БУТАКО́Ў Рыгор Іванавіч

(9.10.1820, Рыга — 12.6.1882),

расійскі флатаводзец, заснавальнік тактыкі паравога браняноснага флоту. Адмірал (1878). Чл. Дзярж. савета (1882). Брат А.І.Бутакова. Настаўнік С.В.Макарава. Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1836). Служыў на Балтыйскім (БФ) і Чарнаморскім (ЧФ) флатах. У 1847—50 разам з І.А.Шастаковым склаў першую сістэм. лоцыю Чорнага м. У Крымскую вайну 1853—56 на чале каманды параходафрэгата «Уладзімір» 17.11.1853 правёў першы ў гісторыі бой паравых караблёў, узяў у палон тур. параход «Перваз-Бахры»; камандаваў атрадам параходаўфрэгатаў у час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1856—60 гал. камандзір ЧФ, ваен. губернатар Мікалаева і Севастопаля. У 1867—77 камандзір эскадры браняносных караблёў БФ. З 1881 гал. камандзір Пецярбургскага порта. Аўтар працы «Новыя асновы параходнай тактыкі» (1863), «Правіл манеўру паравога карабля», якімі карысталіся на ўсіх флатах свету.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫГО́ЎСКІ Іван Яўстахавіч

(? — 26.3.1664),

гетман Украіны. Служыў у польск. войску, у бітве пад Жоўтымі Водамі (1648) трапіў у тат. палон, з якога выкуплены Б.Хмяльніцкім. Быў у апошняга генеральным вайск. пісарам. Пасля смерці Хмяльніцкага выбраны гетманам Украіны (1657—59). Арыентаваўся на збліжэнне з Польшчай, рыхтаваў план сумеснай з палякамі барацьбы супраць маскоўскага войска. Падпісаў Гадзяцкі дагавор 1658, паводле якога Украіна на федэратыўных асновах зноў уваходзіла ў Польскае каралеўства. Паводле ўмоў пагаднення, гетман павінен быў вызваліць ад казакоў тэр. Беларусі. Летам 1659 Выгоўскі пры падтрымцы польск. войска і татар разграміў пад Канатопам буйныя сілы рус. ваяводы А.Трубяцкога. Большасць казакоў была незадаволена палітыкай Выгоўскага, супраць яго выбухнула паўстанне на чале з І.Багуном і інш. Выгоўскі ўцёк у Польшчу, адмовіўшыся ад гетманства. Расстраляны ў выніку інтрыг гетмана Правабярэжнай Украіны П.Цяцеры.

Г.М.Сагановіч.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,

Скробава-Гарадзішчанская аперацыя 1916, наступальная аперацыя рус. войскаў Зах. фронту (галоўнакамандуючы ген. А.Е.Эверт) 2—29.7.1916, у пазіцыйны перыяд 1-й сусв. вайны. Ажыццёўлена, каб падтрымаць наступленне рус. войскаў на Паўд.-Зах. фронце (Брусілаўскі прарыў 1916). Аперацыю праводзіла 4-я армія (камандуючы ген. А.Ф.Рагоза), дзе сканцэнтравана 340 тыс. Чал. У ходзе наступальных баёў рас. войскам не ўдалося пераадолець добра абсталяваную абарончую паласу праціўніка. 14 ліп. аўстра-герм. дывізіі ажыццявілі контрнаступленне каля в. Скробава і занялі пакінутыя раней пазіцыі. Спробы рус. войскаў аднавіць страчаныя пазіцыі ў ходзе атак 25—29 ліп. скончыліся няўдала. Страты рус. войскаў у час аперацыі забітымі, параненымі і ўзятымі ў палон склалі каля 80 тыс. чал., страты праціўніка — каля 25 тыс. чал. У ліку прычын няўдачы Баранавіцкай аперацыі — недахоп артылерыі, снарадаў, вінтовак, дрэннае кіраўніцтва войскамі ў час прарыву.

А.М.Бабкоў.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРУЖЭ́ННЕ

(ваен.),

ізаляцыя групоўкі праціўніка ад астатніх яго войскаў з мэтай знішчэння ці ўзяцця ў палон. Паспяховае акружэнне часцей бывае, калі прарыў абароны праціўніка ажыццяўляецца на двух або некалькіх участках фронту з развіццём наступлення па напрамках, якія сыходзяцца; калі створана перавага над праціўнікам у сілах і сродках (пры спрыяльных умовах акружэнне магчыма і пры роўных сілах). Акружаная групоўка адначасова блакіруецца з паветра, а на прыморскіх напрамках і з боку мора.

Класічны прыклад акружэння — бітва пры Канах у 216 да н.э. паміж рым. і карфагенскай арміямі. Шырока практыкавалася ў час Вял. Айч. вайны, калі сав. войскі правялі шэраг значных аперацый па акружэнні войскаў праціўніка (гл. Сталінградская бітва 1942—43, Корсунь-Шаўчэнкаўская аперацыя 1944, Яса-Кішынёўская аперацыя 1944). На тэр. Беларусі ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Бабруйскай аперацыі 1944, Мінскай аперацыі 1944 трапілі ў акружэнне вял. групоўкі ням. войскаў (гл. Віцебскі «кацёл», Бабруйскі «кацёл», Мінскі «кацёл»).

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й АЛЬГЕ́РДАВІЧ,

Андрэй Полацкі (1325—99), князь полацкі, пскоўскі і трубчэўскі. Сын Альгерда і віцебскай князёўны Марыі Яраслаўны. У 1342 жыхарамі Пскова абраны князем, за захаванне княжацкай пасады ў Пскове змагаўся і тады, калі стаў полацкім князем. Удзельнічаў у паходзе цвярскога кн. Міхаіла на Маскву (1372). Вёў актыўную барацьбу з крыжакамі, у 1373 і 1375 правёў паспяховыя паходы на Дынабург. Пасля 1377 распачаў барацьбу за велікакняжацкі пасад у ВКЛ. Пацярпеўшы паражэнне, вярнуўся княжыць у Пскоў. Уступіўшы ў саюз з вял. кн. маскоўскім Дзмітрыем Данскім, удзельнічаў у разгроме татараў на р. Вожа (1378), адваяваў у ВКЛ для Масквы северскія гарады Трубчэўск і Старадуб, удзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380. Пазней вярнуўся ў Полацк, выступіў супраць Ягайлы (1386), але трапіў у палон. Вызвалены ў 1390, стаў на бок Вітаўта ў яго барацьбе супраць Скіргайлы. Зноў княжыў у Пскове. Загінуў у бітве на Ворскле 1399.

М.І.Ермаловіч.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБО́ЎСКІ Стафан

(24.6.1767, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.6.1847),

военачальнік, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. Пасля заканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харунжы ў войску ВКЛ. У час ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Расіяй 1792 вызначыўся ў баях пад Мірам і Брэстам. Атрад Грабоўскага адыграў вырашальную ролю пры выгнанні з Вільні рас. гарнізона (крас. 1794), удзельнічаў у баях пад в. Солы, Паляны, у абароне Вільні. У жн. 1794 Грабоўскі ўзначаліў рэйд 2-тысячнага атрада паўстанцаў на Міншчыну і Магілёўшчыну. Пасля няўдалага бою пад Любанню (4.9.1794) капітуляваў. Высланы ў Кастрамскую губ., пазней амнісціраваны. У вайну 1812 ваяваў на баку Напалеона, ген.-маёр, трапіў у палон. Пры падтрымцы А.Чартарыйскага вызвалены, увайшоў у склад вышэйшай адміністрацыі Варшаўскага княства. З 1816 дырэктар Вайсковай камісіі, з 1825 міністр-сакратар Каралеўства Польскага, ген. дывізіі (1826). Удзельнік руска-турэцкай вайны 1826—29. У 1832—39 чл. Дзярж. савета Рас. імперыі.

У.П.Емяльянчык.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТГЕНШТЭЙНЫ,

Сайн-Вітгенштэйны (Sain-Wittgenstein), старажытны род імперскіх графаў у Германіі. Меў шмат адгалінаванняў. У 1761 у час Сямігадовай вайны 1756—63 Хрысціян Людвіг Казімір Вітгенштэйн з людвігсбург-карлсбургскай галіны роду трапіў у палон і перайшоў на службу Расіі. З яго нашчадкаў найб. вядомы П.Х.Вітгенштэйн — военачальнік у час вайны 1812. Яго сын князь Людвіг Леан (Леў Пятровіч; 1799—1866) у 1828 ажаніўся са Стафаніяй Радзівіл (1809—32), дачкой Дамініка і адзінай законнай наследніцай згаслай нясвіжскай галіны Радзівілаў. З гэтым шлюбам да Вітгенштэйна перайшла значная частка вялізных радзівілаўскіх маёнткаў: б. Слуцкае і Капыльскае княствы, мяст. Глыбокае, Мір, Карэлічы, Смалявічы і інш. (каля 1,2—1,3 млн. дзесяцін зямлі, 40—120 тыс. душ). Людвіг Леан пакінуў сына Пятра, які ў 1887 памёр без нашчадкаў, і дачку Марыю, што выйшла замуж за герм. князя Хлодвіга Карла Віктара Гогенлоэ (1819—1901), будучага імперскага канцлера Германіі. Апошняму перайшлі бел. ўладанні Вітгенштэйна, якія потым былі распрададзены. Прадстаўнікі роду працягвалі служыць Рас. імперыі да 1917.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРАМІШВІ́ЛІ Давід

(1705, с. Сагурама каля г. Мцхета, Грузія — 1.8.1792),

грузінскі паэт. Са стараж. княжацкага роду. У 1727 трапіў у палон да лезгінаў, адкуль уцёк у Расію. З 1729 жыў у Маскве, з 1738 на вайск. службе. Удзельнічаў у войнах з туркамі, шведамі, у Сямігадовай вайне. З 1760 жыў у Міргарадзе (Украіна). Спадчына Гурамішвілі — аўтабіягр. зб. «Давітыяні» (датаваны 1787), які складаецца з 2 паэм і лірычных вершаў. У паэме «Беды Грузіі» адлюстраваў трагічны перыяд гісторыі Грузіі 1-й пал. 18 ст., асуджаў міжусобныя войны, маральнае разлажэнне свецкай і духоўнай феад. знаці. Паэма «Пастух Кацвія», адметная навізной тэматыкі, маляўнічасцю ўкр. пейзажаў і пачуццём гумару, перадае ідылічныя карціны жыцця сялян, прасякнута пачуццём спагады да іх лёсу. У паэзіі шырока выкарыстоўваў укр. і рус. нар. песні. Творы вызначаюцца меладычнасцю, лёгкасцю верша. На бел. мову асобныя творы пераклалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения и поэмы. Л., 1980.

Літ.:

Леонидзе Г. Жизнь и творчество Давида Гурамишвили. Тбилиси, 1956.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

браць, бяру́, бярэ́ш, бярэ́; бяро́м, бераце́, бяру́ць; бяры́; незак.

1. каго-што. Захопліваць рукой або чым-н. іншым, прымаць у рукі.

Б. хлеб са стала.

Б. мяшок на плечы.

2. каго-што. Авалодваць сілай кім-, чым-н.; дамагацца ў барацьбе.

Б. у палон.

Б. штурмам крэпасць.

3. каго-што. Прымаць з якой-н. мэтай, на пэўных умовах.

Б. на зборы.

Б. на работу.

4. што. Атрымліваць у сваю ўласнасць, у сваё карыстанне.

Б. таксі.

Б. усё ад жыцця.

5. чым. Перамагаць у схватцы; перамагаць з дапамогай чаго-н.

Б. хітрасцю.

6. што. Пераадольваць.

Б. бар’ер.

7. што. Спаганяць што-н.

Б. штраф.

8. Спраўна дзейнічаць (пра рэжучыя прадметы, зброю і пад.).

Брытва добра бярэ.

Стрэльба далёка бярэ.

9. Выкарыстоўваць, займаць, выдаткоўваць.

Машына бярэ многа бензіну.

10. Трымацца пэўнага напрамку; накіроўвацца.

Б. прама.

11. каго-што. Дамаўляцца аб выкарыстанні чаго-н.; аказваць падтрымку каму-н.

Б. адпачынак.

Б. пад абарону.

12. што. Купляць.

Б. білет.

13. што. Есці, піць (часцей з адмоўем).

Нічога ў рот не б.

14. Жаніцца з кім-н.

Б. за жонку.

Браць голымі рукамі (разм.) — авалодваць кім-, чым-н. без асаблівых цяжкасцей.

Браць горлам (разм., неадабр.) — дамагацца чаго-н. крыкам.

Браць да сэрца (разм.) — востра ўспрымаць і перажываць за што-н.

Браць з бою (боем) — дамагацца чаго-н. энергічнымі дзеяннямі.

Браць на цыгундар (разм.) — прыцягваць да адказнасці.

Браць ногі на плечы (у рукі) (разм., жарт.) — уцякаць што ёсць сілы.

|| зак. узя́ць, вазьму́, во́зьмеш, во́зьме; во́зьмем, во́зьмеце, во́зьмуць; узя́ў, узяла́, -ло́, -лі́; вазьмі́; узя́ты; наз. узя́цце, -я, н. (да 2, 3 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

накры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.

1. Пакрыць, закрыць каго‑, што‑н. зверху. Накрыць стол абрусам. Накрыць плечы хусткай. □ Нупрэй скінуў свой кажух, пакрыў Панаса і борздзенька кінуўся разуваць яго акрываўленую нагу. Колас. Жанчына накрыла скрынку посцілкай, прыкінула яе зверху саломай і тады змоўкла. Галавач. У гумне.. [Міхал] выцягнуў з-пад сена грошы, запакаваў у скрынку, шчыльна пакрыў зверху дошкай і хацеў забіць, але баяўся стуку. Чорны. // перан. Ахутаць, ахінуць (пра цемру, туман і пад.). Ноч.. нячутна накрыла ўсё навокал. Шыцік. // Цалкам пакрыць, закрыць сабою. Вадзік неасцярожна варухнуўся, і раптам лодка — р-раз! — перакулілася і накрыла яго з галавой. Гамолка.

2. Зрабіць дах, страху. З суседняй вёскі амаль штодня прыходзіць старэйшая дачка і просіць ад бацькі дапамогі: то накасіць сена, то хлеб абмалаціць, то хлеў накрыць. Шамякін. [Карней] хату пасля вайны перамшыў, нават шыферам пакрыў. Гроднеў.

3. Папасці ў цэль (пры артылерыйскім або мінамётным абстрэле ці бамбардзіроўцы); знішчыць. І вось браняпоезд залпамі сваёй артылерыі адразу пакрыў нямецкі штаб разам з бронемашынамі. Чорны. Над.. галовамі праляцеў з завываннем снарад, які пакрыў праціўніка. Гурскі.

4. перан. Разм. Злавіць, захапіць знянацку на месцы злачынства. [Агрыпіна:] — Нядаўна група нашай міліцыі накрыла бандытаў, захапіла аднаго ў палон. Пестрак. [Сарока:] — Накрылі банду, аднаму Хвядзьку толькі і ўдалося выслізнуць. Лобан.

•••

Накрыць (на) стол — падрыхтаваць стол для яды, паставіўшы прыборы, пасудак і інш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)