Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

груша і ігруша, ‑ы; Р мн. груш і ігруш; ж.

1. Фруктовае дрэва сямейства ружакветных з сакавітымі салодкімі пладамі ў форме акруглага конуса. Груша-дзічка. Марозаўстойлівы сорт ігруш.

2. Плод гэтага дрэва. Натрэсці груш. Сушаныя грушы. Кампот з ігруш.

3. толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Лыжкі з грушы.

•••

Земляная груша — шматгадовая кармавая і тэхнічная клубняносная расліна сямейства складанакветных; тапінамбур.

На вярбе грушы растуць у каго — маніць, расказвае небыліцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

грушавы і ігрушавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да грушы (у 1 знач.). Грушавы пень. Ігрушавы сад.

2. Прыгатаваны з груш (у 2 знач.). Грушавы напітак. Ігрушавая эсенцыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

грушападобны і ігрушападобны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд, форму грушы (у 2 знач.). Грушападобная электрычная лямпачка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

грушына і ігрушына, ‑ы, ж.

Асобнае грушавае дрэва. Ігрушына ў квецені. ▪ А сёння грушына без хутара Стаіць бабылкай на мяжы. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

далей, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. далёка (у 1 знач.). Бачыць вока далёка, а розум яшчэ далей. З нар.

2. Наперадзе, у пэўным аддаленні ад якога‑н. месца. Канчаецца хмызн[я]к і жыта, А далей узлескі, паляны. Колас. Далей, з боку паляны, на ігліцы і ў траве Аня заўважыла ўмяціны. Мележ.

3. Затым, потым, у далейшым. [Суседзі] разумелі, што ўся дружба скончыцца, як толькі Сімон паедзе адгэтуль, і далей нічога добрага чакаць не выпадае. Самуйлёнак. Далей, як і ва ўсіх пісьмах, ішлі паклоны — кожнаму паасобку. Якімовіч.

4. Працягваючы пачатае. Чытаць далей. Вучыцца далей. Расказваць далей. // Болей, больш. Далей Люда не можа трываць: яна садзіцца .. і звонка смяецца. Брыль.

•••

Далей ад граху (бяды) — пра нежаданне ўвязвацца ў складаную непрыемную гісторыю. [Лявон], каб далей ад бяды, ускочыў у свой двор, зачыніў вароты і падпёр іх плечуком. Сабаленка.

Далей-болей — ужываецца, каб падкрэсліць далейшае нарастанне інтэнсіўнасці дзеяння, развіцця падзей і г. д.

Далей (ехаць, ісці) некуды гл. некуды.

Далей свайго носа не бачыць гл. бачыць.

І гэтак далей (скарочана і г. д.) — ужываецца ў канцы пералічэння як указанне на тое, што пералічэнне можа быць працягнута.

Не ісці далей гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

лён, лёну і ільну́; мн. льны (ільны́), ‑о́ў; м.

1. Травяністая расліна сямейства лёнавых, са сцяблоў якой атрымліваюць валакно, а з семя — алей. Сеяць лён. Рваць лён. Лён-даўгунец. ▪ Зацвітае ў палях нашых лён, Валакністы лянок сінявокі. Хведаровіч. Я іду... Рассцілаюць дзяўчаты ільны — Нібы гаці пракладваюць простыя. Панчанка. // толькі мн. (льны (ільны́), о́ў). Пасевы, усходы гэтай расліны. Глядзі, вунь зацвітаюць ільны: возера, мяккага блакітнага колеру разляглося на даляглядзе. Гамолка.

2. Валакно, якое вырабляецца са сцяблоў гэтай расліны. Прасці лён.

•••

Горны лён — від азбесту, здольнага расшчапляцца на вельмі тонкія валокны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

і 1, нескл., н.

1. Дзесятая літара беларускага алфавіта. Друкаванае і.

2. Галосны гук пярэдняга рада верхняга пад'ёму. Націскное і. Прыстаўное і.

•••

Васьмярычнае «и» — назва літары «и» у дарэвалюцыйнай рускай азбуцы, якая ў старажытнарускім і старабеларускім пісьме абазначала таксама лік 8.

Дзесяцярычнае «і» — назва літары «і» у дарэвалюцыйнай рускай азбуцы, якая ў старажытнарускім і старабеларускім пісьме абазначала таксама лік 10.

«І» кароткае — назва літары «й».

Ставіць (паставіць) кропкі (кропку) над «і» гл. ставіць.

і 2, злучн.

I. спалучальны.

1. Ужываецца для злучэння аднародных членаў сказа і цэлых сказаў з аднароднымі паведамленнямі. Мы аддана служылі і не варажылі, Скосіць нас смерць ці не скосіць. Панчанка. Дрыжаць у золаце асіны, І гнуцца кісці верабіны. Колас. // Злучае словы, якія паўтараюцца для абазначэння працягласці дзеяння, узмацнення якасці, прыметы і пад. Бесперапынны паток войск плыве і плыве па галоўнай вуліцы. Пестрак. Адна за другой знікалі зоры, хмары хутка ахіналі неба, і яно рабілася цямнейшым і цямнейшым. Лынькоў. // Злучае два словы ў інтанацыйнае цэлае, што выражае адно паняцце, адну ідэю. І ходзяць хвалі ноч і дзень, Шумяць і вечарам, і рана. Чарот. Гонар і слава людзям, якія бадзёра, няспынна і няўхільна крочаць да вялікай мэты — да камунізма. Крапіва. Покатам ляжалі выносныя сосны, ляжалі ўздоўж і накрыж, як пасля якой буры. Пестрак.

2. Злучае сказы, звязаныя адносінамі адначасовасці або паслядоўнасці падзей. Вячэрняя зара дагарала на захадзе, і водбліскі яе адлюстроўваліся на воднай роўнядзі далёкіх сажалак. Чарнышэвіч. Бразнула клямка ў сенцах, і на парозе з'явіўся Іллюк. Хадкевіч.

3. Злучае сказы, звязаныя: а) прычынна-выніковай залежнасцю. За выключэннем моста, ніякай асаблівай аховы на чыгунцы не было яшчэ ў тыя часы, і падступіцца да чыгункі было параўнальна лёгка. Лынькоў. / У спалучэнні са словамі «таму», «ад гэтага» і пад. Чыстая глыбокая рэчка ў люстраной паверхні сваёй адбівае блакітнасць неба, і ад гэтага здаецца яна бяздоннай. Галавач; б) умоўна-выніковай залежнасцю. Знайдзі пачатак — і ты зразумееш шмат што. Мікуліч. Здаецца, кінь у раллю зярняты, і яны тут жа, на вачах, выкінуць з сябе імклівыя стрэлы лісткоў. Шахавец.

4. Злучае сказы і члены сказа з супраціўнымі паведамленнямі. Крамарэвіч хацеў стаць на ногі і ўпаў у непрытомнасці. Чорны. Мы ранілі ногі аб камяні, І нам не было балюча. Панчанка.

II. пералічальны.

Злучае асобныя члены пералічэння, прычым можа стаяць перад кожным членам рада, у тым ліку і перад першым. Нібы на нейкім перавале, Стаю, гляджу назад з гары І бачу пройдзеныя далі, І шлях прамераны стары, І ўсё, што ззаду засталося, І ўсё, што знойдзена ўвясну. Колас. І шыла, і мыла, і прала, і ткала — усё языком. З нар. // Ужываецца толькі перад апошнім аднародным членам, паказваючы, што пералічэнне канчаецца. Чалавек быў моцнага складу, шырокай косці, плячысты і каранасты. Быкаў.

III. далучальны.

1. Далучае сказы і асобныя члены сказа, якія дапаўняюць і развіваюць выказаную думку. Нейкі невыразны маркотны і разам з тым прыемны гоман стаяў над балотамі. Колас. — Глядзі, Карл Пракопавіч, як вырасла твая сям'я. Калектыў, і якія героі ўсе! Адзін у адзін. Шамякін. // Далучае сказ, які з'яўляецца працягам або абагульненнем папярэдняга выказвання. Вобраз Ліды неадступна стаяў у вачах. І што найбольш глыбока запала ў сэрцы, гэта — апошні яе погляд. Колас. / У спалучэнні з часціцай «вось» («вот»). І вось Міхась, як яго хто падбіў, узяў і загукаў на ўвесь лес. Колас.

2. У спалучэнні з папярэдняй паўзай паказвае на раптоўнасць, нечаканасць новага дзеяння. Новы дзень — і што-небудзь новае прыносіць венцяроўцам. Чарот. Першы мядзвейжы ўзмах — і сякера ўпілася ў карычнева-сівы камель. Брыль.

3. Ужываецца ў пачатку некалькіх сказаў пры абмалёўцы паслядоўнага развіцця і змены падзей. Работу кончыў серп у полі, І лета хіліцца на спад, І плод у сонцавым падоле За агароджай спеліць сад. Колас.

IV. далучальна-ўзмацняльны.

У пачатку пытальных і клічных сказаў ужываецца для ўзмацнення выразнасці выказвання. Дайшла да .. [Журавінкі] учора падвечар чутка, што начальнік палітаддзела можа ў калгас наведацца. І ай жа позна дайшла. Што цяпер можна зрабіць? Лобан.

V. уступальны.

Ужываецца ў значэнні, блізкім да злучніка «хоць» («хаця»). І не складаная задача, а падумаць над ёй трэба. ▪ І пусты мех, а золатам шыты. З нар.

VI. вылучальны.

Падкрэслівае ўнутраную сувязь з'яў, падзей; ставіцца перад выказнікам, набывае значэнне слоў: тады, то, так што. — Словам, памеркаваўшы ды падумаўшы, можна да чаго-небудзь і дадумацца. Колас.

•••

І гэтак далей гл. далей.

І іншыя (іншае) гл. іншы.

І падобнае гл. падобны.

і 3, часціца ўзмацняльная.

1. Ужываецца для ўзмацнення сэнсу таго слова, перад якім стаіць. І працаваў жа ён! Ну і пагодка ж сёння! Аб гэтым і трэба падумаць. ▪ — Дык то Ганна! Ну й дзяўчынка! Колас.

2. Вылучае, падкрэслівае наступнае слова; па значэнню адпавядае часціцы «нават». Без газет Андрэй Давыдавіч не мог і дня пражыць. Корбан. Воўк і лічанае бярэ. Прымаўка. І сцены вушы маюць. Прыказка.

3. Адпавядае па значэнню часціцы «таксама». Будзе і на нашай вуліцы свята. Прымаўка.

•••

Вось табе і... гл. вось.

Вось табе і маеш! гл. вось.

Вось табе і на! гл. вось.

Вось табе і раз! гл. вось.

І кончана гл. кончана.

І так — без таго; без гэтага. Дзяцей трэба вызваліць ад работы: яны і так стаміліся.

І то — нават. [Антаніна Пятроўна:] У цябе талеркі і то ляцяць з рук, а аўтамабільныя дэталі гэта табе не талеркі. Крапіва.

і 4, выкл. (часта вымаўляецца працяжна).

1. Выражае высокую ступень якога‑н. пачуцця. І — божа мой! — якім духмяным Павее водарам яна [скарынка хлеба]! Глебка.

2. (звычайна ў пачатку рэплікі). Выражае нязгоду, пярэчанне словам субяседніка. — І-і-і, браце, усё гэта не так.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

іанасфера, ‑ы, ж.

Верхняя частка атмасферы, якая ўтрымлівае ў сабе іоны і свабодныя электроны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

іанасферны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да іанасферы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

іанізавацца, ‑зуецца; незак.

Зал. да іанізаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)