БУТАКО́Ў Рыгор Іванавіч
(9.10.1820, Рыга — 12.6.1882),
расійскі флатаводзец, заснавальнік тактыкі паравога браняноснага флоту. Адмірал (1878). Чл. Дзярж. савета (1882). Брат А.І.Бутакова. Настаўнік С.В.Макарава. Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1836). Служыў на Балтыйскім (БФ) і Чарнаморскім (ЧФ) флатах. У 1847—50 разам з І.А.Шастаковым склаў першую сістэм. лоцыю Чорнага м. У Крымскую вайну 1853—56 на чале каманды параходафрэгата «Уладзімір» 17.11.1853 правёў першы ў гісторыі бой паравых караблёў, узяў у палон тур. параход «Перваз-Бахры»; камандаваў атрадам параходаўфрэгатаў у час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1856—60 гал. камандзір ЧФ, ваен. губернатар Мікалаева і Севастопаля. У 1867—77 камандзір эскадры браняносных караблёў БФ. З 1881 гал. камандзір Пецярбургскага порта. Аўтар працы «Новыя асновы параходнай тактыкі» (1863), «Правіл манеўру паравога карабля», якімі карысталіся на ўсіх флатах свету.
т. 3, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)