.Дуніна-Марцінкевіча створаны Дуніна-Марцінкевіча тэатр.
Значную ролю ў развіцці тэатр. мастацтва адыграла Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў у Мінску (1898—1906). У гэты ж час зроблены спробы стварыць нац. Т. ў Радашковічах, Пятроўшчыне пад Мінскам. У пач. 20 ст. пашыраны т.зв. беларускія вечарынкі, якія садзейнічалі стварэнню аматарскіх труп у Вільні, Гродне, Слуцку, Капылі, Мінску, Полацку і інш. Важнае значэнне для развіцця прафес.бел. Т. мела дзейнасць Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Развіваецца бел. драматургія, шырока ставяцца п’есы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Каганца, К.Буйло, У.Галубка, Л.Родзевіча і інш. У 1917 у Мінску ўзнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, працавалі тэатры рэвалюцыйнай сатыры. У 1920-я г. арганізоўваюцца вядучыя Т. Беларусі: БДТ-1 (гл.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), БДТ-3 (гл.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр) і БДТ-2 (гл.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа, цяпер Нац.акад.драм.т-р імя Я.Коласа), якія перш за ўсё вызначалі тэатр. жыццё краіны. У 1920—30-я г. ўзніклі Т. новага тыпу, якія займаліся агітац.-прапагандысцкай дзейнасцю: паказальныя тэатры, т-ры рэв. сатыры, тэатры рабочай моладзі (трамы), калгасна-саўгасныя тэатры і інш. Значная ўвага аддавалася тэатр. адукацыі (сістэма курсаў, студый, арганізацыя ў 1938 тэатр. вучылішча). З 1920-х г. у рэпертуары Т. п’есы Н.Бываеўскага (Я.Дылы), Е.Міровіча, Галубка, В.Гарбацэвіча, Ц.Гартнага, Дуніна-Марцінкевіча, Я.Купалы, Л.Родзевіча, М.Чарота, М.Грамыкі, Дз.Курдзіна і інш., творы сав. драматургаў. У 1930-я г. ў драматургію прыйшлі новыя аўтары: Р.Кобец, К.Крапіва, Э.Самуйлёнак, К.Чорны і інш. Узніклі новыя калектывы: Дзяржаўны т-р оперы і балета (гл.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь), Тэатр юнага гледача БССР, Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі (цяпер Нац.акад.драм.т-р імя М.Горкага), Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр БССР, абласныя т-ры ў Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Гомелі, Пінску. К 1941 працаваў 21 Т. З пач.Вял.Айч. вайны большасць Т. спыніла сваё існаванне, у вядучых эвакуіраваных Т. арганізоўваліся франтавыя брыгады. У пасляваен. перыяд У рэпертуары Т. асн. месца займалі творы гераічнай тэматыкі. У 1950—70-я г. была пашырана дзейнасць аматарскіх Т. У рэпертуарах пераважалі пастаноўкі маральна-этычнай праблематыкі, інсцэніроўкі твораў Я.Коласа, І.Мележа, І.Шамякіна, А.Адамовіча, В.Быкава, І.Чыгрынава і інш. У 1970—80-я г. шырока ставіліся п’есы А.Макаёнка, М.Матукоўскага, А.Петрашкевіча, У.Караткевіча, А.Дударава, А.Дзялендзіка і інш. У рэпертуары бел. Т. 1990-х г. — нац., рус. і замежная класіка і сучасная драматургія. Тэатр. мастацтва гэтага перыяду вызначаюць рэжысёры В.Баркоўскі, Ал.Ляляўскі, Б.Луцэнка, В.Мазынскі, М.Пінігін, В.Раеўскі, Р.Таліпаў і інш., сцэнографы Б.Герлаван, Я.Ждан, З.Марголін, У.Матросаў, Дз.Мохаў, Л.Рулёва і інш.Вял. ўклад у развіццё бел. Т. зрабілі рэжысёры У.Галубок, Ф.Ждановіч, Міровіч, К.Саннікаў, балетмайстры К.Алексютовіч, В.Елізар’еў, акцёры Г.Аўсяннікаў, З.Браварская, В.Галіна, Г.Глебаў, Л.Давідовіч, У.Дзядзюшка, М.Захарэвіч, А.Ільінскі, А.Кістаў, А.Клімава, У.Крыловіч, Г.Макарава, П.Малчанаў, Б.Платонаў, Л.Рахленка, Л.Ржэцкая, С.Станюта, З.Стома, В.Тарасаў, У.Уладамірскі, Ф.Шмакаў, Р.Янкоўскі, М.Яроменка, спевакі Л.Александроўская, З.Бабій, І.Балоцін, Н.Гайда, М.Ворвулеў, М.Дзянісаў, С.Друкер, Р.Млодак, Т.Ніжнікава, В.Чарнабаеў, артысты балета Л.Бржазоўская, З.Васільева, С.Дрэчын, І.Душкевіч, У.Камкоў, А.Карзянкова, Н.Младзінская, А.Нікалаева, Л.Сінельнікава, Ю.Траян і інш. Лепшыя дасягненні тэатр. мастацтва прадстаўляюцца на фестывалях тэатральных.
На Беларусі дзейнічае (2002) 27 Т., у т. л. 17 драм., сярод іх нац. т-ры імя Я.Купалы, імя М.Горкага ў Мінску, імя Я.Коласа ў Віцебску, Бел.т-р юнага гледача (гл.Тэатр юнага гледача Беларусі), Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Тэатр-студыя кінаакцёра, абл. т-ры ў Гомелі, Гродне, Магілёве (гл. адпаведныя арт.), таксама Брэсцкі тэатр драмы і музыкі. Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, Мінскі абласны драматычны тэатр у Маладзечне, Слонімскі беларускі драматычны тэатр, Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа, 3 муз.: нац. т-ры оперы, балета, Бел.дзярж.муз.т-р (гл.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь), 7 лялечных: Бел.дзярж.т-р лялек (гл.Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі) у Мінску і абл. ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, а таксама Мінскі абл. ў Маладзечне (гл. адпаведныя артыкулы), таксама 10 прыватных, ведамасных, антрэпрыз (Мінскі драматычны тэатр «Дзе-Я?», Мінскі малы тэатр, Нікола-т-р і інш.). Акцёраў, рэжысёраў, тэатразнаўцаў, тэатр. мастакоў рыхтуе Беларуская акадэмія мастацтваў. Дзейнічае Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі.
2) Паказ, спектакль.
3) Будынак, дзе адбываецца тэатр. паказ (гл.Тэатральныя будынкі).
Літ.:
Станиславский К.С. Собр. соч.Т. 1—8. М., 1954—61;
Немирович-Данченко В.И. Театральное наследие. Т. 1—2. М., 1952—54;
Авдеев А.Д. Происхождение театра: Элементы театра в первобытно-общинном строе. Л.;
М., 1959;
Данилов С.С. Очерки по истории русского драматического театра. М.; Л., 1948;
История западноевропейского театра. Т. 1—5. М., 1956—70;
Пави П. Словарь театра: Пер. с фр.М., 1991;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн 1983—87.
А.А.Лабовіч.
Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага. Сцэна са спектакля «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. 1997.Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Беларусі. Сцэна з балета «Раймон да» А.Глазунова. 1997.Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я.Коласа. Сцэна са спектакля «Несцерка» В.Вольскага. 1941.Да арт.Тэатр. Сцэна са спектакля «На дне» М.Горкага ў пастаноўцы К.Станіслаўскага.Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. Сцэна са спектакля «Вечар» А.Дударава 1984.Да арт.Тэатр. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Беларусі. Сцэна з оперы «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага 1998.Да арт.Тэатр. Пікала-тэатр у Мілане. Сцэна са спектакля «Бура» У.Шэкспіра. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,
адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульні — гуканне вясны, валачобніцтва (гл.Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл.«Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес.акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл.Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.
Да арт.Беларускія народныя гульні. Медалі з выявамі гульняў «Барацьба «да крыжа», «Апука», «Гула». Мастак А.Зіменка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДО́ЎСКІЯ,
сям’я рускіх акцёраў.
Проў Міхайлавіч (сапр.Ярмілаў; 23.10.1818, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 28.7.1872). З 1832 у правінцыяльных т-рах, з 1839 у Малым т-ры. Удзельнічаў у першых пастаноўках амаль усіх п’ес А.Астроўскага, садзейнічаў іх сцверджанню на сцэне: Дзікой («Навальніца»), Кураслепаў («Гарачае сэрца»), Красноў («Грэх ды бяда на каго не жыве»), Любім Тарцоў («Беднасць не загана»). Сярод інш. роляў: Падкалёсін, Восіп («Жаніцьба», «Рэвізор» М.Гогаля), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Ананій, Мітрыч («Горкі лёс», «Самаўпраўцы» А.Пісемскага). Яго творчай манеры ўласцівы акцэнт на сац.-побытавай абмалёўцы характараў, раскрыццё яго нац. спецыфікі. Аўтар гумарыстычных апавяданняў. Міхаіл Провавіч (24.11.1847, Масква —8.8.1910), сын Прова Міхайлавіча. З 1869 у Малым т-ры. Першы выканаўца шэрагу роляў у п’есах Астроўскага. Сярод інш. значных роляў; Хлестакоў («Рэвізор» Гогаля), Пётр («Улада цемры» Л.Талстога), Калгуеў («Новая справа» У.Неміровіча-Данчанкі). Яго творчасць адметная спалучэннем глыбокай жыццёвай праўдзівасці, светлага гумару, задушэўнасці з драматызмам і сатырычнай вастрынёй. Аўтар нарысаў і апавяданняў з жыцця купецкай і мяшчанскай глушы (т. 1—2, 1899). Яго пераклады п’ес (Ж.Расіна, П.Бамаршэ, К.Гальдоні, К.Гоцы і інш.) ставіліся ў Малым т-ры. Выкладаў у Муз.-драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва, на драм. курсах Маскоўскага тэатр. вучылішча. Вольга Восіпаўна (дзявочае Лазарава; 25.6.1849, Масква — 8.12.1919), жонка Міхаіла Провавіча. З 1879 у Малым т-ры. Яе ігра адметная выразнасцю сцэн. маўлення, яркасцю, тонкім гумарам. Сярод роляў у п’есах Астроўскага: Домна Панцялеўна («Таленты і паклоннікі»), Галчыха («Без віны вінаватыя»), Глафіра Фірсаўна («Апошняя ахвяра»), Маўра Тарасаўна («Праўда добра, а шчасце лепш»). З інш. роляў: Матрона («Улада цемры» Талстога), графіня Хруміна («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). Лізавета Міхайлаўна (5.5.1872—4.6.1934), дачка Міхаіла Провавіча і Вольгі Восіпаўны, па сцэне (пры жыцці маці) Садоўская 2-я. З 1894 у Малым т-ры. Выконвала лірыка-драм. і камед. ролі: Глафіра, Снягурачка, Паліксена, Негіна, Юлінька, Верачка, Варвара («Ваўкі і авечкі», «Снягурачка», «Праўда добра, а шчасце лепш», «Таленты і паклоннікі», «Даходнае месца», «Жартаўнікі», «Навальніца» Астроўскага), Мар’я Антонаўна («Рэвізор» Гогаля), Сюзана («Жаніцьба Фігаро» Бамаршэ). Π ρ о ў Міхайлавіч (21.8.1874, Масква — 4.5.1947), сын Міхаіла Провавіча і Вольгі Восіпаўны. Нар.арт.СССР (1937). З 1895 у Малым т-ры. Найб. значныя ролі: Нешчасліўцаў («Лес» Астроўскага), Фамусаў («Гора ад розуму» Грыбаедава), Кошкін, Расцёгін («Любоў Яравая», «На беразе Нявы» К.Транёва), Таланаў («Нашэсце» Л.Лявонава). Выступаў і як рэжысёр. Паставіў п’есы «Снягурачка» (1922) і «Ваўкі і авечкі» (1944) Астроўскага, «Гора ад розуму» Грыбаедава (1938) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1943. У т-ры працавалі і інш. прадстаўнікі сям’і С.
Літ.:
Семья Садовских. М.; Л., 1939;
Дурылин С.Н. П.М.Садовский. М., 1950;
Клинчин А.П., Клинчин П.М. П.М.Садовский. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТВО́РЧЫ КІНАПАРТРЭ́Т,
жанр дакументальнага кіно, які мае на мэце раскрыць унікальнасць асобы творцы і паэтыкі яго твораў; адзін з вядучых жанраў дакумент. кіно. Яго асаблівасць — у дакумент. фіксацыі герояў фільма і адначасова ў іх аўтарскай трактоўцы сродкамі экраннай мовы: пераважна буйныя планы, ракурсы. асвятленне, мантажныя спалучэнні, рытм камеры, паказ герояў у рэальным асяроддзі. У сусв. кінематографе як жанр пачаў развівацца з пач. 1930-х г.
Першы кінапартрэт у бел. кіно — фільм «Народны паэт» (1952, рэж. Ю.Тарыч) да 70-годдзя Я.Коласа. У бел. кінамастацтве 1950—60-х г. ствараліся пераважна партрэты ўдзельнікаў вайны і герояў працы. Як жанр сцвердзіўся ў 1960-я г., асн. ўвага рэжысёрамі-дакументалістамі аддаецца дзеячам бел. культуры. Т.к. створаны ў аб’яднаннях «Летапіс» («Беларусьфільма»), «Тэлефільм» (Бел. тэлебачання), у «Белвідэацэнтры». Сярод іх: партрэты мастакоў — В.Бялыніцкага-Бірулі («Час цішыні», 1971, рэж. І.Гаско; «Вяртанне ў рай», 1999, рэж. В.Шышоў), Ф.Тулава («Таямніца часу», 2000, рэж. А.Суханава), Я.Драздовіча («Язэп Драздовіч», 1988, рэж. С.Гайдук; «Фантазіі Драздовіча», 1997, рэж. С.Агеенка), М.Шагала («Мой пачатак», 1998, рэж. Н.Гаркунова), М.Савіцкага («Апаленая памяць», 1974, рэж. А.Канеўскі; «Доўг памяці», 1982, рэж. Б.Гарошка; «Міхаіл Савіцкі», 1992, рэж. С.Жыткевіч; «Крыж надзеі», 1997, рэж. В.Шавялевіч; «На фоне стагоддзя», 2001, рэж. Гаркунова), М.Селешчука («Мастак Мікалай Селяшчук», 1992, рэж. Шавялевіч; «Сны вяртання», 1998, рэж. Дз.Міхлееў), А.Кішчанкі («Аляксандр Кішчанка. Гульні генія», 1995, рэж. Я.Росцікаў), Я.Ігнацьева («Дрэва за акном. Мастак Яўген Ігнацьеў», 1999, рэж. М.Якжэн), І.Ахрэмчыка («Іван Ахрэмчык у часе», 1998, рэж. Агеенка), П.Масленікава («На зямлі і ў нябёсах. Павел Масленікаў», 2000, рэж. Агеенка), Н. і Г. Паплаўскіх («Як цяжка паўтарыць жывую прыгажосць», 1979, рэж. А.Чакмянёў; «Наталля і Георгій», 2001, рэж. В.Скварцова), Л.Шчамялёва («Мастак Леанід Шчамялёў», 1998, рэж. Ю.Марухін); музыкантаў — А.Багатырова («Душа мая, элізіум ценяў», 1998, рэж. С.Галавецкі), Я.Глебава («Партрэт», 1978, «Яўген Глебаў: Васемнаццаць гадоў пазней», 1995, рэж. абодвух С.Лук’янчыкаў; «Фантазіі на тэму...», 1981, «Урыўкі з ненапісанага. Яўген Глебаў», 1999, рэж. абодвух У.Арлоў; «Майстар», 2001, рэж. М.Жданоўскі), І.Лучанка («Песні Ігара Лучанка», 1972, рэж. В.Басаў; «Ігар Лучанок», 1989, рэж. Б.Бахціяраў); рэжысёраў і акцёраўбел.т-ра і кіно — Я.Міровіча («Праз усё жыццё», 1978, рэж. Жданоўскі), У.Галубка («Уладзіслаў Галубок», 1982, рэж. Жданоўскі), М.Яроменкі-старэйшага («Антракт». 1989, рэж. В.Сукманаў; «Нерастрачаны час», 1996, рэж. М.Князеў), Р.Янкоўскага («Маналог з адступленнямі». 1987, рэж. Л.Гедравічус); Г.Гарбука («Маналогі за кадрам», 1991, рэж. У.Цяслюк); В.Манаева («Нясыграная роля», 1999, рэж. Гаркунова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ТЭА́ТР,
від экраннага тэлевізійнага мастацтва, эстэт. прыроду якога вызначае сінтэз уласна тэатр. мастацтва (у яго драматургічным, рэжысёрскім, акцёрскім і сцэнаграфічным увасабленнях) і вобразна-выразных сродкаў тэлебачання. Спецыфічнасць тэлебачання як сродку масавай камунікацыі ўплывае на сац. функцыянальнасць Т.т., абумоўлівае яго культ. прызначэнне. Асн.маст. твор Т.т. — тэлевізійны спектакль.
Правобразам Т.т. быў кінафільм-спектакль, які ў канцы 1940-х—50-я г. выкарыстоўваўся на тэлебачанні як прамая трансляцыя спектакля з т-ра, потым са студыі. Выкарыстоўвалася і такая форма рэтрансляцыі спектакля, як здымка з манітора на кінаплёнку. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. асвойваўся тэлевізійны спосаб паказу ў прамым эфіры. Гэта быў перыяд станаўлення драм. Т.т., маст. структура якога складвалася пад уплывам тэлевізійных інфарм. і дакумент. жанраў. Імкненне да арыгінальнай драматургіі, зварот да п’ес, якія не ставіліся на тэатр. сцэне, экранізацыя літ. твораў выклікалі паяўленне разнавіднасцей тэлевізійнага спектакля: дакумент. драма, гіст. і сямейная хронікі, публіцыст. рэпартаж, літ. кампазіцыя з аўтарскім каментарыем, інсцэніроўка паэт. і празаічных літ. твораў, спектакль-маналог і інш. У 1970-я г. тэлевізійны спектакль здымаўся на відэаносьбітах мнагакамерным метадам з шырокім выкарыстаннем тэхн. спецэфектаў. Побач з драм. тэлеспектаклем ствараліся тэлеопера, тэлеаперэта, тэлебалет.
На Беларусі Т.т. узнік у 2-й пал. 1950-х г. (першыя спектаклі створаны ў 1957 на Рэсп. студыі тэлебачання, у 1961 на Гомельскай і Віцебскай, у 1971 на Брэсцкай абл. студыях). Яго развіццё звязана з пошукамі эстэт. мовы тэлевізійнага відовішча, асваеннем стацыянарнай тэлевізійнай тэхнікі. У спектаклях «Брат мой, вораг мой» паводле М.Уілсана, «Маленькія трагедыі» А.Пушкіна, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа, «Суд» У.Галубка, «Млын на Сініх Вірах» У.Караткевіча і «Якаў Багамолаў» М.Горкага вяліся пошукі тэхн. вырашэння драм. дзеяння, разгорнутага ў студыйным павільёне невял. плошчы; важную ролю адыгрывалі папярэдняя распрацоўка рэжысёрам рэжыму здымкі буйным планам і мантажная перабіўка эпізодаў, што перадаваліся ў эфір спосабам прамой трансляцыі. Вял. ўвага аддавалася афармленню, выраслі патрабаванні да акцёрскага майстэрства, моўных, мімічных і пластычных сродкаў выразнасці, ігры на камеру і г.д. Ішло комплекснае асэнсаванне эстэт. вопыту тэатр. мастацтва і яго асваенне на тэлеэкране. У сярэдзіне 1960-х г. практыкаваліся трансляцыі тэатр. спектакляў непасрэдна з залы, ствараліся арган. ўмовы для самараскрыцця акцёраў на звыклай сцэн. пляцоўцы. Адначасова развіваўся студыйны спектакль. Адмова ад грувасткага афармлення дазволіла забяспечыць свабоднае перамяшчэнне тэлекамер, наблізіцца да акцёра, уключаць у дзеянне кінакадры, фатаграфіі і інш. Творчыя знаходкі дапамаглі пашырыць жанравую палітру тэлепастановак, надаць ім самабытнае нац. адценне. Спектаклі «Соцкі падвёў» паводле Я.Коласа, «Сэрца на далоні» і «Трывожнае шчасце» паводле І.Шамякіна, «Трэцяе пакаленне» паводле К.Чорнага, «Людзі на балоце» паводле І.Мележа, «Прымакі» Я.Купалы, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча прадоўжылі традыцыі псіхал. драмы, нар. камедыі, трагікамедыі, раскрылі на тэлеэкране асаблівасці нац. акцёрскай школы. Творчы працэс стварэння тэлеспектакля набыў прафес. рысы. Увасоблены гіст. хроніка А.М.Талстога і П.Шчогалева «Змова імператрыцы» — «Крах», псіхал. драма Г.Гаўптмана «Ткачы», тэлеопера «Ранак» Г.Вагнера. У 1970-я г. развівалася універсальная форма тэлеспектакля — відэафільм. Гэты перыяд характарызаваўся пошукамі ў сферы маст. умоўнасці, відовішчнасці, вобразнасці эстэт. мовы. У рэпертуары значнае месца займалі творы бел. аўтараў, больш глыбокае адлюстраванне набыла экранная рэпрадукцыя тэатр. спектакля («Трыбунал» А.Макаёнка ў паст.Бел.т-ра імя Я.Купалы). Выпрацоўваліся новыя прынцыпы інсцэнізацыі прозы, паэзіі і драмы праз жанрава-маст. структуры літ. кампазіцыі і літ. мантажу. Выкарыстоўваліся стылявыя прыёмы дакументальна-публіцыст. тэлебачання: дыялагічныя формы паказу, персаніфікаваныя вобразы каментатара ці чытальніка, лаканічнасць і сімвалізацыя афармлення. Адначасова з пастаноўкамі ў жанры псіхал. драмы («Сустрэчы і ростані» паводле твораў Мележа, «Дажыць да світання» паводле В.Быкава, «Тэатр купца Япішкіна» Е.Міровіча) ствараліся экранізацыі ў жанры літ.т-ра. На адбор літ. твора і трактоўку яго зместу ўплывалі тэндэнцыі тэлевізійнай публіцыстыкі («Амерыка здалёку і зблізку» паводле нарысаў К.Кірэенкі), тэлевізійнай апавядальнасці («Кніганоша» паводле апавяданняў Караткевіча), тэлевізійнай індывідуалізацыі ўнутр. героя («Перакрыжаванні» паводле паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка», «Абсяг» паводле кнігі вершаў Р.Барадуліна). Укараненне ў 1980-я г. новай партатыўнай электроннай тэхнікі і камп’ютэрнага нелінейнага мантажу пашырыла выяўл. магчымасці экрана. Новую хвалю набыло рэпрадуктаванне адметных спектакляў бел. т-раў: «Апошні шанц» Быкава, «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Зацюканы апостал» А.Макаёнка (усе т-р імя Я.Купалы), «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча (Дзярж.рус.драм.т-р), «Паядынак» М.Матукоўскага (Бел.т-р імя Я.Коласа). Створаны арыгінальныя спектаклі-экранізацыі бел.літ. твораў: «Колькі лет, колькі зім!» паводле паэмы А.Вярцінскага, «Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава, «Сіняя, сіняя» і «Лісты каштана» паводле аповесцей Караткевіча, «Траянскі конь» і «Пагарэльцы» Матукоўскага, «Чужая бацькаўшчына» паводле В.Адамчыка, «Узлёт» А.Дударава, «Машэка» Міровіча, «На перакрыжаваннях вайны» У.Траццякова, «Сон» А.Асташонка, «Я прыйшоў, каб назваць тваё імя» паводле паэзіі М.Бсісу, відэафільм-канцэрт «Варыяцыі на балетныя тэмы» Ю.Чурко і інш. З 1989 форму маст. рэпрадуктавання тэатр. спектакляў пачаў удасканальваць творчы калектыў ВТА «Беларускі відэацэнтр». У яго рэпертуары лепшыя спектаклі нац. сцэны: «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева. «Звон не малітва» Чыгрынава, «Ідылія» паводле В.Дуніна-Марцінкевіча, «Князь Вітаўт» Дударава (усе т-р імя Я.Купалы), «На залатым возеры» Э.Томпсана (рус.драм.т-р). Значная ўвага аддавалася прынцыпам захавання на экране сцэн. малюнка дзеяння і перадачы псіхал. стану акцёраў у электронным мантажы буйных планаў. Упершыню ажыццёўлена відэарэпрадуктаванне спектакля «Запіскі вар’ята» паводле Ф.Дастаеўскага (Бел.дзярж.т-р лялек). Экранную інтэрпрэтацыю атрымалі творчыя здабыткі новых тэатр. калектываў («Чорны квадрат» паводле п’есы М.Клімковіча ў паст.т-ра «Вольная сцэна»), У арыгінальных спектаклях «Белвідэацэнтра» 1990-х г. адлюстравана тэматыка, звязаная з адраджэннем каштоўнасцей нац. культуры: «Адна ноч» паводле Быкава, «Каўчэг Максіма Танка» Р.Тармолы, відэабалет «Страсці» В.Елізар’ева, відэаопера «Францыск Скарына» Дз.Смольскага. У аб’яднанні «Тэлефільм» эстэт. традыцыі нац. Т.т. працягваюцца ў маст. кароткаметражным фільме «Пракляты ўтульны дом» У.Халіпа, відэафільме-балеце «Спартак» М.Волкава ў харэаграфіі Елізар’ева.
Т.т. значна паўплываў на вызначэнне нац. тэлебачаннем свайго месца ў культ. прасторы, на ўзаемапранікненне асаблівасцей маст., інфарм. і публіцыст. сегментаў вяшчання, на ўзнікненне навейшых забаўляльна-ігравых форм сучаснага тэлебачання, у аснове якіх прынцыпы тэатралізацыі рэчаіснасці, артыстызацыі паводзін журналістаў і вядучых у кадры, выкарыстанне пастановачных і сімвалізаваных прыёмаў у вырашэнні зместу разнастайных праграм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́К (сапр.Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч
(15.5.1882, ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),
бел.тэатр. дзеяч, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак. Буйны дзеяч нац. сцэны, першы нар.арт. Беларусі (1928). У 1908 пачаў літ. дзейнасць як паэт і празаік. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. Выдаў зб. «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). Пісаў таксама гумарэскі, сатыр. апавяданні. З 1917 выступаў як драматург. Аўтар каля 40 п’ес з жыцця бел. народа (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), якія шырока ставіліся ў бел.прафес. і самадз. т-рах. Значнае месца яны займалі ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе Галубок у 1917—20 выступаў як акцёр і рэжысёр. Былі пастаўлены: «Апошняе спатканне» і «Пісаравы імяніны» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (1919). У Бел.дзярж. т-ры (цяпер Нац.т-р імя Я.Купалы) ставіліся яго «Залёты дзяка» («Пісаравы імяніны»), «Ганка», «Апошняе спатканне», «Бязродны» (усе 1921). Яго шматгранны талент найб. ярка і поўна раскрыўся ў арганізаваным ім у 1920 у Мінску калектыве — Трупе бел. артыстаў (гл.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Аснову рэпертуару складалі п’есы Галубка: «За мураванай сцяной» (1920), «Душагубы», «Пісаравы імяніны», «Залаты бог» (1921), «Ганка», «Мужычае шчасце», «Былое», «Ліхадзеі» (1922), «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Падкідыш» і «Ветрагоны» (1923), «Пан-князь» (1924), «Беларускія зажынкі» (1925), «Пінская мадонна» і «Краб» (1928), «Рыкашэт» (1935); рэж. усіх, акрамя апошняй, быў сам Галубок. Яго пастаноўкі вызначаліся сакавітасцю нар. гумару, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі. Сам Галубок з жыццёвай верагоднасцю, бытавой і псіхал. дакладнасцю выконваў драм., характарныя і камедыйныя ролі ў сваіх п’есах: Авечка («Суд»), Дзяк («Пісаравы імяніны»), Ксёндз («Пінская мадонна»), Пан Сурынта (аднайм. п’еса) і інш. У сцэн. творчасці ён наследаваў традыцыі стараж.бел.нар.т-ра, што ішлі ад скамарохаў, батлейшчыкаў, выканаўцаў нар. драмы; творча развіваў вопыт Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Галубок стварыў глыбока самабытны, непаўторны свой т-р, выхаваў вял. групу бел.акцёраў (А.Бараноўскі, С.Бірыла, Б.Бусел, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш.). Праводзіў вял.культ.-асв. работу сярод насельніцтва, дапамагаў маст. самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, выпускаў баявыя лісткі і насценгазеты, выступаў у перыяд. друку з публіцыст. і тэатразнаўчымі артыкуламі. Як мастак-дэкаратар ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Вядомы як пейзажыст (карціны «Раніцай», «Туманы», «На рацэ Бярозе», «Сож»; удзельнічаў у шэрагу рэсп. выставак). У канцы 1920-х г. на Галубка пачаліся ганенні і абвінавачанні ў нацыяналізме. У 1931 яго адхілілі ад маст. кіраўніцтва т-рам, працаваў дырэктарам і акцёрам. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.
Літ.:
Звонак А. Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;
Сабалеўскі А. Уладзіслаў Галубок // Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1969. Кн. 1;
Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок Мн., 1969;
Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Ўладзіслава Галубка. Мн., 1979;
Карабанава Л.В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ МАСТА́ЦКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР (МХАТ). Засн. ў 1898 К.Станіслаўскім і У.Неміровічам-Данчанкам як Маскоўскі Мастацкі тэатр
(МХТ) з аматараў Т-ва мастацтва і л-ры і выхаванцаў Муз.-драм. вучылішча Маск. філарманічнага т-ва. З 1919 акадэмічны, з 1932 імя М.Горкага. Ажыццявіў праграму абнаўлення т-ра, у т. л. рэпертуару, акцёрскага мастацтва, рэжысуры. Першы спектакль — «Цар Фёдар Іаанавіч» А.Талстога (1898). Творчую накіраванасць т-ра вызначылі пастаноўкі наватарскіх п’ес А.Чэхава («Чайка», 1898; «Дзядзька Ваня», 1899; «Тры сястры», 1901; «Вішнёвы сад», 1904) і М.Горкага («Мяшчане», «На дне», абодва 1902). Першую трупу склалі акцёры В.Кліпер-Чэхава, І.Масквін, М.Ліліна, М.Андрэева, А.Арцём, У.Меерхольд і інш.; пазней у трупу ўвайшлі В.Качалаў, Л.Леанідаў. Сярод лепшых спектакляў МХТ «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1906),
«Сіняя птушка» М.Метэрлінка (1908), «Месяц у вёсцы» І.Тургенева (1909), «Гамлет» У.Шэкспіра (1911), «Прытворна хворы» Мальера (1913) і інш. У студыях МХТ (1-я з 1913, з 1924 — Маскоўскі Мастацкі тэатр другі; 2-я студыя з 1916; 3-я — з 1920; 4-я — з 1921) падрыхтоўка акцёраў ажыццяўлялася паводле Станіслаўскага сістэмы. У 1920-я г. са студый і інш. тэатраў у трупу прыйшлі акцёры В.Андроўская, М.Балдуман, М.Баталаў, А.Георгіеўская, Б.Дабранраваў, Н.Зуева, М.Кедраў, А.Ктораў, Б.Ліванаў, П.Масальскі, М.Прудкін, В.Станіцын, А.Сцяпанава, А.Тарасава, В.Тапаркоў, М.Тарханаў, М.Хмялёў, К.Яланская, М.Яншын і інш.; рэжысёры Б.Вяршылаў, М.Гарчакоў, І.Судакоў. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы М.Булгакава, У.Іванава, К.Транёва, А.Карнейчука, В.Катаева, Л.Лявонава і інш. Новае вытлумачэнне набыла класічная рус. і замежная драматургія. У Вял.Айч. вайну ставіліся п’есы Карнейчука, К.Сіманава, А.Крона. Сярод спектакляў 1950—60-х г. — «Плады асветы» Л.Талстога, «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера, «Залатая карэта» Лявонава, «Мілы лгун» Дж.Кілці і інш. У 1960-я г.т-р знаходзіўся ў крызісе. З 1970 гал.рэж. А.Яфрэмаў. Пастаўлены п’есы «Апошнія» М.Горкага (1971), «Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка (з А.Васільевым, 1973), «Іванаў» (1976), «Чайка» (1980) і «Дзядзька Ваня» (1985) Чэхава, а таксама п’есы А.Гельмана, М.Рошчына, М.Шатрова, А.Мішарына. У т-ры працавалі І.Смактуноўскі, А.Калягін, Т.Дароніна, А.Папоў, А.Мягкоў, Т.Лаўрова, Я.Еўсцігнееў, К.Васільева, А.Табакоў і інш. У 1980-я г.найб. значныя спектаклі пастаўлены рэжысёрамі А.Эфрасам, Л.Додзіным, М.Разоўскім, К.Гінкасам і інш. У 1987 т-р падзяліўся на 2 трупы: пад маст. кіраўніцтвам Яфрэмава (з 1989 МХАТ імя Чэхава) і Даронінай (МХАТ імя М.Горкага). На Беларусі працавалі рэжысёры МХАТ: І.Раеўскі (пастаноўкі ў бел. т-рах імя Я.Коласа і Я.Купалы), Судакоў (гал.рэж.Бел.т-ра імя Я.Купалы ў 1952—55). З 1923 існуе музей МХАТ. З 1943 працуе Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ТЭА́ТР РАДЗІВІ́ЛАЎ,
прыдворны т-ркн.Радзівілаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. ў 1740—91. З 1746 пры кн. Ф.У.Радзівіл аматарскі, у спектаклях побач з прыгоннымі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, шляхта, кадэты нясвіжскага корпуса (першы спектакль — «Узор справядлівасці»), Паказы ў суправаджэнні Нясвіжскай капэлы Радзівілаў адбываліся ў спец. будынку — «камедыхаўзе» (пабудаваны ў 1747—48, арх. К.Ждановіч).
Паводле інвентара 1767 цэнтр. памяшканнем т-ра была вял. партэрная зала, вырашаная амфітэатрам, над якім размяшчаліся ложы. Сцены і столь былі аздоблены размаляванымі палатнянымі шпалерамі. Сцэна была адгароджана ад залы жоўтай тканай заслонай з выявамі герба Радзівілаў. Абапал сцэны былі хоры для капэлы. Тэатр. залу асвятлялі 53 метал. ліхтары. Спектаклі ставіліся таксама ў Альбе, пад адкрытым небам у «зялёным тэатры» і ў палацы «Кансаляцыя» (пабудаваны ў 1748, арх. М.Педэці, перабудаваны ў 1770-я г.арх. Л.Лутніцкім, рэстаўрыраваны ў 1809 М.Цэйзікам; не захаваўся).
Спектаклі ішлі на польск., італьян., ням. і франц. мовах. У рэпертуары творы Ф.У.Радзівіл: камедыі «Дасціпнае каханне» (1746), «Каханне — зацікаўлены суддзя» (1747), «Убачанае не мінае» (1749), «Гульня фартуны» і «Кансаляцыя ў клопатах» (1750); трагедыі «Суддзя, пазбаўлены розуму» (1748), «Золата ў агні» (1750), «Несумленнасць у пастцы» (1751); оперы «Сляпое каханне не зважае на вынікі» і «Шчаслівае няшчасце» (1752); перакладзеныя і пераробленыя Ф.У.Радзівіл творы Мальера, Вальтэра, балеты, пантамімы. Рэжысёр т-ра Я.П.Фрычынскі (з 1746), балетмайстар Шрэтэр (з 1746), капельмайстры Е.Бакановіч (з 1749), Я.Ценціловіч (з 1751). У 1753—62 кн. М.К.Радзівіл Рыбанька папоўніў трупу нанятымі акцёрамі, стварыў пры капэле Нясвіжскую музычную школу і Нясвіжскую балетную школу, аркестр нар. інструментаў (т.зв. «літоўская музыка»), павялічыў прыдворную капэлу. Тэатр набыў прафес. характар і стаў прыдворным. Рэпертуар папоўніўся творамі Ф.У.Радзівіл, камедыямі Мальера («Маскарыль» і «Сганарэль», 1755; «Жорж Дандэн», 1757, і інш.), Вальтэра («Заіра», 1757), С.Мыцельскага («Парыс» і «Іосіф Патрыярх»), В.Ржавускага («Жалкеўскі» і «Уладзіслаў пад Варнай», 1761), італьян. і ням. камічнымі операмі і балетамі. Тэатр выязджаў у Слуцк, Белае, Жоўкву, Алыку. Пры кн. К.С.Радзівілу Пане Каханку ў 1777—86 у т-ры працавалі антрэпрыза Л.Перажынскага (з 1783; сярод акцёраў К.Аўсінскі, комік Я.Закжэўскі, спевакі В.Ясінскі, М.Вернер, З.Закжэўская, М.Ясінская, М.Перажынская, Т.Маруноўская, М.Лазанская), група італьян. спевакоў, новы склад капэлы (44 чал.), балет (больш за 20 прыгонных танцораў). У рэпертуары балеты А.Пуціні, оперы Дж.Паізіела, Я.Голанда (камічная опера «Агатка, або Прыезд пана», лібр. М.К.Радзівіла), К.В.Глюка («Арфей і Эўрыдыка»; абедзве 1784) і інш. З 1786 т-р працаваў нерэгулярна.
Літ.:
Барышаў Г.І. Тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку // Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 170—180, 215—223.
Да арт.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Сцэна з оперы «Шчаслівае няшчасце». Мастак М.Жукоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАЖЫТНАЯ МУЗЫКА.
Развіццё стараж.прафес.муз. мастацтва на тэрыторыі Беларусі звязана з працэсамі хрысціянізацыі, якія садзейнічалі асіміляцыі візант. духоўнай музыкі, паўплывалі на жанры царк. спеваў (антыфон, ірмас, трапар, канон, стыхіра і інш.), на аднагалосую акапэльную манеру выканання, муз. тэрміналогію. На царк. харавую культуру апасродкавана ўплывалі фалькл. традыцыі, асаблівасці моўнай прасодыі (пазней быт. свецкай музыкі). Паступова фарміраваліся асновы муз. прафесіяналізму. Арыгінальныя старабел. знаменныя спевы фіксаваліся неўменнай сярэдневяковай натацыяй у рукапісных зборніках (пераважна манастырскіх). Блізкасць да агульнаеўрап. нар. традыцый у сярэдневякоўі праяўлялася ў дзейнасці скамарохаў — вандроўных акцёраў-прафесіяналаў, творчасць якіх уяўляла сабой сінтэз мастацтваў. Яны былі музыкамі (гусляры, дудары, выканаўцы на сапелях, бубнах, жалейцы, суры, пазней — на скрыпцы і цымбалах) і спевакамі, акрабатамі, гімнастамі, ілюзіяністамі, дрэсіроўшчыкамі звяроў, якія выступалі на плошчах гарадоў, мястэчак, вёсак, у замках, корчмах і інш. Сярод іх вядомы скамарохі-дамрачэі (выканаўцы гіст. песень, былін пад акампанемент домры), скамарохі-пацешнікі (выконвалі драм., жартоўныя і сатыр. сцэнкі, пантамімы, танцы і інш.). Як носьбіты вуснапаэт. і муз.нар. традыцый, яны ўдзельнічалі ў разнастайных нар. абрадах і святах.
Вытокі праваслаўнай музыкі ўсх. славян — візант. і балг. царкоўная музыка, якая прыйшла на Беларусь разам з хрысціянствам. 10—14 ст. характарызуюцца прыстасаваннем візант. пеўчай гімнаграфіі да мясцовых умоў. Значная роля ў стараж.ўсх.-хрысціянскім богаслужэнні на Беларусі належала грэч. мове, засвойвалася візант.царк. музыка, выпрацоўваліся арыгінальныя знакі неўменнай натацыі, сістэма асмагласся з уласцівым комплексам папевак, усталяваўся радок як норма ўсяго стараж.-рус. знаменнага спеву. Засвойваўся аднагалосы богаслужэбны праваслаўны спеў. Дамінуючая роля належала тэксту песнапенняў. З канца 10 ст. сярод пеўчых школ на Беларусі вылучыліся Полацкая і Віцебская (з 992), Смаленская (з 1001), Тураўская (з 1005). Першапачаткова практычнай тэорыяй пеўчага мастацтва і яго семіяграфіі былі абрыс знакаў безлінейнай натацыі, царк. ўставы, служэбнікі і «падобнікі» (першыя практычныя дапаможнікі па спевах). Аформілася сістэма знамёнаў, якая склалася ў 14 ст. У ВКЛ першапачаткова захоўваліся традыцыі стараж.-рус. знаменнага спеву. На 15 ст. прыпадае росквіт пеўчай праваслаўнай культуры Беларусі: пачалі фіксавацца аўтары песнапенняў і складальнікі рукапісных нотных зборнікаў (палеаграфічная прыкмета бел. пеўчых рукапісаў — ірмалояў); з’явіліся першыя пеўчыя азбукі, павялічылася колькасць знамёнаў, пашырыўся гукарад у бок высокіх гукаў, развіваліся разнастайныя напевы, муз.-пеўчая тэрміналогія. Паглыбляліся мясц. адрозненні напеваў, цесная сувязь бел. пеўчай гімнаграфіі з нар.-песеннай творчасцю і побытавай культурай. Зараджаліся і развіваліся арыгінальныя знаменныя спевы, якія былі ў шырокім побыце пеўчай практыкі 15—16 ст. і зафіксаваны ў рукапісных зборніках («Супрасльскі ірмалой», 1598—1601). Шырока выкарыстоўваліся грэч., балг., сербскі спевы. Пераасэнсоўвалася семантыка неўменнай натацыі. Зарадзілася квадратная лінейная натацыя ў сувязі з пераходам стараж.-рус. спеву на новы зах.-еўрап. ўзровень і шматгалосую сістэму запісу. У гэты час адбыўся паступовы адыход бел.муз. гімнаграфіі ад норм асмагласся. Зарадзіліся і развіваліся духоўныя канты (псальмы), якія фіксаваліся ў ранніх рукапісных канцыяналах, багагласніках, катэхізісах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІімя В.І.Дуніна-Марцінкевіча.
Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та (курс Б.Платонава і В.Рэдліх) і акцёраўінш. т-раў (часткова Магілёўскага абл.т-рамуз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, «Трыбунал» А.Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева і інш. Паступова асн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ, «Палын» М.Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.Бондарава, «Апошні тэрмін» В.Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла, «Эмігранты» С.Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.Купалы, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча), «Калізей» М.Матукоўскага, «Чорная панна» А.Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.Манохіна, «Русалка» А.Пушкіна і інш.Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.Каралько, Ф.Пуховіча, М.Кавальчыка, Г.Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.Баеў, Н.Калаптур, П.Масцераў, В.Філатаў, Л.Федчанка. Гал. рэжысёр С.Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.Навакоўскі (з 1989).
Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.Папоў, М.Пірагоў, маст. В.Ананьеў, М.Макашвілі.
А.В.Спрынчан, А.А.Воінаў (архітэктура).
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».