Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

човен, чоўна; мн. чаўны, ‑оў; м.

Лёгкая лодка, выдзеўбаная з дрэва; лодка наогул. Адхонны бераг Ліны застаўлен чаўнамі і чайкамі-душагубкамі. Колас. Сеў [бедны брат] у стары човен ды паплыў на сярэдзіну возера. Якімовіч.

човеншчык, ‑а, м.

У ткацкай вытворчасці — рабочы, які прыводзіць у рух чаўнок, пазірае за чаўнаком.

чок, выкл.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння рэзкага, адрывістага гуку, які ўтвараецца пры ўдары аб што‑н. шкляное, металічнае, пры хадзьбе па бруку і пад. [Порхаўка:] — Гарэлачка заўсёды была халодненькай... Буль — буль — буль... На келіхах слязінкі... Чок!.. Люблю гэты звон!.. Гурскі. А друг? Як іскра, выбег ён: Вядзе гамонку з цеслярамі, Яны на зрубе тапарамі: Чок, чок. Прыемны мяккі звон. Бялевіч.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. чокаць 1 — чокнуць. — Я б яго — чок! — шчоўкнуў языком Сцёпка і прыжмурыў вока, нібы цэліўся з нагана. Хомчанка.

чоканне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. чокаць 1 і чокацца, а таксама гукі гэтага дзеяння. Міхась прачнуўся ад шалёнага чокання скарастрэльных гармат і глухога гулу зенітак. Асіпенка.

чоканне 2, ‑я, н.

Спец. Асаблівасць вымаўлення, якому ўласціва неадрозненне гукаў «ц» і «ч» і супадзенне іх у гуку «ч».

чокацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Злёгку стукаць сваёй чаркай (шклянкай) аб чарку (шклянку) каго‑н. другога ў знак прывітання, віншавання. Вера Іванаўна ў апошні час пабыла нават крышталёвыя кілішкі — калі імі поўнымі чокаліся, яны неяк адменна звінелі. Сабаленка. І раптам паверх занавескі на шкляных дзвярах дзяўчынка ўбачыла, што маці і бацька сядзяць за сталом і... чокаюцца бакаламі. Памірыліся! Шамякін.

чокаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць рэзкія, адрывістыя гукі пры ўдары аб што‑н. шкляное, металічнае, пры хадзьбе па бруку і пад. Чуваць, як чокаюць абцасы, Нібы ходзікі, І танга плаўнае кранае слых. Чарняўскі. На яліне крывой дзяцел стукаў яму. Па суку дзюбай цвёрдаю чокаў: — Падымайся, салдат! Не ўцякаеш чаму? Бялевіч.

2. Абзывацца гукамі, падобнымі на «чок-чок» (пра некаторых птушак і жывёл). Чокае вавёрка на суку.

чокаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Спец. Вымаўляць гук «ч» на месцы гука «ц».

чокнуты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Прыдуркаваты; псіхічна ненармальны.

чокнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Аднакр. да чокацца.

чокнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да чокаць 1 (у 1 знач.).

2. Разм. Застрэліць, забіць каго‑н. Саханчук дзелавіта загнаў патрон, прыцэліўся. — Мне хаця б аднаго гада чокнуць. Асіпенка.

чоп, ‑а, м.

1. Тое, што і чан. Наліць вады ў чоп.

2. Разм. Тое, чым затыкаюць шчыліну, адтуліну ў бочцы ці якой‑н. іншай пасудзіне; затычка. [Халімон:] — То я барыла тое рукамі ашчаперыў, чоп выняў, губамі да дзіркі прыпаў. Сачанка.