лоб, лба (ілба); мн. лбы (ілбы), ‑оў; м.
Верхняя надвочная частка твару чалавека ці галавы жывёліны. Палкоўнік сядзеў на канапе і выціраў спацелы лоб. Лынькоў. На Максімаў лоб звісалі пасмачкі белых кучаравых валасоў. Асіпенка.
•••
Адкрыты лоб — высокі і круты лоб.
Аж вочы на лоб вылазяць (лезуць); вочы на лоб палезлі гл. вока.
Браць (узяць) у лоб гл. браць.
Забрыць лоб гл. забрыць.
Запісаць на лбе гл. запісаць 1.
З-пад ілба — сярдзіта і недаверліва (глядзець, глянуць).
Ілбом сцяны не праб’еш гл. прабіць.
Лоб у лоб — насустрач адзін аднаму (ісці, сыходзіцца і пад.); тварам у твар. А цяпер трэба ўжо выступаць супроць ворага лоб у лоб. Пестрак.
Медны лоб (пагард.) — вельмі ўпарты, тупы чалавек.
На лбе напісана ў каго гл. напісаны.
Падставіць (свой) лоб гл. падставіць.
Пусціць (сабе) кулю ў лоб гл. пусціць.
У лоб — а) у вайсковай справе — з фронту, франтальным ударам. З атакі ў лоб нічога не выйшла. Гурскі; б) у марской справе — насустрач руху судна; в) залішне прамалінейна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак., што.
1. Дастаць, знайсці, атрымаць. Настаўніца перадала .. каштоўныя звесткі аб нямецкім гарнізоне ў мястэчку, якія здабыла па заданню партызанскага камандавання. Шчарбатаў. Пагутарыў [дзед Талаш] трохі з бабкаю Настаю, а потым у самоце думаў аб Панасе, аб яго вызвалены з панскай няволі і яшчэ аб тым, як здабыць сабе добрую стрэльбу. Колас. // Упаляваць. Здабыць выдру.
2. Дастаць з нетраў зямлі (карысныя выкапні). Здабыць нафту. Здабыць каменны вугаль. // перан. Выбраць з чаго‑н., знайсці. Мы не ведаем, з якой крыніцы Канчэўскі здабыў гэтыя словы, якія ён прыпісвае Скарыне, і наколькі яны адпавядаюць сапраўднасці. Алексютовіч. // Атрымаць што‑н. пры дапамозе доследаў, шляхам вытворчых працэсаў. Здабыць новы прэпарат.
3. перан. Дабіцца чаго‑н. шляхам барацьбы, настойлівасці, працы і пад. Здабыць волю. Здабыць славу. □ Мы ў баях перамогу здабудзем, Праз баі мы праб’ёмся назад. Астрэйка. Шматгадовай работай здабыў чалавек права на такі адпачынак. Бялевіч.
•••
Здабыць кроўю — дабіцца чаго‑н. у барацьбе цаною вялікіх ахвяр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здра́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каму-чаму.
1. Перайсці на бок ворага; прадаць (у 2 знач.). Народ цябе, як брата, прыме, Калі Радзіму ты любіў, Калі не здрадзіў ты Радзіме. Буйло. Саша ўзненавідзела свайго брата, калі ёй здалося, што той здрадзіў і прадаўся фашыстам. Кучар.
2. Парушыць вернасць каму‑, чаму‑н. Як лёгка ісці, калі наперадзе крочыць чалавек, якому ты верыш ва ўсім, які ніколі не здрадзіць. Савіцкі. Так упершыню ў той дзень Адам здрадзіў кухару і стаў вучнем барадатага шаўца. Нядзведскі. // Парушыць сямейную вернасць, вернасць у каханні. Я хачу не згубы, Толькі крыху радасці Ды каб тая, любая, Да пары не здрадзіла!.. Лявонны.
3. перан. Перастаць дзейнічаць, праяўляцца, служыць каму‑н. Платон анямеў; ногі здрадзілі, і ён ухапіўся аберуч за край мучной скрыні. Ракітны. // Рэзка змяніцца (пра псіхічны стан чалавека). Спакой здрадзіў жанчыне: яна амаль скочыла да стала, схапіла таямнічы канверт, дрыжачымі рукамі выхапіла з яго, як з агню, пісьмо. Шамякін.
•••
Здрадзіць сабе — зрабіць што‑н. насуперак сваім перакананням.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
злупі́ць, злуплю, злупіш, злупіць; зак., што.
Разм.
1. Зняць, садраць верхні слой чаго‑н. Злупіць кару з дрэва. □ Цыганаваты Шот валачэ на сабе злубянелую шкуру, якую злупіў са здохлага каня. Шкраба.
2. Рэзкім рухам зняць што‑н. надзетае. Сцяпан злупіў боты і кінуўся ў стаў. Чарнышэвіч. Прыбраўся Кудлаты ў боты, у сярмягу; кашулю ўздзеў, што злупіў у Міколы. Танк.
3. перан. Узяць за што‑н. празмерна вялікую суму. Пан хваліць лес, хоча даражэй з купца злупіць, а купец усё падтаквае яму ды адводзіць далей. Якімовіч.
4. Жорстка, моцна набіць каго‑н. Старшына, замест нас бараніць, Выгадней знаходзіць — брата злупіць. «Полымя».
•••
Злупіць скуру (дзве, тры скуры) — жорстка пакараць за што‑н. Пабаяўся [Яська] ні з чым вяртацца ў двор: аканом скуру злупіць. С. Александровіч.
Злупіць шкуру, (дзве шкуры, сем шкур) — абабраць каго‑н., узяць лішняе пры разліку. [Максім:] Ды што вы, .. хочаце з мяне ўжо дзве [ш]куры злупіць: каб я і штраф заплаціў і яшчэ за штэмпель грошы аддаў. Козел.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кло́пат, ‑у, М ‑паце, м.
1. Неспакойная думка пра што‑н.; сканцэнтраванасць думак над ажыццяўленнем чаго‑н. Набліжалася сяўба жыта, і Андрэй ад клопатаў і турбот не знаходзіў сабе месца. Чарнышэвіч. // з інф. Задача, справа. І клопат мой — дапамагчы Зямлі ў вялікай справе: Перакаваць хутчэй мячы На кельмы і аралы. Кляўко. Першы клопат хлебаробаў раёна — барацьба за выкананне прынятых абавязацельстваў. «Звязда».
2. Увага да патрэб і запатрабаванняў каго‑н. Праявіць клопат. Дзякаваць за клопаты. Клопаты партыі аб дабрабыце працоўных. // звычайна мн. (кло́паты, ‑аў). Турботы, справы. У Наталлі, як звычайна ў гаспадыні ў святочны дзень, было безліч дробных клопатаў па гаспадарцы: то заслаць, то прыбраць, то выцерці пыл, то падумаць, што згатаваць паесці. Скрыган. Не мела баба клопату — купіла парася. Прыказка.
3. Трывожны стан; непакой, хваляванне. Клопат не адступае, трывожыць — трэба прарывацца, чакаць нельга — заўтра зрабіць гэта будзе цяжэй. Праціўнік яшчэ не ўмацаваўся, не ў поўнай сіле. Мележ.
•••
Вялікі клопат (іран.) — пра тое, што не заслугоўвае ніякай увагі.
Не было клопату гл. быць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адгада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разгадаць загадку; правільна вырашыць пытанне, якое патрабуе здагадкі, кемлівасці. [Пан:] — Загадаю вам [беднаму і багатаму] тры загадкі: што на свеце сыцей за ўсё? што на свеце саладзей за ўсё? што на свеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму і карова застаецца. Якімовіч. // Вызначыць што‑н., даведацца аб чым‑н. інтуітыўна, пры дапамозе здагадкі. Волька з паўслова ўмела адгадаць Міхалаву думку. Васілевіч. Часамі, седзячы ў сябе на ганку, я разглядаў гэтыя гамакі і стараўся адгадаць, каторы з іх Данусін. Карпюк. // Па якіх‑н. прыкметах уведаць аб чым‑н. наперад; прадбачыць. І так і сяк яны [Даніла і Марынка] мяркуюць, Каб адгадаць падзеі ход. Колас. // Пазнаць каго‑, што‑н. Ціхаміру раптам захацелася пашукаць знаёмых, і ён прайшоўся між лавак, але знаёмых не было, ды і наўрад ці адгадаў бы ён тут каго, каб нават і былі: гады ж не так сабе ішлі. Чыгрынаў. Шпалеры на сценах да таго выцвілі, што нельга адгадаць іх першапачатковы колер. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адлюстрава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. адлюстроўваць — адлюстраваць і адлюстроўвацца — адлюстравацца.
2. Адбітак прадмета на гладкай люстранай паверхні. Адлюстраванне лодкі ў возеры нічым не адрознівалася ад рэальнай лодкі на паверхні. В. Вольскі. Пазаўчора я аглядаў у вадзе нейкай пушчанскай сажалкі сваё даволі журботнае адлюстраванне. Брыль. // Адбітак у нашай свядомасці з’яў аб’ектыўнай рэальнасці. Ленінская тэорыя адлюстравання. □ Матэрыялізм — прызнанне «аб’ектаў у сабе» або па-за розумам; ідэі і адчуванні — копіі або адлюстраванні гэтых аб’ектаў. Процілеглае вучэнне (ідэалізм): аб’екты не існуюць «па-за розумам»; аб’екты ёсць «камбінацыі адчуванняў». Ленін.
3. Тое, што ўвасабляецца, выяўляецца ў мастацкіх вобразах, малюнках і пад. У вершах, апавяданнях і байках, з якімі К. Крапіва выступіў у друку, шырокія масы працоўных убачылі адлюстраванне сваіх поглядаў, думак і пачуццяў. Казека.
4. Тое, што з’яўляецца вонкавым выяўленнем чаго‑н.; адбітак. Хоць Дзядзюля і не разбіраўся лішне ў тонкасцях тых адлюстраванняў, якія кладзе душа на твар, усё ж ён.. падумаў, што гэтая жанчына ўжо, мусіць, глыбока ведае цану з’явам свету. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гаспада́р, ‑а, м.
1. Уласнік, уладальнік каго‑, чаго‑н. Гаспадар кнігі. Гаспадар кватэры. Гаспадар фабрыкі. // Прыватны наймальнік. Гаспадар не хацеў задавольваць патрабаванні рабочых, пагражаў абвясціць лакаут. Лынькоў. // Селянін, уладальнік сялянскага двара, надзелу. Ніхто.. [Лаўрэна] не лічыў за гаспадара, а яго хату — за гаспадарку. Якімовіч. Пад самы лес бягуць шнуры, І брыюць спрытна, без заганы, Зялёны дол гаспадары. Колас.
2. (звычайна з азначэннем). Чалавек, які вядзе гаспадарку, займаецца гаспадарчымі справамі. Дбайны гаспадар. □ Навучыліся тут людзі працаваць.., адчуваць сябе добрымі, руплівымі гаспадарамі. Кулакоўскі.
3. Галава сям’і, дома. Мужчыны падалі адзін аднаму рукі, гаспадар — цвёрда і самаўпэўнена, госць — .. нясмела. Чорны.
4. Той, хто мае ўладу над кім‑, чым‑н.; паўнаўладны распарадчык. Гаспадар становішча. □ Кандрат Гуга быў больш-менш незалежным гаспадаром у сваім доме. Колас.
5. Разм. Муж. Вестка пра падзенне самаўладства ўсімі ўспрымалася як вестка пра канец вайны, пра тое, што да дзяцей вернуцца бацькі, да маці — сыны, да жонак — гаспадары. Лобан.
•••
Гаспадар свайго слова — пра чалавека, у якога слова не разыходзіцца са справай.
Сам сабе гаспадар гл. сам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нако́лькі, прысл.
1. меры і ступені. У якой ступені, у якой меры. [Гудовіч партызанам:] Абяцаю вам, што я выкарыстаю гэтую зброю на ўсю яе магутнасць, наколькі хопіць маіх сіл. Крапіва. Жанчына, наколькі я разумеў гэта, хварэла на сэрца, і яе, небараку, у дарозе хапіў прыступ. Чыгрынаў.
2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) у даданых дапаўняльных сказах. Сцяпан Каваль не раз трапляў пад паліцэйскую аблаву. Даводзілася ўсяк — і цяжка і лёгка. Усё залежала ад таго, наколькі сілы паліцыі пераважалі яго сілы. Пестрак. Сам па сабе ўзровень мастацкага твора не заўсёды з’яўляецца паказчыкам таго, наколькі пісьменнік выкарыстаў свае творчыя магчымасці. Крапіва; б) у даданых дзейнікавых сказах. Вочы .. [зубра] паблісквалі з-пад кучаравай, навісаючай грывы. Барада была чорная і густая. Дзіўна, наколькі яго аблічча гарманіравала з навакольным лясным пейзажам. В. Вольскі; в) у даданых сказах меры і ступені (звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «настолькі», «нагэтулькі» ў галоўным сказе). Наколькі дапамог.. [Чыкілевічу] Пракоп, нагэтулькі, калі не болей, пашкодзіць яму.. [Мікіта]. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
о 1, нескл., н.
1. Шаснаццатая літара беларускага алфавіта. Вялікае О.
2. Галосны гук задняга рада сярэдняга пад’ёму, які вымаўляецца з удзелам губ.
о 2, выкл.
1. Вокліч, пры дапамозе якога выказваецца пачуццё здзіўлення, захаплення, абурэння, дакору і пад. — О, дык у цябе, браце мой, кватэра нішто сабе, — сказаў Кузьма Чорны. Скрыган. О-о-о, непедагогі не ведаюць, што такое няўрымслівасць маладога настаўніка перад навучальным годам! Лобан. // Ускрык, стогн, які выражае боль, адчай. Зноў [Чыжык] пачуў цяжкое, як стогн, «О!», потым ціхі шэпт «Ваня!», які чамусьці прывёў яго ў жудасць. Лупсякоў.
2. Ужываецца для ўзмацнення эмацыянальнай экспрэсіўнасці выказвання ў рытарычных сказах і рытарычных зваротах. О, як прыгожа з вышыні Акінуць вокам лес і поле... Чарот. Дзеці нягоды, о слёзы людскія! Колас. О, як бы нам хацелася забыць І войны ўсе, і стогны, і руіны! Панчанка.
3. Ужываецца для ўзмацнення сцвярджэння або адмаўлення. Жыта цячэ з рукавоў-латкоў машыны па гатунках. Іх аж тры. О, такое [жыта] можна сеяць! Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)